Вы тут

Раім схадзіць


Калядныя музычныя вечары, абрадавае мерапрыемства «Шчадрэц», праграма «Каляда», выстава «Зіма ў горадзе», выставачны праект «Час цыклонаў. Жывапіс і графіка Галіны Нячаевай», выстава «Займальная фотатэхніка» і іншае — штотыднёвая афіша «Звязды».


Калядныя музычныя вечары

pexels.com

Дзе: ГЦ МОМА, г. Мінск, пр-т Партызанскі, 150 А

Калі: да 14 студзеня 

Колькі: бясплатна

Да 14 студзеня вас чакае серыя музычных вечароў з любімымі каверамі, залатымі хітамі і мелодыямі стагоддзя. Класіка, рок, навагоднія хіты ды папулярныя мелодыі. Скрыпка, струнны квартэт, джаз-бэнд і чароўная арфа напоўняць атмасферай Новага года і Каляд.

  • 11 студзеня / 17.00 — 19.00 / Джаз-бэнд Fondclaim quarter «Джазавыя папуры і не толькі...»
  • 12 студзеня / 17.00 −19.00 / Струнны квартэт ASTORIO навагодняя праграма «Мой родны кут»
  • 13 студзеня / 17.00 −19.00 / Струнны квартэт ASTORIO і да навагодняя праграма «Рок ва ўсе часы»
  • 14 студзеня / 17.00-19.00 / салістка Дзяржаўнага акадэмічнага сімфанічнага аркестра Алена Максімава «Магічная арфа»

Абрадавае мерапрыемства «Шчадрэц»

Дзе: «Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту», в. Азярцо, Мінскі раён

Калі: 15 студзеня 

Колькі: 10 BYN — дарослыя; 5 BYN — студэнты/навучэнцы, для дзяцей дашкольнага ўзросту – бясплатна

Даўні звычай адзначаць вечар напярэдадні Новага года паводле старога стылю называўся Шчодрык, Шчадрэц. У гэты дзень гатавалі другую (багатую, шчодрую) куццю, бліны з верашчакай і смажанай каўбасой, кашы, крупнік і іншую ежу, дзе стравам надаваўся магічна-абрадавы сэнс.

Шчадрэц — вечар варажбы. Варажылі і дарослыя, і дзеці, а асабліва незамужнія дзяўчаты, якія хацелі даведацца, што іх чакае ў будучым годдзе.

Абрад «шчадравання» вызначаўся абыходам двароў гуртом шчадроўнікаў разам са «Шчодрай» — прыгожай дзяўчынай, якую апраналі ў святочнае адзенне. Спявалі песні-шчадроўкі, услаўлялі гаспадара і гаспадыню, і іх гаспадарку.

Вас чакае:

  • рэканструкцыя абрада «Шчадраванне»;
  • паказ тэатра «Батлейка»;
  • зімовыя забавы і гульні;
  • беларускія народныя танцы і гульні;
  • майстар-класы;
  • традыцыйныя варожбы;
  • выступ фальклёрнага калектыва.

«Грані творчасці мастака» 

Дзе: Музей гісторыі музычнай і тэатральнай культуры, г. Мінск, зав. Музычны, 5

Калі: да 16 студзеня 

Колькі: 5 BYN — дарослыя; 3 BYN — студэнты, 2,5 BYN — навучэнцы

У Музеі гісторыі тэатральнай і музычнай культуры працуе выстаўка да 100-годдзя з дня нараджэння Івана Пешкура «Грані творчасці мастака».

Іван Іванавіч Пешкур нарадзіўся 21 снежня 1921 г. у в. Вострава Мінскай вобласці. Скончыў у 1939 г. Віцебскае мастацкае вучылішча (настаўнікі У. Хрусталёў, І. Ахрэмчык, В. Дзежыц, Л. Лейтман, Ф. Фогт, Х. Даркевіч). Падчас Вялікай Айчыннай вайны стварыў шэраг сатырычных антыфашысцкіх плакатаў.

Пасля вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў прымаў удзел у адраджэнні і развіцці тэатральна-дэкаратыўнага мастацтва рэспублікі. У 1944–1957 і 1970–1980 гг. мастак Дзяржаўнага тэатра оперы і балета Беларусі . У 1948 г. на Усесаюзным фестывалі за спектакль «Папараць-кветка» атрымаў дыплом лаурэата.

