Вы тут

Сёння спаўняецца 80 гадоў з пачатку Ржэўскай бітвы


Я убит подо Ржевом

В безымянном болоте

В пятой роте, на левом,

При жестоком налете...

Гэты верш стаў лейтматывам стварэння Ржэўскага мемарыяла Савецкаму салдату, размешчанаму каля вёскі Харошава Цвярской вобласці за 200 кіламетраў ад Масквы. Гэта самы маштабны помнік савецкім салдатам, узведзены ў найноўшай гісторыі Саюзнай дзяржавы. Ён заснаваны ў памяць аб ваенных дзеяннях пад Ржэвам, якія лічацца аднымі з самых жорсткіх і кровапралітных у Вялікую Айчынную вайну. Пятага студзеня спаўняецца 80 гадоў з пачатку бітвы за вызваленне ад фашыстаў Ржэва і яго ваколіц.


Фрагмент уваходнай групы комплексу.

Гісторыя сям'і — гісторыя народаў

Шмат гадоў грамадскія дзеячы, гісторыкі і ветэраны-ўдзельнікі таго супрацьстаяння імкнуліся дабіцца ўзвядзення мемарыяла на месцы баёў. Іх мара спраўдзілася ў 2020 годзе. Пры значнай падтрымцы былога дзяржаўнага сакратара Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расія Рыгора Рапоты пачалася рэалізацыя праекта. Для Рыгора Рапоты мемарыял мае асабістае значэнне. Яго бацька Аляксей Нікіфаравіч маладым штурманам удзельнічаў у баявых дзеяннях на Ржэўскім выступе. Менавіта ён быў галоўным ініцыятарам стварэння мемарыяла. Праз некалькі месяцаў пасля адкрыцця гістарычнага комплексу Аляксей Нікіфаравіч пайшоў з жыцця.

Грашовыя сродкі на ўзвядзенне комплексу сабралі людзі. Часта грамадзяне, што пераводзілі грошы на будаўніцтва, у графу «ахвяравальнік» упісвалі імёны чырвонаармейцаў членаў сваёй сям'і. Дабрачынная справа атрымала ўсенароднае значэнне. Дапамагалі працоўныя калектывы, невядомыя мецэнаты. Усяго сабралі каля 510 мільёнаў расійскіх рублёў. Частка сродкаў на будаўніцтва па рашэнні Вышэйшага дзяржаўнага савета Саюзнай дзяржавы была выдзелена з бюджэту інтэграцыйнага аб'яднання.

30 чэрвеня 2020 года ва ўрачыстай цырымоніі адкрыцця мемарыяла прынялі ўдзел прэзідэнты Беларусі і Расіі. Аляксандр
Лукашэнка і Уладзімір Пуцін пасадзілі дзве елкі, даўшы старт адпаведнай акцыі. За кароткі час студэнцкія дэлегацыі, прадстаўнікі прадпрыемстваў засадзілі ўсю тэрыторыю комплексу зялёнымі насаджэннямі. Усяго 1418 дрэў. Менавіта столькі дзён цягнулася Вялікая Айчынная вайна. Кожнае дрэва — адзін дзень, які набліжаў да Перамогі.

На подступах да Масквы

Ржэў фашысты акупавалі 14 кастрычніка 1941 года. З таго дня Масква, якая размяшчаецца за 200 кіламетраў ад яго, перайшла на асаднае становішча. Яго знялі толькі ў сакавіку 1943 года пасля вызвалення Ржэва. За вайну горад фактычна быў знішчаны. З амаль 50 тысяч чалавек, што там жылі напярэдадні падзей, вызвалення вясной 1943-га дачакаліся толькі 362 жыхары Ржэва.

«Ржэў быў буйным чыгуначным вузлом. Масква — побач. З аднаго боку — напрамак на Ленінград, з другога — на поўдзень, да Сталінграда. Салдаты не маглі дазволіць прабіцца немцам да гэтых гарадоў», — расказвае Марына КАПАЕВА, загадчык Ржэўскага мемарыяла Музея Перамогі.

Падрабязнасці пра Ржэўскую бітву расказала і Кацярына НАВІЦКАЯ, вядучы навуковы супрацоўнік аддзела ваенна-франтавой гісторыі Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Супрацьстаянне пад Ржэвам цягнулася cа студзеня 1942 да канца сакавіка 1943 года. Яно ўключала чатыры наступальныя аперацыі савецкіх войскаў Заходняга і Калінінскага франтоў супраць 4-й і 9-й нямецкіх армій групы Цэнтр. Падтрымлівалі дзеянні ўдарнай групоўкі таксама войскі Паўночна-Заходняга і Бранскага франтоў.

