Вы тут

«Эліксір маладосці», старажытныя муміі і тушэнне пажараў ракетамі


Статуі ў Саудаўскай Аравіі аказаліся самымі старажытнымі

Навукоўцы ўстанавілі ўзрост гіганцкіх рэльефных малюнкаў, высечаных у скалах на стаянцы вярблюдаў на поўначы Аравійскага паўвострава. Статуі жывёлін, выкананыя ў натуральную велічыню, былі ўзведзены яшчэ ў эпоху неаліту, у VІ тысячагоддзі да нашай эры. Такім чынам яны могуць быць найбольш старажытнымі падобнымі аб'ектамі. Вынікі работы размешчаны ў часопісе Journal of Archaeologіcal Scіence Reports.


Рэльефныя выявы размешчаны на тэрыторыі дагістарычнага помніка пад назвай «Стаянка вярблюдаў». Увогуле археолагі «ўбачылі» на скалах 21 рэльеф з выявамі вярблюдаў і іншых жывёлін. Раней навукоўцы меркавалі, што скульптуры былі ўзведзены 2000 гадоў таму, аднак дакладныя даныя невядомыя.

Спецыялісты з Міністэрства культуры Саудаўскай Аравіі, а таксама Універсітэта караля Сауда сумесна з нямецкімі калегамі з Інстытута гісторыі чалавецтва Макса Планка і Нацыянальнага цэнтра навуковых даследаванняў Францыі арганізавалі маштабнае даследаванне, нацэленае на вызначэнне ўзросту помніка.

Было ўстаноўлена, што статуі стварылі ў VІ тысячагоддзі да нашай эры з выкарыстаннем каменных прылад. У той час на тэрыторыі помніка размяшчаліся саванападобныя лугі з азёрамі і асобна стаячымі дрэвамі. Непадалёк вадзіліся дзікія коні і вярблюды.

Паводле ацэнкі экспертаў, для ўзвядзення кожнай скульптуры патрабавалася 10-15 дзён работы. Лічыцца, што над помнікам шчыравала вялікая група людзей. Даследчыкі мяркуюць таксама, што большая частка рэльефаў была створана да канца VІ тысячагоддзя да нашай эры. Гэта сведчыць аб тым, што дадзеныя помнікі могуць быць самымі старажытнымі захаваўшыміся буйнымі рэльефнымі статуямі ў свеце, якія захаваліся.


Навукоўцы назвалі найлепшую дыету для даўгалецця

Амерыканскія навукоўцы з Інстытута Бака па даследаванні старэння раскрылі сістэму харчавання, якая дапаможа істотна павялічыць працягласць жыцця, піша Express.

Спецыялісты папярэдзілі, што залішняе спажыванне вугляводаў стварае вялікую метабалічную нагрузку на арганізм. Акрамя таго, павышаны ўзровень цукру можа пагражаць атлусценнем, запаволеннем абмену рэчываў, сардэчна-сасудзістымі захворваннямі, высокім крывяным ціскам і нават ракам. Таму навукоўцы лічаць, што для даўгалецця лепш за ўсё прытрымлівацца нізкавугляводнай дыеты. Яны назвалі яе «эліксірам маладосці».

Найлепшым варыянтам нізкавугляводнага харчавання, па словах біёлагаў, з'яўляецца кетагенная, або кета-дыета — сістэма харчавання з высокім утрыманнем тлушчаў і малой колькасцю вугляводаў. Адзначаецца, што дадзены рацыён дапамагае захаваць памяць, рухальныя функцыі і павялічыць працягласць жыцця. Акрамя таго, кета-дыета станоўча ўплывае на людзей з дыябетам другога тыпу.

Разам з тым важным правілам для падтрымання даўгалецця навукоўцы назвалі ўжыванне расліннай ежы. Даследаванне з удзелам добраахвотнікаў паказала, што такое харчаванне на 16 працэнтаў зніжае рызыку развіцця сардэчна-сасудзістых захворванняў.


Даследчыкі аднавілі твары трох старажытнаегіпецкіх мумій

Рысы твараў трох муміфікаваных мужчын, якія жылі каля двух тысяч гадоў назад, атрымалася ўзнавіць дзякуючы узорам іх ДНК. Пра гэта гаворыцца ў артыкуле навуковага партала Lіve Scіence.

Па звестках выдання, мужчыны памерлі ва ўзросце 25 гадоў у перыяд паміж 1380 годам да нашай эры і 425 годам нашай эры. Іх муміі выявілі ў старажытнаегіпецкім горадзе Абусір эль-Мелек, размешчаным на поўдзень ад Каіра.

