Вы тут

Міклашэвіч: Патэнцыял моладзі павінен быць скіраваны на інтарэсы грамадства і дзяржавы


У новы год — з новымі праектамі. Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі пачынае серыю адкрытых дыялогаў «Сіла Закона». Галоўная мэта праекта — даць моладзі магчымасць выказаць сваё меркаванне наконт праекта змяненняў і дапаўненняў у Канстытуцыю Беларусі, унесці свае прапановы. Першая вялікая дыскусійная пляцоўка адкрылася ўчора ў вельмі сімвалічным для такога праекта месцы — Канстытуцыйным Судзе Рэспублікі Беларусь.


Маладыя, актыўныя, ініцыятыўныя людзі сабраліся разам, каб абмеркаваць змяненні і дапаўненні ў Асноўны Закон краіны, вызначыць, якую роль моладзь адыгрывае ў гэтым гістарычным этапе развіцця краіны. Выказацца на актуальную тэму сабралася больш за 200 чалавек з усёй краіны. Прадстаўнікі рэгіёнаў удзельнічалі ў мерапрыемстве анлайн. Да іх далучыліся прадстаўнікі Цэнтральнай камісіі Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў, Нацыянальнага цэнтра прававой інфармацыі, дэпутацкага корпуса.

Галоўным спікерам і экспертам маладзёжнай дыскусіі выступіў старшыня Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь, заслужаны юрыст Беларусі, старшыня Канстытуцыйнай камісіі Пётр Міклашэвіч.

«Моладзь — найбольш актыўная і крэатыўная частка грамадства. Інтэлектуальны, духоўна-маральны патэнцыял моладзі, яе актыўная жыццёвая пазіцыя абумоўлівае далейшае прагрэсіўнае ўстойлівае развіццё грамадства і дзяржавы. У змяненнях Канстытуцыі прадугледжаны новы асобны артыкул, які ўстанаўлівае, што дзяржава садзейнічае ўсебаковаму развіццю моладзі, стварае неабходныя ўмовы для яе актыўнага ўдзелу ў грамадскім жыцці. Пры гэтым патэнцыял моладзі павінен быць скіраваны на інтарэсы грамадства і дзяржавы, — адзначыў ён. — Як старшыня Канстытуцыйнай камісіі я заклікаю моладзь узяць актыўны ўдзел у гістарычна важнай падзеі — абмеркаванні і прыняцці абноўленай Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. Па гэтай Канстытуцыі вам жыць і працаваць, рэалізоўваць правы чалавека і грамадзяніна, абараняць радзіму, уладкоўваць і развіваць нашу краіну». Пётр Міклашэвіч выказаў упэўненасць, што маладыя грамадзяне краіны, якія маюць выбарчае права, прымуць актыўны ўдзел у рэферэндуме па Канстытуцыі. Тым самым рэалізуюць сваё канстытуцыйнае права на непасрэдны ўдзел у кіраванні справамі грамадства і дзяржавы.

БРСМ плануе правесці каля 860 дыялогаў, прысвечаных абмеркаванню праекта абноўленай Канстытуцыі. Мяркуецца, што ўдзел у іх возьме больш за 26 тысяч чалавек. Праект закране ўсю краіну. Абласныя дыскусіі запланаваны на 10 студзеня ў Брэсце, 11 студзеня — Віцебску, 12 студзеня — Гомелі і Магілёве, 13 студзеня — Гродне, 14 студзеня — у сталіцы і Мінскім раёне. Акрамя таго, на сайце brsm.by працуе анлайн-прыёмная. Праз яе любы грамадзянін краіны можа ўнесці прапановы па праекце змяненняў і дапаўненняў у Асноўны Закон. Саюз моладзі акумулюе ўсе прапановы і ва ўстаноўленым парадку накіруе ў НЦПІ.

«Моладзь ініцыятыўная, і сёння моладзі важна, каб яе голас пачулі. Гэта гістарычны шанц для нашых маладых людзей прыняць асабісты ўдзел у будаўніцтве будучыні нашай краіны. Вельмі прыемна адзначыць, што ў рамках адкрытага дыялогу маладыя людзі выступілі з ініцыятывай правесці знакавы рэспубліканскі праект, прысвечаны ролі асобы ў гісторыі, «Лідар нацыі». Праект будзе прадстаўляць шэраг творчых ініцыятыў па апісанні лідара нацыі. І вельмі знакава, што менавіта моладзь прасоўвае такія ініцыятывы», — падкрэсліў першы сакратар Цэнтральнага камітэта БРСМ Аляксандр Лук'янаў.

Падчас дыскусіі ўдзельнікі сышліся на думцы, што новая канстытуцыйная норма, якая датычыцца моладзі, закладзе аснову канструктыўнага ўзаемадзеяння маладых людзей і грамадства. А Пётр Міклашэвіч звярнуў увагу, што гэтая норма дазволіць моладзі ўсебакова развівацца і годна адказваць на ўсе выклікі часу, а дзяржаве — уцягваць моладзь у вырашэнне важных грамадскіх і дзяржаўных задач, выхоўваць маладых патрыётаў, адказных за сучаснасць і будучыню краіны.

«Падобныя мерапрыемствы даказваюць і паказваюць, што моладзь чуюць. І гэта вельмі добра. Моладзь як ніхто іншы можа актыўна прапаноўваць ідэі і рэалізоўваць іх у жыццё. Тое, што нас запрашаюць на дыялогавыя пляцоўкі, да нашага меркавання прыслухоўваюцца, дарагога варта. Мы жывём у гістарычны момант, калі прымаюцца змяненні і дапаўненні ў Канстытуцыю. Цяпер я, малады выкладчык, магістрант, усё гэта назіраю. А гадоў праз 10 змагу сказаць сваім студэнтам, што я меў дачыненне да такой важнай падзеі ў жыцці нашай краіны і расказаць, як усё было на самай справе», — падзяліўся меркаваннем выкладчык факультэта журналістыкі БДУ Максім Цюцянькоў.

Валерыя СЦЯЦКО

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.