Вы тут

Лукашэнка: Неабходна займацца сваімі пытаннямі і бачыць сваю бяспеку


Пазачарговая сесія Савета калектыўнай бяспекі АДКБ прайшла ў відэа-фармаце.​ У ёй прыняў ўдзел Прэзідэнт Беларусі


Асноўная тэма размовы — сітуацыя ў Казахстане і меры па яе нармалізацыі. Мадэратарам сустрэчы выступіў прэм’ер-міністр Арменіі Мікол Пашынян як старшыня Савета калектыўнай бяспекі АДКБ. Ён адкрыў сесію хвілінай маўчання ў памяць ахвяр беспарадкаў, аб’явіў план сутрэчы, рэгламент і выступіў з уступным словам. Далей пра сітуацыю ў краіне расказаў Прэзідэнт Казахстана Касым-Жамарт Такаеў. За ім пра аказанне міратворчай дапамогі Казахстану паведаміў генеральны сакратар АДКБ Станіслаў Зась. Пасля ў рэгламенце былі выступленні Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі, Расіі Уладзіміра Пуціна, Таджыкістана Эмамалі Рахмона, старшыні Кабінета міністраў — кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Кыргызстана Акылбека Жапарава, прэм’ер-міністра Арменіі Нікола Пашыняна.

У пачатку свайго выступлення на сесіі Аляксандр Лукашэнка выказаў спачуванні народу Казахстана ў сувязі з гібеллю супрацоўнікаў праваахоўных органаў, ваеннаслужачых і мірных жыхароў, падзякаваў за інфармацыю казахстанскага калегі пра сітуацыю ў краіне.

«Аналіз падзей у Казахстане паказвае наяўнасць знешняга фактара. Іх сцэнарый пазнаваемы. Пра што сказаў Прэзідэнт Казахстана. За аналогіямі далёка хадзіць не трэба: Югаславія, Ірак, Лівія, Сірыя, Украіна, Афганістан. Не так даўно падобны камбінаваны націск перажыла і Беларусь. Канечне, у гэтых краінах былі свае асаблівасці, але агульны почырк мы бачым», — мяркуе Прэзідэнт і дадае, што знешні фактар ніколі не бывае адзіны — за імі заўсёды стаяць і ўнутраныя праблемы.

Па яго словах, вакол Цэнтральна-Азіяцкіх краін пастсавецкай прасторы накапілася шмат жадаючых узарваць сітуацыю, а на межах Казахстана з’явіліся міжнародныя тэрарысты.

Пераадолець негатыўныя тэндэнцыі, заўважае Аляксандр Лукашэнка, неабходна, перадусім, разам блізкім народам Казахстана і Кыргызстана, а ўрок павінен з гэтага ўзяць Узбекістан. У адваротным выпадку, дадае ён, погляды дэструктыўных сіл будуць кінутыя на Узбекістан.

«Аналізуючы сітуацыю ў Беларусі, мы зыходзім з таго, што акрамя знешніх прычын (у нас яны відавочныя былі, у Казахстане зараз не вельмі — Прэзідэнт Казахстана спрабуе дакапацца да сутнасці, упэўнены, ён гэта зробіць) былі і ўнутраныя прычыны. Так жа і ў іншых рэспубліках. Неабходна гэта засвоіць. Калі мы гэтага не зразумеем і будзем вінаваціць толькі знешнія прычыны — значыць мы можам атрымаць паўтарэнне падзей», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Ён нагадаў, што пра рызыкі і пагрозы, звязаныя са стварэннем у Цэнтральна-Азіяцкім рэгіёне спячых ячэек тэрарыстаў і экстрэмістаў, якія ў адзін момант могуць прачнуцца, неаднаразова казаў Эмамалі Рахмон. «Мы прымалі гэта да ўвагі, але, мусіць, недаацанілі рызыкі. Давайце шчыра: думалі, што нас гэта абміне. А зараз бачым, што асноўны касцяк пратэстуючых у Казахстане складаюць прафесійныя баевікі-тэрарысты. Гэта вельмі небяспечная тэндэнцыя. Хто іх арганізоўваў і імі кіраваў, неабходна разабрацца», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік Беларусі адзначыў своечасовасць і аператыўнасць прынятага рашэння аб уводзе ў Казахстан Калектыўных міратворчых сіл АДКБ і ўпэўнены, намаганні падзейнічалі ацвярэжваючы на дэструктыўныя элементы і паказалі ўсяму свету цесныя саюзніцкія сувязі, дзеяздольнасць і патэнцыял Арганізацыі.

