Вы тут

Храмы маёй Радзімы. Якія таямніцы хавае царква ў Альбе?


Свята-Юр’еўская царква ў в. Альба Івацэвіцкага раёна на парозе свайго 330-годдзя, а сёлета тут адзначылі яшчэ адну важную дату — 30-годдзе, як яна адчынілася з савецкіх гадоў.


Якая царква ў Івацэвіцкім раёне самая старажытная? На гэтае пытанне мы шукалі адказ, пабываўшы ў Альбе, вёсачцы, дзе на будынку царквы ўмацавана шыльда: гісторыка-культурная каштоўнасць, 1692 год пабудовы. Уяўляеце, велікодны вокліч «Хрыстос Уваскрос! » тут гучаў больш за 300 разоў! І сёлета Івацэвіцкае благачынне святкавала важны юбілей — 30-годдзе з дня адкрыцця пасля савецкіх ганенняў.

Царква стаіць на паўднёва-ўсходняй ускраіне вёскі, на перакрыжаванні двух гасцінцаў: Ружаны-Івацэвічы-Гродна (Беларусь-Польшча) і з Вільні — на Валынь (Літва-Украіна). 

— Траса засталася Ружаны-Гродна праз Альбу, а другі гасцінец — гэта старая лясная дарога, якая захавалася таксама. Яна ідзе з Вільнюса, праз Слонім, праз Альбу і лесам пайшла на Гута-Міхалін, Бярозу, Антопаль і на Валынь, на Украіну. Усе войны па гэтых трактах праходзілі, таму наша царква ўся зрашэчаная кулямі, — расказвае айцец Віталій Казімірчык, ураджэнец гэтых мясцін, які па справах аказаўся ў Альбе. 

Настаяцель Бялавіцкай царквы айцец Генадзь Равуцкі акармляе і Альбаўскі прыход. Богаслужэнні цяпер у Альбе праводзяцца рэдка — у прастольнае свята і па вялікіх святах царкоўнага календара, але рамонт зроблены добры, усё ззяе чысцінёй і парадкам — рыхтаваліся да юбілею. Гісторыю храма ведае і айцец Віталій, які з маленства рос у гэтых мясцінах і ад старых людзей чуў пра розныя выпадкі, звязаныя з царквой, многа цікавіўся і сам архіўнымі дакументамі, як вырас, і прадаўжае шукаць і цяпер.

Вітражы як напамін аб «родных» узорах і акустыка царквы

Знешне царква ў гонар Святога Вялікамучаніка Георгія Перамаганосца ў Альбе вельмі нагадвае Бялавіцкую царкву, якая таксама з’яўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасцю, але па дакументах яна ўпамінаецца з сярэдзіны XVIII стагоддзя. Архітэктурны почырк, лічы, аднолькавы, і каб не знайшліся кліравыя ведамасці ў Альбе, яна б таксама адносілася да больш позняга перыяду будаўніцтва. Адсюль просіцца вывад, што абедзве царквы — і Альбаўская, і Бялавіцкая — прыкладна равесніцы, проста не захавалася дакладных дакументаў у Бялавічах.

Царква ў Альбе драўляная. Усё ў ёй дыхае намоленасцю і гісторыяй, звязанай з жыццём не аднаго пакалення тутэйшых людзей. Царква прасторная, у белых і нябесна-блакітных колерах сцен і зводу, што надае ёй святочнасці і ўрачыстасці. Унутры праз фарбу сцен згадваецца здаровае дрэва, пэўна, векавых дубоў, лістоўніцы ці граба. На верхняй частцы вокан вітражы сіняга і цёмна-бардовага колеру — як напамін аб «родных» узорах аканіц. Дарэчы, вітражныя элементы захаваліся ў дзвярах царквы. І колер іх мяняецца ў залежнасці ад часу сутак: то сіні, то блакітны, то карычневы, то раптам ружовы... Падчас богаслужэння святло праз вітражы ў пэўны час падае на абразы, якія свецяцца то нябесным адценнем, то крывавым. Гэта ўражвае падчас царкоўных песнаспеваў ці чытання Евангелля. Бацюшкі адзначаюць, што служыць тут лёгка, акустыка дзіўная — голас напружваць не трэба.