З 1957 па 1970 гг. працаваў у Беларускім рэспубліканскім тэатры юнага гледача, з 1962 г. галоўны мастак тэатра. Аформіў спектаклі:

  • «Чыа-Чыа-сан» Дж. Пучыні (1953);
  • «Русалка» А. Даргамыжскага (1955);
  • «Шчаўкунчык» П. Чайкоўскага (1956);
  • «Папараць-кветка» (1957) і «Над хвалямі Серабранкі» (1961) І. Козела;
  • «За лясамі дрымучымі» А. Вольскага і П. Макаля;
  • «Не верце цішыні» І. Шамякіна (абодва 1958);
  • «Дама- невідзімка» П. Кальдэрона (1964);
  • «Чырвоная шапачка» Я. Шварца (1967);
  • «Мядовы месяц» К. Губарэвіча (1970) і інш.

У 1967 г. для музея Вялікай Айчыннай вайны (у супрацоўніцтве з мастаком Я. Красоўскім) напісаў дыяраму «Лагер смерці ў Малым Трасцянцы».

Займаўся таксама станкавым жывапісам, пісаў партрэты, пейзажы. Сярод жывапісных работ «Бярозы» (1960), «Крыжоўка» (1971), «Заслаўе», «Курган Славы» (абедзве 1972), «Рака Вяча» (1973), «Зімовыя далі» (1974) і інш. На выстаўцы будуць прадстаўлены эскізы дэкарацый да спектакляў, эскізы касцюмаў, а таксама жывапісныя работы мастака.

Музей працуе: штодзённа з 10:00 да 18:00


Выстава «Tex-Experience»

 

Дзе: Высокае месца, г. Мінск, вул. Герцэна, 2а

Калі: да 16 студзеня 

Колькі каштуе: 4 BYN — для дарослых, 3 BYN — для студэнтаў, 2,5 BYN — для школьнікаў 

8 снежня, а 18-й гадзіне ў Арт-гасцёўні «Высокае мѣста» адбылося адкрыццё выставы эксперыментальнага тэкстылю «Tex-Experience» у межах I трыенале канцэптуальнага мастацтва «КАНЦЭПТ 21». Праект падрыхтаваны сумесна з Беларускім саюзам мастакоў.

Выстава эксперыментальнага тэкстылю «Tex-Experience» — творчы праект, у якім прымаюць удзел больш за дваццаць аўтараў з Мінска, Віцебска, Полацка, Гродна і Жодзіна.

Сучасны беларускі тэкстыль можна аднесці да найноўшага феномена ў мастацтве, які мастацтвазнаўцы называюць «пластычным выбухам» у тэкстыльнай скульптуры, або проста Fiber Art. Гэта той самы тэкстыльны Art, які валодае велізарнай сімвалічнай сілай станковага або манументальнага твора і найперш зыходзіць з канцэптуальнага адрыву ад укаранёнай у гісторыі мастацтва асацыяцыі тэкстылю з утылітарнасцю і рамяством.

І справа тут не ў новых тэхналогіях, можна працаваць і з традыцыйным гладкім пляценнем, — а ў новым вобразным складніку, у маштабе зробленага аб’екта, яго асацыятыўнасці і актуальнасці. Тэкстыль згубіў дэкаратыўнасць, перастаў быць двухмерным, выйшаў у прастору.

З’яўленне трохмерных тэкстыльных арт-аб’ектаў дазволіла перавесці тэкстыль з катэгорыі «жывапіс» у катэгорыю «скульптура». А лічбавыя тэхналогіі, святло, гук, новыя крэатыўныя матэрыялы далі мастаку незвычайна шырокае поле для творчага эксперыменту.

Выстава эксперыментальнага тэкстылю «Tex-Experience» — гэта спроба зазірнуць за гарызонт. Мэта праекта — стварэнне новых прадметна-прасторавых асяроддзяў пры дапамозе аб’ектаў сучаснага тэкстылю. Выстава паказвае гледачу эксперыменты з тканінай і прасторай.

У экспазіцыі прадстаўлены як плоскасныя, так і аб’ёмныя арт-аб’екты, тэкстыльныя інсталяцыі, выкананыя ў розных тэхніках: ручнога ткацтва, лямца, пляцення з ужываннем як традыцыйных тэкстыльных матэрыялаў (ільну, бавоўны, воўны, сінтэтычных нітак), так і металу, шкла, пластыка, паперы, святлоадбівальнай стужкі, мантажнай сеткі.

