Вы тут

Кірыл Коктыш: Зараз беларусы могуць і павінны адказаць на пытанне: «А што — наша?»


З палітолагам Кірылам Коктышам, кандыдатам палітычных навук, дацэнтам кафедры палітычнай тэорыі МДІМА МЗС Расіі, мы размаўлялі... вядома, пра палітыку. Пра тэорыю і практыку, пра звычайныя сёння рэчы, у якіх гэта самая палітыка жыве і кіруе людзьмі, а людзі пра тое і не здагадваюцца. Пра падзеі ў Беларусі (яму згаданая тэма не чужая, ён нарадзіўся і вучыўся ў Мінску, ды і сёння жыве фактычна на дзве краіны). Пра міжнародны парадак дня, пра глабальныя інтарэсы асноўных гульцоў. Пра нашае месца ва ўсім гэтым крутым замесе. Наша гутарка адбылася на мінулым тыдні, якраз перад тым, як пачаліся масавыя беспарадкі ў Казахстане. Але слухаючы дыктафонны запіс, я лавіла сябе на тым, што навіну аб падзеях у Алматы мы падчас размовы ўжо чулі. Зрэшты, дзіўнага ў тым нічога няма: паўсюль працуюць ужо апрабаваныя тэхналогіі, дадаецца толькі «нацыянальны каларыт» — і пра гэта мы гаварылі таксама, як і пра вечнае «каму гэта патрэбна».


Размова атрымалася няпростая, і для ўспрымання, магчыма, падасца камусьці складанай. «Для 88 працэнтаў любога грамадства палітыка — гэта не сфера дзейнасці, а сфера, якой карыстаюцца. Гэта як з ліфтам: калі да вас падыдзе чалавек і пачне тлумачыць яго ўладкаванне, вы будзеце яго ўважліва слухаць? Наўрад ці — вам галоўнае, каб ліфт прывёз вас на патрэбны паверх», — растлумачыў мне суразмоўнік. І ўсё ж, можа, для многіх з нас настаў час пацікавіцца хоць трохі, як працуе гэты ліфт, на якім мы едзем. Хоць бы дзеля таго, каб замест пентхауса ўрэшце не апынуцца на цокальным паверсе…

Гэта нават не цалкам інтэрв’ю, бо падрыхтаваныя пытанні тут не спрацавалі б. Хутчэй разважанні спецыяліста на тую ці іншую тэму і пытанні журналіста дзеля ўдакладнення, які разам з чытачом спрабуе разабрацца ў тым, што адбываецца і хто за гэтым стаіць.

Сацыяльныя сеткі і новыя тэхналогіі. З рэвалюцыянера за тры месяцы можа зрабіць кансерватара. І наадварот

— Мы жывём у складаны час, бо з інтэрнэтам мы перайшлі ў іншую эпоху. Наяўнасць інтэрнэту і сённяшніх эфектаў сацыяльных сетак прыводзіць да таго, што можна казаць аб з’яўленні кагнітыўнага суверэнітэту — суверэнітэту мазгоў, грамадскіх думак, настрояў. І беларускія падзеі 2020-га паказалі, што гэты суверэнітэт вельмі істотны. Кантроль над грамадскай свядомасцю, светапоглядам, настроямі абсалютна рэальна можа апынуцца ў знешняга гульца, які мае свае эгаістычныя матывы. «Вішанькай на торце» стала публікацыя Амерыканскай акадэміі навук аб праекце PEACH, які доўжыўся пяць гадоў і даследаваў магчымасць «перапраграмавання» чалавека. У ім ўзялі ўдзел пяць сур’ёзных універсітэтаў ЗША і Еўропы, «на выхадзе» атрымалася праграма для смартфона, якая спрыяе «асобаснаму росту», «выпрацоўцы лідарскіх якасцяў» і гэтак далей. На другім баку — нават не чалавек, а бот, які аперыруе тыпавымі псіхалагічнымі профілямі. Карыстальнік праграмы, выконваючы заданні, да непазнавальнасці мяняўся на працягу трох месяцаў, прычым у 90 працэнтах выпадкаў.

