Вы тут

Уладзімір Слабодчыкаў: Калі лічыш сябе беларускім мастаком, то ведай гісторыю краіны


Вядомы беларускі скульптар, загадчык кафедры скульптуры Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, уладальнік шматлікіх узнагарод Уладзімір Слабодчыкаў у верасні мінулага года атрымаў яшчэ дзве знакавыя ўзнагароды. Плацінавы медаль ад Французскага акадэмічнага таварыства мастацтва, навук і літаратуры, і званне «Народны мастак Беларусі». 


Уладзімір Іванавіч больш за 30 гадоў працуе ў акадэміі, за гэты час ён падрыхтаваў мноства таленавітых мастакоў. Наша сустрэча з ім прайшла ў яго майстэрні, дзе скульптар паказаў мне свае працы. Мы пагутарылі пра сучаснае мастацтва, настаўніцтва, пра тое, як знайсці сваё месца ў творчасці і шмат што іншае.

— Раскажыце, калі ласка, пра ваш шлях да настаўніцтва.

— Я нарадзіўся ў сям’і сельскіх настаўнікаў. Толькі надыходзіў навучальны год — бацькі расказвалі пра школьнікаў, пра тое, якія ўрокі будуць весці. І я, як усе дзеці, убіраў тое, што казалі дарослыя, хай і несвядома. На 6-м курсе інстытута мяне запрасілі выкладаць у гімназію-каледж мастацтваў імя І.В. Ахрэмчыка. Адпрацаваў паўгода, а потым, пасля заканчэння інстытута, мяне туды адправілі настаўнікам, і я застаўся амаль на 15 гадоў у гэтай самай вядомай школе па падрыхтоўцы мастакоў і музыкаў.

— Ці запатрабаваная сёння прафесія скульптара, ці шмат абітурыентаў паступае?

— Скульптура запатрабаваная. Пастаянна ствараюцца скульптурныя кампазіцыі, помнікі, асабліва шмат вобразаў гістарычнага кірунку — таму што мы ўвесь час адкрываем наша мінулае, нашу гісторыю. Таму важнай для сябе лічу колішнюю працу над скульптурай мастака Ваньковіча. У апошнія гады конкурс на спецыяльнасць ёсць, тым больш усяго ў нас 6 бюджэтных месцаў. Няшмат, але для нашай невялікай краіны гэтага дастаткова.

— Як пасля ўладкоўваюцца студэнты? 

— Яны абавязаны адпрацаваць 2 гады пасля заканчэння акадэміі. Пошук размеркавання кладзецца на загадчыка кафедры і на педагогаў. Асноўная маса хоча застацца ў Мінску і, вядома, гэта праблема. Таму што Мінску ў нейкай меры хапае кіпучага мастацкага жыцця, а правінцыя пакутуе ад недахопу скульптараў. Амаль усе нашы выпускнікі пасля размеркавання працуюць па спецыяльнасці. Але варта памятаць, паступленне не гарантуе, што ты будзеш да канца жыцця займацца скульптурай, гэта толькі пачатковая форма ўваходжання ў жыццё мастака. Складана знайсці сябе ў мастацтве. Але я вельмі рады, што ў краіне ёсць Акадэмія — людзі мастацтва ствараюць прыгожае, робяць наша жыццё больш эмацыйным, разнастайным. А хто будзе вялікім ці малым мастаком — не так важна.

— Ці заўсёды хапае густу маладым, якія выраслі ў свеце масавага мастацтва?

— Думаю, галоўная задача мастацкай школы — гэта фармаванне густу. Таму што можна навучыць тэхнічным дзеянням — маляваць, ляпіць, пісаць фарбамі, але калі няма сфармаванага густу, то, вядома, гэта бескарысна. Падчас заняткаў са студэнтамі мы пастаянна гаворым аб работах мастакоў, аб сучаснай скульптуры, аб тым, як адрозніць банальнасьць ад геніяльнасці, знайсці штампы. Калі я вучыўся ў інстытуце — былі толькі кнігі па гісторыі мастацтваў, дакументальныя фільмы і наведванне музеяў. Цяпер ёсць інтэрнэт, шмат даступнай інфармацыі, больш магчымасцяў развіць густ.