Адзін з залаў выставы прысвечаны ўзаемадзеянню тэкстыля і святла, выкарыстанню святлодыёднай стужкі як матэрыялу для працы, а таксама для стварэння светлавых эфектаў. Удзельнікі выставы — ужо вядомыя майстры і творчая моладзь.

Сярод іх: Алена Обадава, Марыя Барысенка, Вольга Рэднікіна, Таццяна Фаміна, Хрысціна Высоцкая, Мар’яна Карповіч-Сакалова, Ксенія Ціханава, Таццяна Гомза, Анастасія Арайс (Мінск), Таццяна Макляцова, Наталля Лісоўская, Наталля Канькова, Наталля Кімстач (Віцебск), Яўгенія Станіна (Гродна), Таццяна Козік (Полацк), Вераніка Рассыльная (Жодзіна) і іншыя. Куратары праекта Вольга Рэднікіна, Наталля Шаранговіч.


Выстава «"Боская камедыя" Дантэ»

Дзе: Музей кнігі, г. Мінск, пр-т Незалежнасці, 116

Калі: да 16 студзеня

Колькі: бясплатна па чытацкаму білету або білеце сацыякультурнага цэнтра

4 лістапада ў Музеі кнігі Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі адкрылася выстава «Боская камедыя «Дантэ», прымеркаваная да 700-годдзя сусветнага паэтычнага шэдэўра Дантэ Аліг’еры.

«La commedia» (1307–1321), вядомая нам як «Боская камедыя» — манументальны эпічны твор, сапраўдная паэтычная энцыклапедыя навуковых, палітычных, філасофскіх і багаслоўскіх ведаў эпохі ранняга Адраджэння. Менавіта гэты твор Дантэ стаў вяршыняй яго літаратурнай дзейнасці.

На выставе таксама будзе прадстаўлены арыгінал аднаго з першых і найлепшых ілюстраваных выданняў твора, які выйшаў у родным горадзе паэта — у Фларэнцыі ў 1481 годзе. Гравюры для выдання створаны па творах вядомым італьянскім мастаком эпохі Адраджэння Сандра Батычэлі.

Можна будзе ўбачыць шэдэўр кніжнай графікі XIX стагоддзя — цыкл гравюр вядомага французскага майстра Гюстава Доры да першай часткі паэмы «Пекла» (1861), а таксама іншыя прыклады мастацкай інтэрпрэтацыі несмяротнага твора.

Рэжым працы: аўторак, серада, пятніца з 10: 30 да 19: 00. Чацвер, субота, нядзеля з 10: 00 да 18: 00. Панядзелак — выхадны.


«Новы год у Броўкі»

 Дзе: Літаратурны музей Петруся Броўкі, г. Мінск, вул. К.Маркса, 30.

Калі: да 16 студзеня

Колькі каштуе: 3 BYN

Новы год — найбольш чароўнае і натхняльнае свята года. Дзеці чакаюць свята, сюрпрызаў, падарункаў і, вядома, сапраўдных цудаў. Дарослыя таксама чакаюць, але не заўсёды кажуць аб гэтым услых.

З 24 снежня 2021 па 16 студзеня 2022 Літаратурны музей Петруся Броўкі традыцыйна запрашае вас на «Новы год у Броўкі», дзе кожны знойдзе для сябе нешта цікавае. Набываючы ўваходны квіток вы атрымліваеце спецыяльную святочную экскурсію па кватэры народнага паэта з эстэтыкай савецкага Новага года: упрыгожванні, віншавальныя паштоўкі і характэрныя рэчы мінулага стагоддзя — атмасфера тагачаснага свята забяспечана! Акрамя таго, маленькіх наведвальнікаў пацешыць майстар-клас па стварэнні і падпісанні віншавальных паштовак, якія можна будзе адразу запячатаць у канверт і даслаць блізкім.

Абавязковы папярэдні запіс.


Інтэрактыўна-пазнавальная праграма «Калядныя цуды»

Дзе: Літаратурны музей, г. Мінск, вул. М. Багдановіча, 13

Калі: да 21 студзеня

У перыяд зімовых свят — з 20 снежня 2021 года па 21 студзеня 2022 года — Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры запрашае хлопчыкаў і дзяўчынак да ўдзелу ў святочнай інтэрактыўна-пазнавальнай праграме «Калядныя цуды».

