Вы тут

Лукашэнка: Мастацтва, спорт, грамадская дзейнасць павінны быць высокамаральнымі


Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ўручыў прэміі «За духоўнае адраджэнне». Узнагароды знайшлі і лаўрэатаў спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва і лаўрэатаў прэміі «Беларускі спартыўны Алімп». 


Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што ўзнагароды ўручаюцца напачатку студзеня невыпадкова. «Светлыя калядныя дні — час дзіўны, напоўнены верай, любоўю і радасцю. Ён аб’ядноўвае людзей, натхняе і дорыць надзею. Таму калі чвэрць стагоддзя таму мы заснавалі прэмію „За духоўнае адраджэнне“ і спецыяльныя прэміі, то свядома прымеркавалі іх уручэнне да Каляд. Менавіта гэтае хрысціянскае свята сімвалізуе ўсё самае светлае і чыстае ў нашым жыцці, што нам давялося дзесяцігоддзямі і стагоддзямі бараніць», — сказаў ён. 

Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі на фоне распаду савецкай дзяржавы каламутнай плынню з Захаду прынесла так званыя дэмакратычныя каштоўнасці, замешаныя на чужых ідэалах, бездухоўнасці і нізкіх пачуццях. «Падавалася гэта пад выглядам нейкай высокай моды і культуры, а мэта таго экспарту сёння ўсім зразумелая. Трэба было ўзрасціць пакаленне без роду і племя. Дыскрэдытаваць паняцце патрыятызм, прымусіць пагарджаць спадчынай продкаў», — падкрэсліў Прэзідэнт. 

Супрацьставіць гэтаму можна было, найперш, традыцыйную хрысціянскую мараль, маральнасць і найбагацейшую культуру беларускага народа, забяспечыўшы падтрымку людзям, якія гэтыя каштоўнасці аберагаюць і развіваюць. Ён звярнуў увагу, што не маючы трывалых духоўных апор, наўрад ці беларусы, прайшоўшы праз шматгадовыя войны і пазбаўленні, здолелі б захаваць родную мову, культуру і традыцыі, якія звязалі стагоддзі і пакаленні.

«Здавалася б, простыя ісціны, але давайце зазірнем крыху далей нашых межаў. Ці ўсе народы сёння, як мы, жывуць годна, у міры і згодзе? На жаль, не. На двары ХХІ-е стагоддзе — стагоддзе навукі, прагрэсу і ўнікальных тэхналогій, а сотні мільёнаў людзей у свеце пакутуюць ад войнаў, хвароб і голаду», — заўважыў Аляксандр Лукашэнка. 

Міласэрнасць, чалавеклюбства і сумленне

Кіраўнік дзяржавы канстатаваў, што ў бурным моры перамен беларусам атрымалася абараніць незалежнасць Беларусі, вывесці на новы ўзровень эканоміку, захаваць і развіць сацыяльную сферу. Але самае галоўнае — захаваць сябе, менталітэт, годнасць і чыстую душу беларускага народа. Усё тое, што нас аб’ядноўвае і дазваляе з упэўненасцю глядзець у будучыню. «Час паказаў, што наша маладая суверэнная дзяржава ўмее знаходзіць эфектыўныя адказы на любыя выклікі. Пацвярджэнне гэтаму тое, як мы спраўляемся з кавіднай пандэміяй. Усё, што намі зроблена і робіцца, — выключна для захавання здароўя і жыцця нашых людзей», — сказаў ён. 

Асабліва Прэзідэнт звярнуў увагу на прыгранічны крызіс на беларуска-польскай мяжы. Паводле яго слоў, які паказаў, што для беларусаў міласэрнасць, чалавекалюбства і сумленне — не пустыя гукі. Мы заўсёды гатовы адгукнуцца на чужую бяду. Ён нагадаў, непахісныя ісціны: як ты адносішся да чалавека, так і ён будзе адносіцца да цябе, як ты паважаеш іншыя народы, так і твой будуць паважаць. І з гэтым у беларусаў усё добра. 

«Мы падтрымалі гэтых людзей, абагрэлі, далі ім прытулак і хлеб. Яны прыйшлі да нас з мірам, і мы сустрэлі іх з адкрытай душой. Да такіх людзей у нашай чыстай, утульнай, прыгожай, гасціннай Беларусі іншага стаўлення і быць не можа», — заявіў Аляксандр Лукашэнка. Беларускі лідар падкрэсліў, што падобныя падзеі даюць зразумець, наколькі ўразлівы чалавек, калі губляе сувязь з каранямі, з роднай зямлёй. І як важна ў нашым жорсткім свеце берагчы памяць народа, гістарычную праўду, не дапускаць фальсіфікацыі лёсавызначальных для краіны падзей. 