— У які бок?

— На этапе выпрабаванняў — у той, які «заказваў», але насамрэч — у той, які патрэбен тым, хто ствараў праграму. З рэвалюцыянера за тры месяцы можна зрабіць кансерватара, з халерыка — меланхоліка і наадварот…

— Гэта ж нейкі Оруэл…

— Лепш сказаць, гэта скрыня Пандоры, бо для буйных карпарацый гэта непераадольная спакуса скарыстацца такім новым ноу-хау, бо можна сэканоміць каласальныя сродкі на рэкламе, запраграмаваўшы лаяльнасць да прадукту непасрэдна. А для дзяржавы, перш-наперш — амерыканскай, бо гэтыя напрацоўкі — яе ўласнасць, гэта таксама непераадольная спакуса кантраляваць і свайго, і знешняга выбаршчыка. Галоўная ўмова ўздзеяння і эфектыўнасці падобных тэхналогій — чалавек павінен лічыць сябе незалежным і самадастатковым. Калі ў чалавека дамінуе індывідуальная ідэнтычнасць — ён бачыць сябе найперш як асобу, як індывідумау, то ён гранічна маніпулюемы.

— Парадокс: чым больш ты незалежны, тым больш залежны…

— Так. Гэты парадокс у паліталогіі называецца парадокс Мішэля Фуко, ён адкрыў яго з’яўленне з пачатку Новага часу. Калі коратка: калі хтосьці гаворыць вам пра свабоду і незалежнасць, хутчэй за ўсё, менавіта гэта ён і збіраецца ў вас забраць, калі гаворыць аб гуманнасці — хутчэй за ўсё, яе стане нашмат менш…

— Але раней з меншай хуткасцю перадачы інфармацыі і з адсутнасцю сённяшніх тэхналогій тое было рабіць больш складана…

— Можна было заўсёды. Маклюэн, які прыдумаў тэорыю «гарачых» і «халодных» сродкаў камунікацыі, згадвае такі выпадак з гісторыі. Місіянеры ніяк не маглі ўзламаць племянную структуру аўстралійскіх абарыгенаў, у якіх важнай часткай сацыялізацыі была каменная сякера. Як толькі хлопчык уласнаручна мог яе зрабіць, ён станавіўся мужчынам — адпаведна, набываў у племені правы і статус... Місіянеры ўзялі і раздалі вострыя металічныя сякеры жанчынам і дзецям. Гэтага было дастаткова, каб уся племянная іерархія, уся векавая сістэма разбурылася. І ўжо можна было з лёгкасцю ўкараняць новую ідэалогію і рэлігію…

— Такое ўражанне, што ад абарыгенаў мы недалёка адышлі. Бо летам 2020-га людзі «вяліся» на самыя прымітыўныя «ўкіды», часам на мяжы абсурду…

— У выпадку палітычных навін — чалавек запамінае толькі першае паведамленне: няважна, наколькі яно праўдзівае або абсурднае. Бо ён інфармацыяй карыстаецца — памятаеце, з чаго мы пачалі? І калі далей з усім разбірацца і расказваць, як яно ёсць насамрэч, ён проста патоне ў патоку інфармацыі, бо ён усяго толькі чытач.

— А калі наступная інфармацыя будзе праўдзівая, дэталёвая, з доказамі?

— Для экспертаў гэта спрацуе, для шырокай публікі — не.

— Значыць, усё-ткі справа ў хуткасці?