Праграма ладзіцца ў межах экспанавання новай аднаіменнай выставы музея і прысвечана традыцыям святкавання Калядаў на Беларусі.

Удзельнікі праграмы даведаюцца, чаму ў гадавым коле народных абрадаў і свят Каляды займалі першае месца, як варажылі, якія песні спявалі і якія стравы гатавалі на свята іх продкі, пазнаёмяцца з абрадавымі каляднымі гульнямі і забавамі.

Але тое было раней... А зараз? Ці ведаем мы хоць адзін сучасны абрад? Вось мы і прапануем юным наведвальнікам стаць стваральнікамі новага каляднага абраду. Як ён называецца? А гэта мы разам і прыдумаем...

А яшчэ падчас праграмы хлопчыкі і дзяўчынкі трапяць у «калядную майстэрню», бо якое ж сапраўднае свята абыходзіцца без хэнд-мэйду? Тут рабяты змогуць праявіць свае творчыя здольнасці і ўласнаручна зрабіць незвычайную елачную цацку-сюрпрыз. Яна стане арыгінальным падарункам для родных і сяброў або паслужыць упрыгожаннем для дамашняй навагодняй хваінкі.

Акрамя таго ўдзельнікаў праграмы чакаюць салодкія пачастункі ад партнёра праграмы — кандытарскай фабрыкі «Красный пищевик».

Да ўдзелу ў калядная праграме запрашаюцца групавыя і сямейныя наведвальнікі малодшага і сярэдняга школьных узростаў.

Працягласць — каля 60 хвілін.

Папярэдні запіс ужо распачаты! Тэл. +375 17 363-56-21.


Выставачны праект «Музей ёлачных цацак»

Дзе: Нацыянальны гістарычны музей РБ, г. Мінск, вул. Маркса, 12

Калі: да 23 студзеня

Колькі: дарослым — 10 BYN; пенсіянеры, школьнікі, дзеці з 5 гадоў — 8 BYN; дзеці да 5 гадоў — бясплатна

У прадчуванні навагодніх святаў і зімовага чараўніцтва з 29 кастрычніка ў Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь пачынае працу навагодні выставачны праект «Музей ёлачных цацак».

Выстава — частка найбуйнейшай сусветнай калекцыі ёлачных цацак. Кожны год «Музей» абнаўляе свае фонды, што дазваляе наведваць выставу як у першы раз. Увазе наведвальнікаў будуць прадстаўлены навагоднія дэкарацыі з Еўропы, Азіі, Аўстраліі, Амерыкі і Афрыкі, аналагаў якім няма ні ў адным еўрапейскім музеі.

Наведвальнікі музея змогуць даведацца ўсе сакрэты вытворчасці ёлачных цацак на адзінай у Беларусі спецыялізаванай фабрыцы, а таксама пад кіраўніцтвам мастакоў прадпрыемства прайсці адукацыйныя майстар-класы па вырабе навагодніх упрыгожванняў (кошт — 10 руб.), і не толькі.

Самыя маленькія госці выставы змогуць убачыць інтэрактыўны мініяцюрны калядны гарадок. У рамках праекта будзе працаваць фірменны магазін фабрыкі «ГРАЙ», дзе ўсе жадаючыя змогуць набыць святочную прадукцыю па фабрычных цэнах.

Музей працуе штодня з 11: 00 да 19: 00.


Выстава «Колер паху»

Дзе: Мастацкая галерэя Міхаіла Савіцкага, г. Мінск, пл. Свабоды, 15

Калі: да 23 студзеня 

Колькі: 4 BYN — дарослым; 3 BYN — студэнтам; 2,5 BYN — школьнікам 

9 снежня 2021 года ў 18.00 у Мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага адбудзецца адкрыццё арт-праекта «Колер паху» мастака Святланы Верабей і парфумера Ксеніі Філіпавай.

«Ці можна адлюстраваць пах?» — такім пытаннем задаліся аўтары выставачнага праекта.

Арт-праект уяўляе серыю жывапісных работ мастака, дызайнера, фатографа, спецыяліста па боды-арце Святланы Верабей. Серыя стваралася ў тандэме з парфумерам і ароматэрапеўтам Ксеніяй Філіпавай.

