Вы тут

Ахола Вало: Шведска-фінскі мастак з беларускім адценнем


У лістападзе 1998 года на адрас Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва прыйшла неспадзяваная пасылка са Злучаных Штатаў Амерыкі. Невялікі пакунак утрымліваў матэрыялы, звязаныя з жыццём мастака Ахола-Вало: некалькі выставачных каталогаў, фінскую газету Pohjoіs Karjala («Паўночная Карэлія») за 29 жніўня 1987 г. з вялікім ілюстраваным артыкулам вядомай фінскай журналісткі і пісьменніцы Туулы-Лііны Варыс, значная частка якога прысвечана беларускаму перыяду жыцця і творчасці Ахола-Вало, успаміны бібліёграфа Зоры Кіпель пра сустрэчу з мастаком у 1988 г. у Хельсінкі і некаторыя іншыя.


Самай вялікай нечаканасцю ў гэтым пакунку быў ліст мастака (дакладней — яго чарнавік) да беларуска-татарскага грамадска-культурнага дзеяча і літаратуразнаўцы Мацея Канапацкага, які жыў на Беласточчыне. Ліст напісаны па-беларуску, пісаўся на працягу амаль двух тыдняў, ад 27 сакавіка да 7 красавіка 1957 года (кожны дзень працягу ліста аўтарам пазначаны), і мае трыццаць тры вялікія рукапісныя старонкі. З яго зместу зразумела, што ініцыятарам перапіскі быў Канапацкі — актыўны дзеяч і арганізатар многіх беларускіх праектаў.

«Паважаны друг беларускай культуры!»

Для Ахола-Вало знаёмства з Канапацкім прынесла вялікую радасць і спадзяванні на тое, што ён зноў уключыцца ў плынь беларускага жыцця, хоць бы на Беласточчыне, бо шлях у СССР яму быў закрыты. І ён піша да яго неверагодны па аб'ёме ліст, адгортваючы старонку за старонкай свайго жыцця, як сведчанне сваіх заслуг перад беларускім народам. Аўтар паслання прыадкрывае многія таямніцы як уласнай біяграфіі, так і далёкіх падзей культурнага жыцця ў Віцебску і Мінску 1920-х гадоў. Ён напоўнены каштоўнай для даследчыкаў факталогіяй, успамінамі з далёкіх часоў, філасофскімі адступленнямі, бытавымі сцэнамі бягучага жыцця і бясконцымі выказваннямі сімпатыі і ўдзячнасці да Беларусі. Ужо сам пачатак ліста гаворыць пра многае: «Паважаны друг беларускай культуры! ...Увесь дзень учора і гэту ноч знаёміўся з даўнімі мастацкімі працамі, рэгістраванымі ў маёй хроніцы, якая пачата з 1910 года. Я пачаў выдзяляць з яе ў асобны спісак тыя творы, якія маюцца ў маіх архівах і што захаваліся ад «зубоў воўка злытнасці» цяжкіх часоў гісторыі. У плыні гэтай працы, вакол пачатай вялікай справы, я зноў пачуў, крок за крокам, тыя знаёмыя цудоўныя гукі цымбал і вясковых жалеек, мяккі говар працалюбівых людзей і ўсе ласкаючыя гукі таго края, які як матка, калісь даўно ўскарміў маё натхненне і гадаваў маё пачуцце да мастацкага шляху і сагрэў мяне. У гэтыя гадзіны і хвіліны я зноў усё больш і больш вяртаюся да былых маіх вялікіх думак аб дапамозе ўзмацавання культуры любага для майго сэрца беларускага народу».

Вясна Алексантэры

Выдатны фінскі мастак-графік, пісьменнік і мысляр Алексантэры Ахола-Вало нарадзіўся 27 студзеня 1900 года ў вёсцы Імпілахці (цяпер Рэспубліка Карэлія) ў сям'і фінскага пісьменніка і журналіста Петэры (Пека) Ахола (1875—1919). Пасля заўчаснай смерці жонкі ў 1902 г. Петэры з сынамі пераехаў у Пецярбург, дзе прайшлі самыя раннія дзіцячыя гады будучага мастака. Пасля падзей 1905 г., за ўдзел у рэвалюцыйных выступленнях, Петэры Ахола з сям'ёй быў высланы ў Вырыцу пад Пецярбургам. У горад дзяцінства Алексантэры вернецца ў 1915 г., каб вучыцца у мастацкай школе. Тут ён пачне захапляцца філасофіяй, псіхалогіяй, але найбольш рэвалюцыйнай рамантыкай. Праз некалькі гадоў ідэі сусветнай рэвалюцыі скіруюць яго ў рады Чырвонай Арміі, а пасля і дабравольцам у паход на Варшаву.