— Не толькі. Справа ў адказнасці. На самай справе любой сацыяльнай сетцы фэйкавыя навіны выгадныя. Любая спрэчка, любы канфлікт на старонках нараджае палярызацыю — адпаведна, наведвальнасць... Вядома, што ў трыццаці працэнтаў дзяўчат, якія зарэгістраваны ў «Інстаграме», з’яўляецца комплекс непаўнацэннасці: яны пачынаюць лічыць сябе непрыгожымі, тоўстымі і г. д. «Фэйсбук», набыўшы «Інстаграм», ведаючы гэта, не стаў рабіць нічога, каб нешта змяніць. Чаму? Таму што закамплексаваны чалавек — найлепшы пакупнік, яму тут жа, на гэтай жа платформе, можна прапанаваць «надзвычай танна» купіць сродкі ад яго комплексаў…

Што датычыцца спрэчак у віртуальнай прасторы. Так званы эфект сацыяльных сетак, пра які сёння гаворым, апісаў... Джонатан Свіфт у васямнаццатым стагоддзі. Памятаеце, у яго «Падарожжах Гулівера» ёсць гісторыя пра партыі востра- і тупаканечнікаў — палітычныя праціўнікі разыходзяцца ў тым, з якога боку — вострага ці тупога — разбіваць яйка. Насамрэч большасць людзей разбівае яйка пасярэдзіне. Але ж гэта нецікава, і партыі такой няма. Важныя спрэчка і канфлікт — гэта прыцягвае ўвагу... У сацыяльнай сетцы з цэнтрысцкай пазіцыяй быць неэфектыўна, а вось калі ты прытрымліваешся радыкальных поглядаў — ты атрымліваеш найбольшую колькасць «лайкаў», падпісчыкаў, а значыць, далей можаш капіталізаваць сваю пазіцыю — калі прасцей, атрымаць за гэта грошы. У 2018 годзе на «Фэйсбуку» быў уведзены алгарытм MSІ, meanіngful socіal іnteractіons, які дзейнічае на старонцы так. Калі вы нейкай публікацыі паставілі «лайк» — гэта плюс адзін шанц, што яна з’явіцца ў стужцы навін вашых сяброў. Калі вы пакінулі злы смайлік, «дызлайк» — плюс пяць. Калі каментарый — плюс пятнаццаць, а калі каментарый і «рэпост» — плюс трыццаць. Так што больш выгадна рабіць пасты якія? Правільна — скандальныя. Узнікае своеасаблівая варонка — чым больш падобных пастоў, тым больш абмеркаванняў, спрэчак, тым больш зацягваецца ў яе карыстальнікаў... Выйграе найперш сацыяльная сетка — расце колькасць карыстальнікаў і, адпаведна, колькасць пакупнікоў.

Дарэчы, калі стваральнік «Фэйсбука» Цукенберг паспрабаваў прасунуць ідэю ўсеагульнай вакцынацыі ад ковіду праз дадзеную сетку — не атрымалася.

— Чаму?

— Таму што «Фэйсбук» «заточаны» пад спрэчкі. Пад тое, што спараджае раскол і канфлікт. І павярнуць назад не атрымалася нават у стваральніка…

— Вось калі б вакцыны прадаваліся, а не былі бясплатнымі…

— Так. Мэта ў сацыяльных сетак — не ўсеагульнае маніпуляванне, а прасоўванне нейкіх ідэй для пэўных груп. Размова ідзе аб таварнай прывязцы — карпарацыям патрэбныя пакупнікі. Пасля можна ісці з гэтым у палітыку, у іншыя сферы. Але спачатку заўжды на чале стаяць тавары, якія гэтая сетка (ці карпарацыі праз яе) прадае, з тым разуменнем, што таварам можа быць і ідэя (імідж), спосаб жыцця.…

— Значыць, калі ты прысутнічаеш у сацсетках, ты рана ці позна радыкалізуешся ў той ці іншы бок?

— Калі ты не разумееш, у чым справа, то так.

— А калі разумееш — табе там рабіць няма чаго?

— Або ты разумееш і на гэтым зарабляеш, прычым асэнсавана, або разумеючы, не «вядзешся» на тэхналогіі…

— Але ж гэта сумна…

— Ну, можна выбіраць сваіх: каго чытаць, каго глядзець. У гэтым жа і быў першапачатковы сэнс сацыяльных сетак…

Падзеі ў Беларусі летам 2020-га. Прычым тут Вудра Вільсан?