Наведвальнікі выставы змогуць не толькі разгледзець абстрактныя жывапісныя кампазіцыі, але і адчуць тыя пахі і водары, якія выклікалі ў мастака арыгінальныя каляровыя асацыяцыі. Сваё ўвасабленне ў фарбах знайшлі пахі грэйпфруту, лаванды, герані, елі, язміну, імбіра, мірту, чабору, ружы, шалфею, чорнага перцу і многія іншыя.

На выставе таксама прадстаўлены жывапісныя працы з гукавым суправаджэннем, якое дапамагае больш поўна адчуць аўтарскую задуму жывапісных твораў.


Праграма «Каляда» 

Дзе: Музей «Лошыцкая сядзіба», праезд Чыжэўскіх, д. 8-2

Калі: да 23 студзеня 

Колькі: 5 BYN 

Да 23 студзеня 2022 года музей «Лошыцкая сядзіба», філіал ДУ «Музей гісторыі горада Мінска», запрашае на інтэрактыўную экскурсійную праграму «Каляда» па выставе сучаснага народнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва «Скарбонка памяці».

Праграма «Каляда» распрацавана па матэрыялах беларускага народнага каляндара і прысвечана пачатку святкаванняў у гонар зімовага сонцастаяння. Гэтае свята — старадаўняя традыцыя, прымеркаваная спачатку да зімовага сонцазвароту, а пасля і да Раства Хрыстова.

Калядаванне прайшло праз стагоддзі і захавалася да нашых дзён амаль на ўсёй тэрыторыі Беларусі. У цёмныя вечары нашы продкі збіраліся разам, перапраналіся ў звяроў, міфалагічных персанажаў і хадзілі па хатах са спевамі, жартамі і тэатралізаванымі сцэнкамі. Экскурсійная праграма дапаможа ўзгадаць, а некаторым і даведацца аб традыцыях падрыхтоўкі да свята і правядзення галоўнага зімовага карнавала беларусаў.

Інтэрактыўная экскурсія дапаможа вам здзейсніць сапраўднае падарожжа ў свет беларускіх Калядаў. Галоўны персанаж свята — Калядная Баба — пазнаёміць вас з традыцыямі святкавання, пасля чаго вы станеце сапраўднымі калядоўшчыкамі — згуляеце «У арэхі» і «Шкута», будзеце ведаць прызначэнне калядных масак і зорак, а таксама даведаецеся, якім персанажам Каляды вы маглі быць.

Дапаможцамі ў калядным падарожжы стануць саламяныя музыкі, абрадавыя маскі казы і лася, лялькі мядзведзя, дзеда і бабы, прадстаўленыя на выставе «Скарбонка памяці». Падымуць святочны настрой песні, прыпеўкі, загадкі і жарты, што выконваліся на калядных ігрышчах і вячорках. Вам трэба будзе ўзгадаць, якія прыказкі і павер’і суправаджалі святкі ў розных рэгіёнах Беларусі.

Запіс на інтэрактыўную экскурсію для груп (да 15 удзельнікаў) па телефоне: (017) 396 18 86, праз электронную пошту loshytsa@gmail.com, або сацыяльные сеткі музея ВКонтакте, Facebook і Instagram (/loshytsamuseum).


Выстава «Зіма ў горадзе»

Дзе: Мастацкая галерэя Міхаіла Савіцкага, пл. Свабоды, 15

Калі: да 23 студзеня 

Колькі: 5 BYN — дарослым; 4 BYN — студэнтам, 2,5 — школьнікам 

У Мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага пачынае працу выстава «Зіма ў горадзе», арганізаваная сумесна з Беларускім саюзам мастакоў.

Зімовы пейзаж — папулярная тэма ў беларускіх мастакоў, якія бачаць прыгажосць і зачараванне ў любым сезоне і ў любым надвор’і. У кожнага аўтара зіма набывае свой настрой: у адных яна суровая і змрочная, у іншых — ціхамірная і мяккая, у трэціх — іскрыстая і жыццярадасная.

У экспазіцыі прадстаўлена больш за 50 твораў жывапісу і графікі з 1960-х гг. да нашых дзён. Гэта пераважна гарадскія пейзажы Мінска і наваколля.

Зіма ў горадзе часцей паўстае ў выглядзе традыцыйных для гэтай пары года забаў, чым самой прыроды. Яркі таму прыклад-працы В. Сумарава «Вясёлая зіма ў Лошыцы» (1970).