Значную частку свайго жыцця Алексантэры Ахола-Вало пражыў у Швецыі. Былі ў яго біяграфіі, акрамя Санкт-Пецярбурга, Адэса, Масква, іншыя гарады. Але быў і перыяд у цэлых дзесяць гадоў, які ён называў «вясной жыццёвай і мастацкай школы, вясной радаснай і ўпартай працы на карысць беларускай культуры». У беларускі горад Віцебск Ахола-Вало першы раз прыехаў у 1920 г. Прыехаў, можна сказаць, выпадкова: быў накіраваны далечвацца пасля ранення. Ехаў са спакойным сэрцам. Віцебск маляваў у сваім уяўленні паводле расказаў бацькі — удзельніка Першай сусветнай вайны, якога лёс закінуў на Віцебшчыну і які вельмі добра адзываўся аб беларусах і распавядаў сваім дзецям пра цудоўны край. Гаварыў, што «беларускі народ чакае вялікая будучыня за тыя вялікія выпрабаванні, якія гэты народ праходзіў на працягу ўсяе свае гісторыі». Пра свой першы дзень у Віцебску Ахола-Вало ўспамінаў: «Чыгуначны служыцель увайшоў у вагон і стаў у дзвярах каля мяне і крыкнуў з усёй сілай усяму шчыльна запакаванаму насельніцтву вагона: «Віцебск!» Сонейка бліскучае асляпіла вочы, калі я выйшаў з памяшканняў халоднага і паўцёмнага вакзала на плошчу. Пайшоў далей з радасным захапленнем да ўсяго новага. Ішоў доўга па шматлюднай вуліцы (гэта была Вакзальная вул.), пакуль не дайшоў да моста праз раку Дзвіну. Тутака я ўбачыў цудоўную карціну. Па мосце ішлі людзі шэрагамі з лапатамі, тапарамі і рознымі зброямі працы і дружна пяялі. Гэта быў дзень вялікага суботніка. Стаў я каля агароджы моста, паклаў катомак ля ног і пачаў рысаваць фарбавымі алоўкамі гэтае з'явішча. Я зрабіў некалькі хуткіх наброскаў, а народ усё ішоў і ішоў з новымі чырвонымі штандарамі і лозунгамі».

У Віцебску Ахола вельмі хутка і актыўна ўключыўся ў мастацкае жыццё. На той час гэты горад быў цэнтрам гуртавання мноства творчых плыняў, што вельмі хутка дадуць сусветнаму мастацтву імёны Марка Шагала, Казіміра Малевіча, Роберта Фалька, Івана Пуні, Веры Ермалаевай, Эль Лісіцкага і іншых. Менавіта ў год прыезду Ахола ў Віцебск існаваўшай тут народнай мастацкай школе надаецца статус вышэйшай пад назвай Віцебскія дзяржаўныя мастацкія майстэрні, якія ў 1921 г. стануць Віцебскім мастацка-практычным інстытутам (ВМПІ). Магчыма, што і ён стаў студэнтам ВМПІ, хоць гэты факт пакуль што застаецца спрэчным. Вядома, што ўладкаваўся на работу мастаком-выхавацелем у адну з віцебскіх школ, наведваў заняткі ў майстэрні Пэна, Юдовіна, асвоіў майстэрства афорта і лінагравюры. Віцебск пакінуў у 1923 г. і экстэрнам здаваў экзамены ў Адэскім мастацкім вучылішчы. Якраз гэтая акалічнасць і можа сведчыць аб тым, што Ахола быў студэнтам ВМПІ. Вядома, што з верасня 1923 г. інстытут быў рэарганізаваны ў тэхнікум. Гэтае рашэнне стала пачаткам вялікага ўнутранага канфлікту, які прывёў да таго, што многія выкладчыкі пакінулі навучальную ўстанову, а з імі і некаторыя вучні, што пасля працягнулі вучобу ў Маскве, Ленінградзе і іншых гарадах. Магчыма, што адным з гэтых вучняў быў і Ахола.

