Вы тут

«Каляровая рэвалюцыя» з казахскім адценнем


Сёння ў Казастане аб’яўлены дзень нацыянальнай жалобы. Краіна будзе аплакваць і хаваць тых, хто загінуў за апошнія некалькі дзён. Тых, хто, яшчэ сустракаючы Новы год, быў жывы і здаровы, будаваў планы на заўтра. Полымя ўзброенага мецяжу, які быў справакаваны і зрэжысаваны звонку, удалося патушыць. Але ніхто не верне ахвяр гэтага вар’яцтва — менавіта так называюць тое, што адбывалася ў гарадах краіны, самі яе жыхары. 


Фота: ТАСС

Паводле апошніх звестак, загінулі 164 чалавекі. Дакладна вядома, што сярод загінулых ёсць дзеці. У Алматы 7 студзеня адкрылі агонь па аўтамабілі, у выніку чаго загінула чатырохгадовая дзяўчынка. Пра гэта расказала ўпаўнаважаны па правах дзіцяці ў Казахстане Аружан Саін, паведамляе ТАСС са спасылкай на агенцтва Tengrinews. Раней у прэс-службе дзіцячага амбудсмэна паведамлялі, што 11-гадовае дзіця загінула ад агнястрэльнага ранення падчас беспарадкаў у Алматы. Акрамя таго, у адну з дзіцячых бальніц горада з цяжкімі агнястрэльнымі раненнямі быў дастаўлены 15-гадовы падлетак, які пасля памёр. Ён ехаў з бацькам на машыне, калі іх аўтамабіль расстралялі тыя, хто нападаў... Таксама сёння МУС краіны агучыла колькасць загінулых сілавікоў — 16. Тысяча трыста паліцэйскіх пацярпелі.

Нанесены і вялікі матэрыяльны ўрон. Спаленыя будынкі і машыны, разбітыя шыны, папсаваныя кулямі сцены дамоў. Агульная сума ўрону гандлёвым сеткам Казахстана ў выніку беспарадкаў і дзеянняў марадзёраў склала больш за 92,3 млрд тэнге. Аб гэтым паведамляюць мясцовыя СМІ са спасылкай на Нацпалату прадпрымальнікаў. Па цяперашнім курсе, гэтая сума складае прыблізна 212 млн. долараў. Па словах кіраўніка МУС Казахстана Ерлана Тургумбаева, у Казахстане былі разрабаваны больш за 100 аб’ектаў гандлю і банкаў, папярэдняя шкода ацэньваецца ў звыш 87 млрд тэнге.

Сёння Ерлан Тургумбаеў заявіў, што сітуацыя ва ўсіх рэгіёнах Казахстана, дзе адбыліся беспарадкі, стабілізавана. «Цяпер прадаўжаецца правядзенне контртэрарыстычнай аперацыі па аднаўленні законнасці і правапарадку ў краіне. На сёння ва ўсіх рэгіёнах краіны сітуацыя стабілізавана. Сіламі правапарадку вызвалены ўсе раней захопленыя будынкі акіматаў (мясцовых адміністрацый). Аднаўляецца работа камунальных аб’ектаў і сістэм жыццезабеспячэння», — паведаміў ён. 

Паводле яго слоў, раней асабліва складанае становішча было ў Алматы, дзе 5 студзеня арганізаваны натоўп у ліку каля 20 тысяч чалавек распачаў спробу захопу будынка мясцовай адміністрацыі. З прычыны значнай колькаснай перавагі ім удалося прарваць некалькі ліній абароны і пракрасціся ў будынак. «Пры гэтым паўсюдна пратэстоўцамі ў месцах знаходжання і перад нападзеннем выводзіліся са строю камеры відэаназірання, барыкадаваліся праезныя часткі, па перыметры выстаўляліся назіральнікі. Для каардынацыі дзеянняў імі выкарыстоўваліся радыёстанцыі», — інфармаваў кіраўнік МУС.
Ён зазначыў, што каля 800 чалавек захапілі міжнародны аэрапорт Алматы. У выніку быў адменены вылет 60 рэйсаў і прылёт 56. Былі разрабаваны ўсе наяўныя ў будынку аэрапорта буцікі, магазіны і касы... 