На выставе прадстаўлены таксама працы сучасных аўтараў. Адной з любімых тэм у В. Барабанцава з’яўляюцца зімовыя святы-традыцыйныя Каляды. Ён адлюстроўвае вясёлыя кампаніі калядоўшчыкаў, якія са смехам і танцамі рухаюцца ад дома да дома па вуліцах старога Заслаўя.

Амаль казачны горад Мінск праз заслону снегападу паўстае ў працах Г. Атчыка.

Асаблівую ўвагу Мінску і гарадскому пейзажу надае ў сваіх творах У. Пяшкун. На яго палотнах усе адценні і настроі зімы, ад яркага іскрыстага марознага раніцы да вячэрняй адлігі ў ціхіх дворыках старога горада.

Запрашаем адчуць такія розныя зімовыя настроі на выставе «Зіма ў горадзе», якая працуе да 23 студзеня 2022 года.

Уваходны квіток дае права наведвання выставы «Мода. Музыка. Маладосць».


Выставачны праект «Час цыклонаў. Жывапіс і графіка Галіны Нячаевай»

Дзе: Нацыянальны мастацкі музей РБ, г. Мінск, вул. Леніна, 20 

Калі: да 29 студзеня 

Колькі: 6 BYN — дарослым; 3 BYN — студэнтам/ школьнікам 

У Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі адкрыўся выставачны праект «Час цыклонаў. Жывапіс і графіка Галіны Нячаевай», прымеркаваны да юбілею аўтара.

На выставе прадстаўлены творы жывапісу, графікі, паэтычныя зборнікі, мастацтвазнаўчыя манаграфіі, дзённікі і замалёўкі, а таксама веткаўскія абразы — неад’емная частка дзейнасці галіны Нячаевай па зборы музейных скарбаў.

Галіна Нячаева (г. н. 1951) — прызнаны і аўтарытэтны даследчык стараверства, традыцыйнай культуры (семіётыкі беларускага арнаменту), заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь. Яна стаяла ля вытокаў стварэння Веткаўскага музея стараверства і беларускіх традыцый імя Ф. Р. Шклярава, доўгія гады была яго дырэктарам і сёння застаецца натхняльнікам калектыву аднадумцаў, адданых музейнай справы.

Акрамя таго, Галіна Нячаева вядомая як паэт і мастак, чыё глыбока філасофская творчасць спалучае ў сабе даследчую дакладнасць і яркі сімвалізм. Выстава працягнецца да 29 студзеня.


Літаратурна-дакументальнай экспазіцыі «Залатая раніца беларускага Адраджэння»

Дзе: «Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры», г. Мінск, вул. М. Багдановіча, 13

Калі: да 31 студзеня

23 лістапада 2021 года ў 17.00 у Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры адбылася ўрачыстае адкрыццё часовай літаратурна-дакументальнай экспазіцыі «Залатая раніца беларускага Адраджэння», прымеркаванай да 110-годдзя Юлія Таўбіна, 115-годдзяў Андрэя Александровіча і Алеся Салагуба, 120-годдзяў Міхася Зарэцкага і Віталя Вольскага, 125-годдзяў Кандрата Крапівы, Майсея Кульбака, Міхася Чарота, 135-годдзя Змітрака Бядулі.

Дзесяцігоддзе 20-30-х гадоў ХХ ст. — адна з самых яскравых старонак у гісторыі Беларусі. На хвалі часу шырокага рэвалюцыйнага ўздыму ў беларускую літаратуру ўліваецца цэлая плеяда маладых пісьменнікаў, паэтаў, крытыкаў. Гэты час быў вельмі спрыяльны для развіцця нацыянальнай культуры і навукі, яго называюць «залатой раніцай» беларускага адраджэння.

У 1920 годзе быў адкрыты Беларускі педтэхнікум — «сад-гадавальнік» беларускіх пісьменнікаў. У 1921 годзе адчыніліся дзверы Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

У гэты час былі арганізаваны вядучыя тэатры — беларускія, польскі і яўрэйскі. У 1926 годзе па аповесці Міхася Чарота «Свінапас» здымаецца першая беларуская кінастужка «Лясная быль».

