Вы тут

Мікалай Шчокін: Праект Канстытуцыі пранізаны духам беларускасці


Гэтым часам беларусы бяруць удзел у абмеркаванні праекта Канстытуцыі, які будзе вынесены на рэспубліканскі рэферэндум у наступным месяцы. Дыскусія на дадзеную тэму прадстаўлена і на старонках нашай газеты. Сваімі разважаннямі з чытачамі «Звязды» наконт зместу Асноўнага Закона краіны падзяліўся загадчык аддзела сацыялогіі дзяржаўнага кіравання Інстытута сацыялогіі НАН Беларусі, кандыдат філасофскіх навук, дацэнт Мікалай Шчокін.


— Усебеларускі народны сход, згодна з праектам Канстытуцыі, стане новым прадстаўнічым органам народаўладдзя, які будзе іграць значную ролю ў дзяржаўным кіраванні. Яго функцыянал у некаторых момантах супадае з парламенцкімі і прэзідэнцкімі абавязкамі. На стадыі распрацоўкі Канстытуцыі эксперты імкнуліся пазбегнуць так званага двоеўладдзя пры наданні УНС канстытуцыйнага статусу. Ці ўдалося гэта распрацоўшчыкам? І ў шырокім сэнсе — навошта наданне УНС такога шырокага функцыянала?

— Перш за ўсё, неабходна звярнуць увагу, што ўся Канстытуцыя пранізаная гістарычнай памяццю. Адсюль і вытокі Усебеларускага народнага сходу, і адказнасць за духоўныя арыенціры грамадства як з боку дзяржавы, так і з боку грамадзян. Другі вельмі важны складнік праекта — гэта Канстытуцыя будучыні. Яна сатканая з такіх вечных катэгорый каштоўнасцяў, як сумленнасць, годнасць, шчырасць, адказнасць, міласэрнасць. Зыходзячы з гэтага, неабходна прызнаць: новая Канстытуцыя, верагодна, будзе першай у свеце, якую прыме «талака». Паняцце «талака» ўнікальнае ў тым, што яно пачынае набываць інстытуцыялізаваны характар. «Талака» і ёсць Усебеларускі народны сход. У праектах і шаблонах канстытуцый свету няма такога інстытуцыялізаванага згуртавання грамадзян, якое б вырашала пытанні.

У нас ужо было шэсць пасяджэнняў Усебеларускага народнага сходу. На працягу гадоў незалежнасці УНС прымаў стратэгічныя рашэнні. Пасля грамадска-палітычных падзей у 2020 годзе нам стала відавочна, што ў Канстытуцыі павінны быць прапісаныя збалансаваныя механізмы стрымлівання і процівагі, балансу дзяржавы і грамадства. У гэтым сэнсе УНС іграе ролю стратэгічнага характару.

Так, ёсць парламент, але частка грамадства застаецца за межамі абмеркавання пытанняў, якія прымаюцца на яго ўзроўні. А УНС будзе складацца з мясцовай вертыкалі ўлады (тых, хто не трапіў у парламент). Для кампетэнтнага рэгулявання заканадаўчых актаў там будуць і суддзі. Гэты орган ні ў якім разе не будзе функцыянальна дубліраваць Палату прадстаўнікоў ці Савет Рэспублікі. Плюс ён прызваны не кантраляваць, а ўзаемадзейнічаць з органамі ўлады.

У нас застаецца заканадаўчая, выканаўчая і судовая ўлады. А УНС выявіць сабою своеасаблівага «калектыўнага прэзідэнта», «калектыўную свядомасць» грамадскай супольнасці. Выбірацца ён будзе на пяць гадоў, займее прэзідыум. Многія функцыі сходу будуць яшчэ вызначаныя адпаведным законам.

Самая галоўная роля УНС — на ім у больш шырокім фармаце будуць даваць справаздачу прэм'ер-міністр, старшыні Савета Рэспублікі і Палаты прадстаўнікоў, іншыя кіраўнікі разнастайных дзяржаўных ведамстваў. У сходу будзе і заканадаўчая ініцыятыва. Усе законы будзе прымаць парламент, але з месцаў дэлегатам будзе лепш відаць, якія яшчэ прававыя акты неабходныя для вырашэння праблем.