— Звычайна эфект натоўпу дастаткова просты: нейкая колькасць людзей уводзіцца ў эмацыянальны шок — ці захаплення, ці абурэння. Як правіла, натоўп існуе, пакуль жывая гэтая эмоцыя. Існуе і рацыянальны цэнтр натоўпу, які бярэ на сябе функцыі тлумачыць, што адбываецца. Каб натоўп існаваў на эмацыянальным зарадзе не дзень, не два, а больш доўгі перыяд — гэта было, бадай, першы раз. І дапамаглі тут менавіта новыя тэхналогіі. Рацыянальны ж цэнтр быў знешні — польскі тэлеграм-канал, прызнаны сёння экстрэмісцкім. Чаму ён спрацоўваў? Прымітыўна тлумачыў тое, што адбываецца.

— «Тлумачыў» — моцна сказана.

— Але ён выконваў сваю рацыянальную функцыю згодна з тэхналогіямі. І вёў да дасягнення патрэбнай знешнім кіраўнікам мэты.

Тут яшчэ такі момант. У Беларусі вельмі добрая тэхнічная адукацыя, а для людзей з такой адукацыяй, з такім складам розуму усе складаныя палітычныя працэсы — проста механіка, даволі літаральна перанесеная са свету фізічнага ў свет сацыяльны, са свету рэчаў у свет людзей. А яшчэ ў падзеях 2020 года былі заўважныя ІТ-спецыялісты і нацыяналісты. І тыя, і тыя натхняюцца звонку. Што датычыцца ІТ-сектара. Для іх у Беларусі створаны выдатныя ўмовы, але недастаткова ўласных рынкаў. Не сакрэт, што большасць прадстаўнікоў ІТ-бізнесу працуе на амерыканскія кампаніі. А «дзе маёмасць твая, там і сэрца твае», ды і заказчык заўсёды можа задаць умовы, пры якіх ваш прадукт будзе ім заказвацца, а пры якіх — не.

Што датычыцца нацыяналістаў — іх, і не толькі беларускіх, ЗША падтрымліваюць заўсёды. Чаму? У пачатку ХХ стагоддзя амерыканскі прэзідэнт Вудра Вільсан пачаў выбудоўваць палітыку паводле аднаго з заснавальнікаў ЗША Аляксандра Гамільтана, які сфармуляваў прынцып, што велічыня эканомікі мае значэнне. Малая эканоміка мае нізкую тэхналагічную «столь», яна не можа ні зрабіць высокатэхналагічныя рэчы, ні іх акупіць: у вёсцы ніхто не будзе праводзіць метро. Тады ж быў сфармуляваны тэзіс, што еўрапейскія абставіны (а гэта — падзел Еўропы на нацыянальныя дзяржавы) ніякім чынам не павінны паўтарыцца ў ЗША — Штаты павінны быць імперыяй, здольнай «еўрапейскімі абставінамі» карыстацца. І ўжо ў 1919 годзе Вудра Вільсан заяўляе, што любая імперыя — гэта турма народаў (ЗША, вядома, на ўвазе не меліся). Еўрапейскія імперыі зусім не ў апошнюю чаргу намаганнямі Штатаў былі літаральна «парэзаныя» на нацыянальныя дзяржавы, працэс быў назван «Вясна народаў», а яго завяршэнне было аформлена ў Лігу Нацый. Эканамічная мэта для ЗША была даволі простай: скарыстацца выгодамі сваёй спраўджанай індустрыялізацыі, адначасова прадухіліўшы працэсы ўласнай індустрыялізацыі ва Усходняй Еўропе. Гэта і атрымалася: ЗША надоўга сталі для ўсёй Еўропы тэхналагічным донарам, і ў першую чаргу — для малых краін, якія, як сказаў Гамільтан і вельмі добра зразумеў Вільсан, надта малыя, каб стварыць уласныя тэхналогіі.

