Вы тут

Sex-балясы. грымАСЫ прыматаў


Ужо не раз прызнаваўся, што адна з любімых тэм нататак — людзі і жывёлы. Гэта калі ў паводзінах апошніх бачыш нейкія чалавечыя рысы, а, гледзячы на першых, часам параўноўваеш іх з братамі нашымі меншымі. («Насамрэч жанчыны не баяцца мышэй. Гэта яны так эмацыянальна рэагуюць на футра».) Сёння пагаворым пра людзей і прыматаў, таму што тут максімальна і «грым» падобны, і сваіх «асаў» з абодвух бакоў хапае. Не верыце? Вось вы ведалі, што бабуіны знайшлі добры спосаб для расставання? («Мая былая збегла з маім найлепшым сябрам. Хоць я ўвогуле з ім не знаёмы. Але цяпер ён мой найлепшы сябар».) Як высветлілася, гэты працэс не з'яўляецца ўнікальным чалавечым феноменам, разрыў пар здараецца і сярод прыматаў. («Адны жанчыны хвалююцца, што муж прыходзіць занадта позна, а іншыя — што ён прыходзіць занадта рана».)


Калі група становіцца занадта вялікай, жывёлы прымаюць рашэнне падзяліцца. Навукоўцы высветлілі, што гэта адбываецца
ў супрацоўніцтве, а не па капрызе важака. («— Мы павінны расстацца... Ты чэрствая, самаўлюбёная, эгаістычная, цынічная сцерва!» — «Ну, гэта зразумела. А расстаёмся ж чаго?») Адзначаецца, што, як і ў чалавечым свеце, працэс расстання можа заняць месяцы ці нават гады, паколькі ў групе вядуцца сур'ёзныя перамовы адносна будучыні. («— Хачу завесці ката». — «Слухай, кот — гэта сур'ёзна, на ўсё жыццё. Спярша паспрабуй ажаніцца».) Агрэсіўныя асобіны, якія не могуць бясшкодна для іншых разбураць сацыяльныя сувязі, у выніку застаюцца адны. Таму перамовы асабліва важныя, каб у будучыні ў бабуіна былі сябры і сям'я, з якімі яму будзе лягчэй выжыць. («— Паслухайце, сусед, як вы толькі ўсё гэта церпіце? Ваша жонка ўвесь дзень лаецца, б'е посуд, крычыць на сабаку!» — «Гэта што? Нашмат горш, калі яна ў цудоўным настроі і пачынае спяваць».)

А пра эксперымент з капуцынамі чулі? Насамрэч ён і пра людзей таксама. Дзвюх малпачак саджаюць у суседнія клеткі і вучаць выконваць найпрасцейшую работу: ім закідваюць каменьчык, а іх задача — вярнуць яго назад. За гэта належыць узнагарода — кавалачак агурка. («— Вось мы ажэнімся, я буду гатаваць і прыбірацца. А ты што будзеш рабіць?» — «Я буду есці мяса». — «А з карыснага?» — «А з карыснага — гародніну».) У нейкі момант адной з жывёл даюць вінаград. Гэта адбываецца на вачах суседкі, якая толькі што атрымала свой звычайны агурок. Рэакцыя малпы наглядна паказвае ўсе яе пачуцці ад таго, што адбываецца: непрыкрытая крыўда і абурэнне ад пачуцця несправядлівасці. («Хітрае немаўля даплаціла буслу, які яго нясе, 200 «баксаў» і стала грамадзянінам Швецыі».) Чаму гэта і пра нас? Мы таксама хвалюемся не з-за таго, што наш тэлефон нечакана ператварыўся ў барахло, а таму што выйшаў новы Іphone. Наш стаў горшым толькі ў параўнанні. («Ты загнаў мяне сваім пытаннем у гугл».) Жывёлу падражнілі вінаградам, як нас дражняць рэкламай і вобразамі паспяховых людзей у сацыяльных сетках. («— Каханая, я падару табе самую яркую зорку ў небе!» — «А можа лепш футра?» — «Не лепш. У мяне да цябе высокія пачуцці».) Самае ж страшнае здарылася тады, калі гэты смачнейшы прыз аддалі суседцы. За што? За тыя ж дзеянні?! Нават жывёла жадае роўнай узнагароды за аднолькавую працу. («Толькі стаўшы маці, разумееш, што мульцік пра малпачак зусім не смешны...»)

Сумесны прагляд фільмаў збліжае шымпанзэ гэтаксама, як і людзей. Жывёлы, якія разам глядзяць стужкі, адчуваюць пачуццё блізкасці, падобнае на эмоцыі людзей. Раней лічылася, што такая рэакцыя ўласцівая толькі чалавеку. («Жонка знайшла заначку мужа з надпісам «Для любімай». З замілаваннем даклала туды яшчэ 50 рублёў і вярнула грошы ў схованку. Праз некалькі дзён муж купіў новыя колы для машыны».) Пасля «кінасеанса» малпы часцей заставаліся разам і ішлі на тактыльны кантакт. («Хлопчык ужо другую гадзіну сядзеў на дрэве ў парку і крычаў: «Здыміце мяне, здыміце мяне...» І ўсе добрыя людзі адразу ж даставалі свае смартфоны і здымалі яго»). Каб пераканацца ў тым, што шымпанзэ сапраўды глядзелі фільмы, выкарыстоўвалі прыбор для адсочвання руху вачэй. Каля экранаў малпаў утрымлівалі садавіна і напоі. («Дзікуны лічылі, што фотаапарат можа ўкрасці душу ў таго, каго здымалі. «Інстаграм» даказаў, што яны мелі рацыю».) «Здольнасць перажываць і дзяліцца сумесным вопытам стварае паміж людзьмі пэўную сувязь, — сказаў адзін з аўтараў даследавання. — Аказалася, што гэты працэс мае больш глыбокія эвалюцыйныя карані, чым прынята лічыць». («Сярожа, як ваша прыгажуня?» — «Масла трэба мяняць... Ці вы пра Ганначку?»)

У лесе на Барнэа арангутан заўважыў мужчыну, які стаяў па грудзі ў вадзе, і ў прамым сэнсе працягнуў яму руку дапамогі. («Сяброўства паміж мужчынам і жанчынай прыкметна слабее з надыходам вечара...») Кранальныя кадры паспеў зрабіць фатограф-аматар. («Першае правіла ката. Будзь раскошным. Заўсёды. Паўсюдна».) Ад дапамогі жывёлы мужчына адмовіўся. («Дзяўчаты! Кахаць трэба ўсіх падрад! Бог убачыць, што ты стараешся, і пашле добрага мужа».) «Гэта дзікая жывёла, — растлумачыў рабочы фатографу. — Паводзіны арангутана могуць быць непрадказальныя. Да таго ж яны не павінны прывыкаць да людзей». («Прабач, але я не буду займацца сексам да вяселля». — «Ты таксама прабач, але я не буду ладзіць вяселле дзеля сексу».) Вось такія яны, грымасы ад людзей і прыматаў...

Кастусь ХАЦЕЛАЎ-ЗМАГЕЛАЎ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».