Вы тут

Гульцы хакейнай каманды Прэзідэнта і дружына «Вілейскія шчупакі» правялі таварыскі матч


Праводзіць калядныя святы можна не толькі за сталом, а, напрыклад, на хакейным матчы. Менавіта такім чынам зрабіў Прэзідэнцкі спартыўны клуб у рамках акцыі «Калядная традыцыя». Гульцы хакейнай каманды Прэзідэнта разам з прадстаўнікамі клуба завіталі ў госці да выхаванцаў Вілейскай спецыяльнай агульнаадукацыйнай школы-інтэрната. Сустрэча прайшла на лёдзе маладзечанскага спартыўна-забаўляльнага цэнтра.


Гульцы хакейнай каманды Прэзідэнта і дружына «Вілейскія шчупакі», сабраная з вучняў школы-інтэрната, правялі таварыскі матч. Нягледзячы на сяброўскую сустрэчу, барацьба падчас матча была сапраўдная, спартыўная. «Шчупакі» ўжо ў першым перыядзе вырваліся наперад — 5:3. У другой палове матча прафесіяналы змаглі скараціць адставанне. Але «Вілейскія шчупакі» пазіцый не здалі і давялі гульню да сваёй перамогі з вынікам 8:7.

«Гэта ў нас толькі першы матч. Можа, і ў наступным годзе прыедуць, а мы патрэніруемся, станем мацнейшымі і будзем гуляць лепш. Галоўнае — перамагчы, але і ўдзельнічаць таксама добра», — падзяліўся нападаючы «Вілейскіх шчупакоў» Глеб Варывода.

Гэты матч стаў бадай ці не першым для дарослых прафесійных хакеістаў, дзе галоўнымі былі не лічбы на табло, а эмоцыі і ўражанні сапернікаў. «Было выдатна! І важна для дзяцей. Яны атрымалі вопыт і мноства яскравых эмоцый. Ці крыўдна прайграваць? Гэта спорт. Абедзве каманды імкнуліся дабіцца лепшага выніку, але склалася так, як склалася. Спадзяёмся, што мы яшчэ адыграемся, калі традыцыя працягнецца і ў наступным годзе!» — адзначыў Максім Шыманскі.

Пасля добрай гульні належыць добра адпачыць, вырашылі ў Вілейскай школе-інтэрнаце. Адпачынак атрымаўся сапраўды святочны: з казачным прадстаўленнем, карагодамі (у тым ліку і з удзелам дарослых хакеістаў), чаем і смачнымі пачастункамі.

«Калядная традыцыя» — адзін з кранальных праектаў Прэзідэнцкага спартыўнага клуба. Сёлета ён адзначае юбілей — дзесяць гадоў. Вілейская школа-інтэрнат была абрана невыпадкова. Па-першае, дзеці тут займаюцца хакеем, і яны марылі выйсці на лёд і згуляць з выдатнымі хакеістамі. Па-другое, паважаюць і іншыя віды спорту: сплаўляюцца на байдарках, катаюцца на веласіпедах, — падкрэсліў старшыня цэнтральнага савета рэспубліканскага дзяржаўна-грамадскага аб’яднання «Прэзідэнцкі спартыўны клуб» Дзмітрый Лукашэнка.

Па добрай традыцыі госці прыехалі не з пустымі рукамі. Паколькі ў школе-інтэрнаце спорт у пашане, то і падарункі адпаведныя. Хакеісты «Вілейскіх шчупакоў», якія ўсе былі прызнаны найлепшымі гульцамі матча, атрымалі клюшкі. Таксама каманда Прэзідэнта прывезла выхаванцам школы 30 новенькіх горных веласіпедаў. Цяпер паходы стануць больш захапляльнымі і зручнымі. Выхаванцы атрымалі мноства прыемных сюрпрызаў — канструктары Lego, настольныя гульні, фітнес-бранзалеты, навушнікі і іншае. А Прэзідэнцкі спартыўны клуб пералічыў школе 30 тысяч беларускіх рублёў.

Дырэктар Вілейскай школы-інтэрната Уладзімір Барысаў расказаў журналістам, што сродкі будуць накіраваны на фізкультурна-аздараўленчую дзейнасць: «Вялікую ўвагу ўдзяляем пазаўрочнай дзейнасці: паколькі ў нас шмат хлопчыкаў, асабліва папулярныя фізкультурна-аздараўленчы і турыстычны напрамкі. У мінулым годзе, напрыклад, наша хакейная каманда заняла першае месца ў абласных спаборніцтвах „Залатая шайба“ і чацвёртае — на рэспубліканскім узроўні. Акрамя таго, ходзім у пешыя і велапаходы, сплаўляемся на байдарках, таму падарункі, якія дзецям уручылі госці, стануць вялікай падмогай для далейшых заняткаў. Задумак хапае. У нас на тэрыторыі ёсць спартыўныя трэнажоры і гульнявыя пляцоўкі, але іх не бывае шмат. Калі набудзем не асобныя элементы, а цэлую гульнявую пляцоўку, гэта будзе вельмі карысна для дзяцей, для карэкцыйнай работы. І, вядома, хлопцы будуць адчуваць радасць, праводзячы там свой вольны час».

Сёння ў Вілейскай спецыялізаванай школе-інтэрнаце вучацца 127 дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, якія маюць парушэнні маўлення і цяжкасці ў навучанні. З іх 26 дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без папячыцельства бацькоў. Яны маюць патрэбу ў спецыяльнай адукацыі і спецыяльнай карэкцыйнай дапамозе. І, канешне, у пазітыўных эмоцыях і цікавых сустрэчах.

Валерыя СЦЯЦКО

Фота Аліны МАЗАВЕЦ

Г. Маладзечна, Вілейка

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.