Пад медыцынскім наглядам у сувязі з ужываннем наркотыкаў у Беларусі знаходзіцца каля 13,5 тысячы чалавек. З іх каля 7,3 тысячы маюць сіндром залежнасці. Штогод больш за тысячу чалавек урачы бяруць пад медыцынскае назіранне. Пры гэтым каля 600 чалавек штогод з такога ўліку знімаюць. Праўда, каля дзвюх соцень з іх — не з прычыны адмовы ад ужывання, а з-за смерці.
Нарказалежным хворым неабходная дапамога, не толькі таму, што пастаянны прыём наркотыкаў падрывае іх фізічнае і псіхічнае здароўе. Церпяць адносіны з роднымі і блізкімі, пачынаюцца праблемы на рабоце, часта даходзіць і да правапарушэнняў. Аднак для поўнага пазбаўлення ад залежнасці спатрэбіцца прыкласці значныя намаганні і патраціць шмат часу. Як праходзіць медыцынская рэабілітацыя нарказалежных у нашай краіне, расказалі спецыялісты.
Летась назіралася невялікае зніжэнне колькасці тых, хто ўпершыню трапіў у поле зроку медыкаў з сіндромам залежнасці — іх было 386 чалавек. Усяго ж медыцынскае назіранне ў сувязі з ужываннем наркотыкаў было ўстаноўлена для 1300 чалавек (1100 — год таму). Рост колькасці ўзятых пад назіранне фіксуецца ва ўсіх рэгіёнах, за выключэннем Брэсцкай і Віцебскай абласцей.
— Сёння мы бачым наступныя пагрозы: з'яўленне новых відаў наркатычных сродкаў, пашырэнне практыкі іх незаконнага выкарыстання, распаўсюджванне праз інтэрнэт, у тым ліку падлеткамі, якія часта не ўсведамляюць цяжар крымінальнага пераследу і пакарання, — кажа Арцём Малмыгін, начальнік Рэспубліканскага цэнтра наркалагічнага маніторынгу і прэвенталогіі РНПЦ псіхічнага здароўя.
Сярэдні ўзрост наркаспажыўцоў — 18-30 гадоў. І зусім невялікая колькасць тых, каму за 30-40. І гэта не дзіўна, бо чым старэйшы ўзрост, тым больш саматычных хвароб нават у здаровага чалавека, што ўжо казаць пра наркаспажыўца, у якога істотна аслаблены імунітэт. Гэта адна з самых уразлівых катэгорый для з'яўлення любых хвароб. Адмента, што падлеткі і моладзь спрабуюць наркотыкі ў сярэднім з 14 да 20 гадоў, але рэдка звяртаюцца па медыцынскую дапамогу з гэтай нагоды. У стацыянар трапляюць ўжо ў 25-40 гадоў.
— Нарказалежнасць — не ізаляванае захворванне, гэтыя людзі залежныя і ад алкаголю, і ад медыкаментозных прэпаратаў. І без лячэння яны, як правіла, не дажываюць да пажылога ўзросту, — адзначае Сяргей Марчук, загадчык 18-га наркатычнага аддзялення РНПЦ пісхічнага здароўя.
Сёння ў Беларусі існуюць розныя віды дапамогі як наркаспажыўцам, у якіх яшчэ не сфарміраваная залежнасць, так і нарказалежным. Гэта ананімныя і неананімныя кансультацыі псіхатэрапеўтаў, урачоў-псіхіятраў-нарколагаў на базе псіхіятрычных наркалагічных дыспансераў, псіхіятрычных бальніц у рэгіёнах. А таксама дынамічнае дыспансернае назіранне ва ўрачоў-псіхіятраў-нарколагаў з магчымасцю атрымліваць медыкаментознае суправаджэнне і лячэнне. Працуюць і доўгатэрміновыя праграмы рэабілітацыі, і праграмы замяшчальнай тэрапіі, у тым ліку і метадонавай.
Што датычыцца апошняй, то яна, паводле назіранняў медыкаў, аказвае свой станоўчы эфект, бо мае істотны ўплыў на сацыялізацыю нарказалежных. Больш за 52 % пацыентаў на замяшчальнай метадонавай тэрапіі працаўладкавана, каля трэці мае сваю сям'ю. Яны знаходзяцца пад пастаянным назіраннем медыкаў, праходзяць медабследаванні, у іх зніжаецца рызыка перадазіроўкі. Таму адмяняць гэту праграму пакуль няма патрэбы. Трэба адзначыць, што яна фінансуеццца са срокаў Глабальнага фонду ААН па барацьбе са СНІДам, туберкулёзам і малярыяй.