Мінскі прамень жыцця

У Мінск Ахола прыехаў у 1925 г. Тут да свайго прозвішча ён далучыў прыстаўку-псеўданім Вало, што ў перакладзе з фінскай азначае Святло ці Прамень. Ён ужо дастаткова добра авалодаў беларускай мовай, стаў заўважнай фігурай у мастацкім асяродку, займеў шмат сяброў і прыхільнікаў, якія ў друку і ў штодзённым жыцці называлі яго Алесь Ахол ці Алесь Пятровіч. Да таго ж ён паспеў стварыць сям'ю, ажаніўшыся з беларускай Аленай Нікановіч-Яцкевіч, і ў Мінску ў іх нарадзіліся дзве дачкі. Яго мінскі перыяд быў вельмі плённым. У лісце да Канапацкага ўласнаручна сцвердзіў: «Галоўнае, што колькасць выкананых прац у Беларусі з'яўляецца да сённяшнага дня найбольшай часткай усёй колькасці, што выканана мною за ўсю дзейнасць, нягледзячы на тое, што хутка 27 год часу з моманту, як я пакінуў гэты духоўна мне родны край». Добра знаёмыя ўсім часопісы і газеты «Узвышша», «Малады араты», «Піянер Беларусі», «Чырвоная змена», «Савецкая Беларусь», «Звязда» ў 1920-я гг. выходзілі менавіта ў яго афармленні. У Мінску праявіўся яго талент і ў галіне кніжнай графікі. У бібліятэцы Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва і іншых бібліятэках краіны можна ўбачыць многія выданні 1920-х гг. у афармленні Ахола: «Новую зямлю» Якуба Коласа, «Табе» Анатоля Вольнага, «Плынь» Міхайла Грамыкі, «Угрунь» Андрэя Александровіча, «Хвоі гавораць» Кузьмы Чорнага, «Ветры буйныя» Паўлюка Труса... Ён рабіў малюнкі для Белдзяржкіно, стварыў серыю партрэтаў беларускіх дзеячаў Баліцкага, Каспяровіча, Чарвякова і іншых. Мастак вёў дакладны ўлік сваіх работ і ў цытаваным тут лісце канстатуе: «...з выкананых па заказу грамадскіх устаноў колькасць прац была ў Беларусі — 2453 і адналічнікаў — прыватных заказаў 362».

Мінскі перыяд вызначыўся для мастака яшчэ і тым, што кнігі Беларускага дзяржаўнага выдавецтва ў яго афармленні, побач з прызнанымі беларускімі мастакамі Дваракоўскім, Гуткоўскім, Тычынам, Змудзінскім, у 1927 г. былі паказаны на Сусветнай выстаўцы кнігі ў Парыжы. У Мінску Ахола-Вало стварыў вялікую колькасць гравюр, якія пабывалі на міжнародных выстаўках і яго першай персанальнай, адкрытай у Мінску ў 1928 годзе. У 1927 г. па ініцыятыве мастака арганізуецца творчая суполка «Прамень», задача якой была абазначана ўласна Ахола-Вало — фарміраванне новага рэвалюцыйнага асяроддзя агітацыйнымі сродкамі скульптуры, дэкору, лозунгаў. У 1930 г. Ахола-Вало распрацоўвае і будуе ў Мінску на тэрыторыі Першай усебеларускай сельскагаспадарчай і прамысловай выстаўкі «Павільён гісторыі пакутаў чалавецтва». На насценных роспісах павільёна былі адлюстраваны вядомыя зверскія спосабы катаванняў. Пасярод павільёна стаяла гіганцкая шасціметровая драўляная скульптура «Галіяф» са светлавой панэллю на спіне, на якой наведвальнік мог прачытаць гісторыю вядомых пакутнікаў. Манокль гіганта асвятляў усю плошчу выстаўкі. Павільён прастаяў да 1941 г. і быў знішчаны фашысцкімі захопнікамі.

Не толькі сведчанні радасці

1930 год быў апошнім беларускім годам у жыцці Ахола-Вало. Яго ліст да Канапацкага раскрывае некаторыя прычыны яго рашэння пакінуць Мінск. «Хранікальныя памяткі-архівы і мемуары захавалі не толькі сведчанні радасці тых далёкіх гадоў, якія зрабілі грунт майго развіцця, але і сведчанні гора. Найбольш было гора ў апошнім 1930 годзе майго прабывання ў Мінску і наогул у Беларусі, калі ў мяне больш не хапала сіл змагацца з ворагамі культуры. Кепска ўсім прыходзіцца тады, калі культурнымі справамі кіруюць сляпыя ворагі культуры. Тады было многа людзей, якім снілася толькі ўлада над другімі ды асабістая карысць. Справы культуры такім чынам у большасці былі ў руках непрагрэсіўных людзей. Дзякуючы гэтаму ў тыя часы было загублена шмат светлых ідэй. А аднымі лозунгамі не дасягнеш такога цуду, каб у адзін момант усё перамянілася. Дзеля гэтага патрабуецца больш упартай працы ва ўсіх галінах, якімі павінна кіраваць толькі навука са спецыяльнымі навуковымі калектывамі, а не прынцыповая сістэма кіравання, скапіяваная з мінулых сістэм грамадскасці». Найбольшыя пакуты прыносілі мастаку нападкі на «Прамень», а пасля і канфлікт з-за нявыплачанага абяцанага ганарару за пабудову згаданага тут павільёна. І ён прымае рашэнне пераехаць у Маскву.

