Вы тут

Маладзёжныя лідары сабраліся ў грамадскім прэс-цэнтры Дома прэсы


Каб абмеркаваць ролю грамадскіх маладзёжных аб'яднанняў у рэалізацыі дзяржаўнай палітыкі, маладзёжныя лідары сабраліся ў грамадскім прэс-цэнтры Дома прэсы.


Удзельнікамі праекта «Рэспубліканскі маладзёжны цягнік #БеларусьМоладзьАдзінства» сталі 100 чалавек, якія праехалі па эрыторыі Беларусі каля дзвюх тысяч кіламетраў.

Па словах старшыні Рэспубліканскага саюза грамадскіх аб'яднанняў «Беларускі камітэт маладзёжных арганізацый» (БКМА) Паўла АЛЕКСЫ, асноўныя кірункі работы камітэта — стварэнне ўмоў для найбольш поўнай рэалізацыі правоў і законных інтарэсаў моладзі, арганізацыя інфармацыйнай прасторы, падтрымка маладзёжных праектаў і ініцыятыў.

Дарэчы, цяпер гранты Прэзідэнта будуць прадастаўляць і ў сферы маладзёжнай палітыкі. Адпаведны ўказ падпісаў напрыканцы года кіраўнік нашай дзяржавы. На іх змогуць прэтэндаваць аўтары найлепшых сацыяльна значных праектаў. Так што ўсё ў руках актыўнай і неабыякавай моладзі...

Павел Алекса расказаў, што на сёння існуе мноства маладзёжных арганізацый. Даведацца аб іх рабоце можна на партале «молодежь.бел». Увогуле, гэты партал змяшчае шмат карыснай інфармацыі для навучэнскай і студэнцкай моладзі, для маладых спецыялістаў, маладых сем'яў і прызыўнікоў: пра размеркаванне, гарантыі і кампенсацыі маладым спецыялістам, дзяржаўную адрасную дапамогу маладым сем'ям, забеспячэнне жыллём, прызыў у войска і ўмовы атрымання адтэрміноўкі...

Рэспубліканскі саюз грамадскіх аб'яднанняў «Беларускі камітэт маладзёжных арганізацый» уяўляе сабой парасонавую структуру, своеасаблівы каардынацыйны цэнтр, які аб'ядноўвае розныя дзіцячыя і маладзёжныя грамадскія арганізацыі нашай краіны. У склад камітэта ўваходзяць арганізацыі, якія займаюцца патрыятычным, валанцёрскім, інтэлектуальным, творчым і спартыўным выхаваннем дзяцей і моладзі — усяго 25 аб'яднанняў.

Вядома, пандэмія ўнесла пэўныя карэкціроўкі ў дзейнасць БКМА, але праца ўсё роўна не спынялася.

— Было нямала зроблена і ў сферы міжнароднага супрацоўніцтва. Нам нават удавалася сустракацца асабіста, напрыклад, з калегамі з Расіі і Узбекістана. А калі няма магчымасці для асабістай сустрэчы, вядома, выкарыстоўваем электронную сувязь, — расказаў Павел Алекса.

Па яго словах, у гэтым годзе будзе працягнута практыка правядзення сацыялагічных даследаванняў. Традыцыйным стала рэспубліканскае сацыялагічнае даследаванне «Маладзёжны брэнд». У 2021 годзе яно праводзілася ўжо пяты раз, але ў анлайн-фармаце — упершыню. Гэта было прадыктавана дзвюма прычынамі: складанай эпідэміялагічнай абстаноўкай, выкліканай пандэміяй каранавіруса, і спецыфікай маладзёжнай аўдыторыі (цяпер ва ўсіх ёсць сучасныя гаджэты і тэхналагічныя сродкі сувязі). Анлайн-фармат аказаўся больш просты, хуткі і эфектыўны. Сёлета БКМА збіраецца пашырыць кола пытанняў для даследавання і пацікавіцца ў маладых людзей іх ладам жыцця, формамі адпачынку, інтарэсамі ў інтэрнэце. Пералік пытанняў яшчэ фарміруецца...

Мікіта КОЛЕСАЎ — студэнт БДПУ — у пачатку снежня ўзначаліў Грамадскі рэспубліканкі студэнцкі савет пры Міністэрстве адукацыі.

— Наша арганізацыя стварае канал прамой сувязі паміж студэнцтвам і міністэрствам, — тлумачыць Мікіта. — Савет з'яўляецца калегіяльным дарадчым выбарным органам студэнцкага самакіравання ўстаноў вышэйшай адукацыі. Кожная ВНУ прадстаўлена ў ім адным голасам (незалежна ад колькасці студэнтаў, што ў ёй навучаюцца).

Асноўная задача Грамадскага студэнцкага савета — даносіць думкі студэнцкай моладзі да кіраўнікоў сістэмы адукацыі, задаваць ім «нязручныя пытанні», дапамагаць спецыялістам у пошуку канструктыўных рашэнняў праблем. Паколькі амаль усе студэнты бавяць час у сацыяльных сетках і месенджарах, Грамадскі студэнцкі савет займаецца папулярызацыяй сваёй дзейнасці ў «Інстаграме» і «Тэлеграме», а ў найбліжэйшы час запусцяць акаўнт і ў TіkTok, таму што ўся моладзь перамясцілася менавіта ў гэту сацыяльную сетку.