— Рэабілітацыя людзей, якія маюць стаж наркаспажывання ў некалькі гадоў ці дзесяцігоддзяў і сфарміраваную залежнасць, зводзіцца да таго, каб яны максімальна трымалі сябе ў руках, не зрываліся да ўжывання і выходзілі з патоку наркаспажыўцоў, — кажа Сяргей Марчук. — На жаль, амаль усе рэабілітацыйныя цэнтры працуюць на камерцыйнай аснове і часта цяжкадаступныя ці фінансава затратныя для наркаспажыўцоў і іх блізкіх.
Эксперыментальная рэабілітацыйная праграма для нарказалежных рэалізоўваецца з верасня 2019 года. На базе РНПЦ псіхічнага здароўя працуе эксперыментальны рэабілітацыйны цэнтр. Праграма цалкам бясплатная, даступная для кожнага і мае шэраг пераваг, найперш комплексны медыцынскі падыход.
— Калі раней медыцынская дапамога аказвалася ў выглядзе дэтаксікацыі, медыкаментознай кампенсацыі фізічнага стану і не датычылася далейшай рэабілітацыі ці была абмежаваная кансультаваннем, то цяпер гэта комплексная медыцынская дапамога: дэтаксікацыя, комплекс медыцынскіх мер, каб фізічна палепшыць стан здароўя. Сюды ж адносіцца прызначэнне падтрымальнай тэрапіі з абследаваннем такіх пацыентаў. Таксама гэта рэабілітацыйная і прафілактычная дапамога, работа з псіхатэрапеўтамі і прадстаўнікамі арганізацый «Ананімныя наркаманы» і «Ананімныя алкаголікі», — расказвае Сяргей Марчук.
Асаблівасцю праграмы з'яўляецца абавязковы ўдзел у ёй прадстаўнікоў органаў працы і сацыяльнай абароны, медыцынскіх псіхолагаў і іншых спецыялістаў (бо большасць наркаспажыўцоў не мае работы, сям'і, сутыкаецца з цяжкасцямі ў аднаўленні дакументаў і працаўладкаванні). Як адзначаюць медыкі, гэта спрыяе стварэнню новага асяроддзя, каб пазбегнуць рызыкі вяртання да наркаспажывання.
Важную ролю ў вызваленні ад залежнасці адыгрывае і працягласць рэабілітацыі. Звычайна цэнтры аказваюць рэабілітацыйную дапамогу, якая абмежавана па часе — месяц ці два. А пасля ўзнікае пытанне: што далей?
— Пацыент, які толькі пачаў бачыць жыццё цвярозымі вачыма, зноў вяртаецца ў тое асяроддзе, дзе ёсць вялікая рызыка зрыву і вяртання да наркаспажывання, — кажа Сяргей Марчук. — Наша рэабілітацыя разлічана на 1,5 года. На дэтаксікацыі ў стацыянары пацыенты знаходзяцца 28 дзён. І яшчэ паўтара года яны могуць звяртацца да нас амбулаторна па псіхатэрапеўтычную дапамогу. Як правіла, два разы на тыдзень яны прыязджаюць на групавую ці індывідуальную псіхатэрапію, ёсць магчымасць звярнуцца да прафесійнага спецыяліста па медыкаментозную, псіхатэрапеўтычную дапамогу ці проста папрасіць парады.
Каб трапіць у рэаблітацыйную праграму, дастаткова зярнуцца да ўрача-псіхіятра-нарколага.
— Пра нашу праграму людзі даведваюцца часам выпадкова. Звяртаюцца да нас, каб толькі падкарэкціраваць свой фізічны стан, і наведваюць паўтара года — без парушэння рэжыму, у выніку кардынальна мяняюць свой спосаб жыцця, аднаўляюць работу, месца жыхарства, сямейныя ўзаемаадносіны, — дзеліцца Сяргей Марчук.
Цалкам рэабілітацыйную праграму прайшлі ўжо 40 чалавек — гэта тыя людзі, якія былі максімальна дысцыплінаваныя і матываваныя. Пяць пацыентаў пакуль яшчэ працягваюць амбулаторнае наведванне, адзін рэабілітант заканчвае праграму, 11 чалавек пакінулі праграму пасля дасягнення чаканага выніку. Многія з іх працаўладкаваліся, цалкам адмовіліся ад наркаспажывання, зняліся з уліку, стварылі сям'ю і не вяртаюцца да наркаспажывання. Ёсць і тыя пацыенты, якія не гатовыя трымацца працягла, аднак звяртаюцца ў цэнтр у другі, трэці раз і атрымліваюць прафесійную дапамогу.