Звесткі аб прыходзе з кліравых ведамасцяў

— У 1908 годзе царква дабудоўвалася. Калі быў устаноўлены іканастас, яна стала малой памерамі, і дабудавалася па гэты стоўб, — паказвае бацюшка, — стала амаль напалову большай. Па кліравых ведамасцях 1931 года на Альбаўскім прыходзе налічвалася 3 807 чалавек, а зараз у Альбе, мо, 20 чалавек, у Верашках прыблізна 25, у Куляшах, мо, 15... Ва ўсёй акрузе з г. Косава, мо, столькі не набярэцца, — кажа айцец Віталій, які стаў нам гідам у гэтай паездцы.

Разгортваем рэліквію — кліравую ведамасць царквы Святога велікамучаніка Георгія Перамаганосца Косаўскай воласці, уезда Косаўскага, ваяводства Палескага, Палескай епархіі 1931 года. Запісы на польскай і рускай мовах. У канцы ведамасць аб прыходзе: «Хутар Альба (вёскай Альба стала ў 60-я гады ХХ стагоддзя): дамоў — 105, мужчын — 246, жанчын — 289. Вёска Квасевічы: дамоў — 165, мужчын — 468, жанчын — 468. Юрашкі: 86 дамоў, 198 мужчын і 205 жанчын. Тут бацюшка ўдакладняе: «Пасля Вялікай Айчыннай вайны з Юрашкоў стала дзве вёскі, адна стала называцца Верашкі, а другая Юрчыкі, пэўна ад таго, што царква Юр’еўская (Георгія Перамаганосца). Дзве вёскі былі як адна, адзін народ, а Альба — гэта больш заможныя людзі, гэта хутаране. У Куляшах тады пражывала каля 500 чалавек, у Ятвезі — каля сотні...» 

— Раней у Альбаўскі прыход уваходзіла да гэтых яшчэ чатыры вёскі Пружанскага раёна: Астрова, Шчытнае, Верчыцы, Нядзельнае. Храм у в. Шчытнае, што ў пяці кіламетрах ад Альбы, аддалі католікам пад касцёл, а праваслаўны прыход сюды быў пераведзены. Абразы захаваліся і іх пераносілі з той царквы Хрэсным ходам у 1927 годзе. Вось гэтыя верхнія іконы іканастаса з той Шчытнаўскай царквы, — паказвае бацюшка. 

Гартаем кліравую ведамасць: «Царква пабудавана ў 1692 годзе на сродкі прыхаджан. Адлегласць ад цэркваў да кансісторыі ў 120 вярстах (гэта маецца на ўвазе благачынне ў Пінску), Ружаны —15 вёрст, Косава — 9, бліжэйшыя цэрквы: Варанілавіцкая — 9 км, Косаўская — 10 км, Бялавіцкая — 9 і Бусяжская — 8 км... У час Першай сусветнай вайны стан яе моцна пацярпелы, дах патрабуе неадкладнага рамонту...» 

— Якія матэрыялы тады былі? Салома ды чарот, — удакладняе бацюшка. — Дах быў чаротавы, вежы і купалы — металічныя. За польскім часам царкву пакрылі гонтаю — дошчачкамі. Я яшчэ памятаю, дах дзе-нідзе працякаў, але не моцна. 

Чытаем далей ведамасць: «Будынак — драўляны, званіца з царквою, прастол адзін у імя вялікамучаніка Георгія Перамаганосца. Начыннем бедная. (Уся царкоўная маёмасць была эвакуіравана ў Расію ў Першую сусветную — удакладненне айца Віталія). Па штаце паложаны святар і псаломшчык. „Жалаванне“ 600 злотых у год ад урада. Даход — скарбоначны. Зямлі пры царкве — дзве дзесяціны (1 дзесяціна — гэта 1, 09 гектара), пад могілкі — тры дзесяціны, сенакосу — 5 дзесяцін, ворнай — 45 дзесяцін... Зямля апрацоўвалася на ўласныя сродкі членаў прычта. Якасць царкоўнай зямлі — пясчаная, прыдатная для пасеву жыта і бульбы...» Дзіўна, колькі зямлі мела царква!