— Як прывіць студэнту любоў да беларускай культуры? Бо праз працы скульптараў пасля будуць транслявацца нейкія культурные кады.

— Сапраўдны мастак не можа ствараць працы за межамі сваёй культуры, таму што ён вырас у гэтым. Толькі трэба ўмець адчуць, убачыць свет праз прызму народнага мастацтва. Армянскі мастак Сарян пісаў такімі фарбамі, якія, напрыклад, беларускі мастак не выкарыстаў бы. Таму што яго атачаў зусім іншы пейзаж. Абраныя ім фарбы, каларыт — гэта армянская гама. У нас іншая гама — больш спакойныя пейзажы і каляровыя рашэнні, гэта, напрыклад, бачна па жывапісе Бялыніцкага-Бірулі. Я думаю, што паступова, у працэсе развіцця мастака, гэты культурны пласт пераходзіць у падсвядомасць. Калі лічыш сябе беларускім мастаком, то трэба ведаць гісторыю сваёй краіны, трэба прапаноўваць яе гледачу. Мы абавязаныя пакінуць след у сябе дома, вывучаючы і прапагандуючы беларускае мастацтва.

— Як узяліся за праект «Памінальны вянок» у Равенсбруку, чым натхняліся? 

— Гэта мемарыяльны знак у памяць аб жаночым канцлагеры, дзе загінула больш за 2000 жанчын з Беларусі. Не хацелася рабіць банальны варыянт, таму было прыдумана канстатаваць гэтую трагедыю праз цярновы вянок. Скульптура складаецца з паловы цярновага вянка і паловы вянка, сплеценага з аголеных жаночых целаў. Цярновы вянок азначае трагедыю, боль, прыніжэнне... Жаночае цела — сімвал жыцця, але яно нібыта ахоплена полымем. 

— Ці часта бывае, што нехта пачынае, як мастак, а тады займаецца скульптурай, і наадварот? Як мы памятаем, Васіль Быкаў, напрыклад, скончыў аддзяленне скульптуры, а потым стаў пісьменнікам. 

— Прыкладаў шмат, дапусцім, Віктар Шматаў, ён быў жывапісцам, але потым стаў займацца мастацтвазнаўствам. Адам Глобус, які пачынаў як мастак, а цяпер яшчэ і пісьменнік. Я вельмі люблю чытаць лісты Рэпіна, Несцерава, успаміны Каровіна, напісана вельмі цікава, таленавіта. Я думаю, калі ў мастака адабраць фарбы — ён прыдумае, як яшчэ знайсці сябе ў творчасці.

— А з чаго наогул пачаўся ваш шлях скульптара? Якая была ваша першая праца?

— Мой бацька добра рабіў копіі карцін, напрыклад, «Раніца ў сасновым бары», «Тры волаты», «Партрэт Пушкіна». А яшчэ ў 1-2 класе настаўнік сказаў, што мне трэба звярнуць увагу на мастацтва. І я памятаю, як упершыню ўзяў у рукі пластылін, мне так падабалася, у мяне ўсё атрымлівалася. Зараз успамінаю сваю першую працу ў інстытуце... Я ж не атрымаў класічнай адукацыі, не быў у спецыяльным вучылішчы. Я просты хлопец з вясковай школы, і ў мяне атрымалася паступіць. Дык вось, мая першая праца ў інстытуце — «Дон Кіхот». У нас была практыка, 3 курс, ліццё ў метале. Атрымалася так, што мой «Дон Кіхот» вельмі спадабаўся выкладчыкам кафедры, пайшоў у фонд нашай Акадэміі, а потым я зрабіў копію — гіпсавая скульптура засталася ў акадэміі, а сабе я ўзяў бронзавую. І бронзавая патрапіла на выставу ў Польшчы, гэта былі 70-я гады. На той момант гэта было неймаверна — студэнцкая праца трапіла туды! А потым, пасля заканчэння інстытута, група мастацтвазнаўцаў з Трэцякоўскай галерэі наведалі маю майстэрню, праца ім так спадабалася, што яны яе прапанавалі закупіць для Траццякоўкі. Зразумейце, для мастака вельмі важна, калі скульптуры трапляюць у калекцыі музеяў, у гэты момант мастак набывае ужо іншы статус. Мне было 26-27 гадоў, калі мая праца ўжо была ў Траццякоўскай галерэі, а я яе зрабіў, калі мне было 18 −19 гадоў. Я часта прыводжу гэты прыклад студэнтам, таму што трэба заўсёды верыць у сябе.

