Вы тут

Што прадугледжаваецца новаўвядзеннямі ў сферы падаткаабкладання?


З першых дзён года пачалі дзейнічаць некаторыя новаўвядзенні ў сферы падаткаабкладання, якія былі вызначаны зменамі ў Падатковы кодэкс

«Прадугледжана індэксацыя ставак падаткаў, устаноўленых у беларускіх рублях, таксама праіндэксаваны ўсе падатковыя вылікі. Акрамя таго, рэалізаваны шэраг мер фіскальнага характару: апераджальнае павышэнне ставак акцызаў на тытунёвыя вырабы, адмена асобных падатковых ільгот, новыя падатковыя праваадносіны, што закрануць нерэзідэнтаў, якія рэалізоўваюць у Беларусі дыстанцыйна тавары праз інтэрнэт-пляцоўкі. Мясцовым саветам дэпутатаў дадзена права павышаць стандартную стаўку падатку на прыбытак у межах 2 %», — так коратка ацаніў гэтыя змены першы намеснік міністра фінансаў Дзмітрый Кійко.


Фота: pixabay.com

Дастаўка пасылак, чыстка аўтамабільных салонаў, утрыманне магіл і іншыя паслугі

А зараз спынімся на самых асноўных пазіцыях. Як вядома, колькасць індывідуальных прадпрымальнікаў складае каля 270 тысяч чалавек, з іх прыкладна 84 % працуе без прыцягнення наёмных асоб. Атрымліваецца, што па сваёй сутнасці такія індывідуальныя прадпрымальнікі з'яўляюцца самазанятымі. Разам з тым неабходна весці ўлік, прадугледжаны для індывідуальных прадпрымальнікаў, самастойна выконваць падлік падаткаў, узносаў у фонд сацыяльнай абароны насельніцтва, прадстаўляць падатковыя дэкларацыі, прымаць наяўныя грашовыя сродкі з выкарыстаннем касавага абсталявання. Як паведамілі рэдакцыі ў падатковым ведамстве, у рамках выпрацаванай канцэпцыі прапануецца пашырыць кола самазанятасці і значна спрасціць адміністраванне іх дзейнасці, Што дазволіць грамадзянам у статусе індывідуальных прадпрымальнікаў перайсці ў катэгорыю самазанятых.

У гэтых мэтах для самазанятасці грамадзян са студзеня новага года прадугледжана пашырэнне пераліку відаў дзейнасці з захаваннем магчымасці выплаты адзінага падатку для індывідуальных прадпрымальнікаў і іншых фізічных асоб (адзіны падатак). У пералік відаў дзейнасці дадаткова ўключаны: ландшафтнае праектаванне; кур'ерская дзейнасць (дзейнасць па дастаўцы тавараў, пасылак, пакетаў); чыстка салонаў транспартных сродкаў; утрыманне магіл і догляд іх; арэнда, пракат забаўляльнага і спартыўнага абсталявання (ровараў, канькоў, турыстычнай амуніцыі і іншага).

Адначасова прапануецца захаваць дзеянне збору за ажыццяўленне рамесніцкай дзейнасці. У частцы рамесніцкай дзейнасці прапануецца: з 2022 года — стаўку збору, якая вызначаецца ў цяперашні час зыходзячы з базавай велічыні, вызначыць у беларускіх рублях і праіндэксаваць на прагнозны індэкс росту спажывецкіх цэн на 2022 год. З 2023 года — даць рамесніку права выбару рэжыму падаткаабкладання: рамесніцкі збор або падатак на прафесійны даход.

У дачыненні да дзейнасці па аказанні паслуг у сферы аграэкатурызму прапануецца захаваць на 2022—2023 гады фіксаванае падаткаабкладанне. Пры гэтым такі збор прадугледзець штомесяц у памеры 31 рубля за кожную аграэкасядзібу. З 2024 года дадзеная катэгорыя самазанятасці будзе аднесена да плацельшчыкаў падатку на прафесійны даход.

Перавагі ажыццяўлення дзейнасці ў якасці самазанятага, на думку распрацоўшчыкаў, відавочныя. Бо цяпер магчыма ажыццяўленне любых відаў дзейнасці, акрамя забароненых заканадаўствам. Дазваляецца сумяшчаць дзейнасць у якасці самазанятага з працай па найме і вядзеннем прадпрымальніцкай дзейнасці ў якасці суб'екта гаспадарання. Рэгістрацыя дзейнасці самазанятага і ўзаемадзеянне яго з падатковым органам магчыма ў рэжыме анлайн. Сумяшчаецца гэта з простым рэжымам падаткаабкладання з выплатай падатку ў працэнтах ад выручкі без вядзення падатковага ўліку і падатковай справаздачнасці.

Выраўноўванне падатковай нагрузкі

З улікам значнага пашырэння сферы самазанятасці выразна рэгламентаваны віды дзейнасці, у рамках якіх магчыма прымяненне арганізацыйна-прававой формы — індывідуальны прадпрымальнік з магчымасцю прыцягнення наёмных работнікаў (да 3 чалавек).