«Але нас чакаюць сур’ёзныя выклікі ў перспектыве. Неабходна ўмацоўваць АДКБ спакойна і планамерна нарошчваць усе яе кампаненты і, перш за ўсё, міратворчы патэнцыял. Вельмі важна захаваць мабільнасць і аператыўнасць дзеянняў. І не трэба залішне саромецца ў гэтым плане, азіраючыся на нейкі Захад, Амерыку ці нейкія іншыя дзяржавы.

Будзем рэзка глядзець па баках, звернем шыю. Неабходна займацца сваімі пытаннямі і бачым сваю бяспеку», — акцэнтуе ўвагу кіраўнік краіны.

Ён мяркуе па актыўнасці заходніх палітыкаў, што там уважліва адсочваюць сітуацыю ў Казахстане, але спачатку ўзялі паўзу.

«Мы з Прэзідэнтам Расіі пра гэта казалі пастаянна. Што мы планавалі, так і адбылося — пасыпаліся заявы. Заявы зразумелыя — дэмакратыя, свабода, непрыняцце жорсткіх мір і гэтак далей», — расказвае кіраўнік краіны.

Відавочна, дадае ён, што ўвод Калектыўных сіл АДКБ парушыў планы заказчыкаў і выканаўцаў справакаванага канфлікту. Гэта яшчэ раз пацвярджае правільнасць рашэння.

«Хацеў бы заўважыць, што нам неабходна абавязкова адсочваць сітуацыю і дзейнічаць на папярэджванне, купіраваць магчымыя прычыны, што могуць прывесці да такіх наступстваў», — сказаў Прэзідэнт.

На папярэджванне, дадае ён, неабходна дзейнічаць і ў інфармацыйным полі: нельга дапускаць выстаўлення міратворчага кантынгенту як акупантаў. «Такія спробы ўжо ёсць. Мы ніякія не акупанты. Мы не па сваім жаданні прыйшлі туды. Нас запрасіў наш брат, сябар, які адказвае за вялізную краіну. Мы аказалі тую падтрымку, якую ён патрабаваў ад нас. Гэта прэцэдэнт, добры прэцэдэнт», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Сёння, як ніколі раней, у рамках Арганізацыі неабходна павышаць узровень палітычнага ўзаемадзеяння, каардынацыю пазіцый на міжнароднай арэне, акцэнтуе Прэзідэнт Беларусі.

«Формы і метады аказання гібрыднага ўплыву на нашы краіны якасна ўдасканальваюцца. У рамках АДКБ неабходна выпрацоўваць адэкватныя меры рэагавання. Як я ўжо казаў, без аглядкі. Варта ўдасканальваць інфармацыйны абмен і якасна паляпшаць аналітычны складнік. Рост напружанасці нас таксама падштурхоўвае да рэвізіі сумесных мер па супрацьдзеянні тэрарызму і экстрэмізму», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Ён заўважыў, што варта ў бліжэйшя часы сабрацца і абмеркаваць бяспеку Таджыкістана, аказаць матэрыяльную падтрымку ваеннай тэхнікай гэтай краіне.

«Мы шмат увагі ўдзялілі барацьбе з міжнародным тэрарызмам, магчыма, недаацэньваючы небяспеку, якую нясе экстрэмізм ва ўсіх яго праявах. Неабходна своечасова выкрываць сілы, якія ў пэўных умовах здольныя пераходзіць „чырвоную рысу“, становячыся на шлях гвалту, а таксама жорстка перасякаць іх дэструктыўную дзейнасць», — рэзюмаваў Прэзідэнт.

Ён падкрэсліў, што краіны-партнёры заўсёды могуць разлічваць на падтрымку Беларусі і ўлады нашай краіны будуць верныя дамоўленасцям.

Марыя ДАДАЛКА

Фота: БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».