Ведаць цану міру і перамогі

«Страта выявы гераічнага мінулага вядзе дзяржаву да катастрофы і пазбаўляе народ будучыні. Я рабіў і надалей разам з вамі буду рабіць усё, каб з беларусамі такога ніколі не здарылася. Менавіта таму 2022 год мы аб’явілі Годам гістарычнай памяці», — сказаў Прэзідэнт. Па яго словах, гэта добрая нагода для ўсіх яшчэ раз асэнсаваць тысячагадовы цярністы шлях народа да незалежнасці і ўласнай дзяржаўнасці. Скласці разам усе старонкі нашай няпростай гісторыі: і гераічныя, і трагічныя. Гэта дапамагае вызначыцца з пантэонам нацыянальных герояў, яшчэ раз паглядзець на падручнікі гісторыі, надаць новы імпульс краязнаўству і прадоўжыць работу па захаванні помнікаў архітэктуры. Данесці да свету праўду аб генацыдзе беларускага і іншых народаў на тэрыторыі нашай краіны.

«Мы павінны гэта зрабіць. Найперш для нашых дзяцей і ўнукаў. Яны павінны ведаць цану міру і свабоды, якія здабываліся многімі пакаленнямі потым і крывёй», — канстатаваў кіраўнік дзяржавы.

Ваша праца — выратаванне чалавецтва

Беларускі лідар заўважыў, што беларусы заўсёды па-асабліваму ставяцца да людзей, якія ўмеюць ствараць нешта незвычайнае, што радуе вока і сагравае душу. Да тых, хто, не шкадуючы часу, узбагачае культуру, захоўвае гістарычную спадчыну, выхоўвае моладзь. Да такіх, як сённяшнія лаўрэаты. «Справай жыцця вы абралі пачэсны абавязак захоўваць хараство прыроды, чалавечую існасць ды культуру. Кожны з вас нясе адметны ўклад у скарбонку нацыянальных традыцый, мастацтва і асвету нашай краіны. Вельмі важна, што значная частка праектаў, якія сёння адзначаны прэміямі, звязаны з захаваннем гістарычнай памяці і фарміраваннем грамадскага светапогляду ў юнага пакалення», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. Ён не абмінуў увагай тое, што моладзь з дапамогай дарослых актыўна ўдзельнічае ў дабрачыннай і валанцёрскай дзейнасці, займаецца пошукам загінуўшых герояў вайны, аднаўленнем імён і ўвекавечваннем іх подзвігаў.

«У наш лічбавы век, калі як вялікую мару будучыні вызначаюць бяздушны свет штучнага інтэлекту, а нармальны жывы дыялог людзей замяняюць сацыяльныя сеткі, вашу працу інакш як выратаваннем чалавецтва не назавеш», — сказаў Прэзідэнт. 

Разам з прэміямі «За духоўнае адраджэнне» і спецыяльнымі прэміямі па добрай традыцыі ўручаецца прэмія «Беларускі спартыўны Алімп» атлетам і трэнерам, якія праслаўляюць Беларусь на міжнародных арэнах і на ўласным прыкладзе дэманструюць перавагу здаровага ладу жыцця.

«Кожны з вас, паважаныя лаўрэаты, — вялікі талент. Вы сваёй дзейнасцю, сваім жыццём сцвярджаеце простую ісціну: мастацтва, творчасць, спорт, грамадская дзейнасць павінны быць высокамаральнымі і стваральнымі. Вы патрыёты па ўчынках, сапраўдная народная інтэлігенцыя па духу, для якой любоў да Радзімы — перш за ўсё служэнне ёй, прага зрабіць родную краіну прыгажэй. Вы прыклад для іншых, як разуменне таго, што толькі стваральная праца вядзе дзяржаву да росквіту, а прызначэнне грамадзян назаўжды ва ўсе часы — абарона і будаўніцтва Айчыны. Толькі такія справы ўзбагачаюць чалавека і вядуць яго да вяршынь духу, прымушаюць імкнуцца да святла, несці яго іншым. Наш шлях — умацаванне незалежнасці, клопат пра надзённае і будучыню, пра захаванне ў чалавеку чалавечага», — звярнуўся да герояў дня Аляксандр Лукашэнка. 

Прэзідэнт пажадаў усім здароўя, дабрабыту, поспехаў ва ўсіх пачынаннях, міру, хатняга цяпла і шчасця!


Талент без межаў. Лаўрэаты прэміі падзяліліся сваімі ўражаннямі

Для лаўрэатаў прэміі «За духоўнае адраджэнне», спецыяльных прэмій Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, «Беларускі спартыўны Алімп» галоўнае, вядома, не ўзнагароды, а справа свайго жыцця. Цікава, што менавіта за яе яны і атрымліваюць падобныя ўзнагароды. Героі святочнага дня падзяліліся сваімі ўражаннямі ад такіх прыемных калядных падарункаў. 