«Там усё, што можна было спаліць, спалілі, — расказваў Прэзідэнт Беларусі на нарадзе 6 студзеня. (Да гэтага ён ужо гаварыў па тэлефоне і з Прэзідэнтам Казахстана, і з Уладзімірам Пуціным, і з іншымі кіраўнікамі краін АДКБ.) — Захапілі аэрапорт. Прытым мэтанакіравана. І ў Алматы, і ў Нур-Султане была спроба захапіць аэрапорт. Мэтанакіравана. Таму што разумелі, што туды будуць перакінуты ўзброеныя сілы, найперш Расіі і краін АДКБ. Гэта значыць, трэба было ўзяць пад кантроль, каб нельга было прызямліцца там. Добра, што пад Алматы за 40 кіламетраў ёсць ваенны яшчэ аэрадром, які быў заўсёды пад кантролем ваенных». Тады ж Аляксандр Лукашэнка недвухсэнсоўна выказаўся аб знешняй арганізацыі беспарадкаў у Казахстане: " Але, самае галоўнае, усё было скаардынавана і спланавана ў многіх гарадах. А адлегласць — тысячы кіламетраў. Казахстан больш па тэрыторыі, чым, мусіць, уся Еўропа. Або Заходняя Еўропа — гэта дакладна. І адлегласці там, вядома, шалёныя. І маразы, і іншае. Але тым не менш усё сінхронна адбылося. Спланавана было. Умяшанне звонку, вядома. У плане каардынацыі».

Эксперт Расійскага савета па міжнародных справах Мікіта Мяндковіч адзначае: «Што да генезісу, пратэст узнік першапачаткова з-за скачку цэн на газ у адной з абласцей. Але гэтай нагодай скарысталіся вонкавыя сілы для стымулявання выступленняў у іншых гарадах. У прыватнасці Алматы, дзе ішлі найбольш жорсткія сутыкненні, з’яўляўся цэнтрам прысутнасці заходніх няўрадавых арганізацый, якія шмат у чым выступаюць ініцыятарамі найбольш жорсткай пратэстнай хвалі ў горадзе.На дадзены момант у ліку лідараў пратэсту — дзве зарэгістраваныя ў Казахстане партыі, якія фінансуюцца ЗША».

Эксперт падкрэсліў, як і ў Беларусі, актыўным ядром пратэсту ў Казахстане з`яўляюцца радыкальныя нацыяналісты. «Мы маем сапраўды вельмі жорсткую і магутную пратэстную хвалю, з якой, у адрозненне ад беларускага вопыту, справіцца ўлады не могуць. У той час як Аляксандр Лукашэнка падчас пратэстаў 2020 года праяўляў жорсткую бескампрамісную пазіцыю, што спачатку трэба навесці парадак, а потым гаварыць аб любых рэформах. Такаеў стаў патураць найбольш радыкальнаму крылу пратэстуючых і аб’явіў аб адстаўцы ўрада. Гэта не стабілізавала сітуацыю, а наадварот пераканала пагромшчыкаў у іх сіле і магчымасці націснуць на ўладу», — канстатаваў ён.

Дарэчы, беларускі лідар на саміце лідараў краін ЕАЭС, папярэджваў сваіх калег: будуць спрабаваць хістаць і іх, каб дабрацца да Расіі. І тое, што адбылося ў Казахстане, многія эксперты ацэньваюць як спробы аслабіць пазіцыі Расіі падчас перагавораў з ЗША аб бяспецы (чытай: аб сферах уплыву), якія запланаваныя акурат на сёння ў Жэневе. Стварыць зону нестабільнасці ў краіне, з якой Расія мае самую працяглую граніцу — гэта, лічы, перамога ў гэтых перагаворах і ў многіх наступных, калі яны будуць. 

Паказальная і рэакцыя Захаду на тое, што адбывалася ў Казахстане, асабліва на рашэнне ўвесці ў краіну міратворчы кантынгент АДКБ. «Вярхоўны прадстаўнік ЕС па замежных справах і палітыцы бяспекі Жазэп Барэль адзначыў неабходнасць з асцярожнасцю ставіцца да прысутнасці замежных войскаў на тэрыторыі Казахстана. Але чаму не было заклікаў з асцярожнасцю ставіцца да прысутнасці, напрыклад, бельгійскіх войскаў на тэрыторыі Афганістана? Чаму не было заклікаў аналагічных у адносінах да іншых краін, якія не запрашалі туды войскі? Але чамусьці Барэль аб гэтым не выказваецца. А тут чамусьці заклапочанасць», — так пракаментаваў тое, што адбываецца вядомы палітычны блогер з Украіны Анатолій Шарый.