Гэта таксама неабходна для выраўноўвання падатковай нагрузкі з іншымі суб'ектамі гаспадарання, у прыватнасці з мікраарганізацыямі, і павышэння ўкладу індывідуальнага прадпрымальніка ў бюджэт.

Менавіта таму з гэтага года прадугледжана скарачэнне пераліку відаў дзейнасці, якія абкладаюцца адзіным падаткам, і забарона на прымяненне спрошчанай сістэмы падаткаабкладання (ССП) пры аказанні паслуг (за выключэннем індывідуальных прадпрымальнікаў, якія аказваюць паслугі ў сферы турыстычнай дзейнасці, аховы здароўя, сухапутнага транспарту, грамадскага харчавання, дзейнасці ў галіне камп'ютарнага праграмавання).

Згодна з прынятым дакументам, са студзеня выключылі прымяненне адзінага падатку пры: рэалізацыі дадатковых жыллёва-камунальных паслуг; ажыццяўлення дыстанцыйнага гандлю таварамі; ажыццяўленні дзейнасці іншага пасажырскага сухапутнага транспарту, дзейнасці пасажырскага рачнога транспарту і ажыццяўлення грамадскага харчавання.

Для мікраарганізацый у рамках прымянення спрошчанай сістэмы падаткаабкладання з 2022 года адмяняецца выплата падатку на дабаўленую вартасць, карэкціруюцца крытэрыі прымянення дадзенага рэжыму (валавая выручка ў суме 2,15 млн рублёў у год, колькасць работнікаў не больш за 50 чалавек), адзіная стаўка падатку вызначаецца ў памеры 6 %.

Павысіць рэсурсную базу мясцовых бюджэтаў

Адно з самых прыкметных змяненняў у Падатковым кодэксе — адмена падатковай ільготы ў дачыненні да кватэр у шматкватэрных жылых дамах. Мэта гэтага новаўвядзенні — зраўняць умовы падаткаабкладання грамадзян, якія жывуць ў шматпавярховіках, і тых, хто з'яўляецца ўладальнікам індывідуальнага жылля, а таксама павысіць рэсурсную базу мясцовых бюджэтаў.

Такім чынам, з 1 студзеня гэтага года фізічныя асобы, якія маюць ва ўласнасці або прынятыя па спадчыне жылыя памяшканні ў шматкватэрным або блакіраваным жылым доме (долі ў праве ўласнасці або ў спадчыне на азначаную маёмасць), сталі плацельшчыкамі падатку на нерухомасць.

Не плаціць новы падатак змогуць асобы, якія дасягнулі агульнаўстаноўленага пенсійнага ўзросту (асобы, якія маюць права на пенсію па ўзросце са зніжэннем агульнаўстаноўленага пенсійнага ўзросту), прызнаныя недзеяздольнымі, якія праходзяць альтэрнатыўную службу, а таксама інваліды І і ІІ групы, непаўналетнія дзеці, членаў шматдзетных сем'яў, ваеннаслужачыя тэрміновай ваеннай службы, удзельнікі Вялікай Айчыннай вайны і іншыя асобы, якія маюць права на льготнае падаткаабкладанне ў адпаведнасці з Законам Рэспублікі Беларусь «Аб ветэранах».

Сума падатку, якую трэба заплаціць за нерухомасць, вызначаецца зыходзячы з разліковага кошту аднаго квадратнага метра тыпавога капітальнага будынка на 1 студзеня агульнай плошчы жылога памяшкання і стаўкі падатку ў памеры 0,1 %.

Так, напрыклад, пры рэалізацыі названых падыходаў падатак на нерухомасць на стандартную кватэру плошчай 60 квадратных метраў за год складзе ад 27 рублёў у раённых цэнтрах да 48,6 рублёў у Мінску, што супастаўна з падатковай нагрузкай на ўладальнікаў індывідуальных жылых дамоў. Пры гэтым у мэтах спрашчэння адміністравання фізічныя асобы будуць ажыццяўляць выплату падатку на нерухомасць за 2022 год у два этапы. Першы — не пазней за 15 лістапада 2022 года — авансавы плацеж па падатку на нерухомасць на падставе паведамлення падатковага органа, якое ўручаецца не пазней за 1 верасня 2022 года. Авансавы плацеж выплачваецца ў памеры 50 % вылічаных за 2022 год сум падатку. Другі — не пазней за 15 лістапада 2023 года — даплата падатку на нерухомасць на падставе паведамлення падатковага органа, якое ўручаецца не пазней за 1 верасня 2023 года.

Барацьба з заробкамі ў «канвертах»

У гэтым годзе была ажыццёўлена індэксацыя на прагнозныя тэмпы інфляцыі (7,2 %) ставак падаткаў, устаноўленых у беларускіх рублях (зямельнага, экалагічнага і іншых); павышэнне асобных ставак падаткаў апераджальнымі тэмпамі (падатку на гульнявы бізнес — на 10 %, акцызаў на тытунёвыя вырабы — у сярэднім на 15 %); увядзенне акцызаў на вадкасці для электронных сістэм курэння і нетытунёвыя нікацінавыя вырабы.