— Дык прычым тут нацыяналісты і чаму Штаты іх падтрымліваюць яшчэ з тых часоў?

— Паводле дактрыны Вільсана, нацыяналісты ў індустрыі нічога не разумеюць: ні адна нацыянальная культура Усходняй Еўропы не мае індустрыяльнага досведу. Яны ўсе фарміраваліся ў аграрную эпоху, таму нацыяналісты будуць займацца «вяртаннем да вытокаў» і супрацьстаяннем з нацыяналістамі суседніх краін, не перашкаджаючы кіраваць эканомікай замежным уласнікам, якія, скажам так, у ёй разумеюць крыху больш... Што дазволіць яшчэ больш паспяхова развіваць сваю эканоміку... краіне, якая падтрымлівае нацыяналістаў у іншых дзяржавах.

— Але ж гэта было сто гадоў назад — Вільсан і яго палітыка. А гаворым, нібы пра сёння..

— Так, ніхто не думаў, што напрацоўкі стагадовай даўнасці сёння спатрэбяцца. Дарэчы, СССР здолеў пераскочыць праз гэту пастку толькі ў 1929 годзе, калі Штаты, упаўшы ў дэпрэсію, пагадзіліся прадаць сваё індустрыяльнае ноу-хау. Дый Беларусь з усіх краін Еўропы ратавала і працягвае ратаваць менавіта развітая прамысловасць. У краіне 60 працэнтаў занятых у эканоміцы — гэта ўласна работнікі і бюджэтнікі, так ці інакш звязаныя з індустрыяй. І менавіта гэту індустрыю нацыяналісты ў выпадку перамогі гатовыя здаць у першую чаргу.

Але тут яшчэ адзін парадокс. Ужо ў 20-я гады мінулага стагоддзя было зразумела, што найбольш паспяхова нацыянальныя культуры развіваюцца ў імперыях і заўсёды гаснуць у монанацыянальнай дзяржаве. Прычына ў тым, што імперыі выгадна развіваць нацыянальныя культуры, нацыянальныя адрозненні, бо яны ўсе эканомгеаграфічныя. Калі казаць прасцей, лепш прафінансаваць развіццё культуры народаў Крайняй Поўначы, чым спрабаваць завезці туды іншых людзей. Лепш падтрымаць беларусаў на іх балотах, бо ніхто так, як яны, не ўмее гэтыя балоты асвойваць... Для развіцця нацыянальнай культуры важная яе эканамічная далучанасць. Таму калі казаць пра эканамічную інтэграцыю Беларусі ў ЕАЭС — гэта ў тым ліку і гарантыя развіцця нацыянальнай культуры.

— А чаму тыя, хто называюць сябе нацыяналістамі, гэтага не разумеюць?

— А гэта зноў парадокс Фуко. Калі вам гавораць пра развіццё нацыянальнай культуры, то менавіта яна будзе паміраць у першую чаргу.

Сёння варта задумацца пра тое, навошта аддаваць нацыянальную культуру ў знешнія рукі? І яшчэ той момант, што не абавязкова выцягваць усё нацыянальнае з архаікі: можна ж і на беларускай мове асэнсоўваць тое, што адбываецца сёння... Мы ж фактычна з 1960-х гадоў маем індустрыяльную культуру. Гэта тое, што дапамагае краіне выжыць, за яго трэба трымацца, яго трэба развіваць. І не дазваляць знешнім сілам інтэрпрэтаваць сябе як адну з ўсходнееўрапейскіх нацый пачатку ХХ стагоддзя, якая загнаная ў аграрнае гета…

— Чым больш схіляцца да нацыяналізму, тым большая верагоднасць страціць сябе як нацыю... Зноў парадокс?

