Вы тут

Выраслі мінімальны заробак, базавая велічыня і базавая стаўка


Са студзеня гэтага года выраслі мінімальная заработная плата, памер базавай стаўкі (ад яе залежыць зарплата бюджэтнікаў), а таксама базавая велічыня, якая ўплывае на некаторыя стыпендыі, дапамогі, падаткі, штрафы і іншыя выплаты, у прыватнасці дапамогу беспрацоўным. Нагадаем, што мяняецца ў нашых заробках, падатках, штрафах і іншых выплатах, якія беларусы могуць атрымаць ужо ў студзені.


«Мінімалка» вырасла да 457 рублёў

Нагадаем, што з 1 студзеня бягучага года мінімальная заработная плата ўстаноўлена ў памеры 457 рублёў. Адпаведнае рашэнне прынята пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 14 снежня 2021 г. № 721 «Аб устанаўленні памеру месячнай мінімальнай заработнай платы». Згодна з заканадаўствам, памер месячнай мінімальнай заработнай платы ўстанаўліваецца Саветам Міністраў па прапанове Нацыянальнага савета па працоўных і сацыяльных пытаннях.

Пры гэтым калектыўным дагаворам можа быць устаноўлены і іншы памер месячнай мінімальнай заработнай платы, але ён мусіць быць не ніжэйшы за ўстаноўлены заканадаўствам памер у 457 рублёў.

Тут важна ведаць, што памер пагадзіннай мінімальнай заработнай платы ў адпаведнасці з заканадаўствам вызначаецца наймальнікам. Гэта велічыня вылічваецца шляхам дзялення памеру месячнай мінімальнай заработнай платы на суадносіны разліковай нормы рабочага часу каляндарнага года, устаноўленай для адпаведных катэгорый работнікаў наймальнікам у адпаведнасці з заканадаўствам аб працы, і колькасці месяцаў каляндарнага года.

Павысілася зарплата бюджэтнікаў

Памер заработнай платы ў бюджэтнікаў з пачатку гэтага года таксама вырас. З 1 студзеня 2022 года базавая стаўка павысілася да 207 рублёў (на 4,5%). Прынятае рашэнне закранае каля 850 тысяч работнікаў бюджэтнай сферы.

Патлумачым, што базавая стаўка (не блытаць з базавай велічынёй) — асноўны элемент тарыфнай сістэмы, на аснове якой праводзіцца аплата працы работнікаў бюджэтных арганізацый і іншых арганізацый, работнікі якіх прыраўнаваны па аплаце працы да работнікаў бюджэтных арганізацый.

— У 2021 годзе назіраўся апераджальны тэмп росту заработнай платы ў бюджэтнай сферы ў параўнанні з тэмпамі росту заработнай платы ў краіне: намінальны склаў 114,6 працэнта, рэальны — 104,8 працэнта. За студзень — кастрычнік 2021 года тэмп росту намінальнай налічанай заработнай платы работнікаў бюджэтных арганізацый у параўнанні з адпаведным перыядам 2020 года склаў 114,9 працэнта, рэальны тэмп росту — 105,1 працэнта, — прывялі лічбы ў Міністэрстве працы і сацыяльнай абароны.

Гэта не адзінае сёлета павышэнне базавай стаўкі. Згодна з прагнозам асноўных параметраў сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2022 год, яе павелічэнне плануецца ў два этапы.

Ёсць і яшчэ адна прыемная навіна для работнікаў бюджэтнай сферы: з пачатку года з 0,5 да 1 аклада павялічваецца аднаразовая выплата на аздараўленне.

Змянілася базавая велічыня

З 1 студзеня ў Беларусі змяніўся памер базавай велічыні — з 29 да 32 руб. Адпаведная пастанова Савета Міністраў прынята 31 снежня мінулага года.

Нагадаем: базавая велічыня ўплывае на колькасныя паказчыкі больш за 200 нарматыўных актаў. Прасцей кажучы, яна прымяняецца для зручнасці разліку некаторых відаў штрафаў, падаткаў, дзяржпошлін і выплат насельніцтву. У апошнія гады базавая велічыня змяняецца адзін раз на 12 месяцаў — з 1 студзеня.

Пры павелічэнні базавай велічыні прапарцыянальна мяняецца пошліна за выдачу новага пашпарта, жаніцьбу ці скасаванне шлюбу, выраслі штрафы за безбілетны праезд у транспарце, нецэнзурную лаянку або распіццё спіртных напіткаў у грамадскіх месцах, курэнне ў забароненых месцах. Змяніліся штрафы за перавышэнне хуткасці, няправільную паркоўку, адсутнасць тэхагляду і іншае.

Базавая велічыня таксама прымяняецца і ў сферы працоўных адносін. Таму ў сувязі з яе змяненнем выраслі некаторыя віды прэмій, стыпендый, матэрыяльная і грашовая дапамога асобным катэгорыям грамадзян і іншыя выплаты. Напрыклад, да базавай велічыні прывязаны памер дапамогі па беспрацоўі.

Алена КРАВЕЦ

Прэв’ю: pixabay.com

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Жыццё Юліі Пярцовай: Шчыры аповед пра сям’ю, работу і пераадоленні нягод

Жыццё Юліі Пярцовай: Шчыры аповед пра сям’ю, работу і пераадоленні нягод

У прамым эфіры тэлеканала «Беларусь-1» Юлія расказвае аб падзеях у Беларусі.

Калейдаскоп

Як добра вы памятаеце ўсе Канстытуцыі Беларусі? Тэст

Як добра вы памятаеце ўсе Канстытуцыі Беларусі? Тэст

За адно стагоддзе Беларусь жыла па пяці розных Асноўных Законах.