Вы тут

Аляксей Талай: Прэмія нас натхняе, матывуе, але гэта не прычына расслабляцца


Для мясцовага дабрачыннага фонду імя Аляксея Талая новы год пачаўся з прыемных навін. За асаблівыя заслугі ва ўвасабленні ідэй гуманізму, рэалізацыю дабрачынных праектаў, накіраваных на захаванне гістарычнай памяці і традыцый, падтрымку дзяцей, якія пацярпелі ад ваенных дзеянняў фонду прысуджана прэмія «За духоўнае адраджэнне». Кіраўнік і ідэйны натхняльнік фонду Аляксей Талай падзяліўся сваімі ўражаннямі ад такога высокага прызнання і расказаў, як гэта паўплывае на далейшую працу.


«Я думаю, што ўсе праекты нашага фонду былі дзеля вызначанай мэты. Некаторыя з іх накіраваныя на пад’ём нашай нацыянальнай самасвядомасці, на патрыятычнае выхаванне моладзі. Мы не мелі магчымасці распыляцца на ўсё, таму мы абралі стратэгічныя накірункі і адпрацоўвалі іх па максімуме. Мы стараемся ўдзельнічаць ва ўнутрынацыянальным дыялогу і шукаць крокі судакранання, каб усе беларусы, нягледзячы на палітычныя рознагалоссі, на розныя погляды на жыццё, маглі аб’яднацца і працаваць на умацаванне нашай краіны. Тады жыццё нашых людзей будзе лепшым, а дзеткі будуць выхоўвацца і расці ў шчаслівай і добрай краіне», — падкрэсліў Аляксей Талай.

Грамадскі дзеяч мяркуе, што прэмія прысуджана, у тым ліку, і за тое, што дабрачынны фонд з апорай на неабыякавых беларусаў дапамог дзецям, якія пакутуюць ад баявых дзеянняў на Данбасе. Вясной 2021 года Аляксей адправіўся на Данбас, каб не ў інтэрнеце, а ўжывую падтрымаць дзяцей, якія там жывуць. На свае вочы ўбачыў усе наступствы ўзброеных канфліктаў і зразумеў: дзяцей трэба ад гэтага засцерагчы, хоць бы на некалькі тыдняў. Ініцыятыву падтрымаў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, ён падпісаў адпаведнае распараджэнне. Дабрачынны фонд Аляксея Талая ўзяў на сябе арганізацыйны бок, Міністэрства замежных спраў Расіі дапамагло вырашыць пытанні з дакументамі. Усяляк дапамагалі і беларускае Міністэрства адукацыі, Пастаянны камітэт Саюзнай Дзяржавы Беларусі і Расіі. А нераўнадушныя паспрыялі фінансава. І ў верасні 150 маленькіх жыхароў Данбаса прыехалі на рэабілітацыю і адпачынак у беларускую краіну дзяцінства — Нацыянальны дзіцячы адукацыйна-аздараўленчы цэнтр «Зубраня».

«Узначаліўшы гуманітраную місію на Данбас, мы ўзялі на сябе вялікую роль і адказнасць прадстаўляць там Рэспубліку Беларусь. Нашым галоўным дэвізам было — «Не нашкодзь», — гаворыць ён. — Нам хацелася зрабіць вельмі шмат, сэрца і душа балелі за тую зямлю, за людзей, якія там жывуць. Але мы абдумвалі кожны свой крок, каб не нашкодзіць краіне, адносінам паміж рознымі краінамі. У такіх справах усё павінна праходзіць акуратна, паэтапна і граматна. І без лішніх эмоцый. Так, дзесьці мы і плакалі. Ад убачанага на Данбасе нас літаральна трэсла. Было вельмі цяжка слухаць дзяцей, якія расказвалі аб сваіх загінулых бацьках.

