Вы тут

Мітрапаліт Веніямін: Без апоры на духоўны падмурак народа цяжка ісці наперад


— У мінулы год шмат было размоў пра адзінства ў грамадстве. У чым асаблівасць царкоўнага вопыту яднання людзей?


— Калі мы кажам пра адзінства ў Царкве, то маем на ўвазе еднасць, якая дасягаецца вакол Хрыста — яе Заснавальніка. Гэта сапраўднае адзінства ва ўсёй паўнаце. Любое іншае саступае, бо, калі згадаць старую добрую прыказку, гэтае — не з-за страху, а па сумленні. Калі чалавек нешта робіць з-за страху пакарання, ён гэта робіць не так якасна, як калі б рабіў па ўнутраным перакананні. Тады не патрэбны кантроль. Мы сёння часта пра гэта забываем.

Царква заўсёды імкнулася аб'ядноўвацца вакол Хрыста, пры гэтым дапускала розныя меркаванні і падыходы. Адзінства павінна быць у галоўным, адрознасць у дэталях можа быць, бо існуюць розныя шляхі да выратавання, да духоўнай дасканаласці. Духоўныя кіраўнікі па-рознаму могуць весці да мэты, але вынік павінен быць адзін.

Апостал Павел у першым стагоддзі нашай эры казаў: «Бо павінна быць і разнамыснасць паміж вамі, каб выявіліся паміж вамі дасведчаныя» (1 Кар. 11, 19). Розныя ідэі і прапановы ў царкоўнай абшчыне разглядаюцца і між імі выбіраюцца лепшыя. Так ажыццяўляецца саборнасць у Царкве. Прынятае адміністрацыйным шляхам рашэнне можа быць добрым, але без асэнсавання гэтага падчас абмеркавання застанецца непаразуменне.

Адзінства ў свецкім грамадстве як правіла дасягаецца за кошт агульных нацыянальных ідэй, гісторыі і мэт. Але без духоўнага складніка ўзмацняюцца прыватныя, меркантыльныя інтарэсы.

Духоўнае асэнсаванне мае вялікую сілу, але і ў Царкве маюцца рознагалоссі і падзелы — сумныя вехі яе гісторыі. Так адбываецца, калі людзі асабістыя думкі і памкненні не падпарадкоўваюць агульнай добрай справе, калі сваё «я» не падпарадкоўваюць справе Хрыстовай. Часта прычына падзелу — недасканаласць чалавечай прыроды, унутранага чалавека, ганарлівасць, адстойванне свайго меркавання, нежаданне паказацца горшым за іншых, саступіць, пайсці насустрач, успрыманне гэтага як слабасці.

— Разам з тым Царква мае і станоўчы вопыт уз'яднання, адным з прыкладаў з'яўляецца асвячэнне Вамі закладкі храма старавераў у Мінску.

— Абшчына старавераў у гонар прарока Іліі ўжо шмат гадоў знаходзіцца пад амафорам Беларускай праваслаўнай царквы. Сёлета ў яе з'явілася магчымасць пачаць будаўніцтва ўласнага храма. Гэта сапраўды вельмі добры крок да аб'яднання. Мы бачым, што розныя традыцыі ў богаслужэнні не перашкаджаюць праваслаўным быць разам. Гасподзь кажа пра тое, што Яму патрэбна сэрца чалавека, знешні бок — другаснае, хоць і гэта, несумненна, важнае для нас. Мяркую, у наш час у гэтым кірунку трэба выкарыстоўваць магчымасці, якія адкрываюцца, каб і іншыя стараверскія абшчыны ўбачылі, што можна і лепш быць нам разам. Можна супольна славіць Бога і захоўваюць уласны абрад, гэта толькі ўзбагачае Царкву.

Разам з тым, на жаль, у наш час раз'яднанні ў праваслаўным свеце ўзмацняюцца. Гэты працэс патрабуе лячэння звыш. На ўзроўні чалавечых намаганняў пакуль не відаць, як сітуацыя можа быць вырашана. Але, несумненна, трэба да гэтага імкнуцца, бо Царква — Цела Хрыстовае, і падзел у ёй прыносіць пакуту яе Галаве — Хрысту.

