Вы тут

Магілёў: Маленькі прынц, Ільвіны мост, старажытныя фрэскі і іншыя цікавосткі


Так, у Магілёве ёсць свой Маленькі прынц. І хоць скульптура ў горадзе з’явілася не так даўно — на святкаванне 750-годдзя — з ёй ўжо завязаны пэўныя гарадскія традыцыі. Аблюбаваў «зорны хлопчык» Камсамольскі сквер. Да рэвалюцыі тут было адно з самых вялікіх і папулярных гандлёвых месцаў Магілёўшчыны — Шклоўскі кірмаш. Але ў 30-х гадах тагачасная моладзь вырашыла закласці ў цэнтры горада сквер і назваць яго ў гонар сваіх стваральнікаў — камсамольцаў. Адзін з самых лепшых ў 30-я гады кінатэатраў Беларусі — «Радзіма» — таксама з’явіўся побач з Камсамольскім скверам. Першая карціна, якую тут паказалі, была прапагандысцкай і насіла назву «Светлы шлях», існуе нават гарадская гісторыя, што пасля яе паказу людзі, не збалаваныя кінематографам, пісалі ўладам ліст з прапановай даць кінатэатру назву «Светлы шлях», але атрымалі адказ, што «Радзіму» не пераймяноўваюць.


Касцёл Святога Станіслава.

Ужо ў ХХІ стагоддзі да скверу дадалася Зорная плошча. У цэнтры яе фігура астролага, вакол крэслы са знакамі задыяку. Будзеце адпачываць на іх — загадайце жаданні. Трэба толькі дакрануцца да рукі чароўнага назіральніка за зоркамі, і ён адправіць ваша жаданне ў космас. Дарэчы, адной рукой чараўнік паказвае ўгару, а другой на зямлю, каб людзі не забываліся, што зоркі ёсць не толькі на небе, таму тут і прынята ўзгадваць пра ганаровых жыхароў горада. Паступова горад напаўняецца новымі сучаснымі традыцыямі — у ім з’явіліся Маскоўскі і Тульскі дворыкі, дзе-нідзе на сценах можна пабачыць вершы класікаў — была шыкоўная задума схаваць па горадзе каля сотні такіх выведзеных мастакамі радкоў, і будзем спадзявацца, што праект «вершы на сценах» усё ж будзе працягнуты. 

Сімвалічны ключ ад горада.

Але не трэба забывацца, што Магілёў — горад з багатай гісторыяй і духоўнай культурай і падаваць яго гасцям можна па-рознаму. Напрыклад, зладзіць сіці-тур па памятных мясцінах, альбо выдзеліць дзень на знаёмства з храмамі, даведацца пра гераічную абарону горада ў гады Вялікай Айчыннай вайны, выправіцца ў настальгічнае падарожжа, якое прадстаўнікам старэйшага пакалення нагадае пра іх савецкае дзяцінства, а можа, вас зацікавіць вандроўка «Магілёў — апошняя сталіца Расійскай імперыі», усё ж у гады Першай сусветнай вайны тут размяшчалася стаўка Мікалая ІІ (на гэтым маршруце гатовы працаваць акцёр, які будзе сустракаць гасцей у касцюме імператара). Сёння нават можна паспрабаваць Магілёў на смак — ёсць прапановы для турыстаў з майстар-класамі па прыгатаванні розных страў і дэгустацыяй мясцовых налівак. На любой кропцы маршруту могуць далучацца музыкі і даваць невялікія канцэрты, мемы, ці творчыя асобы, якія рыхтуюць для гасцей свае сюрпрызы. 

Былы дом купца Бабовіка.

Не толькі горад, але і ўся вобласць сёння чаруе над новымі турпрадуктамі, каб паспрабаваць «выйсці з ценю», бо пэўны час гэты рэгіён заставаўся белай плямай на турыстычнай карце. І семінар, арганізаваны Нацыянальным агенствам па турызме, паказаў, што Магілёўшчына можа стаць выдатнай фабрыкай уражанняў для цікаўных падарожнікаў і таксама працаваць на выхаванне патрыятызму.