Навукоўцы з Інстытута навукі гісторыі чалавецтва імя Макса Планка ў нямецкім Цюбінгене атрымалі матэрыял згаданых мумій яшчэ ў 2017 годзе. Але толькі цяпер супрацоўнікі амерыканскай кампаніі па ДНК-тэхналогіях Parabon NanoLabs стварылі 3D-мадэлі гэтых мужчын. Пры аднаўленні рысаў твару даследчыкі выкарысталі тэхналогію ДНК-фенатыпавання, іншымі словамі, спрагназавалі фізічныя характарыстыкі людзей на аснове аналізу іх генетычнага матэрыялу.

Мяркуючы па адноўленых мадэлях, ва ўсіх траіх мужчын была светла-карычневая скура, цёмныя вочы і валасы. Пры гэтым генетычна яны аказаліся бліжэйшыя да сучасных жыхароў Міжземнамор'я і Блізкага Усходу, чым да сучасных егіпцян.

Па словах дырэктара Parabon па біяінфарматыцы Элен Грэйтак, тэхналагічны падыход, адпрацаваны на старажытных муміях, можа дапамагчы навукоўцам аднавіць твары для ідэнтыфікацыі сучасных астанкаў.


Запатэнтаваны новы спосаб барацьбы з ляснымі пажарамі

Расійскае навукова-даследчае і вытворчае прадпрыемства «Маскоўскі інстытут цеплатэхнікі» знайшло спосаб тушэння лясных пажараў з дапамогай ракетных тэхналогій, запатэнтаваўшы «пушку» для тушэння, вынікае з дакументаў, размешчаных у базе даных Распатэнта.

«Вынаходства адносіцца да сферы пеннага пажаратушэння і прызначана для прадухілення і тушэння буйнагабарытных пажараў у цяжкадаступных мясцовасцях», — вынікае з тлумачэння да патэнту. Акрамя таго, «пушку» будуць выкарыстоўваць для стварэння загараджальных палос у працэсе ліквідацыі лясных верхавых і нізавых пажараў.

Навізна спосабу тушэння ў тым, што адмысловы састаў для ўтварэння пены змешчаны ў водны раствор. Такім чынам пена фарміруецца не адразу, а актывуецца з часам. Улічваючы што далёкасць палёту пены меншая, чым у струменя вадкага раствору, прапанаваны спосаб аўтары лічаць больш «дальнабойным», ён дазваляе тушыць пажары на большай адлегласці.

У прыладзе рэалізаваны ракетны прынцып работы, які Маскоўскі інстытут цеплатэхнікі выкарыстоўвае для вытворчасці ракет на цвёрдым паліве. У сістэме пажаратушэння цвёрдапаліўныя элементы падпальваюцца і прадукты іх гарэння выціскаюць водны раствор з бака, гэта значыць «страляюць» ім у патрэбным кірунку.

Варта нагадаць, што пажары ў Расіі могуць пабіць антырэкорд ХХІ стагоддзя: полымя знішчыла лес амаль на 16 мільёнах гектараў тэрыторыі краіны.


Агучаны бяспечны для сэрца час класціся спаць

У Вялікабрытаніі навукоўцы правялі даследаванне і высветлілі, што калі засынаць у перыяд з 22 да 23 гадзін, зніжаецца рызыка атрымаць сардэчна-сасудзістыя захворванні. Пра гэта гаворыцца ў артыкуле, апублікаваным у часопісе European Heart Journal — Dіgіtal Health.

Удзел у эксперыменце ўзялі 88 тысяч чалавек, на запясці якіх для дакладнасці выяўлення даных былі надзеты спецыяльныя акселерометры. Сярэдні ўзрост паддоследных склаў 61 год. Супрацоўнікі кампаніі Huma Therapeutіcs вялі назіранні на працягу сямі дзён, фіксуючы таксама фізічны стан і сацыяльнае становішча назіраных.

«У нашым арганізме ёсць унутраны гадзіннік, які называецца цыркаднымі рытмамі, што дапамагаюць рэгуляваць фізічнае і разумовае функцыянаванне. Занадта ранні ці позні час наступлення сну можа парушыць работу біялагічнага гадзінніка, што прывядзе да неспрыяльных наступстваў для здароўя сардэчна-сасудзістай сістэмы», — кажа аўтар даследавання доктар Дэвід Плэнс.

Эксперты ацэньвалі здароўе ўдзельнікаў выпрабавання за апошнія шэсць гадоў і выявілі развіццё сардэчна-сасудзістых захворванняў у 3,6 працэнта чалавек. Даследчыкі прыйшлі да высновы, што тыя людзі, якія засынаюць апоўначы ці пазней, на 25 працэнтаў больш схільныя да рызыкі развіцця хвароб сэрца і сасудаў, чым тыя, хто кладзецца спаць у перыяд з 22 да 23 гадзін. Мацней да захворванняў сэрца ў такім разе больш схільныя жанчыны. Сярод мужчын рызыка была высокая толькі для тых, хто засынаў раней за 22 гадзіны.

Сяргей СТАРЫНАЎ

Фота з адкрытых крыніц

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».