Галоўная мэта бітвы, расказвае супрацоўнік музея, — нанесці паражэнне нямецкім сілам і вызваліць гарады Ржэў, Сычоўку, Вязьму, ліквідаваць Ржэўска-Вяземскі выступ. За першую Ржэўска-Вяземскую наступальную аперацыю разграміць арміі Цэнтра не ўдалося — нашы салдаты перайшлі да абароны, але змаглі нанесці паражэнне
16 дывізіям рэйха і прасунуцца на захад, вызваліўшы Маскоўскую, Тульскую і многія
раёны Калінінскай і Смаленскай абласцей.

Затым былі Ржэўска-Сычоўская наступальная аперацыя, другая Ржэўска-Сычоўская наступальная аперацыя «Марс» з вялікімі стратамі з адобвух бакоў. Другога сакавіка 1943 года пачалася Ржэўска-Вяземская наступальная аперацыя, у якой савецкія войскі Калінінскага і Заходняга франтоў адсунулі лінію фронту ад Масквы на 130—160 кіламетраў.

«Такім чынам, гэта аперацыя канчаткова пазбавіла пагрозы захопу сталіцы. У ходзе наступлення савецкія войскі не змаглі выйсці ў тыл праціўніка і адрэзаць яму шляхі адыходу. Але ў выніку вызвалены гарады Ржэў, Гжацк, Сычоўка, Белы, Вязьма», — паведамляе Кацярына Навіцкая.

Ржэўская бітва стала адным з самых крывавых эпізодаў Вялікай Айчыннай вайны. Супрацоўнік музея адзначае, што, паводле інфармацыі Ржэўскага мемарыяла, страты савецкіх войскаў на заходнім напрамку ў выніку чатырох наступальных аперацый склалі больш за 1 мільён 324 тысячы чалавек.

Кацярына Навіцкая акцэнтуе, што ў экспазіцыі беларускага музея вайны таксама прадстаўлены матэрыялы, прысвечаныя Ржэўскай бітве. Яна нагадвае, што ў снежні адкрылі выставу да 80-годдзя Маскоўскай бітвы, а адна з Ржэўска-Вяземскіх аперацый (1942 года) уваходзіць у яе склад. Экспазіцыя да памятнай даты арганізавана трыма музеямі — Музеем ВАВ, Музеем абароны Масквы, Музеем Перамогі.

«Калі гаварыць пра нашу пастаянную экспазіцыю, то ў нас ёсць матэрыялы, прысвечаныя Маскоўскай бітве, куды ўваходзіць інфармацыя пра ўдзельнікаў Ржэўскай бітвы. У нашай экспазіцыі ёсць партрэт генерал-лейтэнанта Пятра Філатава. Ён ураджэнец Ржэва і вызначыўся ў баях пад Мінскам. Прадстаўлены ўдзельнік Ржэўска-Вяземскай аперацыі, генерал-маёр Сцяпан Паветкін, вядомы абаронца Беларусі на Бярэзіне. У экспазіцыі, прысвечанай Маскоўскай бітве, прадстаўлены Герой Расійскай Федэрацыі, генерал-лейтэнант Міхаіл Яфрэмаў. Ён удзельнік і Ржэўска-Вяземскай аперацыі 1942 года», — расказвае Кацярына Навіцкая.

Вызначыліся ў Ржэўскай бітве і беларусы, дадае супрацоўнік музея, камандуючы артылерыі 19-й арміі, а пасля ўсяго Заходняга фронту, генерал-лейтэнат Іван Камера, старшы лейтэнант Аляксандр Бразінскі, генерал-маёр Уладзімір Вашкевіч, Герой Савецкага Саюза Вітольд Гінтаўт.

...Ператварыліся ў белых буслоў

Конкурс на самы лепшы праект мемарыяла, які б ушанаваў памяць байцоў супрацьстаяння пад Ржэвам, аб'явілі ў 2018 годзе. Перамогу ў ім атрымалі скульптар Андрэй Карабцоў і архітэктар Канстанцін Фамін, хлопцам у той час не было і 30 гадоў. І пачалася работа... У Падмаскоўі адлівалі скульптуру. Паралельна пад Харошавам рыхтавалі тэрыторыю для комплексу. Для гэтага асушылі балота і паднялі астанкі загінулых салдат.

«На стварэнне комплексу сышло, як на нараджэнне дзіцяці, дзевяць месяцаў. Да дзявятага мая 2020 года комплекс быў гатовы да адкрыцця. Але з-за ковіду яго перанеслі на чэрвень. Каля 700 чалавек працавалі над стварэннем мемарыяла. Ажыццявіць праект за кароткія тэрміны дапамагла бясснежная, немарозная зіма 2019—2020 гадоў.
Будаўнікі былі ахоплены ідэяй і не маглі зацягнуць тэрміны здачы», — дзеліцца Марына Капаева.

