Вы тут

Прыпеўкі да Каляд, пра любоў, старасць і прыкметы


Прыкметы прыкметамі, а найлепей верыць у сябе

Каляды, Новы год, Вадохрышча... Таямнічыя зімовыя святы. У моладзі — самы час для варажбы і чакання цудаў, у нас, людзей пажылых — ну вядома ж: светлых успамінаў.


Дык вось — далёкія шасцідзясятыя ўжо мінулага стагоддзя. Я, маладзенькая зусім дзяўчына, прыйшла працаваць на завод, закахалася ў хлопца (па ўсім выглядала — узаемна) і згадзілася выйсці замуж.

Помню, як паехала з гэтай весткай дамоў, як сказала бацькам, як яны і парадаваліся, і цяжка паўздыхалі, як пыталіся, ці добра ж я падумала?.. А ўрэшце, прызналі, што гэта хлопец жэніцца, калі хоча, а дзяўчына ідзе замуж, калі бяруць. Значыць, трэба ладзіць вяселле.

Гарэлкі ў магазінах тады не купіць было. Выручыць магла самагонка.

З закускай таксама бяда невялікая: у гаспадарцы тры свінні...

Праблема ўзнікала з іншым: дзе купіць падарункі для родных жаніха, для яго братоў і сясцёр, для цётак і дзядзькаў (усе жанатыя-замужнія, значыць, і для іх жонак-мужоў), для хросных і родных бацькоў? Усяго, як мы падлічылі, патрэбна не многа, не мала — 30 штук. І гэта пры тым, што крамы амаль пустыя, што ў іх, калі нешта і завозіцца, то прадаецца альбо па талонах, альбо па вялікім блаце. Значыць, застаецца толькі адно — ехаць на базар.

Бацькі (светлай памяці!) уручылі мне вузельчык з прыхаванымі грашыма (сваіх я тады не зарабіла), загадалі добра схаваць і нідзе не вароніць, ды адправілі ў Ліду.

І вось мы са стрыечнай сястрой (сорак гадоў на дваіх) ужо ходзім па рынку — вышукваем, збіраем падарункі, не раўнуючы, як воран косці: там купляем дзве хусткі, там — адрэз тканіны, там — дзве мужчынскія сарочкі, там яшчэ адну...

Захапіўшыся гэтай купляй, падлікамі (колькі штук, колькі грошай...) ды пакаваннем дабра ў сумкі, мы нічога і нікога не бачым, у тым ліку — двух міліцыянераў, якія ўважліва сачылі за намі, а потым, калі мы заспяшаліся на аўтобус, раптам паўсталі наперадзе і строга «запрасілі» прайсці за імі. «Куды?», «Чаго?», «Чаму?..», «За што?..» — пытаемся мы з сястрой. А ў адказ чуем хіба кароткае: «У аддзяленні разбяромся».

Пакуль ішлі туды, ледзь не памерлі ад страху.

І на месцы лягчэй не стала, бо высветлілася, што хлопцы з міліцыі, убачыўшы, колькі мы чаго набіраем, вырашылі, што гэта не сабе, а на далейшы продаж, што мы з сястрой — звычайныя спекулянткі, а таму ўсе набытыя тавары належыць... канфіскаваць (!?).

Мы, вядома ж, у слёзы: «Як канфіскаваць? Гэта ж падарункі...Гэта ж да вяселля».

Я давай гаварыць, што дата яго ўжо прызначана, што ў майго жаніха дзевяць братоў і сясцёр... «А чаму не дзесяць?» — з усмешкай пытаюцца ў мяне. «Дык жаніх дзясяты», — даводзім мы з сястрой і бачым, што людзі ў форме не вераць ніводнаму нашаму слову. І тут...

Ура! Я ўспомніла, што ў мяне ёсць паперка — даведка з загса. Іх тады выдавалі ўсім, хто пісаў заяву на ўступленне ў шлюб...

