Вы тут

Як доктар стаў культработнікам, прыгоды пошты і калядныя прыпеўкі


Усё пачалося з гармоніка...

Так здараецца: нехта з маленства хоча стаць лётчыкам ці тым жа бухгалтарам і пасля школы адразу паступае вучыцца, атрымлівае дыплом, працуе па абранай прафесіі... Аднак ці не часцей на ўступных экзаменах здараюцца непрыемнасці: не хапае, напрыклад, балаў, і...


Само жыццё падштурхоўвае да іншага выбару, іншага жыццёвага шляху, часам — не менш цікавага. Сведчанне таму — лёс Кацярыны Канцэр.

Пасля школы гэтая дзяўчынка марыла стаць доктарам, здавала экзамены ў Гродзенскі медінстытут, але для таго каб паступіць, ёй не хапіла бала — толькі аднаго.

Можна было пачакаць і налета паспрабаваць яшчэ раз, але...

Дома, у Драгічыне, сядзіба Канцэраў заўжды была месцам «сходак»: у вольную часіну тут збіралася шмат людзей. Яны спявалі, танцавалі, жартавалі, і мама Кацярыны загадзя расчыняла вокны, каб іншыя таксама чулі, як хораша іграе гармонік і спявае моладзь, хацела, каб у людзей была радасць...

А таму, параіўшыся з бацькамі, дзяўчына вырашыла «несці яе ў народ» — пайшла вучыцца на культработніка, і не прагадала — яшчэ і таму, што падчас вучобы сустрэла сваё каханне, выйшла замуж за аднакурсніка Аляксандра Шэшку, разам з ім па размеркаванні прыехала працаваць у Столін.

Тады пры мясцовым Доме культуры было шмат розных мастацкіх калектываў, яркіх выканаўцаў. Маладая пара многаму там навучылася і амаль адразу ж... адышла ад спраў: Аляксандра прызвалі ў войска, Кацярына пераехала да яго бацькоў у вёску Міжлессе Бярозаўскага раёна. Тут нарадзілася іх дачушка Эліна.

Гадаваць дзіця маладзенькай маме дапамагала свякроў Валянціна Палікарпаўна. Яна ж расказвала нявестцы пра мясцовыя звычаі, знаёміла з людзьмі. Не дзіва, што хутка гэту ю сям'ю наведалі дырэктар школы Мікалай Сіліч і старшыня мясцовага калгаса Мікалай Агароднік. Яны запрасілі Кацярыну працаваць — весці ў школе ўрокі спеваў, а ў вёсцы — стварыць самадзейнасць.

Прапанова была прывабная, і Каця пачала дзейнічаць. Вакол сябе яна сабрала шмат аднадумцаў, якія перш-наперш навялі парадак у клубе, потым сталі запрашаць туды настаўнікаў, сельскую моладзь, вучняў, адкрываць мясцовыя таленты. На гармоніку цудоўна іграў Іван Пастаялка, на цымбалах і скрыпцы — браты Грыцукі, людзі не зводзілі вачэй з танцора Уладзіміра Амялюсіка...

Не дзіва, што ў хуткім часе калектыў тамтэйшай мастацкай самадзейнасці не проста узяў удзел у раённым аглядзе-конкурсе, але і перамог. Яму было прысуджана першае месца і ўручана радыёла «Беларусь».

Пасля гэтага Кацярыну запрасілі працаваць у Бярозаўскі аддзел культуры — спачатку метадыстам, потым — дырэктарам метадычнага цэнтра.

Менавіта ў тыя часы быў створаны калектыў «Памяць сэрца», у які ўвайшлі ветэраны вайны Марыя Логінава, Дар'я Пятрова, Іван Панюціч, Міхаіл Юрчанка, Мікалай Галаганюк, Якаў Буры, Фёдар Ерш ды іншыя. Тых, хто пачынаў, сёння ўжо няма — справу працягваюць ветэраны працы. Іх клубу «Памяць сэрца» дзесяць гадоў таму было прысвоена званне «народны», ён жа стаў лаўрэатам рэспубліканскіх фестываляў «Беларусь — мая песня» і «Не старэюць душой ветэраны»... Што, між іншым, чыстая праўда, бо апошнім часам гэты калектыў у самых розных аўдыторыях і месцах правёў больш за 300 выступленняў, якія нязменна завяршаліся шчырымі апладысментамі, адрасаванымі не толькі выканаўцам, але і кіраўніку.

...Кацярына Шэшка лічыць сябе шчаслівай жанчынай. Яна мае вялікую дружную сям'ю, якая цяпер жыве ў Бярозе, часта наведвае і свой родны Драгічын. Праўда, у бацькоўскім доме цяпер ніхто не жыве, але ён дагледжаны і, магчыма, помніць яшчэ, як тут іграў-заліваўся гармонік, з-за якога жыццё дачкі склалася менавіта так, а не іначай.

Іван АСКІРКА

Фота аўтара


Чэргаў — як не было

Да пошты ў мяне асаблівае стаўленне. І віною таму... «Звязда», якую выпісваю гадоў мо з трыццаць. І гадоў мо з дваццаць як пішу — «вясёлыя і праўдзівыя гісторыі», подпісы да здымкаў, лісты...

