Вы тут

Рабочыя рукі робат не заменіць: каго рыхтуюць на Кобрышчыне?


Загадчык вучэбна-вытворчай майстэрні каледжа Яўген Грыгарук паказвае абраз, які яны разам з навучэнцамі групы Д-24 выразалі з дрэва. Твор мастацтва, ды і толькі! Як высветлілася, такіх і іншых вырабаў тут — цэлы музей. А па дарозе да экспазіцыі абавязкова пройдзеш паўз «царскі інтэр'ер», які таксама выразаны з дрэва. Некалькі залаў музея адведзена пад работы навучэнцаў розных гадоў, найбольш тут дыпломных работ. У іх ліку, напрыклад, вырабы кіраўнікоў навучальнай установы: цяперашняга — Аляксандра Юшчука і папярэдняга — Васіля Дземідовіча.


Ад прафтэхвучылішча да каледжа

Сёння Кобрынскі політэхнічны каледж — адна з найбольш адметных сярэдніх навучальных устаноў будаўнічага профілю ў Брэсцкай вобласці. Яго дырэктар Аляксандр ЮШЧУК гаворыць, што каледж рэалізуоўвае адукацыйныя праграмы сярэдняй спецыяльнай адукацыі і прафесійна-тэхнічнай адукацыі па цэлым шэрагу спецыяльнасцяў. Тут рыхтуюць як тэхнікаў-будаўнікоў, спецыялістаў па абслугоўванні і эксплуатацыі жылых дамоў, так і маляроў ды муляраў, тынкоўшчыкаў, плітачнікаў, станочнікаў дрэваапрацоўкі і многіх іншых.

Каледж вырас з вядомага ў горадзе ПТВ-102 будаўнікоў. Прафтэхвучылішча было ўтворана больш за паўстагоддзя таму,

у 1968 годзе. Першы набор склаў 88 чалавек. Сваёй вучэбна-вытворчай базы не было, у інтэрнаце ПМК-70 абсталявалі чатыры вучэбныя класы. А ў падвале інтэрната адкрылі сталоўку для навучэнцаў. Хлопцы вучыліся на муляраў і маляроў, тынкоўшчыкаў, цесляроў. А практыкай для іх станавілася сапраўднае будаўніцтва. Пачынаючы з 1972 года, цэлае дзесяцігоддзе навучэнцы разам са сваімі майстрамі вытворчага навучання ўзводзілі корпус, вытворчыя майстэрні, спартыўную залу. І цяперашнія вучні карыстаюцца вучэбным корпусам па вуліцы Леніна, які пабудавалі папярэднікі. У 1982 годзе вучылішча атрымала чарговы імпульс развіцця з праз новы вучэбна-вытворчы корпус. Набор павялічыўся да 220 чалавек. Сталі рыхтаваць навучэнцаў па больш складаных будаўнічых спецыяльнасцях. База развівалася, з'явіўся новы інтэрнат. У 2003 годзе ўстанова стала называцца прафесійна-тэхнічным каледжам будаўнікоў, а праз 10 гадоў атрымала цяперашнюю назву: «Кобрынскі дзяржаўны політэхнічны каледж». У 2014 годзе рашэннем аблвыканкама да політэхнічнага быў далучаны вядомы ў горадзе і за яго межамі мастацкі прафесійна-тэхнічны каледж.

Для тэорыі і практыкі

Гісторыю навучальнай установы беражліва збіраюць і захоўваюць бібліятэкары. Калі ў 2018 годзе адзначалі 50-гадовы юбілей каледжа, да альбомаў, дакументаў, здымкаў давялося звяртацца шмат разоў. На свята прыехалі госці, у тым ліку былыя выпускнікі. Вядома, было нясорамна паказаць ім навучальную і вытворчую базы, пазнаёміць з дасягненнямі.

Політэхнічны каледж цяпер мае тры вучэбныя корпусы, у якіх размешчаны 39 аўдыторый, 19 майстэрняў і 5 лабараторый, расказвае дырэктар. Для заняткаў спортам маюцца спартыўныя залы плошчай больш за 500 квадратных метраў, ёсць трэнажорная зала, баскетбольная пляцоўка, гімнастычны гарадок, маюцца актавыя залы для правядзення любых мерапрыемстваў. Асвойваць камп'ютарную справу маладыя людзі прыходзяць у камп'ютарныя лабараторыі, іх чатыры. Бо інфарматыка сёння — непроста вучэбны прадмет, а справа першай неабходнасці. Нават зваршчыкі цяпер вывучаюць сваю спецыяльнасць з дапамогай высокіх тэхналогій, камп'ютары актыўна выкарыстоўваюцца падчас работ сучаснымі зварачнымі апаратамі.

Што важна, усе, хто мае патрэбу, забяспечваюцца пражываннем, установа мае два інтэрнаты. Пасля далучэння мастацкага каледжа дзве бібліятэкі аб'ядналі ў адну вялікую, але чытальныя залы ёсць у абодвух інтэрнатах. Адным словам, тут усё для паспяховай вучобы і развіцця маладых людзей, якія паступаюць сюды як з сярэдняй адукацыяй, так і з базавай.

Рэсурсны цэнтр

Сёння ў каледжы навучаецца 551 чалавек, з іх 335 атрымліваюць рабочыя спецыяльнасці. Гонарам навучальнай установы, несумненна, з'яўляецца рэсурсны цэнтр, які пачаў фарміравацца восем гадоў таму. Ён працуе па двух спецыяльнасцях: санітарна-тэхнічнае абслугоўванне будынкаў і збудаванняў і эксплуатацыя абсталявання дрэваапрацоўкі. На справе гэта магчымасць адтачыць майстэрства мантажніка санітарна-тэхнічных сістэм і станочніка дрэваапрацоўчых станкоў на станках і абсталяванні самых сучасных узораў. Найноўшае абсталяванне можа сабе дазволіць не кожная навучальная ўстанова падобнага профілю. Напрыклад, адзін станок па дрэваапрацоўцы, які не так даўно атрымалі, каштуе 294 тысячы рублёў. Таму і ствараюцца такія рэсурсныя цэнтры як набытак для ўсіх.