Які-ніякі, але гэта быў дакумент і, на шчасце, ён спрацаваў: нам вярнулі сумкі з нашым багаццем, і мы, стомленыя, заплаканыя, з размазаным макіяжам, рушылі лавіць спадарожную машыну (аўтобус даўно сышоў), каб дабрацца дадому...

Гэта быў толькі пачатак маіх вясельных прыгод. Не абышлося без іх і далей.

Добрыя дарогі ў нашых мясцінах з'явіліся хіба ў гэтым стагоддзі, у тым — іх яшчэ не было, а бліжэй да вёскі дык і зусім — яма на яміне... Плюс восень, дождж, гразь, дні кароткія...

Карацей, аўтобус з жаніхом і гасцямі ехаў доўга, аднак даехаць да хаты так і не змог. Апошнія кіламетры з тры ўся кампанія адольвала пехатой па гразі і цемры.

А мы ж — сям'я, радня, усе госці, вяскоўцы (падзея як ніяк!) — хваляваліся (гэта цяпер бы патэлефанаваў і ўсё даведаўся...), гадалі, што зрабілася... Хто-ніхто, можа, нават цешыўся, што няма жаніха, што раптам перадумаў. Яно ж і такое здаралася...

Але я чамусьці не сумнявалася: верыла, што мой Казік абавязкова прыедзе. Ці прыйдзе...

Так яно і атрымалася.

...Адбылося, адшумела вяселле ў нашай хаце. Наперадзе была дарога (каля двухсот кіламетраў) у хату жаніха.

Не паверыце, але яна таксама пачалася з прыгод. У ноч напярэдадні ўдарыў мароз, пачалася мяцеліца, галалёд, на дарозе, адпаведна, то затор, то аварыя...

Толькі апоўначы наш аўтобус дабраўся да дома Косцевых бацькоў, дзе нас сустракалі не толькі хлебам ды соллю, але яшчэ і словамі, што звычайна ў 12 ночы вяселле для многіх гасцей ужо канчаецца, а ў нас яно толькі пачыналася.

...Вось з такімі прыгодамі я выходзіла замуж. Усе, хто ведаў пра іх, хваляваліся, перажывалі, што не зладзіцца ў нас сямейнае жыццё. Але мы з Казікам ведалі, што ўсё залежыць не ад прыкмет, не ад варажбы — ад нас саміх.

Пяцьдзясят гадоў мы ідзём па жыцці разам: падтрымліваем адно аднаго, дапамагаем, не дзелім работу на тваю і маю, радуемся дзецям, унукам, нават праўнукам!

І вось гэтага на Новы і ўсе наступныя гады хочам пажадаць усім.

Аліна Сцяпанава,

Мінскі раён.


Яшчэ раз пра любоў І хіба крыху — пра свінства

...Падымаючы трэцюю чарку, мы, мужчыны, часам гаворым: «Ну, за Марыю Іванаўну!». І выпіваем — кожны за сваю. А потым, здараецца, яшчэ і расказваем...

Я вось таксама хачу, бо цікавыя гісторыі.

Колькі дзяцей было ў дзядзькі Санькі, што жыў у канцы нашай вуліцы, дакладна не скажу: не тое дзесяць, не тое адзінаццаць? Многа. Але тады здзіўляла не гэта, бо шматдзетных сем'яў у вёсцы шмат было, а тое, што ў Санькі — усе дзяўчынкі. Ніводнага хлопчыка! Аднавяскоўцы-мужчыны дзядзьку падколвалі, называлі бракаробам, раілі папрасіць дапамогі ў суседзяў.

Санька, як правіла, адмоўчваўся ці аджартоўваўся, а найчасцей — адмахваўся ды спяшаўся дамоў, «да сваіх дзяўчат», з кожнай палучкі набіраў ім ладныя кулькі «падушачак» — былі такія цукеркі...