— Парадокс, вядомы яшчэ сто гадоў таму. Вудра Вільсан яго выдатна разумеў, калі казаў іншым народам, што імперыі — гэта зло…

Канцэпцыі свабоды. Тое, што без справядлівасці — тое не наша

— У свеце канцэпцый свабоды многа, але дамінуюць у якасці палітычных дзве. Першая — англасаксонская. Яна грунтуецца на ўласнасці. Калі ёсць уласнасць — ёсць свабода, таму што з’яўляецца магчымасць гэтай уласнасцю распараджацца. Другая канцэпцыя — французская, негатыўная. Яна грунтуецца на пасыле, што свабода — гэта тое, што знікла са з’яўленнем дзяржавы і ўласнасці. Мы не ведаем, што свабода такое, бо гэта — «пайдзі туды, не ведаю куды, прынясі тое, не ведаю што», мы не зразумеем, ці свабоду мы знайшлі, калі нешта знойдзем, але ведаем, хто вінаваты ў тым, што яна была калісьці страчана, — дзяржава. Таму абавязак кожнага грамадзяніна — супрацьстаянне дзяржаве. Менавіта гэты код свабоды ляжыць у аснове ўсіх рэвалюцый, у тым ліку і сучасных «каляровых».

— А ў славян ёсць сваё разуменне свабоды?

— Ва ўсходнеславянскіх мовах слова «свабода» паходзіць ад «слабада». Што такое слабада — паселішча з ільготным падаткаабкладаннем на аснове таго, што ты ўмееш рабіць...

— Дык навошта нам чужы код, калі ёсць свой?

— Яго і трэба нам сёння вяртаць. Не толькі ў Беларусі — на ўсёй еўразійскай эканамічнай прасторы. Наш базавы код грунтуецца на суб’ектнасці грамадства і на канцэпцыі справядлівасці. Мы без праблем можам меркаваць пра любыя дзеянні ўлады з пункту гледжання справядлівасці. Гэта наша права, наш культурны код. Але як толькі ў гэтай ацэнцы мы мяняем слова «справядлівасць» на нешта іншае, — яно не наша…

— Атрымліваецца, калі з вуснаў кіраўніка дзяржавы пастаянна гучыць слова «справядлівасць» — значыць, ён ведае, што народу трэба?

— Так, ён ведае яго культурны код. Тут вось яшчэ якая рэч. Свабодным чалавек можа быць сам па сабе. Справядлівым — толькі ў адносінах да іншых або да нейкай сітуацыі. Справядлівасць — утрымліваючы код. Бо ад свабоднага чалавека да маніпулюемага адзін крок, мы пра гэта ўжо казалі. А паняцце справядлівасці — прамой накіраванасці, яно — пра баланс сістэмы, кагосьці і кагосьці, таму і больш устойлівае да маніпулятыўнага ўздзеяння. Справядлівым быць нашмат больш складана…

Пра глабальны расклад. Хто будзе чарговым «царом гары»? — Еўропа ператвараецца ў правінцыю, прычым нашмат хутчэй, чым можна было меркаваць. Дамінаванне Захаду над светам доўжылася 300 гадоў, але цяпер высвятляецца, што гэта была хутчэй гістарычная выпадковасць. Сёння цэнтры эканомікі зрушваюцца на сваё ранейшае, спрадвечнае месца — у Паўночна-Усходнюю і Паўднёва-Усходнюю Азію. Кітай становіцца цэнтрам сусветнай эканомікі, але гадоў праз дзесяць яго можа дагнаць Індыя. У 2008 годзе ў гэтай краіне заснавалі 40 новых універсітэтаў і зрабілі бясплатную сярэднюю адукацыю. Вынік відаць ужо сёння — павялічыўся попыт на нематэрыяльныя актывы. Ужо перад пандэміяй Індыя стала пераганяць Кітай па тэмпах эканамічнага росту. У прынцыпе, усё ўваходзіць у сваю каляіну: менавіта Індыя і Кітай на працягу двух тысячагоддзяў былі эканамічнымі цэнтрамі свету.

Нездарма ЗША перамяшчаюцца ў тым напрамку, збіраючыся рабіць пунктам апоры, новым цэнтрам заходняга свету Аўстралію. Для чаго — каб кантраляваць гандлёвыя патокі, што ідуць з Кітая і Індыі.