Як разважлівыя людзі, мы ўсе павінны зразумець, што сёння вырашаецца лёс свету. І кожны няправільны крок можа кардынальна змяніць сітуацыю, і невядома ў які бок. Мы бачым, што сёння адбываецца ў Казахстане, ведаем, што туды ў рамках АДКБ адправіўся і беларускі кантынгент... І, канешне, мы не маглі пакінуць без увагі тое, што адбываецца ва Украіне, на Данбассе, гэта зусім побач з намі. Там жывуць родныя нам людзі, у многіх беларусаў там сваякі. Таму наш фонд накіраваў свае сілы туды на дапамогу дзецям, сіротам, дзецям-інвалідам. Мы вельмі рады, што атрымалася прывезці сюды дзяцей з дапамогай Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі. Мы і самі нешта можам, але без такой актыўнай дапамогі, мы б і не справіліся. Без падтрымкі кіраўніка дзяржавы, у нас бы не атрымалася ў зжатыя тэрміны з зоны баявых дзеянняў прывезці 150 дзяцей.

У «Зубраняці» дзеці ўбачылі, што такоё жыццё без штодзеннай бяспекі. Яны знайшлі новых сяброў, адпачылі. Для іх гэта вельмі важна. Нават дарослыя людзі, якія былі з імі, са слязамі на вачах казалі, што гэтыя ўражанні застануцца з дзецьмі на ўсё жыццё. Яны ніколі не забудуць таго, што зрабілі для іх людзі Беларусі і, канешне, наш Прэзідэнт. І мы далей будзем працаваць у гэтым накірунку. І я спадзяюся, што нашы беларусы будуць удзельнічаць, знойдуць той запаветны АРІП фонда Аляксея Талая і перавядуць сваю капеечку. Капейка да капейкі і яшчэ адзін дзіцёнак з Данбаса зможа прыехаць на адпачынак у Беларусь".

У мінулым годзе Аляксей Талай атрымаў прэмію «Спартыўны Алімп» за сацыяльны праект «Спартсмены Беларусі: сіла ў адзінстве». Таму, паводле яго слоў, сёлета прэмія стала нечаканай: «Такія прэмія нас натхняюць, матывуюць далей працаваць. Наперадзе яшчэ шмат спраў. І мы заўсёды будзем побач з добрасумленнымі і жыццясвярджальнымі сіламі нашай краіны».

У цэнтры ўвагі дабрачыннага фонду Аляксея Талая заўсёды былі дзеці і моладзь: матэрыяльная дапамога дзецям-інвалідам, праца па прафілактыцы суіцыдаў сярод моладзі, патрыятычнае выхаванне. Таму на адной дабрачыннай місіі фонд і асабіста Аляксей Талай спыняцца не збіраюцца. Прычынай Аляксей называе нацыянальную рысу беларусаў — неабыякавасць і гатоўнасць заўсёды прыйсці на дапамогу, асабліва калі справа тычыцца дзяцей:

«Для нас дзеці — святое. Нашы дзяды і прадзеды ішлі ў бой за сваіх дзяцей, за свой род. Мы гэта ведаем, гэта наш нацыянальны вопыт. І мы не можам спакойна жыць у сваёй прыгожай краіне, калі недзе палыхае агонь вайны і пакутуюць дзеці. На гэта немагчыма заплюшчыць вочы. Таму па меры сіл і магчымасцей мы будзем дапамагаць дзецям па ўсім свеце. Калі спатрэбіцца, паедзем і ў Сірыю, і ў Лівію. Туды, дзе нас чакаюць».

Валерыя СЦЯЦКО

Фота Аліны МАЗАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Сям'я і дэмаграфія

«Не дапускаем, каб дзіця выбіралі, як у краме»

«Не дапускаем, каб дзіця выбіралі, як у краме»

Пра што трэба падумаць і як рэальна ацаніць свае сілы перад усынаўленнем?

Адукацыя

Якія якасці павінны быць у сапраўднага настаўніка?

Якія якасці павінны быць у сапраўднага настаўніка?

Напярэдадні прафесійнага свята педагогаў у Нацыянальным прэс-цэнтры абмеркавалі імідж настаўніка, усебаковае развіццё студэнтаў педагагічных ВНУ і новыя праекты.