Вы тут

Хваляванні ў Казахстане


Сітуацыя ў Казахстане працягвае заставацца напружанай. Учора ўдзельнікі пратэсту ў Алматы ўварваліся ў будынак акімата (мясцовая адміністрацыя). Пра гэта паведамляе «Sputnіk Казахстан».


Як перадае карэспандэнт выдання, унутры знаходзяцца супрацоўнікі паліцыі. І сілавікі, і пратэстоўцы выкарыстоўваюць святлошумавыя гранаты. Удакладняецца, што пратэстоўцы абараняюцца шчытамі і палкамі. Іншая частка натоўпу спрабуе трапіць у старую рэзідэнцыю прэзідэнта Казахстана.

Раней паведамлялася, што раніцай 5 студзеня ўдзельнікі пратэстаў у іншым казахстанскім горадзе, Актабэ, захапілі будынак акімата.

2 студзеня жыхары гарадоў Жанаазен і Актау ў Мангістаўскай вобласці масава выйшлі на вуліцы з заклікам знізіць цэны на паліва. Паводле іх слоў, з 1 студзеня цана за літр звадкаванага газу ўзрасла да 120 тэнге ($0,27), дэманстранты патрабавалі знізіць яе да 50-60 тэнге ($0,11-0,13). Прэзідэнт даручыў ураду тэрмінова разгледзець сітуацыю ў рэгіёне з улікам эканамічнай мэтазгоднасці і ў прававым полі. Урадавая камісія прыбыла ў Актау і прыступіла да работы. У аўторак пасля сустрэчы з пратэстоўцамі камісія аб'явіла аб зніжэнні цаны на звадкаваны газ да 50 тэнге за літр у Мангістаўскай вобласці.

Тым не менш 4 студзеня на Плошчы Рэспублікі ў Алматы адбыліся сутыкненні пратэстоўцаў з сілавікамі. Праваахоўнікі ўжывалі для разгону пратэстаў слёзатачывы газ і святлошумавыя гранаты. У Алматы і ў Мангістаўскай вобласці ўвялі рэжым надзвычайнага становішча да 19 студзеня, у перыяд дзеяння рэжыму аб'яўлена каменданцкая гадзіна з 23.00 да 7.00.

На фоне пратэстаў прэзідэнт Казахстана Касым-Жамарт Такаеў адправіў урад краіны ў адстаўку, а таксама даручыў увесці дзяржрэгуляванне цэн на звадкаваны газ, бензін, дызель і сацыяльна значныя прадукты тэрмінам на 180 дзён.

За сітуацыяй у Казахстане пільна назіраюць палітыкі і эксперты. «На вуліцы лёс Казахстана вырашацца не павінен, заявіў карэспандэнту БелТА дэпутат Палаты прадстаўнікоў, старшыня Ліберальна-дэмакратычнай партыі Беларусі Алег ГАЙДУКЕВІЧ. Паводле яго слоў, насцярожвае тое, што спачатку ў Казахстане былі толькі эканамічныя патрабаванні, а цяпер ужо там пачынаюць выкарыстоўваць метадычкі каляровых рэвалюцый, якія выкарыстоўваліся на ўсёй постсавецкай прасторы. «Не бывае добрых рэвалюцый, не бывае добрай вуліцы. На мой погляд як палітыка, улада Казахстана павінна жорстка спыняць любыя спробы вырашэння пытанняў на вуліцы, арганізатараў — прыцягваць да адказнасці ў рамках закона, — сказаў Алег Гайдукевіч. — А людзям тлумачыць, што на вуліцы нічога ніколі не вырашыцца, што трэба рухацца толькі нармальным чалавечым шляхам, шляхам дыялогу ўсё вырашаць».

Па словах дэпутата, падзеі ў Казахстане, як і ў Беларусі ў свой час, разгортваюцца па адной і той жа схеме. «І яшчэ адзін момант геапалітычны. Трэба цудоўна разумець, што Казахстан вельмі важны для Захаду. Расхістаць там сітуацыю, таму што гэта ключ да Кітая і Расіі. Ніколі не былоні адной паспяховай вуліцы, якая не падтрымлівалася б звонку, — адзначыў ён. — Я назіраю з трывогай за сітуацыяй у Казахстане: гэта наш саюзнік па ЕАЭС, гэта краіна, дзе нам хацелася б, каб заўсёды былі стабільнасць, парадак і закон.

Загадчык аддзела сацыялогіі дзяржаўнага кіравання Інстытута сацыялогіі НАН Беларусі, кандыдат філасофскіх навук Мікалай Шчокін лічыць, што ўсё, што цяпер адбываецца ў Казахстане, з'яўляецца паслядоўнай палітыкай ЗША па падрыве рэгіянальнай стабільнасці і ўдушэнні СНД, а таксама па тарпедаванні Еўразійскага праекта.

Паводле яго слоў, метадычка гібрыднай вайны нязменная: сацсеткі, інфармацыйная вайна, правакаванне масавых выступленняў з задзейнічаннем моладзі.

«Дзеля справядлівасці трэба адзначыць, што Аляксандр Лукашэнка яшчэ перад Новым годам, зыходзячы з вопыту Беларусі, на пасяджэнні АДКБ і саміце СНД перасцерагаў кіраўнікоў краін СНД ад магчымых сцэнарыяў», — адзначыў аналітык.

Мікалай Шчокін падкрэсліў: беларускі народ з трывогай і надзеяй успрымае тое, што адбываецца. «Еўразійская бяспека пад рэальнай пагрозай, — дадаў ён. — У любым выпадку працэсы, якія адбываюцца ў Казахстане, будуць мець далёка ідучыя наступствы для ўсёй Еўразіі».

Даслоўна

Анатоль Глаз, прэс-сакратар МЗС Беларусі:

«Вядома, нам неабыякава тое, што адбываецца гэтымі днямі ў Казахстане. Гэта блізкая нам краіна, наш саюзнік, таму мы ўважліва і з занепакоенасцю адсочваем сітуацыю. Больш за тое, і па змесце, і па форме падзеі нам знаёмыя. Механізмы і інструменты відаць простым вокам. У сувязі з гэтым на дадзеным этапе лічым важным стабілізаваць сітуацыю і спыніць беспарадкі. Спадзяёмся, што казахстанскае кіраўніцтва з гэтым справіцца. Гісторыя пераканаўча даказала, што шлях пераваротаў і рэвалюцый ні да чога добрага не прыводзіць».

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.