Расія даволі цесна ўзаемадзейнічае з Кітаем. І гэта таксама праблема для ЗША, бо там яны не могуць прайграць у вырашэнні «тайваньскага пытання». Чаму такія жарсці вакол Тайваня? Тайвань — гэта 67 працэнтаў сусветнай вытворчасці чыпаў. Калі Кітай заўтра возьме кантроль над востравам, можна будзе выкрэсліваць Штаты са спісу перадавых тэхналагічных дзяржаў мінімум на пяць гадоў, пакуль яны не адбудуюць вытворчасць чыпаў у сябе і калі цягнік прагрэсу ўвесь гэты час у краіне будзе стаяць на месцы. Бо без чыпаў не працуюць гаджэты, не ездзяць машыны.

І гэтая каардынацыя Расіі з Кітаем зусім невыпадковая. Бо ЗША на два фронты супрацьстаяць не могуць, і яны гэта таксама разумеюць. І ўжо зразумела, што расійскія патрабаванні вярнуцца да дагавораў 1997 года так ці інакш будуць задаволеныя: цвёрдая пазіцыя на адным баку можа лёгка прывесці да страт на другім, а там — рызыка страты Тайваня.

На сёння мы маем Еўропу і Штаты, якія будуць максімізаваць канцэпт свабоды — бо іншых сродкаў рухаць эканоміку ўжо не знаходзіцца. Як прыклад — тыя ж трансгендары, людзі, якія мяняюць пол. На Захадзе гэта не тое што вітаецца — нават прапагандуецца. А што за гэтым стаіць? Інтарэсы буйных фармакалагічных карпарацый, бо такія людзі кожны дзень усё жыццё становяцца спажыўцамі іх дарагіх гарманальных прэпаратаў... Няма больш на чым зарабляць.

— Усё ўпіраецца ў грошы…

— Несумненна. І тут сітуацыя паскараецца тым, што з 1 верасня мінулага года Кітай нацыяналізаваў усе алгарытмы. Не толькі «вялікія даныя», але і алгарытмы цяпер трапілі пад этычны кантроль кампартыі. Такім чынам, можна сказаць, Кітай рэалізоўвае ўжо згаданы прынцып справядлівасці, ставячы на дзяржаўным узроўні заслон постпраўдзе і фэйкавым навінам, робячы іх проста немагчымымі. Гэта дае падставы меркаваць, што Кітай узяў курс на вяртанне да сацыялізму, але з улікам савецкіх памылак і з кітайскімі рэсурсамі.

— ЗША будуць спрабаваць гэтаму штосьці супрацьпаставіць?

— Так. Але, хутчэй за ўсё, яны ўжо прайгралі. Да ваеннай канфрантацыі ні з Расіяй, ні з Кітаем Амерыка не гатовая. А вось Кітай гатовы ваяваць за Тайвань. Тут узнікаюць цікавыя палітычныя расклады, у якіх стратэгічнае першынство будзе належаць Кітаю. А ЗША дастаецца роля і лёс позняга Савецкага Саюза. Галоўнае пры такім развіцці падзей, каб зніжэнне ўплыву ЗША адбылося гэтак жа плаўна і паступова, як было ў выпадку з СССР…

— Наўрад ці ЗША пагодзяцца з роллю аўтсайдэра, яны пастаянна будуць спрабаваць вярнуць страчаныя пазіцыі.

— Не думаю. Штаты сыходзяць у Азію, дакладней, у Аўстралію, прычым надоўга. У таго, хто кантралюе асноўныя гандлёвыя шляхі (а мы ўжо казалі, што сусветны эканамічны цэнтр зрушваецца ў Паўночна- і Паўднёва-Усходнюю Азію), будзе высокая запатрабаванасць і ваенна-палітычнай ролі. Страціўшы статус глабальнага гульца, Штаты ўсё роўна застануцца моцным рэгіянальным гульцом.