Там Ахола-Вало працаваў у Інстытуце аховы сям'і і дзіцяці, распрацоўваў праект «зялёнага пояса Масквы», але ў хуткім часе адчуў злавеснае дыханне набіраўшых ход рэпрэсій. Па парадзе старога бальшавіка Карла Радэка ў 1933 г. мастак выехаў у Фінляндыю, пры гэтым змог вывезці не толькі сям'ю, а і свой багаты архіў. Пасяліўся ў Хяменліна і некалькі гадоў плённа працаваў. Калі ў 1939-м пачалася савецка-фінская вайна, быў западозраны фінскімі ўладамі ў сувязях з НКУС і арыштаваны. Некалькі месяцаў правёў у турме. У 1940 г. змог выехаць у Швецыю, дзе пражыў больш за сорак гадоў. У Фінляндыю вярнуўся толькі ў 1982 годзе.

Апошняя вандроўка ў краіну юнацтва

Пішучы ліст да Канапацкага, Ахола-Вало спадзяваўся і марыў пра выстаўку беларускай часткі сваіх твораў. «Галоўнае, каб гэта думка аб выставе вытварылася і каб мела месца яшчэ пры маім жыцці сярод беларусаў. Я жадаю ўбачыць гэту радасць як вышэйшую ўзнагароду за тое, што будучы адарваным ад Беларусі на доўгія часы, застаўся верным ёй», — пісаў ён.

Ахола-Вало памёр 15 верасня 1997 года. І ўсё ж у канцы жыцця яму пашчасціла ажыццявіць сваю запаветную мару вярнуцца ў краіну юнацтва, прайсціся па яе трывожных сцежках і здзівіць усіх добрым валоданнем беларускай мовай. Вяртанне яго імені ў беларускае мастацтва, як і апошні, адзіны яго прыезд у Беларусь пасля 1930 г., адбылося дзякуючы старанням вучоных Адама Мальдзіса і Людмілы Налівайкі. У 1995 г. Ахола-Вало ўзяў удзел у Другім міжнародным кангрэсе беларусістаў, які праходзіў у Мінску, прачытаў даклад-успамін пра беларускі перыяд сваёй творчасці, увесь час паўтараючы: «Мая дарагая, родная Беларусь». У гэтыя ж дні ў Віцебску была зладжана яго выстаўка, якую ўбачыў сам мастак. 110-годдзе нараджэння Алексантэры Ахола-Вало — Алеся Ахола-Вало ў 2010 годзе Беларусь адсвяткавала вялікай выстаўкай яго твораў у Нацыянальным мастацкім музеі...

І ў завяршэнне яшчэ адна вытрымка з ліста Ахола-Вало (арфаграфія арыгінала — Г.З.): «Перад тым як адпачываць пасля сённяшняй працы, я павінен казаць аб сваіх пачуццях, бо я чую, што я не адзін, а мяне тутака радам слухаюць усе беларускія дзяцькі і цёткі і іх дзеці як суродзічы думак, аднольковых думак, усім гуртом дзержаць вышэй штандар чалавечнасьці, за збліжэнне сэрцаў, за асветленую будучыню — за будучыню, у якой ня будзе шмат злытнасьці і цемры».

Ганна ЗАПАРТЫКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Жыццё Юліі Пярцовай: Шчыры аповед пра сям’ю, работу і пераадоленні нягод

Жыццё Юліі Пярцовай: Шчыры аповед пра сям’ю, работу і пераадоленні нягод

У прамым эфіры тэлеканала «Беларусь-1» Юлія расказвае аб падзеях у Беларусі.

Калейдаскоп

Як добра вы памятаеце ўсе Канстытуцыі Беларусі? Тэст

Як добра вы памятаеце ўсе Канстытуцыі Беларусі? Тэст

За адно стагоддзе Беларусь жыла па пяці розных Асноўных Законах.