Развіццё перыядычнага друку ў Беларусі аказала значны ўплыў на станаўленне літаратуры і мастацтва. У газетах «Савецкая Беларусь», «Чырвоная змена», «Звязда», «Літаратара і мастацтва» «Беларуская вёска» і іншых друкаваліся творы выдатных беларускіх пісьменнікаў. Сярод супрацоўнікаў рэдакцый было нямала паэтаў і празаікаў. Папулярныя часопісы тых гадоў: «Маладняк», «Узвышша», «Полымя», «Іскры Ільіча», «Штэрн» і інш.

Наведвальнікі пазнаёмяцца з беларускім друкам таго часу, мастацкімі творамі юбіляраў, даведаюцца пра тое, як «віравала» тэатральнае жыццё.

На экспазіцыі прадстаўлены матэрыялы з фондаў музея, Прэзідэнцкай бібліятэкі Рэспублікі Беларусь, а таксама выкарыстаны электронныя копіі часопісаў з фондаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.

Кантактныя тэлефоны: +375 17 363-56-21, +375 17 395-44-47.


«Навагодняя выстава»

Дзе: Нацыянальны цэнтр сучасных мастацтваў, г. Мінск, вул. Някрасава, 3

Калі: да 13 лютага

Колькі: 8 BYN — дарослым; 6 BYN — студэнтам; 4 BYN — ільготны 

У Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь пачала сваю працу «Навагодняя выстава», на якой вы апыняцеся ў чароўнай святочнай атмасферы і адчуеце прыемныя эмоцыі.

У экспазіцыі прадстаўлены скульптурныя кампазіцыі з натуральных прыродных матэрыялаў, створаныя дызайнерам Генадзем Катлінскім. Наведвальнікі змогуць убачыць фігуркі Дзядоў Марозаў і Снягурак пачатку-сярэдзіны ХХ стагоддзя, Беларускі народны лялечны тэатр (батлейка), казачныя домікі і герояў дзіцячых казак.

Акрамя таго, гасцям будзе прадстаўлены ўнікальны экспазіцыйны комплекс «Друкаваны двор XVI стагоддзя», дзе Беласнежка і сем гномаў працуюць у мініяцюрнай старадаўняй друкарні, каб нават самыя маленькія наведвальнікі змаглі ўявіць, як адбываецца складаны тэхналагічны працэс вырабу паперы і кнігадрукавання.

«Навагодняя выстава» дазволіць апынуцца ўнутры каляднай паштоўкі, акунуцца ў атмасферу цуду і радасці ды парадуе магчымасцю зрабіць яркія маляўнічыя фатаграфіі.

Час працы: штодня з 11:00 да 19:00


Выставачны праект «Тату ў мастацтве. Мастацтва ў тату»

Дзе: Нацыянальны цэнтр сучасных мастацтваў, г. Мінск, вул. Някрасава, 3

Калі: да 13 лютага

Колькі: 12 BYN — дарослым; 10 BYN — студэнтам; 8 BYN — ільготны 

9 снежня ў 18:00 у Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў пачне сваю працу выставачны праект «Тату ў мастацтве. Мастацтва ў тату», дзе будуць прадстаўлены карціны, графіка, фатаграфія, скульптура, арт-аб’екты, звязаныя са светам татуіроўкі, а таксама абсталяванне тату-індустрыі.

У праекце прымаюць удзел вядучыя салоны і майстры тату — больш за 50 аўтараў з усёй Беларусі.

Час працы: серада-нядзеля, 12:00–20:00; выхадны: панядзелак, аўторак.


Выстава «Займальная фотатэхніка»

 

Дзе: Мастацкая галерэя Міхаіла Савіцкага, г. Мінск, пл. Свабоды, 15

Калі: да 17 лютага

Колькі: 3,5 BYN — дарослым; 3 BYN — студэнтам; 2,5 BYN — школьнікам 

У Мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага пачала працу выстава «Займальная фотатэхніка», прысвечаная паходжанню і ўладкаванню фотаапарата, гісторыі фатаграфіі і фатаграфічнай тэхнікі.

Фотаапарат, з’явіўшыся каля двухсот гадоў таму, трывала ўвайшоў у побыт чалавека, назаўжды змяніўшы яго ўзаемаадносіны з навакольным светам, і падаў магчымасць зафіксаваць рэальнасць у самых драбнюткіх падрабязнасцях. Сёння, калі фотакамера ёсць з сабой у кожнага, немагчыма сабе ўявіць паўсядзённае жыццё чалавека без фатаграфіі. За сваю двухсотгадовую гісторыю фотаапарат прайшоў шлях ад грувасткай камеры-обскуры да ўбудаваных у смартфоны фотакамер, якія змяшчаюцца на кончыку пальца. Выстава дэманструе ключавыя этапы гэтага шляху, дазваляе пагрузіцца ў разнастайнасць працэсаў стварэння фатаграфіі і зразумець прынцыпы працы фотаапаратаў самых розных канструкцый.