— 2022 гады таму нарадзіўся Хрыстос, каб выратаваць чалавецтва. На ваш погляд, які час перажывае чалавецтва ў нашы дні?

— Сучасныя людзі, жадаючы рэалізаваць сваю свабоду, сталі шукаць шлях, у тым ліку без абмежавання маральнымі прынцыпамі і абавязкамі. Яны бачаць у гэтым сапраўдную рэалізацыю свабоды. Але насамрэч у гэтым заключана вялікая небяспека, бо гэта нагадвае чалавека, які едзе па дарозе і вырашае, што трымацца правілаў дарожнага руху не варта, што яны навязаныя, што ён сам можа вызначыць, з якой хуткасцю рухацца і дзе можна ісці на абгон. Гэтак жа чалавецтва кажа свайму Творцу, што дадзеныя Ім законы абмяжоўваюць чалавечую прыроду, што яны састарэлі і сталі непатрэбнымі, што маральныя законы, прадпісанні, Евангельскае вучэнне наша жыццё абцяжарваюць. Гэта тэма актыўна развіваецца ў Еўропе, Амерыцы, у многіх краінах, дзе традыцыйна прысутнічае хрысціянства.

У выніку хрысціянства штучным чынам змяняе сваю форму, што не на карысць Царкве (кажу пра ўсіх хрысціян) і не на карысць свету. Гэта адбіваецца на маральным жыцці ўсяго грамадства. Хрыстос, калі звяртаецца да хрысціян, кажа: «Вы — соль зямлі» (Мф. 5, 13). Гэта значыць, хрысціяне сваім ладам жыцця, паводзінамі павінны паказваць адпаведны прыклад, тым самым не дапускаць заняпад чалавецтва. Як соль не дапускае гніення прадуктаў, захоўвае іх якасць, надае смак, так і хрысціяне павінны несці прыгажосць маральнага жыцця ў грамадства. Калі яе страціць, свет страціць самае галоўнае.

— Клопатам аб захаванні маральных норм прадыктаваны прапановы Беларускай праваслаўнай царквы ў праект абноўленай Канстытуцыі нашай краіны?

— Маральныя нормы — найважнейшы складнік закона любой дзяржавы. Без апоры на ўнутраны свет чалавека, на маральныя прынцыпы, духоўны падмурак народа цяжка ісці наперад і атрымліваць станоўчы вынік. Сёння вельмі важна мець добрую, вывераную Канстытуцыю з духоўным асэнсаваннем, якое мы вельмі настойліва прапануем уключыць у яе тэкст, каб звярнуць на гэта ўвагу ўсіх нашых сучаснікаў. Як чалавек без духоўнага жыцця, так і грамадства, не натхнёнае вышэйшымі ідэаламі, можа знешне выглядаць шчаслівым, але падсвядома заставацца незадаволеным, пры гэтым не ўсведамляць, чаго яму не хапае. Духоўную пустэчу імкнуцца запоўніць нечым вонкавым, але ў выніку чалавек пакутуе, страчвае пакой, яго раздзіраюць глыбокія ўнутраныя праблемы.

Нам вельмі важна, каб духоўна-маральныя аспекты былі ўзмоцнены ў Канстытуцыі, але не менш важна, каб яны ажыццяўляліся ў жыцці. Каб імі кіраваліся людзі, бо ўся складанасць не ў тым, каб добра скласці Канстытуцыю, а ў тым, каб жыць у адпаведнасці з прапісанымі прынцыпамі, якія закладзены ў ёй, і каб гэта прыносіла плён. Ёсць шмат еўрапейскіх краін, у якіх Канстытуцыя дастаткова добра выверана і складзена, але гэта не спыняе рух у бок адмовы ад хрысціянскай маралі. У гэтым праблема сучаснага свету, і яе трэба вырашаць. Пра гэта нам трэба перш за ўсё клапаціцца і ў нашай краіне.

— Наколькі актыўнымі павінны быць хрысціяне?

— Кожны хрысціянін закліканы да таго, каб спачатку ў сябе знутры, у душы, усё правільна выбудаваць. «Бо ад перапоўненасці сэрца гавораць вусны» (Мф. 12, 34). Калі ўнутры ўсё адпавядае духоўным законам, тады добрае распаўсюджваецца. Няправільна займацца вялікай знешняй дзейнасцю, калі знутры няма ўстойлівага міру і непахісных маральных прынцыпаў.