Настаяцелі 

Паслужныя спісы: «Настаяцель — протаіерэй Канстанцін Мікалаевіч Раждзественскі нарадзіўся 7 верасня 1879 года ў мястэчку Раманава Слуцкага ўезда Мінскай губерні. Узнагароджаны санам протаіерэя да свята Вялікадня ў 1930 годзе». Аўтара радкоў здзіўляе такое гучнае прозвішча, а бацюшка тлумачыць: «У царскай Расіі архіерэй пры заканчэнні семінарыі лепшым выпускнікам дарыў прозвішчы, звязаныя з галоўнымі царкоўнымі святамі. Адсюль прозвішчы Раждзественскі, Вазнясенскі, Троіцкі, Прэабражэнскі...»

Бацюшка прапануе выйсці ў двор царквы. За каменнай царкоўнай агароджай — вясковыя могілкі. А на тэрыторыі царквы стаіць помнік святару Альбаўскай царквы Ііану Антонавічу Дзявіцкаму, які памёр у 1932 годзе на 37 годзе жыцця. Ад сухотаў. Побач пахаванні ўсёй яго сям’і — жонкі і маленькай дачкі. 

— Былі бацюшкі і раней, але ў 1914 годзе людзі паехалі ў Расію, у бежанцы. Адзінкі засталіся. Мой бацька расказваў, што ў Верашках два жылыя дамы засталіся. Мой дзед з сям’ёй быў у Іркуцкай вобласці. А тыя, што засталіся тут, жылі тут заможна. Вядома, людзі ўсё пакідалі. Дзе вуліца, стажкі сена стаялі, не трэба было ні на балота ехаць, ні ў поле — усё на месцы…

Пад вялізнай акацыяй бацюшка расчысціў ад імху камень, на ім надпіс, але неразборлівы. Магчыма, гэта магіла яшчэ якога святара.

У Першую сусветную і пры Польшчы

— Падчас Першай сусветнай тут каля храма кайзераўцы размяшчалі сваё войска. Побач стаяў дзот, палявая кухня, у храме начавалі салдаты. Але храм і ў храме ніхто нічога не чапаў, — працягвае маляваць карціну былых часоў бацюшка. — Адзін вясковы старажыл расказваў пра такі выпадак: адзін з нямецкіх салдат у храме закурыў, а вясковы стараста, які жыў побач, убачыў і паскардзіўся ваеннаму начальству. Афіцэр выслухаў яго і даў каманду расстраляць салдата за апаганьванне святыні — храма. 

Царква ў Альбе не пуставала ў 20-30-я гады ХХ стагоддзя. Калі людзі вярнуліся з бежанцаў, тут ужо панавалі палякі. Іх называлі асаднікі. «За царквой вунь тое поле — там жылі асаднікі, а на той бок Юрчыкаў ёсць урочышча Беганіца, там цэлая вёска была палякаў. Святаром служыў Канстанцін Раждзественскі да 1943 года. У той час царкоўнае жыццё тут актыўна развівалася. Была пабудавана насупраць храма школа. Двухпавярховая, драўляная. Яна ў той час дзейнічала як агульнаадукацыйная, ў якой выкладаўся Закон Божы. Настаўнікі ў ёй былі палякі, а Закон Божы выкладаў праваслаўны святар у старэйшых класах, матушка — у малодшых класах, — тлумачыць айцец Віталій. — Дзеці строга былі абавязаны наведваць богаслужэнні: каталіцкага веравызнання — хадзіць у касцёл у Шчытнае, а праваслаўныя — у царкву ў Альбе. Было два хоры. Матушка добра спявала і вучыла царкоўным спевам моладзь. Па святах спяваў маладзёжны хор на балконе і хор каля царскіх варот. Псаломшчык быў адукаваны, з духоўнага вучылішча. Народу ў царкве было столькі, што не прабіцца. На Вялікдзень, казалі старажылы, усё гэтае поле вакол царквы, што зараз пазарастала, было ўсё ў павозках і кастрах: людзі на вазах, пад вазамі, каля кастроў грэюцца у чаканні Вялікадня, калі ён прыпадаў ранняй вясной. Паломніцтва цэлае было...» 

