Вы тут

У Слаўгарадзе падвялі вынікі праекта «Сеткавае ўзаемадзеянне для паляпшэння магчымасцяў занятасці ў сельскіх раёнах Магілёўскай вобласці»


За гэты час было падрыхтаваныя 195 мясцовых і рэгіянальных ініцыятыў, 23 з якіх рэалізаваны пры фінансавай падтрыманы знешняга донара праекта. Агульная сума падтрымкі склала 204 тысячы еўра.


Толькі па Слаўгарадскім раёне было падтрымана шэсць рэгіянальных і мясцовых ініцыятыў. У вёсцы Хварасцяны ў пустым будынку школы абсталяваны цэнтр перапрацоўкі мясцовай сельскагаспадарчай прадукцыі, які каардынуе работу каля 20 чалавек — яны займаюцца вырошчваннем гародніны і грыбоў. Болей чым 20 чалавек з абмежаванымі магчымасцямі прынялі ўдзел у праекце «Зялёны горад — кветкавы рай», ідэя якога належыць пярвічцы Слаўгарадскага аддзялення «Беларускай асацыяцыі дапамогі дзецям-інвалідам і маладым інвалідам». З імі праводзіліся трэнінгі і заняткі на тэму «Як праявіць сябе ў бізнесе і зарабіць грошы». Для мам, якія выхоўваюць дзяцей-інвалідаў, у рамках праекта закуплены цяпліцы і расада. Гэта дало ім магчымасць палепшыць матэрыяльны дастатак сям'і. Дзякуючы яшчэ адной ініцыятыве ў Слаўгарадзе створана тэатральная студыя «Эдэльвейс».

Вельмі добрыя вынікі атрыманы ў рэалізацыі рэгіянальных ініцыятыў. Напрыклад, слаўгарадскія сыравары распаўсюдзілі свой вопыт на Чэрыкаўскі і Краснапольскі раёны (ініцыятыва «На скрыжаванні густаў»). Зараз у бізнесе болей чым 20 новых членаў гэтага кірунку. Падтрымку атрымала «Мабільная школа аўтарскага рамяства», заяўнікам якой выступіла Слаўгарадскае аддзяленне Беларускага саюза жанчын, а партнёрамі сталі Быхаўская дзіцячая школа мастацкіх рамёстваў і Цэнтральная клубная сістэма з Клічава. Школа «Майстар — майстру», якая была створана ў выніку гэтага аб'яднання, дала магчымасць паспрабаваць сябе ў ролі рамеснікаў 50 жыхарам. У выніку створана сувенірная лаўка, і майстры атрымалі магчымасць прадаваць свае работы. Сумеснымі намаганнямі Слаўгарадскага, Краснапольскага і Чэрыкаўскага раёнаў заснаваны рэгіянальны клуб «Школа крэатыўнай індустрыі», адным з напрамкаў дзейнасці якога з'яўляецца аказанне аніматарскіх паслуг.

— Усяго ў рамках рэалізацыі праекта прыняла ўдзел каля 1500 чалавек, — адзначае старшыня Слаўгарадскага райсавета Святлана Язерская. — За гэты перыяд было праведзена болей чым 300 семінараў і трэнінгаў, 142 круглыя сталы, больш за 100 майстар-класаў, тры тыднёвыя летнія школы, удзел у якіх брала каля 100 чалавек. Праект скончыўся, але ў яго рамках працягваем падтрымліваць работу нашага рэгіянальнага савета па ўстойлівым развіцці. Туды ўваходзяць прадстаўнікі райвыканкамаў усіх пяці раёнаў, дэпутаты, грамадскасць. Яго задача — распаўсюджваць цікавую інфармацыю, шукаць ініцыятывы, дапамагаць людзям развіваць свае таленты. Аналіз паказаў, што праект пасадзейнічаў паляпшэнню ўмоў прадпрымальніцтва, павысіў узровень кампетэнцыі прадстаўнікоў мясцовай улады, якія працуюць з насельніцтвам, прадэманстраваў эфектыўнасць рэгіянальнага ўзаемадзеяння. За два гады было шмат чаго зроблена для абмену вопытам, пошуку партнёраў. Мы распрацавалі дарожную карту далейшага рэгіянальнага развіцця. Будзем павышаць устойлівасць ужо існуючых ініцыятыў і шукаць новыя.

Праект «Сеткавае ўзаемадзеянне для паляпшэння магчымасцяў занятасці ў сельскіх раёнах Магілёўскай вобласці» быў прызнаны сёлета на Магілёўшчыне пераможцам у намінацыі «Найлепшы рэалізаваны праект па дасягненні СУР-2035». Яго вынікі былі ўключаны ў Стратэгію ўстойлівага развіцця Магілёўскай вобласці на перыяд да 2035 года і аналагічныя стратэгіі раёнаў-удзельнікаў.

— Праект даказаў, што супрацоўніцтва паміж раёнамі выступае умовай устойлівага развіцця менавіта на сельскай тэрыторыі, — падкрэсліла каардынатар праекта Ірына Марціновіч. — Раёны аб'ядналіся, каб стымуляваць дзелавую актыўнасць на вёсцы, стварыць прывабныя магчымасці для жыхароў, даць шанц кожнаму чалавеку рэалізаваць свае здольнасці, эфектыўна спалучаючы ўнікальнасць, працавітасць і любоў да малой радзімы.

Нэлі ЗІГУЛЯ.

Загаловак у газеце: Аб'ядналіся, каб рэалізаваць таленты і зарабіць грошы

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».