Нашы свяшчэннаслужыцелі досыць актыўныя, па сваіх пастырскіх абавязках яны працуюць на розных кірунках: сацыяльнае служэнне, работа з моладдзю, асветніцкая дзейнасць, узаемадзеянне з узброенымі сіламі, турэмнае служэнне... Гэта дадатковая нагрузка, акрамя здзяйснення богаслужэнняў. Пры гэтым у іх няма нармаванага працоўнага часу. У святочныя і выхадныя дні іх нагрузка ўзрастае, бо ў іх дапамозе, парадах маюць патрэбу людзі.

Калі падсумаваць, хрысціянам важна прымаць удзел ва ўсіх сферах жыцця, але з аглядкай на свой унутраны свет і з разуменнем вынікаў працы як для сябе, так і для грамадства. Такі самааналіз дапамагае своечасова спыніцца, зрабіць карэкціроўку, магчыма, ад нечага адмовіцца. «Бо якая карысць чалавеку, калі ён увесь свет здабудзе, а душы сваёй пашкодзіць?» (Мф. 16, 26). Гэта словы Спасіцеля.

— На постсавецкай прасторы асаблівае стаўленне да актыўнасці Царквы, не кажучы пра асаблівасці сённяшняга секулярызаванага часу. Ці гатова Беларуская праваслаўная царква да крытыкі, якую выклікае яе пазіцыя, да абвінавачвання ў палітызацыі? Ці павінна яна ў гэтым выпадку апраўдвацца?

— Людзі высокага святога жыцця, якіх шануюць і тыя, хто не лічыць сябе вернікам, — прападобная Еўфрасіння Полацкая, свяціцель Кірыл Тураўскі — у шэрагу іншых святых казалі пра тое, што апраўдвацца не трэба. Апостал Павел, калі разважаў на гэту тэму ў Першым пасланні да Карынфянаў, казаў: «Для мяне вельмі мала значыць, як мяркуеце пра мяне вы або іншыя людзі». Ён дадаў: «Я і сам пра сябе не мяркую». Гэта не значыць, што ён грэбуе меркаваннем іншых людзей, але не падладжваецца пад яго. Ён тлумачыць, чаму так робіць: «...суддзя ж мне Гасподзь». Апостал свае дзеянні суадносіць з вышэйшым законам, бо ўзровень законаў чалавечых і меркаванні людзей ніжэйшыя. Пры гэтым апостал Павел, грамадзянін Нябеснага Царства, трымаўся і нормаў зямной дзяржавы, у якой жыў.

Царква выконвае ўказанні Хрыста, Сына Божага, Спасіцеля свету — Таго, Хто не толькі кіруе гэтым светам, але і клапоціцца пра яго, з'яўляецца Айцом, які любіць сваіх дзяцей. Хрыстос навучыў нас звяртацца да Бога як да Айца. Ён пакінуў нам прамое ўказанне: «...дык ідзіце, навучыце ўсе народы» (Мф. 28, 19). Духоўныя законы, якія мы маем у Царкве, — не наша выдумка. Гэта тое, чаму навучыў, калі прыйшоў на зямлю, Сын Божы. Ён жадаў, каб гэтым кіраваліся людзі. Сёння Царква імкнецца добрае, важнае, значнае, выратавальнае для ўсяго чалавецтва даносіць да грамадства, казаць пра гэта. Царква не замыкаецца ў сабе. Апостал кажа: «.. і гора мне, калі не дабравешчу!» (1 Кар. 9, 16).

Людзі, якія свядома пазбягаюць маральных тэм, якім духоўныя прынцыпы перашкаджаюць жыць свабодна і, як ім падаецца, лепш, стараюцца супрацьпаставіць сваё меркаванне царкоўнаму, шукаюць недахопы, недакладнасці ў дзеяннях Царквы і яе служыцеляў. На жаль, гэта непазбежна. Якім ідэалам з'яўляўся Хрыстос — вылечваў людзей, меў слова суцяшальнае, дакладнае, выверанае, правільнае. Але і Яго слова не ўсе ўспрымалі. Некаторыя шукалі, як Яго забіць, і, зрэшты, забілі.