Узноўленая ратуша.

Шпацыр з сюрпрызамі

Гісторык, экскурсавод, выкладчык Магілёускага дзяржуніверсітэта Дзмітрый Карсакоў падзяліўся некаторамі сакрэтамі горада. У канцы 30-х гадоў, калі Мінск знаходзіўся паблізу з тагачаснай мяжой з Польшчай, існаваў праект пераносу беларускай сталіцы ў Магілёў. Дом Саветаў для горада, гэтак жа як і для Мінска, распрацоўваў адзін архітэктар — Іосіф Лангбард. Таму будынак магілёўскага аблвыканкама так падобны на Дом ураду ў Мінску. Па задуме архітэктара, яго форма нагадвае сцяг, які развіваецца, — адразу бачна для чаго і каго стваралася гэтае збудаванне.

Варта на Дняпроўскім мосце.

Падчас шпацыру па магілёўскай пешаходцы — вуліцы Ленінскай (былая Вялікая Садовая), важна ўважліва глядзець па баках, розныя дэталі, шыльды раскрываюць гісторыю горада.Так тут можна ўбачыць адну са старэйшых навучальных устаноў Магілёва — будынак губернскай гімназіі, у якой атрымлівалі адукацыю многія вядомыя асобы. Знойдзеце вы тут і «ключ ад горада» — у 1780-м годзе ў Магілёве Кацярына ІІ сутракалася з аўстрыйскім імператарам Іосіфам ІІ. Гараджане, якія прымалі імператрыцу, падарылі ёй сімвалічны ключ ад горада. Дарэчы, аўстрыйскі імператар тады спыніўся ў адным з лепшых будынкаў горада,які належыў багачам — купцам Аношка. Сёння ў гэтым старажытным будынку размяшчаецца мастацкі музей Вітольда Каэтанавіча Бялыніцкага-Бірулі. Пра тое, наколькі заможнымі былі гараджане можна меркаваць па былым доме купца Бабовіка, узведзеным міліянерам у 1898 годзе. Сёння ў ім размясціўся эканамічны фаукльтэт Магілёўскага дзяржуніверсітэта. 

Дзмітрый Карсакоў знаёміць з гісторыяй горада.

Калі нашы землі ўвайшлі ў склад Расійскай імперыі, Кацярына ІІ распарадзілася, каб было створана каталіцкае епіскаўства з цэнтрам у Магілёве. Хоць варта сказаць, што доўгі час у горадзе пераважала праваслаўе, толькі ў ХVІІ стагоддзі тут пачалі разгортваць дзейнасць каталікі. Спачатку кармелітамі быў пабудаваны драўляны касцёл, а ў 1752 годзе на яго месцы паўстаў шыкоўны будынак у стылі барока — сабор Успення Дзевы Марыі (ці яшчэ яго называюць касцёлам Святога Станіслава). Ёсць гарадская легенда, звязаная з гэтым храмам. Быццам ганарлівы шляхціч учыніў разборкі з мясцовымі гандлярамі, раскідаў іх тавар. Тыя, раз’юшаныя, накінуліся на яго. Чалавек быццам спрабаваў уратавацца ў драўляным касцёле, толькі абураны натоўп яго там нагнаў і забіў. Атрымалася двайное злачынства — забойства шляхціча і апаганьванне храма. У пакаранне ўлады загадалі гараджанам разабраць усё, што ёсць каменнае і збудаваць з гэтага новы храм. У той час горад быў драўляным, а каменнымі — толькі печы ў дамах. Наўрад ці прыгожы і велічны храм мог быць збудаваны з такога матэрыялу, таму трэба яшчэ разгадаць загадку, чаму ўзнікла такая гарадская легенда.

Магілёўскі абласны драмтэатр.

