Вы тут

Добра, што добра канчаецца


У першы дзень Каляд давялося з'ездзіць дызель-цягніком у Лунінец. Так склаліся абставіны. Калі з Мінскам зносіны ў Палесся сёння забяспечаны хуткаснымі камфортнымі цягнікамі тыпу «штадлер», то з абласным цэнтрам не нашмат лепш, чым у вядомай Коласавай трылогіі. Да таго ж, нядаўна адмянілі штодзённы цягнік «Брэст—Гомель», якім апошнія паўтара дзясятка гадоў даводзілася не раз ездзіць у камандзіроўку. Цяпер выбар невялікі: альбо глыбокай ноччу цягніком, альбо цэлы дзень
«дызелем».


Пяць з нечым гадзін трэсціся на цвёрдым сядзенні, а потым яшчэ столькі ж назад, скажу вам, задавальненне так сабе. Але ж у любой сітуацыі можна знайсці нешта цікавае. Так і тут: цікава было часам назіраць за пасажырамі, якія выбраліся ў дарогу ў гэты святочны дзень. Ужо і не згадаю, на якой станцыі, сядзенне насупраць заняла сям'я з трох пакаленняў. Было відаць, што яны ледзьве паспелі, крыху змерзлі, крыху прагаладаліся, але былі ў надзвычай добрым настроі. Старэйшая, відаць, бабуля сямейства, адразу разаслала на сядзенні нейкую сурвэтку, стала даставаць з пакетаў пачастункі. У вагоне запахла апетытнымі стравамі. Яны пачалі дружна частавацца. І ўвесь час прымушалі есці хлопца гадоў сямнаццаці, які не вельмі налягаў на ежу. З іх крышачку шумных размоў, а найбольш з тэлефоннай гутаркі маладзейшай жанчыны — відаць, маці гэтага хлопца, паўставала гісторыя, якая і сабрала сям'ю ды выправіла ў дарогу. Забралі яны яго, як вынікала, ці не з міліцыі. «І шапка такая, і куртка рыхтык, шалік адзін да аднаго», — гаварыла маці ў тэлефон да суразмоўцы на тым канцы.

Словам, камера ў магазіне зафіксавала зладзюжку. Па гарачых слядах сталі шукаць, а паколькі выява была са спіны і бокам, твар пад маскай, то шукалі найбольш па вопратцы. Ну і нейкім чынам выйшлі на гэтага юнака, што, як падалося, вучыўся ў каледжы ў іншым горадзе. «Наш Сеня ніколі ручкі чужой ці алоўка за гады вучобы не ўзяў, — даводзіла маці ў тэлефон, — а тут такое на яго вешаць...» Відаць, што па сігнале зляцелася ўся сям'я. Паглядзелі тое відэа яшчэ раз — ды і адпусцілі хлопца. «Вось бачыш, як табе спатрэбіліся заняткі ў секцыі, а ты спачатку не хацеў ісці, ленаваўся, — выгаворваў дзед унуку. — Я адразу звярнуў увагу, што той злодзей сутулы, а ты ў нас — прамы як струна. Нічога, абышоўся лёгкім сполахам». І ўнук з разгубленай усмешкай згаджаўся.

«Добра, што добра канчаецца», — некалькі разоў паўтарыла бабуля, падкладваючы кожнаму па бутэрброду з мясам.

А я падумала, як добра, што ў гэтага юнака такая дружная сям'я. У дзяўчыны, пра якую нядаўна расказваў дырэктар аднаго з каледжаў, сям'я аказалася крыху іншай. Тая з малых гадоў была самастойнай, бо часта разлічваць ёй даводзілася толькі на сябе. Было нашай гераіні ўсяго шаснаццаць. Высокая ростам, статная, выглядала яна нашмат старэйшай за свой узрост. А вось сябравала з маленькай, худзенькай дзяўчынкай са звычайнай, даволі добрай, вясковай сям'і. І гэтая меншая была цалкам пад уплывам большай, бо апошняя ва ўсім трымалася як дарослая. І аднойчы тая задумала рушыць у падарожжа, бо вельмі хацела ўбачыць мора.

Як вядома, інтэрнэт у такой справе — найлепшы дарадца. Ніна, назавём яе так, усё прадумала, у галаве склала план, ну і падбіла сяброўку. Выправіцца дзяўчаты вырашылі ў Адэсу аўтастопам, маючы ў кішэні, можа, па якіх дзесяць рублёў. Для пачатку вандроўкі выбралі 9 мая, тады выпалі акурат чатыры выхадныя. Выхавальніку ў інтэрнаце сказалі, вядома, што едуць дадому. Ніна бацькам наогул нічога не гаварыла, а яе мініяцюрная сяброўка Зоя сказала, што ідуць у паход з групай на тры дні. Праз тры дні спахапіліся Зоіны родныя, забілі трывогу: спачатку думалі, што ў паходзе мог тэлефон разрадзіцца, а калі ў вызначаны час не дазваніліся да дачкі, то ўзнялі ўсіх на ногі. Тады і высветлілася, што ніякага паходу не было. Падключыліся праваахоўныя органы, але ніякіх слядоў, ніякіх версій адразу не ўзнікла, яны нікому з таварышаў па вучобе нічога не сказалі.

Пайшлі аб'явы, арыенціроўкі — без вынікаў... Вандроўніцы тым часам літаральна за два дні дабраліся да Адэсы, а каб неяк жыць далей, уладкаваліся ў кафэ на беразе мора падсобнымі рабочымі. І вось жа нейкім чынам прыцягнулі ўвагу тамтэйшага маёра паліцыі, які зайшоў перакусіць ці выпіць гарбаты. Прафесійная інтуіцыя падказала афіцэру сфатаграфаваць гэтых дзяўчатак ды вылажыць у сеціва. Завуч іх каледжа тады суткамі сядзела ў сацсетках у спадзяванні знайсці хоць якую зачэпку пра іх. А тут на табе: партрэты з каардынатамі.

Назаўтра ў Адэсу выправіліся з беларускага райцэнтра два афіцэры міліцыі. Як высветлілася пазней, нашых гора-падарожніц ніхто за дарогу не пакрыўдзіў. Наадварот, іх кармілі добрыя людзі, пакідалі на начлег. Прайшло з тых прыгод ужо некалькі гадоў. Паводле слоў дырэктара, абедзве даволі паспяхова скончылі каледж, атрымалі накіраванні на работу... А тады шчаслівыя бацькі нават моцна не лаялі валацуг. Толькі вахцёрка інтэрната доўга яшчэ пагражала ім пальцам, але дзякавала Богу, што добра скончыліся дурныя прыгоды...

Святлана ЯСКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».