Віталій Казімірчык успамінае пра адзін выпадак, які здарыўся пры Польшчы: «Як расказвала маёй бабулі сястра, яе і яшчэ некалькі маладых хлопцаў і дзяўчат падгаварылі да свята 7 лістапада на званіцы вывесіць чырвоны савецкі сцяг. Такі перапалох пачаўся! З гміны з Ружан, з Косава жандармы наехалі — такая правакацыя! Але мясцовыя людзі нікога не выдалі».

«У царкву заходзілі, калі хто паміраў...»

У 1939 годзе ўсталявалася савецкая ўлада. У той час царкву не чапалі. Як служылі святары, так і служылі, але мясцовых палякаў вывезлі. 

— У 1943 годзе святар Канстанцін Раждзественскі быў забіты ў Гута-Міхаліне. Ён ехаў па царкоўных справах у Бярозу, але тады неразбярыха была і хто яго забіў невядома. У яго было 6 дачок і сын. Старэйшы Глеб упамінаецца ў кнізе «Памяць. Івацэвіцкі раён», як загінулы на фронце сын святара, — расказвае бацюшка. — І потым сям’я іх адсюль з’ехала недзе ў Мінскую вобласць. 

Падчас Вялікай Айчыннай вайны школа ў Альбе згарэла, тады ў ёй размяшчалася нямецкая паліцыя. Царква выстаяла, але ўся шалёўка — у кулях. Кулямёт, казалі старажылы, на званіцы стаяў. З яе па трасе адкрывалі агонь, а з трасы агонь — на царкву... 

— Нашы сёлы ў наваколлі амаль усе ў Вялікую Айчынную пагарэлі, бо стаяць па трасе, але да 1950-х адбудаваліся, — расказвае святар. — Наша сям’я ў вайну, казалі бацькі, два гады зімавала ў зямлянцы. У пасляваенны час святаром быў у царкве ў Альбе Іосіф Баранаў, гады два служыў Ігнацій Сідаровіч, а потым Канстанцін Молчун. У 1962 годзе царква была зачынена. На Тройцу была апошняя служба. Расказвалі, было многа людзей. І больш сюды са святароў не прысылалі. З 1965 года царкву сталі разараць. Вокны, вітражы былі разбіты. Захавалася царскага часу на дзвярах толькі ручка і кавалачкі вітражоў... 

Мясцовая стараста расказвала: яе бацька памёр у 1969 годзе, але хоць царква і была закрыта, усё роўна, калі хто паміраў, то ў храм прыходзілі, бралі крыж, харугвы, свечкі... Дык вось, калі хавалі бацьку, казала жанчына, то яшчэ абразы былі на сценах, а на 40 дзён — голыя рамы. 

— Я гэтую карціну таксама застаў, у 1987 годзе яшчэ тут было запусценне і мы, маладыя, у царкву баяліся хадзіць. Падлога вырвана і на столі, па бэльках дошкі таксама вырваныя. Вокны закалочаны, дах цячэ... — жудасць. У Косава едзем, а свой храм так стаіць... Адзін абраз Божай Маці па пісьме Жыровіцкай Божай Маці застаўся, без рамы і крыж не чапалі, баяліся. 

Узнаўленне 

Ідэю ўзнавіць храм сваімі сіламі падалі людзі ў 1989 годзе. Былы старшыня Квасевіцкага сельвыканкама Іван Пропер дапамог, сабралі сродкі на дах. Грошай людзі на царкву не шкадавалі, па 10 і 25 рублёў давалі, на іх купілі бляхі. Восенню пасля Прэабражэння сталі ўстанаўліваць рыштаванні і пачалі перакрываць. Да зімы купалы былі накрыты, а вясной — увесь дах. Актыўна падключылася да рэканструкцыі храма праўленне саўгаса «Зара» і кіраўнік Стэфан Вярэніч. Ён даў брыгаду і прыязджаў асабіста, пытаў у вяскоўцаў і старасты, што трэба яшчэ. Стараста Аляксандр Ганчар і памочнік Уладзімір Шыманчык разам з людзьмі шчыравалі цэлымі днямі. У 1990-м годзе пачаліся ўнутраныя работы. Адразу фарбавалі столь, фарбу даваў калгас, колер блакітны з таго часу. Рамы рабілі для абразоў, падлогу слалі... Абразы заказалі. Царскія вароты «родныя», з былых часоў захаваліся, абразы толькі на іх новыя. Падчас узнаўленчых работ знайшлі толькі вось гэтую ікону. На палатне. Абраз Іісуса на адным баку, а на другім баку — Раство Багародзіцы.