Скульптура байца, якую адлівалі ў Солнечнагорску, мае вышыню 25 метраў і вагу ў 200 тон. Паношаная, парваная плашч-палатка за плячыма салдата ператвараецца каля падножжа выявы ў чарады буслоў. Увасобіць яе такім чынам натхніў аўтара верш Расула Гамзатава «Мне кажется порою, что солдаты, // С кровавых не пришедшие полей, // Не в землю нашу полегли когда-то, // А превратились в белых журавлей».

Як ужо заўважана, выяўленне ў комплексе знайшоў і верш Аляксандра Твардоўскага «Я убит подо Ржевом». Па адной з версій, у аснову твора лягла рэальная гісторыя цудоўнага ўваскрашэння салдата Васіля Брасалава. Яго маці атрымала пахавальную на сына, а тры тыдні пасля ёй паведамілі, што Васіль у маскоўскім шпіталі. Гэту жыццесцвярджальную гісторыю запісаў у вайну для газеты «Красноармейская правда» карэспандэнт Аляксандр Твардоўскі, а пасля і напісаў па ёй верш.

Уваходная група комплексу зроблена ў выглядзе скарожанага акопа, які вядзе да падножжа салдата. Акоп выраблены са спецыяльнай сталі, на якую нанесены прозвішчы загінулых — каля 20 тысяч імёнаў. Арыгінальнае рашэнне «акопа» яшчэ і ў тым, што контуры ўвасабляюць і фотаздымкі ваенных часоў.

Акрамя скульптурных кампазіцый, комплекс змяшчае невялікі мультымедыйны музей у адзін пакой. У ім усталяваны экраны, на якіх дэманструюцца падзеі вайны, з калонак гучаць успаміны ўдзельнікаў, агучаныя дыктарамі. Асабліва ўражвае шкляная падлога памяшкання. Пад ёй зроблены інсталяцыі з пяску і апрацаваных прадметаў ваенных падзей, паднятых падчас раскопак.

«Ніякага цынізму няма, што мы ходзім па падлозе, бо астанкаў салдат там няма. Там толькі прадметы, якімі яны карысталіся», — кажа музейны супрацоўнік.

Але, нягледзячы на запэўніванне спецыя-
ліста, станавіцца на шкляную падлогу неяк усё роўна няёмка.

І веласіпедыстам, і пешаходам

З дня адкрыцця мемарыял наведалі амаль тры мільёны чалавек. Шмат з іх замежныя госці з Прыбалтыйскіх краін, Германіі, Вялікабрытаніі, Ізраіля, краін Афрыкі і Азіі.

«Яны вельмі ўражаны помнікам. Напярэдадні паездкі многія мяркуюць, што тут будзе велічны помнік, але не ўяўляюць, наколькі... Асабліва наведвальнікі
адзначаюць дзіўную тэхніку ўвасаблення комплексу. Стваральнікі адмовіліся ад цяжкіх пастаментаў і гіпсавых скульптур. Магутнасць падзеі выяўлена ў лёгкасці скульптуры», — падкрэслівае Марына Капаева.

Па яе словах, уладамі вобласці створана адмысловая працоўная група, якая займаецца ўдасканальваннем інфраструктуры для наведвальнікаў Ржэўскага мемарыяла. Некаторыя госці просяць пабудаваць невялікую капліцу на тэрыторыі комплексу, гасцінічны комплекс, аб'екты для харчавання.

Для аўтатурыстаў ужо пашырана дарога, абноўлена федэральная траса. Увесну расійская чыгунка запусціла цягнік «Масква — Ржэўскі мемарыял». Пабудаваны для пасажыраў чыгункі прыпынак. У планах — стварыць і пешаходную дарожку. Ад станцыі да комплексу вядзе веладарожка.

Як расказала загадчыца комплексу Марына Капаева, мемарыял Савецкаму салдату прыцягвае турыстаў: «Некаторыя казалі, што калі адкрыецца помнік, першы час наведвальнікі прыедуць, паглядзяць, а потым закінуць. Не... Людзі едуць сюды. Некаторыя шмат разоў наведваюць комплекс і ўзімку, і летам».

Марыя ДАДАЛКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Ніна Іванова: «Менавіта грамадства павінна рабіць крокі насустрач»

Ніна Іванова: «Менавіта грамадства павінна рабіць крокі насустрач»

Беларускае таварыства дружбы і культурнай сувязі амаль стагоддзе займаецца папулярызацыяй духоўных і культурных здабыткаў.