— Што трэба, каб быць мастаком?

— Вялікая любоў да мастацтва, веды. Калі Бог даў дар — можна гэты дар удасканальваць, а можна страціць. Дапамагаць дар будзе толькі тым, хто працуе. І, вядома, мастаку патрэбныя сумневы. Сумневы — рухавік прагрэсу. Калі чалавек упэўнены — ён непахісны, ён думае, што ўсё ведае. Гэта няправільна. Сумневы заўсёды спараджаюць розныя выхады з праблем.

— Ці ёсць у вас любімая праца, якую вы б назвалі працай усяго жыцця?

— Дапусцім, у вас 5 дзяцей, якое дзіця самае лепшае, каго вы больш любіце? Такога няма. Мне здаецца, шчасце — гэта калі ў цябе няма любімчыкаў, бо іншыя пакрыўдзяцца! Я стараюся аддаваць усё, што ў мяне ёсць, кожнай працы.

— Адна з цэнтральных тэм вашай творчасці — «Чалавек як філасофская катэгорыя», чаму?

— Я люблю ляпіць не проста рэальны вобраз чалавека, фатаграфічны. Мяне цікавіць унутраны свет. Бо чалавек разнастайны, ён згустак эмоцый, ведаў, магчымасцяў. Да таго ж, я задаюся мноствам пытанняў. Хто мы? Што мы робім у гэтым свеце? Для чаго мы тут? Хто нас сюды закінуў? Якая наша функцыя? Куды мы рухаемся і навошта? І ў мастацтва ёсць адказы. І яны даволі відавочныя. Я думаю, раней мастацтва было лепш, чым тое, што мы маем цяпер. Можа, паступова мы становімся робатамі, губляем адчуванне прыгожага, эмацыйнага, прыходзім да правільнага, тэхнічнага, матэматычнага мыслення. Я разумею чалавека як Космас. Як сувязь паміж зямным і нябесным. Таму мае скульптуры маюць выцягнутыя формы. Трэба ісці далей акадэмічнай адукацыі.

— Пішуць, што ўлюбёным вашым матэрыялам зяўляецца бронза, чаму?

— Я люблю розныя матэрыялы, напрыклад, алюміній. Мала хто з ім працуе, я яго знайшоў, адкрыў для сябе, гэта вельмі прыгожы матэрыял, у алюмініі адчуваецца нешта касмічнае.

— У чым заключаюцца праблемы сучаснага мастацтва? 

— Сучаснае Мастацтва пакутуе ад несвабоды выразу, гэта адчуваецца ўсюды — ёсць зашоранасць, штампы. Здавалася б, цяпер шмат свабоды, але гэта не так. Куды ні глянь — усюды гэтая праблема. Выдатна, калі мастак можа выказаць тое, што ён хоча. Але ў нас спрацоўвае самакантроль: гэтага не зразумеюць, а ад гэтага падумаюць, што я зваряцеў. І гэтыя моманты вельмі абмяжоўваюць. Але праблема яшчэ ў самавыяўленні, паступова сыходзіць сама школа, веданне формы, цяпер людзей больш цікавіць канцэптуальнае, ва ўсіх напрамках ідзе канкурэнцыя ідэй. Акцыянізм, перформансы — гэта ўсё працуе на ідэю.

— Можаце распавесці якую-нібудь цікавую гісторыю, звязаную са стварэннем скульптуры?