Гэта змаганне дабра і зла працягваецца. Пра тое ж казаў і вядомы пісьменнік Фёдар Міхайлавіч Дастаеўскі, 200-годдзе якога мы святкавалі, карані якога з сяла Дастоева Іванаўскага раёна Брэсцкай вобласці. Ён казаў: «Тут д'ябал з Богам змагаецца, а поле бітвы — сэрцы людзей».
Паколькі Царква жадае, каб грамадства развівалася гарманічна, яе доўг —заўсёды нагадваць пра маральныя, духоўныя прынцыпы. Там, дзе гатовы нас пачуць, дзе гатовы прыняць Слова, мы стараемся казаць.

— Наш час можна назваць яшчэ і эпохай страху. Гэта датычыцца глабальных пагроз, у тым ліку пандэміі. Але ж Хрыстос вучыў нічога не баяцца. Адначасова хрысціянства нагадвае пра страх Божы. Як спалучыць сучаснаму чалавеку ў сабе бясстрашнасць і страх? Чаго нам варта сапраўды баяцца, а чаго — не?

— Два страхі... Іх, вядома, больш, але асноўныя два — страх Божы і страх чалавечы. Апошні — калі мы баімся нейкіх абставін жыцця, хвароб, смерці, дзікіх жывёл, непрыемнасцяў на рабоце і шмат чаго яшчэ. Страх Божы — калі чалавек баіцца няправільным сваім учынкам, словам, нават думкай, засмуціць Бога — Айца, які яго любіць. Настаўнікі Царквы вучаць нас, што ўсё стане на сваё месца, калі на першым месцы будзе страх Божы. Яшчэ ў Старым Запавеце сказана: «Пачатак прамудрасці — баяцца Бога» (Сір. 1, 15). Гэта — пачатак найвышэйшай ступені мудрага стаўлення да жыцця. Ад страху Божага знаходзяцца правільныя рашэнні, здзяйсняюцца правільныя ўчынкі.

Калі чалавек асэнсоўвае, што яму трэба правільна паступаць перад Богам, з захаваннем маральных законаў, запаветаў Божых, тады ён паступова прыходзіць у стан, дзе ўжо няма страху чалавечага. Бо асэнсоўвае, што Бог клапоціцца пра яго і, калі трэба, папярэдзіць гора, хваробу, непрыемнасць. А калі дапусціць, значыць, з нейкай добрай мэтай, і гэта трэба правільна пераадолець, знайсці ў тым, што адбылося, карысць.

Апостал Іаан кажа: «У любові няма страху, а дасканалая любоў праганяе страх» (1 Ін. 4, 18). Ён кажа пра любоў да Бога. Як маці клапоціцца пра сваё дзіця, любіць яго і не баіцца падняцца ноччу, не выспацца, не даесці, стаміцца, як яна ўсе сілы аддае дзіцяці, так і чалавек, які глыбока палюбіў Бога, любіць і бліжняга свайго, і ўжо нічога не баіцца. Апостал Павел запытвае: «Хто адлучыць нас ад любові Хрыстовай: гора, ці ўціск, ці голад, ці галеча, ці небяспека, ці меч?» І далей упэўнена адказвае: «Але ўсё гэта мы поўнасцю перамагаем сілаю Таго, Хто ўзлюбіў нас» (Рым. 9, 35—37). Калі чалавек любіць Бога, Які любіць чалавека, усё астатняе — другаснае.

Такога стану дасягаюць святыя людзі, яны перастаюць трывожыцца, не баяцца небяспекі, хоць і застаюцца звычайнымі людзьмі. Нават людзі святога жыцця часам перажывалі чалавечы страх, але праз малітву, развагу пра Слова Божае пераадольвалі яго і паказвалі мужнасць і цвёрдасць, якія здзіўлялі іншых.

— Мы размаўляем напярэдадні вялікага свята, але заўсёды ёсць людзі, якія сустракаюць свята ў скрусе. Ці заўсёды гора — наступства нашых учынкаў? Як убачыць карысць і дабро ў незваротнай страце?