І вось Санькава жонка зноў зацяжарала. У вёсцы смяяліся, што, напэўна ж, дзеўкай. Не маўчаў і сам дзядзька: ён, як і раней, казаў сваё, ужо прывычнае, «каго бог дасць»....

І ён, нарэшце, пачуў! Людзі аж не паверылі: у Санькі хлопчык?! Няўжо?!

А Санька і сам свайму шчасцю не верыў! Мужчыны кажуць, каб у краму бег, а ён — каб хутчэй да жонкі, да дзяцей, да найменшага — пагушкаць, пялюшкі памяняць, нешта дапамагчы... А да ўсяго — палюбавацца на сваю палавіну, бо яна пасля апошніх родаў дык нават з твару змянілася! То ўвесь час у зямлю глядзела — хадзіла панурая ды заклапочаная, а то расцвіла, задрала галаву, засвяцілася радасцю! І мела з чаго: дагадзіла такі свайму гаспадару, спраўдзіла мару пра сына.

Любіла яна Саньку. І ён яе...

У той жа год, калі ў іх нарадзіўся хлопчык, вёску абляцела яшчэ адна навіна: Віця (ён жыў на той самай вуліцы) кінуў сваю Вольку — пайшоў да маладой.

Такога ў нас даўно не было, а па тым часе дык, можа, і ніколі.

З чаго пачыналася? Ды як у многіх: Віця, малады расіянін, трапіў служыць у Беларусь, пазнаёміўся тут з прыгожай дзяўчынай, ажаніўся (дакладней — у прымы прыстаў) і зажыў — як дай бог кожнаму! А што — добрая работа, жонка, дзеці, у цешчы вялікі прыватны дом непадалёк ад райцэнтра...

Адно перажыванне, што прымак, што як быццам не гаспадар. Дык ён дзеля гэтага хоць розных прыбудоў наставіў. Спачатку дробных — для качак, для гусей, а потым ужо і хлеўчык з'явіўся: Віця свінства развёў. Працаваў, не ленаваўся, радаваўся, што ўсё сваё ў яго... І дом у хуткім часе — таксама (на той свет жончыны бацькі нічога не забралі), але ж...

Мусіць, нейкі чорт у рабрыну Віцю ўбіўся: «знюхаўся» з адной маладзіцай і закруціў з ёй такую любоў... Аж да разводу ў чалавека дайшло, да таго, што сабраў ён рэчы і з адных прымаў падаўся ў другія — у заводскую маласямейку, дзе жыла яго новая абранніца. Яе чамусьці Экстрай звалі, як гарэлку. Мусіць, хмяліла так? Ці мазгі адбівала?..

Вольга ж засталася адна. Выйдзе, бывала, на лавачку, што каля хаты сваёй, і сядзіць — нейкія думкі думае...

А «маладым» тады — Віцю з Экстрай — хоць таксі наймай, бо адзіная сцежка да крамы каля Вользінай хаты ляжыць, каля лавачкі. Ідзеш туды, будзь ласкавы, паглядзі, які там парадачак ды прыгажосць, павітайся з гаспадыняй. Ідзеш назад...

Экстра спачатку баялася, думала, што Вольга адлупіць альбо сварыцца пачне, праклінаць за тое, што мужа звяла... Ды і Віця не гогалем міма праходзіў: угінаў галаву ў плечы, саромеўся...

А Вольга тым часам трымалася годна: і на Экстрына «здрасьце», і на Віцева «добры дзень» адказвала спакойна, як нічога ніякага. Чула ад людзей, што не вельмі і ладзяць яны, што характар у Экстры як надвор'е вясной: то як быццам цёплае, нават гарачае, а то Віця ўжо «і пень стары», «і хамут дурны», і як мужчына — анічога не варты...

Карацей, усяго ён, бедны, там наслухаўся (разам з суседзямі па маласямейцы) і, як ні цяжка было, нейкага разу не вытрымаў — паплёўся назад да Вольгі: каб пагаварыць, папрасіць прабачэння.