Амаль заўсёды, калі снегу намяце ды калі разводдзе, думаю, ці праб'ецца да нас паштовая машына, ці прынясе паштарка Наталля Сусло свежы нумар «Звязды»? Тут яшчэ і дарожнікам дзякуй — чакаю я нездарма: газета прыходзіць. Чытаючы яе, з цеплынёй і часта ўспамінаю Святлану Мікалаеўну Зайцаву — былога начальніка Рагачоўскага вузла паштовай сувязі. Да выхаду на заслужаны адпачынак яна і сабе выпісвала «Звязду», і сваёй маме. А якія ладзіла дні падпісчыка!... Можна сказаць, сапраўдныя святы — з гасцямі, з падарункамі-сувенірамі... Я добра ведаю гэта, бо не раз прысутнічала, не раз выступала.

Але ж цяпер пра іншае. У нашай вёсцы Лучын каля 2900 чалавек насельніцтва. Раней тут быў цэнтр сельсавета, на пошце працавала тры чалавекі — загадчыца і дзве паштаркі. Потым так званая старая гвардыя сышла, а пры новай — амаль заўжды былі чэргі. Трэба аплаціць камунальныя паслугі, нешта адправіць, купіць тыя ж канверты, календары, нешта з прадуктаў ці прамысловых тавараў — загадзя псуецца настрой, бо ведаеш, што прыйдзецца альбо пачакаць, змарнаваўшы свой час, альбо вярнуцца ні з чым...

Так было, пакуль загадчыцай пошты не стала Дзіна Рыгораўна Сяргеева. Маладая жанчына, але вопыт работы ў яе ўжо быў, прычым немалы. Так што асвоілася яна досыць хутка, і чэргаў у нас як не было! Нават калі сыдзецца шмат людзей, усіх абслугоўваюць хутка, ветліва і на здзіўленне спакойна, бо з Дзінай Рыгораўнай, каб і хацеў, пасварыцца немагчыма. Яна да ўсіх з павагай і ўвагай... Да таго ж вёска — не горад, дзе ніхто нікога не ведае. У нас, у Лучыне, людзі дакладна жывуць па правілах сваёй супольнасці. Гэта значыць, калі нехта спяшаецца, Дзіна Рыгораўна абслужыць без чаргі, і людзі зразумеюць. Ці, здараецца, нехта прыпазніўся... Праблемы ў яго таксама не будзе: чалавека абслужаць за кошт перапынку на абед.

А таму шчыры дзякуй кіраўніцтву вузла паштовай сувязі за такога спецыяліста і чалавека! І, вядома ж, самой Дзіне Рыгораўне за яе работу і павагу да людзей.

Ад імя жыхароў вёскі Лучын —

Соф'я КУСЯНКОВА

Рагачоўскі раён


«Пасярэдзіне зімы Каляду святкуем мы...»

І, як сведчыць рэдакцыйная пошта, дастаём звязду (сімвал сонца — шматпрамянёвую, асветленую знутры зорку на кіі), пераапранаемся ў казу, жорава ды мядзведзя, бяром гармонік — і выпраўляемся па хатах, офісах, кватэрах, каб павіншаваць сваіх родных, суседзяў, дзелавых партнёраў са святамі...

У дапамогу калядоўшчыкам нізка прыпевак ад чытачоў «Звязды».

Наступае Каляда —

Цякуць грошы, як вада.

Хай пустуе гаманец,

Але ж свету не канец!

 

Як удзень на Каляду

Зноў дастанем мы звязду,

З цыганамі, з жоравам

Пагуляем здорава!

Як не можаш заспяваць

Ці мядзведзем зарыкаць,

Абярніся п'яніцам —

Хоць сто грам дастанецца!

Мікалай КАСМАЧЭЎСКІ,

г. Наваполацк.


На Каляды кожны ласы

На гарэлку і каўбасы.

Каму надта павязе,

Той да дзеўкі дапаўзе!

Эльяш БАНЕЛЬ,

г. Мінск


Калі ў вас пад Новы год

Хлеба ні кавалачка,

Сабярыце карагод —

Будуць хлеб і чарачка!

 

Каб жылося ўсім шчасліва,

П?ём гарэлачку і піва.

Бог жа шчасцейка дае —

Хто працуе, а не п?е.

 

Ой, браточкі, дайце рады:

Едзе ўнучак на Каляды.

Сябрукоў сваіх вязе:

Гаспадарку ўсю звядзе!

 

За народзіны Хрыстовы

Выпіць мы заўжды гатовы.

Было б добра, калі б Бог

Потым «выжыць» дапамог.

Іван АСТРОЎСКІ

г. Мінск


Наступае Каляда —

Цякуць грошы, як вада.

Пасля святаў застанецца

На стале адна «Звязда»!

 

На Каляды кожны ласы

На гарэлку і каўбасы.

Хто бяднейшы, хто багаты —

Усе шануюць гэта свята!

 

На стале абрус калядны,

Сена пад абрусам.

Хай шанцуе ў новым годзе

Людцам-беларусам!

Антаніна ЕРАМЕЕВА

Рагачоўскі раён

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек збяруцца, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.