Вы тут

На гэтым тыдні сіноптыкі абяцаюць да мінус 24 градусаў


Другая дэкада студзеня адзначаецца па-сапраўднаму зімовым надвор'ем. У гэты час на тэрмометрах назіраюцца адмоўныя значэнні тэмпературы, а на раніцу 10 студзеня ў многіх раёнах краіны было зафіксавана снежнае покрыва вышынёй ад 1 сантыметра да 15 сантыметраў, месцамі па ўсходзе краіны — да 18—26 сантыметраў. Самыя высокія гурбы (да 29 сантыметраў) былі на метэастанцыі Мсціслаў. А ў найбліжэйшыя дні маразы ўзмоцняцца, паведамляюць спецыялісты Рэспубліканскага цэнтра па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды.


У сераду — пераважна без ападкаў, толькі месцамі па паўднёвым усходзе краіны пройдзе невялікі кароткачасовы снег. На асобных участках дарог — галалёдзіца. Вецер прагназуецца няўстойлівы слабы з узмацненнем да ўмеранага. Тэмпература паветра ўначы складзе ад мінус 8 градусаў па паўднёвым захадзе да 18 марозу па паўночным усходзе краіны, месцамі — мінус 19—24 градусаў. Удзень будзе ад мінус 3 градусаў па паўднёвым захадзе да 15 марозу па ўсходзе.

Аднак па-сапраўднаму марознае надвор'е пратрымаецца ў нас нядоўга. У другой палове тыдня чакаецца змяненне прыродных умоў. Тэрыторыя Беларусі апынецца ва ўладзе атмасферных франтоў з Заходняй Еўропы, за якімі пачне паступаць цёплае паветра атлантычнага паходжання. Маразы зменяцца адлігамі, ападкі са снегу будуць пераходзіць у мокры снег з дажджом. А гэта можа стаць прычынай галалёдных з'яў.

У чацвер на большай частцы тэрыторыі краіны пройдзе кароткачасовы снег, удзень ён будзе пераходзіць у мокры снег і дождж. Удзень месцамі магчымы галалёд, слабы туман. На асобных участках дарог чакаецца галалёдзіца. Вецер заходні парывісты. Тэмпература паветра ўначы складзе ад 7 да 15 марозу, па паўднёвым захадзе — мінус 5—6 градусаў, па ўсходзе — 16—23 марозу. Удзень будзе ад мінус 3 градусаў да плюс 3, па ўсходзе — да 6 градусаў ніжэй за нуль.

Паводле папярэдніх прагнозаў айчынных сіноптыкаў, ужо ў пятніцу пацяплее амаль паўсюдна. У гэты дзень на большай частцы тэрыторыі краіны пройдуць ападкі ў выглядзе дажджу і мокрага снегу. У асобных раёнах чакаецца слабы галалёд, на дарогах галалёдзіца. Месцамі магчыма ўзмацненне ветру парывамі да 15—20 м/с. Тэмпература паветра ўначы складзе ад мінус 6 градусаў па ўсходзе да плюс 3 па захадзе, удзень — ад нуля да 6 цяпла.

Праўда, на наступны дзень надвор'е абвесціць, што вялікага цяпла адліга не прынесла. У суботу на большай частцы тэрыторыі краіны пройдуць кароткачасовыя ападкі ўжо ў выглядзе снегу, мокрага снегу і дажджу. Месцамі чакаецца слабы галалёд, на дарогах галалёдзіца. У асобных раёнах краіны магчыма ўзмацненне ветру парывамі да 15—20 м/с. Тэмпература паветра ўначы складзе ад мінус 5 градусаў да 2 цяпла, удзень — ад мінус 3 да плюс 3 градусаў.

Сяргей КУРКАЧ

Фота Маргарыты ПАЛЮХОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

Форма сацыяльнай актыўнасці падлеткаў.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».