На выставе прадстаўлены шырокі спектр мадэляў фотаапаратаў, сярод якіх тэхніка, вырабленая ў Германіі, Японіі, СССР, Польшчы, Чэхаславакіі, ЗША, Францыі, Кітаі, Вялікабрытаніі. Найбольш раннія з прадстаўленых фотаапаратаў датуюцца першым дзесяцігоддзем ХХ ст. (стэрэафотаапарат Le Glyphoscope, 1905 г.), найбольш пазнейшыя — канцом ХХ ст. Сярод прадметаў ёсць рэдкія і ўнікальныя ўзоры: праекціровачныя мадэлі фотаапаратаў «Зеніт» 1980-х гг., стэрэафотаапараты для здымкі трохмерных малюнкаў, фотаапараты рэдкай канструкцыі: мікрафотаапараты, фотаапарат у форме гадзін ды іншыя. Большая частка прадметаў ілюструе этап развіцця фотатэхнікі перыяду 1930-1980-х гг. і ўяўляе шырокі спектр канструктыўных асаблівасцяў фотаапаратаў гэтага перыяду.

Фотатэматыку развіваюць фатаграфіі Мінска 1980-х гадоў Вадзіма Качана, арыгінальныя фотакарткі з відамі горада 1900-1920-х гг., узоры прыстасаванняў для праяўкі фатаграфій, стэрэапары ды іншыя прадметы з калекцыі Музея гісторыі горада Мінска, якія ахопліваюць перыяд развіцця фотатэхнікі канца ХІХ-ХХ стст.

Наведвальнікам прапануецца магчымасць паглядзець на аб’ёмныя фотавыявы праз стэрэаскоп і сфатаграфавацца ў фотаатэлье на фоне Мінска пачатку ХХ ст.

Выстава працуе да 17 лютага 2022 года.


Мастацка-дакументальная выстава «Пад знакам Страціма»

Дзе: Літаратурны музей Максіма Багдановіча, г. Мінск, вул. М. Багдановіча, д. 7а

Калі: да 30 сакавіка 

Для Літаратурнага музея Максіма Багдановіча 2021 год насычаны на юбілейныя даты: 130-годдзе з дня нараджэнне паэта, 105-годдзе вяртання Максіма Багдановіча на радзіму, а таксама 105-годдзе напісання твора «Страцім-лебедзь».

Аднаму з апошніх твораў Максіма Багдановіча «Страцім-лебедзь» літаратуразнаўцы не могуць вызначыць форму: паэма, балада, верш. А самога аўтара называюць Страцімам-лебедзем беларускай літаратуры.

У вершы раскрываецца біблейская тэма сусветнага патопу: міфічная птушка Страцім-лебедзь загінула з-за свайго ганарлівага нораву, і ад яе не засталося нашчадкаў. Прамых нашчадкаў ад шлюбу Адама і Марыі Багдановічаў не засталося. Велізарны патэнцыял быў закладзены прыродай у слаўны род Багдановічаў. Шмат у чым ён быў рэалізаваны ў асобе нашага выдатнага паэта. Максім Багдановіч у справе нараджэння беларускай паэзіі мае статус гераічнага Страцім-лебедзя, ад твораў якога пачаў адлічвацца час класічнай літаратуры Беларусі.

На выставе «Пад знакам Страціма» можна ўбачыць упершыню ў Літаратурным музеі Максіма Багдановіча мемарыяльныя рэчы сям’і Багдановічаў. Тыя прадметы, якія захоўваліся ў іншых установах Беларусі.

Шкатулка маці Максіма з Гродзенскага дзяржаўнага гісторыка-археалагічнага музея, мемарыяльныя рэчы бацькі паэта з Нацыянальнага гістарычнага музея РБ, сямейны фотальбом з Беларускага дзяржаўнага архіва літаратуры і мастацтва. А дамінантай выставы з’яўляецца асабістая рэч Максіма Багдановіча — ножык для разразання паперы (з фонду НГМРБ).

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.