Што датычыцца рашэння аб увядзенні кантынгенту АДКБ у Казахстан, эксперты сыходзяцца на тым, што менавіта гэта дазволіла сцішыць беспарадкі. Дарэчы, усё адбывалася згодна з міжнародным правам і дагаворамі. Касым-Жармат Такаеў, прэзідэнт Казахстана, краіны-члена АДКБ, звярнуўся да іншых членаў АДКБ з просьбай дамагчы, паколькі размова ідзе аб тэрарыстычнай атацы на дзяржаву і пад пагрозай нацыянальная бяспека. Генеральны сакратар АДКБ Станіслаў Зась па даручэнні Савета калектыўнай бяспекі АДКБ 6 студзеня праінфармаваў ААН аб правядзенні ў Казахстане міратворчай аперацыі. Таксама Станіслаў Зась накіраваў адпаведныя лісты генеральнаму сакратару АБСЕ Хельзе Шмід і генеральнаму сакратару ШАС Уладзіміру Нораву, у якіх праінфармаваў міжнародныя арганізацыі аб прынятым СКБ АДКБ рашэнні правесці міратворчую аперацыю ў Рэспубліцы Казахстан і накіраваць на абмежаваны перыяд часу воінскія кантынгенты дзяржаў — членаў.

Ад Беларусі ў Казахстан была накіравана падрыхтаваная міратворчая рота са складу 103-й паветрана-дэсантнай Віцебскай брыгады сіл спецыяльных аперацый, у якой служаць толькі кантрактнікі. Сёння намеснік камандуючага сіламі спецыяльных аперацый Узброеных Сіл Беларусі Сяргей Андрэеў расказаў, што міратворчы кантынгент Беларусі выконвае задачу па ахове і абароне ваеннага аэрадрома.

Найбольшая колькасць ваенных з кантынгенту АДКБ — расійскія ваенаслужачыя. Што не засталося без пільнай увагі ЗША і без пікіроўкі знешнепалітычных ведамстваў дзвюх краін. Дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен адзначыў, што яны занепакоеныя падзеямі ў Казахстане, але лічаць, што рэспубліка можа справіцца сама і без дапамогі АДКБ. Блінкен, гаворачы аб ролі АДКБ ва ўрэгуляванні сітуацыі, у прыватнасці, вымавіў наступную фразу: «Адзін урок з мінулай гісторыі — калі ў тваім доме апынуліся рускія, іх бывае складана прымусіць сысці». Афіцыйны прадстаўнік МЗС Расіі Марыя Захарава ў у адказ на словы Блінкена вельм трапа заўважыла, што «калі Энтані Блінкен так любіць урокі гісторыі, то няхай мае на ўвазе наступны: калі ў тваім доме апынуліся амерыканцы, бывае складана застацца ў жывых, не быць абрабаваным ці згвалтаваным».

Увогуле гэта першы выпадак увядзення войскаў АДКБ для дапамогі аднаму з членаў арганізацыі, гэта быў для яе своеасаблівы экзамен. «Тут сапраўды трэба апладзіраваць кіраўніцтву АДКБ, адзінства было праяўлена. І Беларусь, і Кыргызстан, і Арменія заявілі аб гатоўнасці паўдзельнічаць у гэтай аперацыі, пры тым што размова ідзе аб абароне вельмі важных стратэгічных аб’ектаў, а не аб тым, каб разганяць людзей на вуліцы. Гэта вельмі важны момант з пункту гледжання дэманстрацыі нашаму геапалітычнаму асяроддзю адзінства АДКБ», — сказала ў эфіры тэлеканала АНТ доктар палітычных навук, прафесар МГІМО МЗС Расіі Алена Панамарова.

Аляксандр Лукашэнка за час падзей у Казахстане некалькі разоў сазвоньваўся з Касым-Жарматам Такаевым і Уладзімірам Пуціным. Гаварыў беларускі лідар і з Ніколам Пашынянам, кіраўніком Арменіі, якая старшынствуе ў АДКБ, і з першым прэзідэнтам Казастана Нурсултанам Назарбаевым. Беларусі важна, каб сітуацыя ў Казахстане вярнулася ў прававое рэчышча, падкрэсліваў кіраўнік нашай дзяржавы пры любым выпадку. «Цяпер актуальнай становіцца не толькі тэма эканамічнай інтэграцыі, але і тэма інтэграцыі ў галіне бяспекі. Беларускі міратворчы кантынгент выконвае важную місію, арыентаваную на забеспячэнне інтарэсаў не толькі Расіі, краін АДКБ, але ў першую чаргу сваіх уласных інтарэсаў. Страта Казахстана для нас — гэта страта вялізнага рынку збыту, таму што значныя аб’ёмы паставак тавараў і паслуг ідуць на казахстанскі рынак», — сказаў аналітык Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў Аляксей Аўдонін. 

На заўтра папярэдне запланавана анлайн-канферэнцыя кіраўнікоў краін — удзельніц Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы (АДКБ) для абмеркавання сітуацыі ў Казахстане. Будзем разам сачыць за развіццём падзей.

Аляксей КЛІМАЎ

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзілася на добраахвотнай аснове.