Менавіта касцёл Святога Станіслава стаў галоўным каталіцкім храмам ва ўсёй Расійскай імперыі. Ён славіцца сваімі фрэскамі, якія захаваліся дзякуючы таму, што ў савецкі час тут размясціўся архіў. Адна з фрэсак «апавядае», як кармеліты атрымалі грамату на будаўніцтва касцёла. За іх спінамі намаляваны будынкі — лічыцца, што гэта самая старажытная выява горада. З 1993 года да пандэміі пры касцёле праходзіў фестываль духоўнай музыкі «Магутны Божа», які ў лепшыя часы збіраў тысячы ўдзельнікаў.

Магілёўскі Маленькі прынц.

Магілёў можа пахваліцца старэйшым у краіне тэатрам — будынак ўзведзены ў 1888-м годзе. Грошы на яго збіралі гараджане, частка сродкаў была выдзелена з казны. Больш за сто гадоў будынак прастаяў без рэканструкцыі. У 1985 годзе Мінкультуры нават прапаноўвала яго знесці, маўляў, танней пабудаваць новы, але магіляўчане адстаялі яго. 

Макет магілёўскага замку ў парку Горкага.

А вось езуіцкаму калегіуму не пашанцавала, калі гараджане ўзнялі пытанне аб яго захаванні, ад будынка засталіся толькі адна сцяна і фундамент. На гэтых рэштках быў узведзены будынак краязнаўчага музея, у якім працуе этнаграфічная экспазіцыя, а таксама выстаўка «Мінск губернскі», прысвечная царскаму перыяду ў гісторыі горада.

Рэдкая экскурсія па Магілёве абыходзіцца без наведвання Плошчы Славы і парка Горкага, які разбіты на месцы былога замчышча. Першыя звесткі пра Магілёў звязаны з 1267 годам, але сёння ў парку стаіць макет больш маладога замка — 1526 года, апісанне якога захавалася, што дазволіла магілёўскаму скульптару Андрэю Вараб’ёву зрабіць яго выяву. Побач стаіць і скульптура Машэкі, з якім звязана паданне аб з’яўленні назвы Магілёў. З высокага ўзгорку можна пабачыць рынак, які месцічы завуць Быхаўскім. У 1942 годзе дасюль дайшло «Магілёўскае цунамі». Нават цяжка ўявіць,што прычынай стыхійнага бедства стала невялікая рака Дубравенка. У пачатку вайны труба, што праходзіла праз чыгуначны насып, аказалася забітай і не прапускала ваду з ракі. У хуткім часе за насыпам утварылася вялікае возера, але аднойчы вада размыла яго і хлынула на горад. Яна зносіла нават дамы. Ні ў гады вайны, ні пасля ніхто так і не падлічыў колькі людзей тады загінула, даследчыкі называюць лічбы ад 500 да 2 тысяч чалавек. Пасля доўгі час зладзеі забягалі на Быхаўскі рынак з крыкам «Вада! Патоп!», і, калі гандляры ў паніцы разбягаліся, рабавалі.

Машэка.

Сучасная Плошча Славы здавён была самай вялікай у горадзе і насіла назву Гандлёвай. У канцы ХVІІ стагоддзя тут пачалося будаўніцтва каменнай ратушы. У ХІХ стагоддзі на яе ўздымаліся імператары Кацярына і Іосіф. Бачыла ратуша і Мікалая ІІ. Хоць яна і панесла сур’ёзныя пашкоджанні ў гады вайны, старажытную ратушу магчыма было захаваць, але яна была ўзарваная. Сучасны будынак ствараўся наноў па старых чарцяжах. Зараз тут размясціўся музей гісторыі горада. У ім захоўваецца выкуплены ў нашы часы мецэнатамі арыгінал Статута ВКЛ. Таксама можна ўзняцца на аглядную пляцоўку і пабачыць знутры гадзіннікавы механізм ратушы. 

Музей Бялыніцкага-Бірулі.