— Часам у жыцці здараецца, што чалавек мяняе месца вучобы, працы, месца жыхарства. Бывае, што чалавек сам прымае такое рашэнне, але здараецца, што да гэта падштурхоўваюць абставіны. У духоўным жыцці адбываюцца падзеі, якія мы не заўсёды можам растлумачыць. Мы можам захварэць у выніку парушэння намі духоўна-маральнага закона. Але хварэюць і праведнікі. Тут важна разумець, што жыццё пасля смерці працягваецца. Што смерць — гэта пераход у новую сферу жыцця. Часам горкія абставіны падводзяць нас да разумення гэтага.

Смерць блізкіх разбурае наш унутраны свет, пазбаўляе спакою, прычыняе боль, але, як бацькі не ўсё тлумачаць сваім дзецям, калі кіруюцца добрым памкненнем у клопаце пра дзіця, так і мы не заўсёды разумеем, у чым сэнс таго або іншага Божага дзеяння ў адносінах да нас або дапушчэння няшчасця, якое з намі здарылася, нават насуперак Яго волі.

— Наступны год Беларуская праваслаўная царква адзначае сваё 1030-годдзе. Ці можаце вы сказаць, на якім этапе свайго развіцця яна знаходзіцца цяпер?

— Хачу зноў паўтарыць словы апостала Паўла: «Я і сам пра сябе не мяркую». Даваць ацэнку стану Царквы, нават вонкава, будзе памылкай. Бо Гасподзь ацэніць і кожнаму дасць па яго справах.

Цяжкасці, якія перажывае грамадства, адбіваюцца і на царкоўным жыцці. Разам з тым мы абапіраемся на евангельскія словы пра тое, што трэба пераадольваць складанасці, спадзявацца на дапамогу Бога, маліцца, быць пільнымі, радавацца, за ўсё дзякаваць. Гэта дапамагае нам.

Царква нясе Слова Хрыста людзям, але тое, што мы скажам пра яе жыццё сёння, праз паўгода можа аказацца зусім іншым. Таму лепш не даваць ацэнку яе развіццю. Людзі, якія глядзяць на служэнне Царквы, няхай кіруюцца добрымі думкамі, бо Царква — гэта і ёсць людзі, якія сабраліся разам, каб адказаць на любоў Бога.

Мы абапіраемся на духоўную спадчыну, якая перадавалася нам з пакалення ў пакаленне вось ужо 1030 гадоў. Столькі прайшло часу з моманту, калі праваслаўе кананічна было аформлена на нашых землях праз стварэнне Полацкай епархіі. Гэтая духоўная спадчына — надзейны падмурак для ўсяго грамадства, краіны, усяго беларускага народа. Царква нагадвае пра гэты духоўны падмурак і дапамагае сучаснікам у іх жыцці і працы.

— Дзякуй, уладыка, за размову.

— Дазвольце завяршыць яе віншаваннем з Ражджаством Хрыстовым!

Жадаю, каб радасць аб Госпадзе напоўніла нашы сэрцы. Песнапенні, якія гучаць напярэдадні вялікага свята, заклікаюць: «Хрыстос нараджаецца — слаўце! Хрыстос з нябёс — сустракайце!» Будзьма ў лікаванні сустракаць свята, дзякаваць Богу, дзяліцца радасцю з бліжнімі. Жадаю ўсім добрага здароўя, шчаслівых узаемаадносін у сям'і, на рабоце, няхай усюды пануе паразуменне, згода і любоў!

Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА

Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА

Загаловак у газеце: «Без апоры на духоўны падмурак народа цяжка ісці наперад»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Жыццё Юліі Пярцовай: Шчыры аповед пра сям’ю, работу і пераадоленні нягод

Жыццё Юліі Пярцовай: Шчыры аповед пра сям’ю, работу і пераадоленні нягод

У прамым эфіры тэлеканала «Беларусь-1» Юлія расказвае аб падзеях у Беларусі.

Калейдаскоп

Як добра вы памятаеце ўсе Канстытуцыі Беларусі? Тэст

Як добра вы памятаеце ўсе Канстытуцыі Беларусі? Тэст

За адно стагоддзе Беларусь жыла па пяці розных Асноўных Законах.