Вы тут

Георгій Марчук: Пісьменніку не хапае актыўнасці


З Георгіем Марчуком мы пазнаёміліся даўно, ужо гадоў трыццаць таму. Аднойчы пры сустрэчы ў Доме літаратара Георгій Васільевіч, дазнаўшыся, што мы блізкія землякі, запрасіў мяне наведацца разам з ім на яго малую радзіму — у Давыд-Гарадок.


Тры дні Георгій Васільевіч знаёміў мяне з давыдгарадоцкімі славутасцямі. І ўсюды Марчука віталі як жаданага госця, выказвалі шчырыя, цёплыя пачуцці. Стваралася ўражанне, нібыта яго ведае і любіць увесь Гарадок.

У апошні дзень гасцявання Марчук нечакана прапанаваў схадзіць на гарадскія могілкі. І там, спыніўшыся каля шэра-бетоннага помніка, Георгій Васільевіч прамовіў раптам сіплым голасам:

— Мая маці... Яна вельмі рана памерла. І ў пяць гадоў я застаўся сіратою, бо бацька, заняўшыся гандлем, амаль не бываў дома. Выхоўвалі мяне дзед з бабуляй...

У сказаным акрамя шчымлівай тугі было гэтулькі цеплыні, кранальнай пяшчоты, што ажно і ў мяне на вачах заблішчэлі слёзы.

З могілак мы ішлі моўчкі. Георгій Васільевіч аддаўся нейкім сваім думкам, а я не хацеў лезці чалавеку ў душу з роспытамі. І толькі ўжо ў дарозе, вяртаючыся ў Мінск, Марчук расказаў пра сваё гаротнае дзяцінства. І хоць дзед з бабаю любілі свайго ўнука, ды маленькі Жора ўсё роўна хвілінамі адчуваў такую вострую і балючую адзіноту, што, схаваўшыся дзе-небудзь на беразе Гарыні, горка і няўцешна плакаў. І ці то ад гэтай адсутнасці бацькоўскай ласкі, ці то ад нішчымніцы, а здаралася, і галадухі, што было нярэдкасцю ў тыя пасляваенныя гады, ён цяжка захварэў. Пачаліся бясконцыя вандроўкі па бальніцах, спецсанаторыях, доўгая паласа адчужанасці...

Пражытае і перажытае стала асноваю многіх яго літаратурных твораў. Найбольш аўтабіяграфічным мне падаецца яго раман «Кветкі правінцыі» і, можа, яшчэ «Давыдгарадоцкія каноны». Але самым моцным у мастацкіх адносінах, на думку многіх літаратурных крытыкаў, з'яўляецца раман «Крык на хутары», у якім пісьменнік праўдзіва і ярка паказаў жыццё селяніна-заходніка, з незвычайнай любасцю намаляваў краявіды надгарынскага краю.

Паступова Георгій Марчук заваёўвае не толькі шырокую вядомасць сярод чытачоў, але і афіцыйнае прызнанне. У 1996 годзе за сцэнарый да кінафільма «Кветкі правінцыі» яму прысуджаецца Дзяржаўная прэмія Рэспублікі Беларусь. А ў 2018 годзе пісьменнік уганараваны Нацыянальнай літаратурнай прэміяй.

Спасцігаць рэаліі сучаснасці

— За апошнія два гады ты выдаў ажно тры раманы! Добрых дваццаць гадоў ты не звяртаўся да гэтага жанру. І вось ужо ў даволі салідным узросце (я думаю, не будзе сакрэтам сказаць, што ты днямі адзначыў сваё 75-годдзе) здзівіў працаздольнасцю і зайздросным уменнем коратка, таленавіта многае сказаць пра наш час, пра норавы сучасных беларусаў, якія амаль развіталіся з сацыялізмам, але яшчэ не акунуліся ў глабальны капіталізм. Што паслужыла штуршком да напісання?

— Некалі, у далёкім юнацтве, я паставіў перад сабою мэту: адлюстраваць у літаратуры стагадовую гісторыю жыцця беларусаў. І гэта мне амаль удалося. Героі маіх шасці раманаў жылі пры панскай уладзе ў Заходняй Беларусі, пры нямецка-фашысцкай акупацыі ў гады Вялікай
Айчыннай вайны, пры савецкай уладзе ў пасляваенныя гады. Героі маіх новых трох раманаў шукалі шчасце і сэнс жыцця пры адраджэнні капіталізму на пачатку нашага стагоддзя.