З плошчы адкрываецца цудоўны від на Задняпроўе — раён, забудаваны ўжо ў пасляваенныя гады. Праз Днепр можна перабрацца праз мост, які пасля таго, як яго ўпрыгожылі чатыры бронзавыя фігуры цара звяроў, гараджане сталі зваць Ільвіным. Ёсць тут і падземны пераход  — галерэя выявамі горада розных часоў, у тым ліку фота будынкаў, якіх ужо не існуе. 

На зорнай плошчы.

Гараджане любяць адпачываць у Падніколлі. У Свята-Мікольскі манастыр ідуць, каб у тым ліку пакланіцца цудадазейнаму Магілёва-Братскаму абразу Божай Маці, які ўжо не раз ратаваў горад ад стыхійных бедставаў і войнаў. Тут жа захоўваецца манетка, якую некалі Імператар Мікалай ІІ падарыў беднаму хлопчыку. Яе сірата захоўваў усё жыццё, а ўжо сівым дзедам перадаў у царкву. Свята-Мікольскі храм — помнік 1672 года, гэта самая старая пабудова ў горадзе.

Цудатворны абраз.

Вандроўкі па ваколіцах

Як заўважыў падчас круглага стала намеснік начальніка спорту і турызму Магілёўскага аблвыканкама Вадзім Брэжэзінскі, пандэмія завярнула падыходы да турызму ў правільнае рэчышча: калі раней неабходна было думаць пра тое, як завабіць замежных турыстаў, то сёння стала відавочным, што найперш трэба разлічваць на суайчыннікаў. І Магілёўшчына ўжо шукае падыходы, як затрымаць турыстаў больш, чым на адзін дзень. Вандроўкі па абласным цэнтры могуць дапаўняццца іншымі маршрутамі і лакацыямі. Так, можна завітаць у этнаграфічны комплекс «Беларуская вёска ХІХ стагоддзя» ці рамесніцкую вёску «Зялёная рошча», альбо заехаць у экатуркомплекс «Мікалаеўскія пруды», у якім наведаць музей мастака Мікалая Неўрава і экспазіцыю «Музея СССР».

Пераход з выявамі горада.

Створаны маршрут «Край жыватворных крыніц», за якімі стаяць паданні і вераванні ў лекавую ўласцівасць вады. Падчас такой вандроўкі можна знаёміцца і з традыцыйнымі промысламі і рамёствамі (шапаваламі, бортнікамі, вучыцца здабываць мёд і рабіць сыры). 

Пешаходка.

Распрацаваны маршруты па шляху з варагаў у грэкі, і па мясцінах, звязаных з Кацярынай ІІ — па сядзібах, у якіх абжываліся яе фаварыты. 

Свята-Мікольскі манастыр.

Распрацовывае вобласць і новы пілотны праект «Чыгірынка», дзе ствараецца кластарная сістэма для таго, каб разам шчыраваць над новымі турыстычнымі прадуктамі.

Шыльда на будынку былой мужчынскай гімназіі.

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

4 простыя спосабы зрабіць добрае ўражанне на мужчыну. Адказвае псіхолаг

4 простыя спосабы зрабіць добрае ўражанне на мужчыну. Адказвае псіхолаг

Дзе б вы ні працавалі і чым бы ні займаліся, уменне мець зносіны і зрабіць добрае ўражанне – адзін з самых галоўных навыкаў.

Культура

Аб гумары і сатыры ў жыцці Купалы і Коласа распавядае сумесны музейны праект

Аб гумары і сатыры ў жыцці Купалы і Коласа распавядае сумесны музейны праект

Сёлета адзначаецца 140-годдзе з дня нараджэння класікаў.

Грамадства

Гаджэт для фельчара. Як працуюць ФАП і амбулаторыя ў самым аддаленым сельсавеце Пружанскага раёна

Гаджэт для фельчара. Як працуюць ФАП і амбулаторыя ў самым аддаленым сельсавеце Пружанскага раёна

Паведаміла Людміла Аляксееўна, якая загадвае фельчарска-акушэрскім пунктам і з'яўляецца фельчарам, акушэркай, медсястрой у адной асобе.