Навучэнцы вобласці прыязджаюць сюды, каб вучыцца працаваць на тым ці іншым станку альбо абсталяванні. Перыядычна ў Кобрыне навучаюцца будучыя спецыялісты з Лунінца, Пінска, Баранавіч, Бярозы.

Летась з'явілася суперсучаснае абсталяванне для дрэваапрацоўкі. Далейшае аснашчэнне цэнтра па дадзенай тэме прадугледжана на перыяд да 2023 года. І калі ўсе запланаваныя станкі і агрэгаты будуць устаноўлены, у Кобрын змогуць прыязджаць навучэнцы профільных устаноў з усёй краіны.

Рэсурсны цэнтр па сантэхуладкаванні працуе з 2013 года. Вучні прыязджаюць альбо на тыдзень па праграме 36 гадзін навучання, альбо на два тыдні — па праграме 72 гадзін. Тут яны ўжо сваімі рукамі пад кіраўніцтвам майстра праводзяць мантаж абсталявання, навучаюцца розным нюансам. Маладыя людзі на гэты час засяляюцца ў інтэрнат, атрымліваюць магчымасць харчавацца ў сталоўцы.

Цяпер вядзецца работа ў плане пашырэння паслуг рэсурснага цэнтра, у тым ліку паслуг платных. Скажам, нейкі індывідуальны прадпрымальнік захацеў навучыцца працаваць на адным з новых станкоў. Ён выбірае ў інтэрнэце праграму навучання, з разліку 36 альбо 72 гадзіны і праходзіць навучанне. Разглядаецца таксама варыянт укаранення мінімальных праграм навучання, напрыклад, на адзін дзень. Можа, каму і гэтага будзе дастаткова, каб асвоіць не ўвесь станок, а нейкую вызначаную функцыю, напрыклад апрацоўку па контуры на лазера-паліравальным станку. І гэта рэальна зрабіць за дзень.

Яўген Грыгарук дэманструе драўляны абраз.

Што датычыць мантажніка сантэхсістэм, каледж мае шмат так званых стэндаў, на якіх навучэнец можа сабраць-разабраць сучасныя прыборы ацяплення, водазабеспячэння і водаадвядзення, газазабеспячэння. Абласное ўпраўленне адукацыі выдзяляе сродкі на матэрыял, які выкарыстоўваецца ў ходзе практычнага навучання. Скажам, метр трубы каштуе 16 рублёў, яе трэба адрэзаць, падагнаць у ходзе работы, і будучы майстар гэта павінен зрабіць сваімі рукамі, інакш ён не навучыцца.

Культура рабочага працэсу і высокія тэхналогіі

— На што ўдзяляецца асаблівая ўвага ў працэсе навучання, — падкрэслівае Аляксандр Юшчук, — на культуру рабочага працэсу, культуру аказання паслуг. Цяпер людзі выклікаюць майстра ў спадзяванні, што ён перад тым як зайсці ў кватэру, надзене бахілы, пасля завяршэння работы прыбярэ за сабой, не пакіне лішніх дзірак, прасвідраваных у сцяне. Ад гэтага залежаць аплата працы і запатрабаванасць на рынку таго ці іншага спецыяліста.

Нягледзячы на тое, што цяпер усё менш ахвотных працаваць рукамі, пройдзе гадоў пяць ці дзесяць, і названыя прафесіі стануць надзвычай запатрабаванымі, — працягвае Аляксандр Пятровіч. «Гэтую думку мы стараемся данесці да сваіх вучняў. Бо ўсё роўна нехта мусіць прыкруціць разетку, замяніць каналізацыйную трубу, адрамантаваць кран, прытым, што кран з кожным годам становіцца ўсё больш складаным. Але ясна адно, што чалавека з рабочымі рукамі ніколі не зможа цалкам замяніць робат», — упэўнены кіраўнік.

Калі ж зноў звярнуцца да спецыяльнасці — станочнік дрэваапрацоўчых станкоў — і да той работы, якую нам дэманстраваў у пачатку Яўген Грыгарук, акажацца, што і тут не абышлося без высокіх тэхналогій. Абраз таксама зроблены з дапамогай станка. Справа пачынаецца з праграмы, якую знайшлі ў інтэрнэце альбо напісалі самі на падставе ўласнага эскіза. «Бярэш гэтую праграму, — расказвае майстар, — раскладваеш па слаях з улікам кожнага міліметра, запускаеш на станок, станок фрэзеруе, пасля чаго рэзчык уручную дачышчае і даразае. А затым мастакі праводзяць апрацоўку, так атрымліваецца выраб. Ёсць вырабы і прасцейшыя, яны таксама карыстаюцца попытам, напрыклад, элементы накладной мэблі. Сёння ўсё менш ахвотных займацца гэтай работай на аматарскім узроўні, людзі стараюцца набыць любую рэч, любы сувенір у краме. Мы павінны навучыць спецыялістаў, якія задаволяць гэты попыт. У нас ёсць і даволі рэдкая спецыяльнасць — рэзчык па дрэве і бяросце».

Святлана ЯСКЕВІЧ

г. Кобрын

Фота аўтара і з архіва каледжа.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».