Вы тут

Краязнаўчы музей Віцебска зладзіў выстаўку-продаж «Парцалянавы фэст»


Краязнаўчы музей Віцебска зладзіў выстаўку-продаж «Парцалянавы фэст» і такім чынам даў адказ на гэтае святочнае пытанне мясцовых гаспадынь: «У самую прыгожую, пажадана фарфоравую». Выстаўка дэманструе наведвальнікам фарфоравы і фаянсавы посуд і розныя дэкаратыўныя рэчы з фондаў музея. У дадатак арганізавана экспазіцыя сучаснага беларускага фарфору Добрушскага завода. Гэтыя рэчы можна набыць.


Мейсенскі фарфор Каралеўства Саксонія 1774—1815 гг.

На вітрыне музея

Шыкоўная светлая зала трэцяга паверха ўся зазіхаціць кобальтавай сінню. Перламутравая рознакаляровасць і зыркія залатыя праменьчыкі ствараюць святочны настрой. Шкляныя вітрыны напоўнены вытанчанымі вырабамі майстроў розных краін. Усё гэта — экскурс у фарфоравую вытворчасць з XVIII стагоддзя да нашых дзён. Каштоўныя экспанаты краязнаўчы музей атрымаў пасля стварэння. Іх падарылі вядомыя віцебскія калекцыянеры, сярод якіх — Антон Брадоўскі, Вацлаў Федаровіч. Рэчы мінулых дзён складаюць палову экспазіцыі. Цікава, што танюткія кубачкі, талерачкі і вазы перажылі цяжкі пераезд у эвакуацыю за Урал і вярнуліся ў Віцебск пасля вызвалення. Куратар выстаўкі Вольга Ануфрыева — чалавек, для якога фарфор — гэта і работа, і захапленне. Вольга Ануфрыева распавяла гледачам пра калекцыю музея, якая змяшчае каля 1000 экспанатаў. Амаль палова з іх прадстаўлена ў вітрынах.

Цікава, што традыцыя дарыць экспанаты музею працягваецца. За некалькі дзён да адкрыцця гараджанка перадала новыя прадметы, якія адразу занялі месца ў вітрыне.
Ёсць на выстаўцы знакаміты Мейсенскі фарфор, кубачкі і конаўкі вядомых еўрапейскіх мануфактур Вены і Прагі, вырабы з Сеўра (Францыя) і Веджвудская прадукцыя (Англія). Шыкоўна выглядаюць агітацыйныя талеркі і блюды з рэцэптамі страў найстарэйшых расійскіх прадпрыемстваў — Ленінградскага і Дулеўскага фарфоравых заводаў. Адметнымі нацыянальнымі матывамі і яркімі колерамі прыцягвае ўвагу ўкраінская калекцыя. Вылучаюцца асаблівай манерай прадстаўленыя на выстаўцы творы вядомых віцебскіх мастакоў Людмілы і Валерыя Кавальчукоў. Асобна — папулярныя ў СССР чайныя і кававыя сервізы з ГДР і Польшчы.

Вырабы ўкраінскага завода «Дружкоўка», ХХ ст.

Памятаеце сервіз «Мадонна»? Кожная савецкая гаспадыня марыла яго дастаць і паставіць за шкло купленай па блаце фінскай сценкі. Асаблівым цымусам быў сталовы сервіз з ажурнай і пазалочанай супніцай. Гэтая цудоўная рэч аздабляла залу двухпакаёўкі чароўным бляскам і амаль ніколі на ставілася на стол.

Доўгі шаўковы шлях фарфору ў Еўропу

Парцаляна — цвёрдая, але тонкая і празрыстая кераміка — нарадзілася ў Кітаі. Шаўковым шляхам яна трапляла да заможнай знаці Еўропы. Кошт конаўкі Марыі-Антуанеты ці, напрыклад, каралевы Ганны быў даражэйшы за золата.

Толькі ў 1710 годзе нямецкія алхімікі Іаган Бетгер і Эрэнфрыд Чырнхаўз адкрылі прыдатны рэцэпт цвёрдага фарфору. Яшчэ некалькі гадоў пайшло на паляпшэнне тэхналогіі, і ўпершыню ў Еўропе ў саксонскім горадзе Мейсен была наладжана вытворчасць гэтай прыгажосці.

Вырабы Мейсенскай мануфактуры былі шыкам і для расійскай знаці. У 1770 годзе маскоўскія багацеі скупілі 40% вырабаў. Тады стварылі асобны цэх для пастаўкі ў Расію.

Кітайская ваза XIX ст.