— Любая залежнасць — гэта не шкодная звычка, не рыса характару, а працяглае хранічнае захворванне, якое мае схільнасць да пастаяннага абвастрэння і нават лятальнага зыходу. Пры правільным лячэнні і прафілактыцы чалавек можа пражыць з залежнасцю ўсё жыццё і мець нядрэнны стан здароўя. З іншага боку, чалавек, які схільны да рэцыдываў і паўторна вяртаецца да прыёму наркотыкаў, у групе рызыкі. Каля 600 чалавек у 2019 знята з дыспансернага ўліку — здавалася б, апытмістычная лічба, але 200 з іх, на жаль, у сувязі са смерцю.
Як паведаміў Аляксандр Хіло, начальнік аддзела Галоўнага ўпраўлення па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі Міністэрства ўнутраных спраў, у Беларусі назіраецца істотнае павелічэнне зарэгістраваных нарказлачынстваў, у тым ліку здзейсненых у складзе групы. Летась іх выяўлена на тысячу больш, чым у 2020-м. Большасць нарказлачынстваў звязана са збытам наркотыкаў. Аб наркапагрозе сведчаць аб'ёмы наркотыкаў, якія канфіскуюць праваахоўнікі — амаль 700 кілаграмаў у 2020 годзе. Пераважную большасць складаюць гашыш, марыхуана і метадон. Перакрыта 26 каналаў паступлення наркотыкаў, ліквідавана пяць наркалабараторый і 62 спецыяльна абсталяваныя памяшканні для вырошчвання нарказмышчальных раслін.
Асаблівасцю цяперашняга наркарынку з'яўляецца збыт наркотыкаў у інтэрнэце — выяўлена больш за тысячу такіх злачынстваў. У 2021-м упершыню за сем гадоў назіраўся рост колькасці непаўналетніх, уцягнутых у незаконны абарот наркотыкаў, 103 з іх абвінавачаны ў здзяйсненні нарказлачынстваў, пераважна ў распаўсюджванні. Нагадаем, што крымінальная адказнасць за збыт наркотыкаў наступае з 14 гадоў і караецца працяглым пазбаўленнем волі — ад трох да 25 гадоў.
Больш частымі сталі і смяротныя атручэнні наркатычнымі рэчывамі, каля 70 % з іх адбываецца пры ўжыванні метадону ў спалучэнні з іншымі псіхаактыўнымі рэчывамі.
Мытныя органы спынілі больш за 470 выпадкаў перамяшчэння наркатычных і псіхатропных рэчываў. Распачата 141 крымінальная справа. Летась канфіскавана каля 400 кг наркатычных сродкаў.
— Мытныя органы сутыкаюцца з праблемамі незаконнай вытворчасці наркатычных сродкаў у краінах Паўночнай Афрыкі, найперш гашышу, вытворчасці какаіну ў Лацінскай Амерыцы, сінтэтычных псіхатропных сродкаў у Заходняй Еўропе і спробамі іх перамяшчэння транзітам праз нашу краіну ў Расію. З нелегальнай вытворчасцю опію і гераіну ў Афганістане і спробай дастаўкі іх у Заходнюю Еўропу, вытворчасцю новых псіхатропаў у Кітаі і пастаўкай іх паштовымі адпраўленнямі ў тым ліку і ў Беларусь, — адзначае Дзмітрый Жарнасек, намеснік начальніка аддзела барацьбы з кантрабандай галоўнага ўпраўлення арганізацыі барацьбы з кантрабандай і постмытнага кантролю Дзяржаўнага мытнага камітэта. — З краін Еўрапейскага саюза паступаюць гашыш, марыхуана, а таксама сінтэтычныя наркотыкі, з тэрыторыі Украіны перамяшчаюцца наркотыкі пераважна расліннага паходжання.
...Часта не толькі наркаманы адмаўляюць сваю залежнасць, але і іх сваякі заплюшчваюць на гэта вочы. У выніку прымаць меры медыкам даводзіцца ўжо ў запушчаных выпадках, калі хворы становіцца сацыяльна небяспечным ці знаходзіцца на мяжы гібелі. Аднак наркаманія — тая праблема, якая не вырашаецца сама па сабе: чым хутчэй вы распачняце дзеянні, тым лягчэй з ёй будзе справіцца.
Алена КРАВЕЦ
Фота: pixabay.com
Сам будынак уражвае архітэктурай.
«Вышывала, калі за лямпы былі толькі керасінкі».