Што мяне падштурхнула вярнуцца да жанра рамана? Некалькі таму прычын. Спасцігла мяне цяжкая хвароба, месяцы лячэння, аперацыі. Літаратурная праца была найлепшым сродкам не думаць пра кепскае. Да таго ж у апошнія два дзесяцігоддзі нашы пісьменнікі неяк разгубіліся ў засваенні рэчаіснасці. З'явілася жаданне даказаць самому сабе, што ёсць яшчэ порах у парахаўніцах.

Вось так, паглыбіўшыся ў перажытае грамадствам за дваццаць гадоў, я на бальнічным ложку і пачаў пісаць раманы. У напружаным сюжэце ставіў герояў перад выбарам: альбо заставацца чалавекам, альбо скочвацца ў бездань граху. Адначасова асэнсоўваў усе плюсы і мінусы крайняга эгаізму, стараючыся не забываць і пра любоўныя лініі. Так з'явіліся цэнтральныя персанажы-інтэлігенты: былы акцёр, а цяпер таксіст Максім Дамарад у «Мокрым снезе», псіхолаг, настаўнік Андрэй Дубрава ў «Першых ландышах», мастак Пётр Краўчук у «Цёплым дажджы»...

Дарога да храма

— Ці сочыш ты за працэсам развіцця літаратуры і мастацтва ў свеце? Што радуе, што засмучае?

— Я імкнуся рэгулярна сачыць за навінкамі сучаснай беларускай літаратуры. І павінен сказаць, што многае мяне радуе. У нас на даволі высокім узроўні дзіцячая літаратура. Наша паэзія — найлепшая ва ўсёй еўрапейскай паэзіі. І гэта не перабольшанне: я пастаянна бываю на міжнародных кніжных выставах-кірмашах і маю пэўнае ўяўленне. Ёсць свае дасягненні і ў галіне прозы. Я адкрыў для сябе такога выдатнага празаіка, як Мікола Адам, які таленавіта спалучыў дакументальнасць і мастацкасць. Вельмі цікавы і арыгінальны твор Адама Глобуса «Сям'я».

Вядома, хацелася б, каб кожны дзень з'яўляліся шэдэўры. Але такога не бывае. Праблема ў іншым. Часам нават таленавіты твор застаецца малавядомым, незапатрабаваным. Як гэта ні крыўдна, мы прыйшлі да часоў Пушкіна, калі кніга выдавалася тыражом 200—300 экзэмпляраў. У людзей згубілася цікавасць да чытання. Па гэтай прычыне скарачаецца колькасць кнігарань, бібліятэк.

У той жа час пісьменніку не хапае актыўнасці: недастаткова творчых сустрэч, няма шырокай папулярызацыі ў сродках масавай інфармацыі, нават сарафаннае радыё не спрацоўвае.

Яшчэ адна праблема датычыцца ў першую чаргу маладых творцаў. Паэты імкнуцца выпендрыцца ў сваіх вершах адзін перад адным, паказаць, хто больш круты, архісучасны. І калі такое зацягваецца надоўга, то эксперыментатарства можа так і застацца эксперыментатарствам.

Мы ў Саюзе пісьменнікаў заклапочаны зніжэннем цікавасці да нашых кніг у пакупнікоў. Ствараем паэтычныя клубы, ладзім вечарыны ў Доме літаратара, ідзём на тэлебачанне, на радыё... Бо, каб любіць кнігу, трэба ж напачатку яе ведаць. Выправіць сітуацыю можна разам — і дзяржава, і сродкі СМІ, і намаганні інтэлігенцыі, пісьменнікаў. Духоўнасць народа — як хвалі, як адлівы і прылівы. Аб ёй трэба клапаціцца пастаянна.

— Часам можна чуць размежаванне: шчаслівы чалавек, нешчаслівы чалавек. Як бы ты вызначыў катэгорыю шчасця?

— Калі любіш і цябе любяць — ты шчаслівы. Ажыццявілася мара — шчаслівы. Атрымліваеш ад працы задавальненне — шчаслівы. Ёсць здароўе ў цябе, у тваіх блізкіх — шчаслівы... А ў нашым узросце наогул трэба кожную раніцу дзякаваць Богу за новы падараваны дзень.

Шчасце і ў тым, каб дачакацца выхаду кнігі, якую так доўга чакаў. І ў тым, калі нешта напішацца новае, вартае ўвагі. Але найперш у тым, каб — жыць. І жыць высока з Богам у душы, побач з каханай, з сямейнымі радасцямі, з падзякай сонцу за цяпло, з любоўю да Радзімы ў сэрцы.

Гутарку вёў Зіновій ПРЫГОДЗІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».