Прэміі «За духоўнае адраджэнне» ўганараваны калектыў дзяржаўнай установы адукацыі «Цэнтр дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі горада Брэста» за значны ўклад у патрыятычнае выхаванне маладога пакалення, рэалізацыю праекта «Пост Памяці Брэсцкай крэпасці». У гарадской Вахце Памяці штогод удзельнічаюць прадстаўнікі 42 устаноў адукацыі Брэста. Дырэктар мемарыяльнага комплексу «Брэсцкая крэпасць — герой» Рыгор Бысюк расказаў, што амаль за 50 гадоў Вахта Памяці праз гэтую школу патрыятычнага выхавання прайшлі больш за 97 тысяч юных брастаўчан. 

«Пост памяці — гэта ў нейкай ступені аблічча Брэсцкай крэпасці. Многія хочуць убачыць, як змяняецца каравул, а як хлопцы і дзяўчаты ганарацца тым, што яны ўвайшлі ў мемарыяльны атрад. У Брэсцкую крэпасць народная сцежка не зарастае, у прамым сэнсе. За мінулы год мы прынялі 383 тысячы наведнікаў. Гэта сведчыць аб тым, што людзі ідуць сюды правесці час, акунуцца ў гэтую гісторыю, яшчэ раз сутыкнуцца з подзвігам абаронцаў нашай Айчыны. Мне як кіраўніку прыемна, што ў апошні час сталі людзі прыходзіць сем’ямі. Я лічу, што гэта вельмі важны момант», — сказаў ён. 

За асаблівыя заслугі ва ўвасабленні ідэй гуманізму, рэалізацыю дабрачынных праектаў, накіраваных на захаванне гістарычнай памяці і традыцый, падтрымку дзяцей, якія пацярпелі ад ваенных дзеянняў прэмію «За духоўнае адраджэнне» атрымаў Мясцовы дабрачынны фонд Аляксея Талая.

«Мая сям’я, мая краіна, дзе магілы маіх продкаў, пасаджаныя разам з бабулямі і дзядулямі дрэвы — усё гэта надае мне сіл ісці наперад і пераадольваць цяжкасці і гароты і дамагацца ўсяго. Я адчуваю неад’емную сувязь пакаленняў, сувязь са сваёй роднай зямлёй. Я як мужчына, як бацька чацвярых дзяцей разумею, што свет глядзіць на нас драпежным поглядам і мы, як нашыя вялікія дзяды і прадзеды павінны трымаць абарону, умацоўвацца па ўсіх пазіцыях. Нас ніхто не пашкадуе. І мы гэта цудоўна разумеем. І нездарма 2021 год, за які мы атрымліваем узнагароду, быў абвешчаны „Годам народнага адзінства“. Толькі разам мы вытрымаем націск знешніх пагроз і прамых інтэрвенцый і зможам далей жыць пад мірным небам, гадаваць сваіх дзяцей і дапамагаць тым, каму зараз нялёгка», — падкрэсліў Аляксей Талай, дырэктар дабрачыннага фонду. 

Падчас узнагароджання ён падарыў Прэзідэнту зборнік дзіцячых эсэ аб вайне «Жывая памяць удзячных пакаленняў». Выданне на 45 тамоў стала самым вялікім зборнікам дзіцячых эсэ ў свеце. 

У 2021 годзе Нацыянальны Алімпійскі камітэт арганізаваў спартыўна-культурны фестываль «Вытокі. Крок да Алімпу». За гэтую ідэю НАК Беларусі стаў лаўрэатам спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва. 

«Мне падаецца, што ідэя фестывалю вельмі своечасовая і гэта тое, што нам зараз трэба. Фестываль атрымаўся вельмі добры і адкрыты, ён аб’яднаў людзей розных узростаў і інтарэсаў. Што вельмі важна, ён падкрэсліў арыенціры нашай дзяржавы такія, як сямейныя каштоўнасці, здаровы лад жыцця. Я думаю, што такога фестывалю нам не хапала. Гэты праект быў запушчаны ў Год народнага адзінства. І, мне здаецца, што будзе вельмі сімвалічна, калі ў Год гістарычнай памяці ён будзе паспяхова працягнуты. У нас ёсць ідэі і іх шмат. Трэба сабраць іх разам і зрабіць лепей, чым летась, у нас для гэтага ўсё ёсць», — расказала прадстаўніца арганізацыі Ксенія Санковіч. 

Асаблівасць беларускай зямлі ў тым, што таленавітыя дзеячы культуры і мастацтва развіваюцца не толькі ў вялікіх гарадах, а і ў маленькіх населеных пунктах. Спецыяльную прэмію Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь атрымалі заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь, узорны тэатр эстрады «Кропелька» Мірскага сельскага дома культуры з Баранавіцкага раёна. Лаўрэатам стаў і Васіль Казачок, загадчык філіялам № 15 Цэнтра ганчарства вёскі Гарадная, што на Століншчыне. 

Валерыя СЦЯЦКО

Фота: БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Ніна Іванова: «Менавіта грамадства павінна рабіць крокі насустрач»

Ніна Іванова: «Менавіта грамадства павінна рабіць крокі насустрач»

Беларускае таварыства дружбы і культурнай сувязі амаль стагоддзе займаецца папулярызацыяй духоўных і культурных здабыткаў.