— Напрыклад, «звон» для Светлагорска. Звон быў вялікі, патрэбна была бронза, а ў горадзе меўся фігуратыўны помнік, які ў свой час не паставілі, так што... пераплавілі тую скульптуру для маёй працы. Бронза ўсё вытрымае (смяецца). Яшчэ цікава, калі везлі гэты «звон» на платформе — ён зачапіўся за правады каля стадыёна «Дынама», ніяк не маглі яго перасунуць, а трэба было тэрмінова везці, таму што ў Светлагорску ўжо ўсе чакалі. У выніку прыехала міліцыя, пачалі разблытваць гэты «звон»... Уявіце, праца едзе на платформе, усе глядзяць на скульптуру, а нас міліцыя вядзе. Мінск канчаецца, нас перадаюць абласной міліцыі, потым сустракае гомельская міліцыя, потым гарадзенская і такая доўгая працэсія, гэта было так незвычайна. Адкрыццё помніка — гэта заўсёды так прыемна і хвалююча.

— Чаму хвалююча?

— Калі ты маленькую рэч узяў на выставу — ты можаш яе прыбраць, калі бачыш, што людзі крывяцца ці сам адчуваеш штосьці не тое. А калі паставілі помнік — гэта ўсё, яго ўжо не прыбярэш. Можна сказаць, паставіў сабе прысуд. Добры ці дрэнны — гэта як Бог дасць.

— А ці часта вас разумеюць крытыкі?

— Вельмі рэдка, хоць гэта прыемныя людзі, мы з многімі знаёмыя. Але ў іх аналізе сустракаюцца штампы, неглыбокае асэнсаванне, часцей за ўсё «Ах, заслужаны мастак, значыць, добра...» і г.д. Свет па вялікім рахунку банальны: я бачу неба, ты таксама бачыш неба. Але калі ў табе ёсць нешта — ты ўбачыш больш, чым іншы чалавек. І вось гэты момант «крыху больш, чым іншы», вельмі важны для сусветнага мастацтва, таму што яно ўзбагачае агульную масу поглядаў, адкрывае новае. А быць лепшым ці горшым у вачах крытыкаў — мяне гэта не цікавіць.

— А ці бывае так, што хтосьці глядзіць на вашу працу і бачыць у ёй нешта акрамя таго, што ўкладвалі вы?

— У мяне была дыпломная праца, яе ацэньваў мастацтвазнаўца. Ён пачаў характарызаваць маю скульптуру і прывёў такія асэнсаванні, што я падумаў «Божа мой, я, аказваецца, такі разумны! Падняў такія пласты». Было пацешна.

Ангеліна ВАРАТЫНСКАЯ

Фота з уласнага архіва героя 

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Персанальныя даныя: ведаць нельга распаўсюджваць

Персанальныя даныя: ведаць нельга распаўсюджваць

Каму, калі, што, дзе і як можа давяраць пра сябе сучасны чалавек.

Грамадства

Пуд солі. Ружовая, чорная або марская — чым яны адрозніваюцца?

Пуд солі. Ружовая, чорная або марская — чым яны адрозніваюцца?

Раней было прасцей: скончылася ў доме соль — ідзеш у краму і купляеш, і ўсё зразумела.

Эканоміка

Змены ў падатковы кодэкс. Хто заплаціць падатак на кватэру, а хто не?

Змены ў падатковы кодэкс. Хто заплаціць падатак на кватэру, а хто не?

З пачатку года ўступілі ў сілу змены ў Падатковы кодэкс.

Культура

Біблія на беларускай мове: «Галоўнае — абапірацца не на прыдуманыя ўяўленні, а на тысячагадовы вопыт набожных папярэднікаў»

Біблія на беларускай мове: «Галоўнае — абапірацца не на прыдуманыя ўяўленні, а на тысячагадовы вопыт набожных папярэднікаў»

 У 2019 годзе прэміяй «За духоўнае адраджэнне» былі адзначаны перакладчыкі Бібліі на беларускую мову.