Вы тут

Барысенка: Самая вялікая каштоўнасць — мірнае неба над галавой


Дзейнасць Магілёўскага абласнога гісторыка-патрыятычнага пошукавага клуба «Віккру» адзначана прэміяй «За духоўнае адраджэнне». Гэта падзяка за значны ўклад у патрыятычнае выхаванне моладзі, увекавечанне памяці абаронцаў Айчыны, рэалізацыю разведвальных пошукавых праектаў «Памяць», «Дняпроўскі рубеж» і «Сожскі рубеж».


Фота: БелТА

Асабліва выніковымі экспедыцыі былі ў апошні час. Калі за амаль 28 гадоў існавання абласнога гісторыка-патрыятычнага пошукавага клуба «Віккру» яго байцамі ўстаноўлена 107 імёнаў, то толькі летась — 17 з іх.

— Пошукі сталі больш выніковымі, бо адкрыліся дадатковыя архівы і ў нас з’явіліся больш падрабязныя звесткі аб ходзе баёў і дыслакацыі нашых і нямецкіх войскаў, — удакладняе кіраўнік клуба, ваенны гісторык і пісьменнік Мікалай Барысенка. — Вайна забрала жыцці мільёнаў чалавек, сотні тысяч з іх лічацца без вестак зніклымі. Імён няма нават у пахаваных. З амаль 330 тысяч чырвонаармейцаў, якія ляжаць у воінскіх пахаваннях Магілёўскай вобласці, вядомы толькі 68 тысяч імён. 

Разам з 52-м асобным спецыялізаваным пошукавым батальёнам Міністэрства абароны байцы клуба «Віккру» паднялі і перапахавалі амаль 1,5 тысячы салдат і камандзіраў Чырвонай арміі. Па ініцыятыве клуба ўстаноўлена 35 помнікаў і памятных знакаў. Апошнім часам пошукавікі шмат працавалі разам з пракуратурай па фактах генацыду на тэрыторыі вобласці.

— Цяпер мы маем новыя дадзеныя пра выпадкі знішчэння мірнага насельніцтва, — падкрэслівае суразмоўца. — Вельмі ўнікальная ў гэтым сэнсе створана база «Спаленыя вёскі», дзе адлюстроўваюцца ўсе буйныя карныя аперацыі за перыяд вайны. На Магілёўшчыне няма амаль ніводнага населенага пункта, дзе б захопнікі і іх памагатыя не здзекаваліся над людзьмі. 

«Віккруўцы» працавалі і над канцэпцыяй мемарыяльнага комплексу «Памяці спаленых вёсак Магілёўскай вобласці» ў вёсцы Боркі Кіраўскага раёна. Менавіта яны ўстанавілі, што ў 1942 годзе там загінулі не 1,8 тысячы, а больш за дзве тысячы чалавек. У гэтым ім дапамаглі рассакрэчаныя нямецкія архівы. Карная аперацыя ў Борках была адной з найбуйнейшых за гады Вялікай Айчыннай вайны на тэрыторыі Беларусі. 

Мікалай Барысенка лічыць, што гэты год вельмі своечасова абвешчаны Годам гістарычнай памяці.

— Гісторыю нельга забываць, бо памяць — падмурак будаўніцтва любой дзяржавы, аснова адзінства людзей, — кажа ён. — Некаторыя маладыя людзі сёння гавораць: «Навошта нам мінулае? Гэта ж так даўно было». Гістарычная памяць — тое, за што трымаецца любое пакаленне. Нельга глядзець у будучыню і не памятаць мінулага. Як толькі мы зоймемся касмапалітызмам і выхаваем чалавека без Радзімы і сцяга — бяры голымі рукамі гэтую краіну. Без памяці нашым дзецям няма на што абаперціся.

— З кожным годам мы пачынаем больш актыўна прыцягваць да пошукаў падлеткаў, — дадае метадыст абласнога Цэнтра творчасці і начальнік штаба клуба «Віккру» Святлана Барысенка. — У рамках нашага праекта «Памяць» мы ўбачылі, наколькі выніковая гэта работа. Калі школьнікі прыходзяць да нас на раскопкі, яны маюць магчымасць убачыць на свае вочы выскалы той страшнай вайны — адарваныя рукі і ногі байца, разбіты куляй чэрап, захраслыя асколкі мін у пазванках... Гэта робіць на іх вялікае ўражанне. Яны па-іншаму пачынаюць успрымаць вайну”.

Напрыканцы мінулага года клуб сумесна з Цэнтрам творчасці запусціў праект «Навучыся памятаць». Адным з яго складальнікаў стане ваенна-мемарыяльная акцыя «Марш памяці». Школьнікам прапануюць на сёлетнім парадзе 9 Мая пранесці партрэты не толькі загінулых у гады вайны сваякоў, але яшчэ і тых, хто аддаў жыццё за абарону або вызваленне канкрэтнага населенага пункта. Навучэнцам прыйдзецца правесці своеасаблівую пошукавую работу, каб знайсці інфармацыю пра тых байцоў.

— Вось гэта і ёсць рэальная работа па выхаванні патрыятызму, — лічыць Святлана. — Калі мы зараз не возьмемся за нашых дзяцей, за іх возьмуцца іншыя. Нельга дапусціць, каб вайна для моладзі засталася толькі чарговай тэмай на старонках падручніка па гісторыі або фільмам пра «вайнушку» з таннымі спецэфектамі. Нам было прасцей, мы маглі патрымаць у руках баявую ўзнагароду дзеда або бацькі — франтавіка, або бачыць слёзы бабулі, калі тая даставала са стала трохкутнікі ад сына або мужа, якія не вярнуліся з вайны. Усё гэта выхавала ў нас зусім іншае стаўленне да страшных падзей і зусім іншы светапогляд. Мірнае неба над галавой — гэта сапраўды вялікая каштоўнасць у жыцці.

Сёння «Віккру» — самае вялікае абласное грамадскае аб’яднанне пошукавікаў у краіне. У яго ўваходзяць 23 пошукавыя групы з 15 раёнаў вобласці, плюс каля 20 груп і атрадаў, якія створаны на базе навучальных устаноў рэгіёна. Найбольш актыўныя з пошукавікаў — Ягор Шчанаў, Павел Кончыкаў, Ілья Трыханаў, Антон Пракапнёў, Ала Казючыц, Яўген Бацанаў, Аляксандр Халееў , Сяргей Якубовіч, ветэраны клуба — Алег Пускоў, Сяргей Тагаеў, Сяргей Беспанскі, Пётр Хаванскі і іншыя. За амаль 28 гадоў прадуктыўнай работы «віккруўцы» не раз адзначаліся ўзнагародамі, у тым ліку расійскімі. Але гэта — асаблівая. 

— Прызнанне на дзяржаўным узроўні дарагога варта, — адзначыў Мікалай Барысенка. — Дагэтуль мы чыстымі “рэгіяналамі” былі. Магілёўскі аблвыканкам нас заўсёды падтрымлівае, дзякуй вялікі за гэта. Але цяпер мы атрымалі дзяржаўнае прызнанне і нам будзе прасцей працаваць. Ёсць разуменне, што гэта работа патрэбная людзям. А калі гэта патрэбна людзям, гэта патрэбна і дзяржаве. 

Нэлі ЗІГУЛЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек збяруцца, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.