Маскоўскі цар Пётр захапіўся ідэяй вырабляць сваю парцаляну. Ганчарная справа атрымала сродкі і памяшканне. На працу запрасілі еўрапейскіх, у тым ліку і літоўскіх майстроў. А ў 1744 годзе царыца Кацярына паставіла мэту стварыць менавіта рускі фарфор. Для гэтага ў Масковію запрасілі алхіміка Крыстофа Хунгера. Але не атрымалася. Саксонец не змог нічога зрабіць з мясцовай гліны. Яго аб’явілі шарлатанам. Пазней вучань Ламаносава Дзмітрый Вінаградаў, улічыўшы працу Хунгера, стварыў расійскую сумесь. Пасля некалькіх гадоў дапрацоўкі заснавалі першую Піцерскую Імператарскую мануфактуру. Яна стала вырабляць посуд на ўзор еўрапейскага для імператарскага дварца. Да канца ХІХ стагоддзя Піцерская мануфактура абслугоўвала дынастыю Раманавых.

На пачатак XX стагоддзя ў Расіі дзейнічала ўжо некалькі даволі буйных фарфоравых заводаў. Яны выпускалі якасны посуд, які быў вельмі папулярны ў заможных жыхароў Расійскай імперыі. Пасля рэвалюцыі ўсе прадпрыемствы былі нацыяналізаваны і пачалі выпускаць посуд і розныя рэчы з рэвалюцыйным ухілам. Іх ухвалілі гаспадары новага жыцця. У СССР пайшла мода на фарфоравыя статуэткі. Балерыны, касманаўты, перадавікі сацыялістычнай працы, а таксама розныя коцікі, сабачкі і рыбкі ўпрыгожылі паліцы буфетаў і пакрытыя накрыўкамі тэлевізары. Высокім майстэрствам вызначаліся партрэты розных рэвалюцыйных дзеячаў.

Медальён XIX ст.

Як ужо згадвалася, цікавым нацыянальным каларытам на выстаўцы вылучаецца ўкраінская прадукцыя. Фарфорава-фаянсавую мануфактуру на Валыні стварыў князь Юзеф Клемент Чартарыйскі ў 1800 годзе. Праз некалькі гадоў на тэрыторыі Валыні, якая апынулася пад расійскім праўленнем, працавала некалькі прадпрыемстваў пана Чартарыйскага. Зараз ва Украіне існуе толькі адна фабрыка ў Дружкоўцы (Данецкая вобласць), якая была заснавана ў 1972 годзе.

У гасцёўнях беларускай шляхты

«Хоць адзін грыб, але ж на талерцы». Так адной фразай характарызаваў сквапны Дубатоўк інтэлігента Андрэя Беларэцкага ў «Дзікім паляванні караля Стаха» Уладзіміра Караткевіча. Некалькі слоў, і ўсё адразу зразумела: адукаваны і культурны, але бедны. Культура ўжывання ежы — галоўны паказчык сацыяльнага статусу сям’і. Здаецца, гэта і зараз актуальна.

Вольга Ануфрыева расказала: «У Беларусі няма кааліну добрай якасці для вытворчасці высакаякасных фарфору і фаянсу. Наша гліна прыдатная для пліткі і будаўнічых матэрыялаў. А для тонкіх вырабаў сыравіну мы імпартуем з Расіі і Украіны. У савецкія часы ў Беларусі працавалі два прадпрыемствы па выпуску фарфору, фаянсу і маёлікі. Адно з іх — Мінскі керамічны завод, які да 1950-га выпускаў розную кераміку, а пасля 1950-га стаў спецыялізавацца на фарфоры. Адбылося гэта пераважна дзякуючы вядомаму мастаку-керамісту Мікалаю Пракопавічу Міхалапу. (Міхалап з 1925 па 1930 працаваў у Віцебскім мастацкім вучылішчы, кіраваў ганчарнакерамічным напрамкам. Быў сябрам Янкі Купалы. Напісаў яго партрэт і зрабіў дэкарацыі спектакля „Паўлінка“.) Вырабы Мінскага фарфоравага завода, які працаваў да 1990 года, прысутнічаюць на выстаўцы „Парцалянавы фэст“».

Сёння беларускі фарфор вырабляе толькі Добрушскі фарфоравы завод. (ЗАТ «ДФЗ»). Прадпрыемства пачало працаваць у 1978 годзе. Бліскучы посуд з Добруша стабільна карыстаецца попытам у нас і ў суседніх дзяржавах. Вырабы з добрушскага прадпрыемства адзначаны ў Расійскай Федэрацыі як найлепшы тавар Беларусі на расійскім рынку. Купіць добрушскую прадукцыю без папярэдняга заказу складана. Дырэктар краязнаўчага музея Таццяна Старынская спецыяльна ездзіла ў Добруш, каб прывезці рэчы для выстаўкі-продажу «Парцалянавы фэст».

Прыйсці палюбавацца і нешта набыць на памяць можна да 10 сакавіка 2022 года.

Жанна ІВАНОВА

Фота аўтара

Друкуецца ў газеце «Літаратура і мастацтва»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек збяруцца, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.