Беларуска-літоўскае пісьмо — бясцэнная рэліквія. 

У 1991 годзе разжываліся начыннем. За кароткія два гады капітальны рамонт храма быў зроблены. 

— У апошні дзень перад адкрыццём Стэфан Міхайлавіч прыехаў, а нашы жанчыны — няма туалета. А чаму не сказалі раней? За ноч зрабілі і ўкладку асфальту вакол царквы завяршылі. 31 жніўня было паўторнае асвячэнне храма епіскапам Стэфанам і айцом Грыгорыем, — успамінае святар. — Народу было многа. У 1992 годзе на Вербную быў прызначаны першы бацюшка. Ім стаў айцец Васілій Сегень. Праз два гады ён пераехаў у Любішчыцы, і ўжо больш настаяцеля сюды не прызначалі. Людзей стала меншаць, сёння многім жыхарам пад 90 гадоў, а царква цяпер адносіцца да Бялавіцкага прыхода. 

Усё гэта расказвалі Віталію Казімірчыку бацькі: маці яго з Верашкоў, а бацька — з Юрчыкаў. Жывыя яшчэ і бабулі айца Віталія, адной 90, а другой 93. А іх старэйшыя сёстры 1915 і 1918 года нараджэння, а таксама вясковыя старажылы Надзея Ганчар і Анастасія Гарох яшчэ больш памяталі і расказвалі пры жыцці цікаўнаму хлопчыку. 

Гістарычная даведка пра Альбу з кнігі А. Зайкі «Населеныя пункты Івацэвіччыны». 

  • У ХVIII стагоддзі ў фальварку Альба была суконная фабрыка, на якой працавала 125 чалавек. У 1845 годзе ў фальварку пачала працаваць вінакурня. У 1860 годзе на заводзе выраблена 17 тысяч вёдзер гарэлкі. У 1886 годзе ў фальварку Альба дзейнічалі вятрак, конны млын, вінакурня. На развілцы дарог стаяла карчма. Яшчэ ў 1865 годзе тут было адчынена народнае вучылішча. У 1892-93 навучальным годзе за парты селі 32 хлопчыкі і дзве дзяўчынкі. 
  • У 1890 годзе фальварак Альба ў Слонімскім павеце Гродзенскай губерні, фальварак, уладанне графа Лявона Пуслоўскага, 1533 дзесяціны ворнай зямлі, 7 дзесяцін належала царкве. 
  • У 1905 годзе ў фальварку 57 жыхароў; у 30-я гады фальваркавыя землі інтэнсіўна прадаюцца і засяляюцца тымі, хто меў грошы. 
  • З 1939 года — у БССР, вёска — цэнтр Альбаўскага сельсавета, 54 хаты, 333 жыхары. У Вялікую Айчынную вайну загінулі 9 альбаўцаў, 9 вяскоўцаў не вярнуліся з фронту. 
  • З 1954 г. — у Верашкоўскім с/с; з 1980 — у Квасевіцкім, у 1970 г. — 203 жыхары; у 1997 — 100; у 2002 — 90.
  • На 01.01.2011 г. у Альбе — 40 гаспадарак, 79 жыхароў, царква.

Царква будавалася як уніяцкая, у свой час перабудавана на праваслаўны лад. З’яўляецца помнікам драўлянай архітэктуры, узята пад ахову дзяржавы. 

Валянціна БОБРЫК

г. Івацэвічы

Фота Валерыя МІСКЕВІЧА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».