Новым дакументам таксама прадугледжана павелічэнне стаўкі падаходнага падатку з фізічных асоб да 20 % у дачыненні да сум перавышэння расхода' грамадзян над іх даходамі. Павышаная стаўка падаходнага падатку будзе прымяняцца ў дачыненні да заробку ў «канвертах», атрыманага фізічнымі асобамі з 1 студзеня 2022 года, а таксама ў дачыненні да даходаў, вылічаных у адпаведнасці з заканадаўствам падатковым органам, зыходзячы з сум перавышэння расходаў над даходамі, на падставе актаў камеральных праверак, а таксама ў іншых выпадках.

Планы на сёння і на заўтра

Мяркуецца, што запрацуе шэраг мер, накіраваных на стымуляванне эканамічнай дзейнасці. Перш за ўсё гэта датычыцца пашырэння магчымасцяў па выкарыстанні інвестыцыйнага падатковага выліку. Акрамя таго, падатковая нагрузка ў 2022 годзе ў параўнанні з 2021 годам паменшыцца на 0,9 % і складзе 22,6 % да ВУП.

Дакумент прадугледжвае развіццё заканадаўства на наступны год. З 2023 года для самазанятасці грамадзян прадугледжана ўстанаўленне падатку на прафесійны даход (ППД) у працэнтах ад атрыманых даходаў на падставе лічбавай платформы, якая дазваляе ў тым ліку ажыццяўляць прыём безнаяўных плацяжоў.

Плацельшчыкамі ППД будуць з'яўляцца самазанятыя грамадзяне, гэта значыць, фізічныя асобы, якія маюць прафесійны даход ад дзейнасці, пры вядзенні якой яны не маюць работадаўцы і не прыцягваюць фізічных асоб па працоўных дагаворах, а таксама даход ад выкарыстання маёмасці. Пры гэтым самазанятыя змогуць займацца любымі відамі дзейнасці, акрамя забароненых.

Выплата ППД будзе ажыццяўляцца з дапамогай дадатку «Падатак на прафесійны даход» — праграмнага забеспячэння Міністэрства па падатках і зборах. Выплата яго заменіць аплату падаходнага падатку з фізічных асоб, а таксама абавязковых страхавых узносаў у бюджэт дзяржаўнага пазабюджэтнага фонду сацыяльнай абароны насельніцтва. Стаўкі ППД устанаўліваюцца ў наступных памерах: пры рабоце з фізічнымі асобамі, а таксама юрыдычнымі асобамі-нерэзідэнтамі — 10 % ад выручкі. Пры рабоце з арганізацыямі-рэзідэнтамі — стаўка ў памеры 10 % будзе прымяняцца пры суме выручкі да 60 тысяч рублёў, у выпадку перавышэння гэтага значэння стаўка будзе складаць 20 %.

Тым, хто здае кватэры

Стаўка падаходнага падатку са здачы жылых і нежылых памяшканняў з першых дзён студзеня павялічылася. Пра гэта сведчаць даныя Міністэрства па падатках і зборах. Стаўкі падатку павялічыліся на прагнозны ўзровень інфляцыі на 2022 год.

Цяпер за здачу аднапакаёвай кватэры ў Мінску, дачы і садовага доміка арэндадаўцу прыйдзецца выплаціць 36,8 беларускага рубля ў месяц. Раней гэта сума складала 34,3 рубля.

Нязначна цэны выраслі і ў рэгіёнах. У такіх абласных цэнтрах, як Брэст, Віцебск, Гомель, Гродна і Магілёў, падобная падатковая стаўка роўная 34,5 рубля (раней — 32,20 рубля). У такіх гарадах, як Баранавічы, Бабруйск, Барысаў, Жлобін, Жодзіна, Ліда, Мазыр, Маладзечна, Наваполацк, Орша, Пінск, Полацк, Рэчыца, Светлагорск, Слуцк і Салігорск, цяпер падатковая стаўка за здачу кватэр роўная 22,6 рубля (раней — 21,1 рубля). У іншыя гарадах абласнога, раённага падпарадкавання і пасёлках гарадскога тыпу кватэраздатчыкі будуць абавязаны заплаціць 16,6 рубля (раней — 15,50 рубля), а ў астатніх населеных пунктах 11,9 рубля.

Пры атрыманні даходаў ад здачы ўнаём жылых або нежылых памяшканняў падатковая інспекцыя рэкамендуе загадзя ажыццяўляць аплату падатку за студзень гэтага года па новых стаўках. Звесткі аб сумах, якія падлягаюць да выплацы падатку за 2022 год, размешчаны ў АРІП.

Сяргей КУРКАЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Жыццё Юліі Пярцовай: Шчыры аповед пра сям’ю, работу і пераадоленні нягод

Жыццё Юліі Пярцовай: Шчыры аповед пра сям’ю, работу і пераадоленні нягод

У прамым эфіры тэлеканала «Беларусь-1» Юлія расказвае аб падзеях у Беларусі.

Калейдаскоп

Як добра вы памятаеце ўсе Канстытуцыі Беларусі? Тэст

Як добра вы памятаеце ўсе Канстытуцыі Беларусі? Тэст

За адно стагоддзе Беларусь жыла па пяці розных Асноўных Законах.