Па дарозе думаў, што не даруе — выганіць, як сабаку. І правільна зробіць! А яна — не: сустрэла — як некалі з работы, сабрала на стол паесці, сказала, каб потым, калі не вельмі стаміўся, загарадку ў свіней паправіў, а то дзверцы зламаліся... І ўсё.

...За жанчын выпіваюць звычайна трэцюю чарку. За асобных — згадзіцеся — варта і першую. Ці не так?

Мікалай Камароўскі,

г. Орша.


Старасць — не радасць...

На вясковай вуліцы сустрэліся дзве бабулькі. Адна адной скардзіцца:

— Нездаровіцца мне... Так нездаровіцца! У старасці — ліха на яе — усе хваробы чапляюцца!

— І не толькі ў старасці, — перапыняе прыяцелька. — Цяпер і маладыя нядужыя. Узяць хоць бы мяне: таксама захварэла!

Міхась Сліва,

г. Рагачоў.


«Пасярэдзіне зімы Каляду святкуем мы...»

І, як сведчыць рэдакцыйная пошта, дастаём звязду (сімвал сонца — шматпрамянёвую, асветленую знутры зорку на кіі), пераапранаемся ў казу, жорава ды мядзведзя, бяром гармонік — і выпраўляемся па хатах, офісах, кватэрах, каб павіншаваць сваіх родных, суседзяў, дзелавых партнёраў са святамі...

У дапамогу калядоўшчыкам нізка прыпевак ад чытачоў «Звязды».

Наступае Каляда —

Цякуць грошы, як вада.

Хай пустуе гаманец,

Але ж свету не канец!

Мікалай Касмачэўскі з Наваполацка.


Як удзень на Каляду

Зноў дастанем мы звязду,

З цыганамі, з жоравам

Пагуляем здорава!


На Каляды кожны ласы

На гарэлку і каўбасы.

Каму надта павязе,

Той да дзеўкі дапаўзе!

Эльяш Банель, г. Мінск.


Калі ў вас пад Новы год

Хлеба ні кавалачка,

Сабярыце карагод —

Будуць хлеб і чарачка!


Каб жылося ўсім шчасліва,

П'ём гарэлачку і піва.

Бог жа шчасцейка дае —

Хто працуе, а не п'е.


Ой, браточкі, дайце рады:

Едзе ўнучак на Каляды.

Сябрукоў сваіх вязе:

Гаспадарку ўсю звядзе!


За народзіны Хрыстовы

Выпіць мы заўжды гатовы.

Было б добра, калі б Бог

Потым «выжыць» дапамог.

Іван Астроўскі, г. Мінск.


Наступае Каляда —

Цякуць грошы, як вада.

Пасля святаў застанецца

На стале адна «Звязда»!


На Каляды кожны ласы

На гарэлку і каўбасы.

Хто бяднейшы, хто багаты —

Усе шануюць гэта свята!


На стале абрус калядны,

Сена пад абрусам.

Хай шанцуе ў новым годзе

Людцам — беларусам!

Антаніна Ерамеева,

Рагачоўскі раён.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Ніна Іванова: «Менавіта грамадства павінна рабіць крокі насустрач»

Ніна Іванова: «Менавіта грамадства павінна рабіць крокі насустрач»

Беларускае таварыства дружбы і культурнай сувязі амаль стагоддзе займаецца папулярызацыяй духоўных і культурных здабыткаў.

Культура

Пра што сведчаць гістарычныя графіці ў самым старажытным захаваным храме Беларусі

Пра што сведчаць гістарычныя графіці ў самым старажытным захаваным храме Беларусі

Надпісы кшталту «тут быў...» на сценах з’яўляліся яшчэ ў Сярэднявеччы.

Грамадства

Як сэканоміць на «камуналцы»? Інструкцыя ад спецыялістаў

Як сэканоміць на «камуналцы»? Інструкцыя ад спецыялістаў

Хто мае права на вяртанне грошай, а хто — заплаціць цалкам.