Не трэба забываць, што пастаянны склад Савета Бяспекі ААН — гэта збор уладальнікаў ядзерных чамаданаў. Двух вялікіх (Расія і ЗША) і трох меншых (Кітай, Францыя і Англія). У выпадку, калі штосьці здарыцца з адным з вялікіх чамаданаў, нават на яго ўласнай тэрыторыі, свет літаральна ўжо не будзе такім, як раней: Зямля будзе шукаць новую арбіту, і гэта найперш у прамым фізічным сэнсе... Таму для ўсіх без выключэння важна, каб вырашэнне, хто будзе чарговым «царом гары», адбывалася мірным шляхам, каб было дастаткова разумных і адказных людзей, якія ўсё гэта разумеюць і палітычныя рашэнні прымаюць, кіруючыся гэтым разуменнем.

Наша месца ў раскладзе. Асэнсоўваць сябе часткай Еўразіі

— Нам неабходна пачынаць асэнсоўваць сябе часткай Еўразіі. Гэта вельмі важна, бо няхай Еўропа правінцыялізуецца, але ж мы ад гэтага выйграём.

Свой праект мы пакуль не сфармулявалі. У Беларусі ёсць магчымасць у Саюзнай дзяржаве зрабіць крок наперад, сфармуляваўшы яе ідэалогію. У Расіі такой магчымасці пакуль няма, бо існуе 13-ы артыкул Канстытуцыі, які адмаўляе якую б то ні было ідэалогію ў якасці дзяржаўнай. Беларусь жа такіх абмежаванняў не мае. А ідэалогія — гэта ж насамрэч дагавор дзяржавы і грамадства. І сёння можна зрабіць часткай гэтай ідэалогіі прамысловую палітыку — паняцце, якое ў развіцці Саюзнай дзяржавы з’явілася толькі ўвосень мінулага года пасля падпісання 28 праграм. Бо без ідэалагізацыі прамысловай палітыкі цяжка будзе захаваць рынкі і тыя пазіцыі на іх, якія краіна мае сёння. І адпаведна, захаваць суверэнітэт.

Несумненна, будзе адбывацца ўплыў Саюзнай дзяржавы на краіны Усходняй Еўропы. Будзе адбывацца экспансія і эканамічная, і каштоўнасная. Беларусь — адзіная на гэтай прасторы краіна, якая захавала сістэму падрыхтоўкі прафесійных кадраў для прамысловасці і індустрыяльны вопыт, прывязаны да вытворчасці. Як толькі гаворка ідзе пра тое, што нешта трэба рабіць сваёй працай, — тут Беларусь і Расія ў выйгрышы, і перпектывы тут ёсць.

Летам 2020-га мы спыніліся свооечасова, мы зразумелі, што гэта не наша. Цяпер надыходзіць час сфармуляваць: а што — наша. Беларусы могуць і павінны гэта зрабіць. У гады мінулай вайны толькі беларусы з усіх народаў Еўропы масава ратавалі яўрэяў, у той час як суседзі паводзілі сябе зусім інакш. Нядаўнія падзеі з бежанцамі на граніцы — як працяг гэтай ваеннай гісторыі. Значыць, мы адметныя, нам ёсць чым ганарыцца, што развіваць. Такія рэчы важныя, іх нельга ўпускаць. Сёння грамадству неабходна даць адказы на многія пытанні, тую самую ідэалогію, якая дазволіць яму ўсведамляць сябе самадастатковым, паспяховым, перспектыўным.

— Мы якраз у працэсе. Можа быць, у нас не так шмат часу, як хацелася б…

— Так, давядзецца паспяшацца. Бо сітуацыя і ў свеце, і ў нашым рэгіёне будзе развівацца даволі хутка.

— Як кажуць у Беларусі, «будзе вельмі цікава»?

— У гэтым можаце не сумнявацца.

Гутарыла Алена ЛЯЎКОВІЧ

Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.