У найбліжэйшых планах — умацаваць сувязі са Студэнцкім саветам расійскіх ВНУ — для абмену меркаваннямі і вопытам.

Пытанні міжнароднага супрацоўніцтва закрануў і старшыня маладзёжнага дабрачыннага грамадскага аб'яднання «Горад без наркотыкаў» Пётр ШАПКО. Гэта аб'яднанне пры падтрымцы Міністэрства адукацыі прасоўвае буйны міжнародны грамадска-выхаваўчы праект «Кінаўрокі ў школах свету». У рамках праекта ствараюцца кінаўрокі — дзіцячыя кароткаметражныя фільмы аб справядлівасці, шчырасці, пачуцці абавязку і іншых духоўна-маральных паняццях. Яны суправаджаюцца метадычнымі дапаможнікамі для правядзення педагогамі пазакласных заняткаў. Маладзёжнае аб'яднанне «Горад без наркотыкаў» садзейнічае адкрыццю ваенна-патрыятычных клубаў, прапагандуе здаровы лад жыцця, праводзіць тлумачальныя гутаркі, арганізоўвае форумы, прасоўвае заканадаўчыя ініцыятывы, звязаныя з барацьбой супраць шкодных звычак і правапарушэнняў.

У Год народнага адзінства БРСМ рэалізаваў рэспубліканскі праект «Ведаю Беларусь» па хуткаснай зборцы спілс-карт.

— У нас дзейнічае сетка клубаў ваенна-патрыятычнага выхавання, дзе заняткі для падлеткаў праходзяць на бясплатнай аснове, — праінфармаваў Пётр Шапко. — Яны адкрываюцца на базе часцей унутраных войскаў. У Мінску ўжо створаны тры такія клубы. Гэта вельмі добрая і карысная ініцыятыва, у якой, як мы лічым, перспектыўная будучыня.

На жаль, у справе прафілактыкі сацыяльна небяспечных з'яў, такіх як наркаманія, алкагалізм і іншыя, існуюць розныя пункты гледжання.

— На нашу думку, праблема заключаецца ў тым, што нярэдка «прафілактыка» ператвараецца ў рэкламу ці нават прапаганду таго, з чым яна павінна змагацца. Як кажа народная мудрасць, добрымі намерамі выслана дарога ў пекла. У выніку часта можна назіраць сітуацыі, калі з ростам колькасці прафілактычных мерапрыемстваў масава павялічваюцца і тыя з'явы, на процідзеянне якім гэтыя мерапрыемствы былі накіраваны. Таму мы лічым, што дзяржаве неабходна вызначыцца з адзіным падыходам да прафілактыкі. Трэба наладзіць масавае навучанне асоб, якія праводзяць прафілактычную работу з ліку педагогаў, і распрацаваць рэкамендацыі для навучальных устаноў аб прынцыпах правядзення такой работы. Увогуле, неабходны адзіны комплексны падыход да вырашэння праблем выхавання, — падкрэслівае Пётр Шапко.

Рэспубліканскае творчае маладзёжнае грамадскае аб'яднанне «Прасоўванне моладзі» зусім маладое. Тым не менш за 11 месяцаў яго існавання было праведзена ўжо 86 мерапрыемстваў, у тым ліку патрыятычнай, сацыяльнай і гуманітарнай накіраванасці.

— Зараз наша арганізацыя налічвае 105 членаў. Да нас пастаянна далучаюцца актыўныя хлопцы і дзяўчаты, што не можа не радаваць, таму што капіталам любога грамадства з'яўляецца чалавечая ініцыятыва, — канстатуе старшыня аб'яднання Андрэй МЯХЕДКА. — А мы падтрымліваем маладыя таленты, імкненне маладых людзей да самаразвіцця і ствараем для гэтага адпаведныя ўмовы. Менавіта з такіх аб'яднанняў па інтарэсах і вырастаюць з цягам часу буйныя грамадскія арганізацыі. Вялікай цікавасцю, напрыклад, карысталіся нашы майстар-класы па жывапісе, заняткі радыёэлектронікай, спартыўнай пеленгацыяй і англійскай мовай.

Мы адштурхоўваемся ад патрэб і запытаў маладых людзей: бачым зараз іх жаданне асвойваць вакал і музычныя інструменты. Таму ў нашых найбліжэйшых планах — адкрыць яшчэ два-тры адукацыйныя офісы ў Мінску, а затым маштабаваць гэты вопыт на абласныя цэнтры. Таксама праводзім культурныя мерапрыемствы з мэтай захавання і развіцця беларускай культуры. Гэта адзін з нашых найважнейшых напрамкаў дзейнасці.

Каб стаць членам Рэспубліканскага творчага маладзёжнага грамадскага аб'яднання «Прасоўванне моладзі», трэба запоўніць заяўку і адправіць яе на электронную пошту іnfo@ruhnaperad.by. Па тым жа адрасе можа пакінуць заяўку, калі з'явілася цікавая ідэя для мерапрыемства і жаданне пасупрацоўнічаць з маладым маладзёжным грамадскім аб'яднаннем.

Надзея НІКАЛАЕВА

Загаловак у газеце: Ідэі — прымаюцца, ініцыятывы — вітаюцца!

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.