Гэта новая сусветная практыка, таму пакуль узнікае шмат пытанняў наконт УНС. Я вылучаю чатыры галоўныя складнікі, якія нясе ў сабе УНС. Першы — бяспека. Калі ў дзяржаве адбываецца надзвычайная сітуацыя, УНС бярэ на сябе паўнамоцтвы па стабілізацыі сітуацыі ў краіне. Другі — сацыяльная нагружанасць. УНС будзе выступаць гарантам сацыяльнай арыентаванасці дзяржавы. То-бок, усе законапраекты будуць праходзіць праз УНС. Дэлегаты могуць прыпыняць дзеянне закона, які супярэчыць Канстытуцыі. Гэта будзе голас народа. Трэці — гуманістычная функцыя. УНС — люстэрка грамадства, эфектыўнасці развіцця дзяржаўнага кіравання, узаемадзеяння грамадзян з уладай. Апошні — сход забяспечыць празрыстасць кадравай палітыкі. УНС будзе зацвярджаць суддзяў, членаў ЦВК. Гэта этап «чысткі» ў кадравай палітыцы. Кіраўнік дзяржавы аддае частку кадравай палітыкі УНС, верагодна, каб больш дасканала ўбачыць назначэнцаў. Дэлегаты з месцаў больш ведаюць жыццё і работу кадраў, якія прыязджаюць на дзяржаўныя пасады з рэгіёнаў.

— Артыкул 15 новай рэдакцыі Канстытуцыі прадугледжвае тэзіс аб захаванні гістарычнай памяці пра Вялікую Айчынную вайну. Безумоўна, на фоне спроб іншага трактавання падзей 1940-х гадоў гэта немалаважны складнік законапраекта, але наколькі такая норма будзе актуальная для новых пакаленняў?

— Дзяржава і грамадства існуюць толькі на аснове нейкіх каштоўнасцяў. Будзем шчырыя, на тэрыторыі Беларусі было шмат дзяржаўных утварэнняў, але адзінай дзяржавы, да апошніх часоў, на жаль, не было. Нормы, што прапісаныя ў 15-м і 54-м артыкулах Канстытуцыі, даюць магчымасць акумуляваць сувязь часоў і пакаленняў.

Мы сёння праходзім стадыю ўзмацнення і палітычнай нацыі, і беларускай дзяржаўнасці ў цэлым. Вялікая Айчынная вайна змагла 80 гадоў таму аб'яднаць нашу нацыю, таму мы замацавалі ў Асноўным Законе сваё дасягненне — Перамогу ў Вялікай Айчыннай вайне. Ні ў адной Канстытуцыі свету няма такога замацавання каштоўнасных арыенціраў сваёй гісторыі. Але ў кожнай нацыі ёсць інструментарый кіравання ментальнасцю і псіхалогіяй грамадства. Нашай краіне гэтага не хапала. Цяпер мы гэту ментальнасць інстытуцыялізуем праз УНС.

Пераемнасць пакаленняў заўсёды была самым цяжкім пытаннем у гісторыі. Адзінства беларускага народа, гістарычная памяць дае магчымасць акумуляваць усе дасягненні і ганарыцца падзеямі, якія былі і тысячу гадоў таму, і некалькі месяцаў. Гэта, на мой погляд, і ёсць пераемнасць. Вядома, тым, каму сёння 8-10 гадоў, складана растлумачыць, што такое Вялікая Айчынная вайна, але для нас галоўнае — зберагчы сябе ад небяспекі. У свеце каля 30 гадоў ідзе этнанацыянальная чыстка, знішчэнне генафонду нацый. На мой погляд, вузкія палітычныя колы калектыўнага Захаду вядуць палітыку па генацыдзе гістарычнай памяці і праўды. Наша Канстытуцыя ставіць заслон на імкненні прышчапіць нам сіндром вінаватага, незалежна ад таго, у чым нас абвінавачваюць. Нам няма ў чым каяцца, а калі і ёсць у нашай гісторыі нейкія чорныя плямы, мы самі з імі разбяромся.

— Многія беларусы адзначаюць важнасць артыкулаў пра сямейныя традыцыйныя каштоўнасці, сацыяльную падтрымку сем'яў з дзецьмі, увагу да моладзі. Можна сказаць, што новая Канстытуцыя будзе больш «сацыяльная» ў параўнанні з цяперашняй?

— Так, гэтая Канстытуцыя нават жорстка сацыяльна скіраваная. Мы асабіста прапісалі ўвагу да жыцця інвалідаў. У беларускім грамадстве заўсёды былі ў пашане маральныя і хрысціянскія каштоўнасці. У гэтай Канстытуцыі пазначана ўзаемная адказнасць грамадзяніна і грамадства перад дзяржавай. Кожны можа патрабаваць нейкую дапамогу, але павінен нешта і аддаць, падтрымаць дзяржаву ў адстойванні нейкіх інтарэсаў — культурных, рэлігійных, інтарэсаў бяспекі. Наша грамадства праяўляе мудрасць часта, але калі пытанні даходзяць да прававога рэгулявання жыццядзейнасці, мы пачынаем наракаць на дзяржаву, сістэму ўлады. Канстытуцыя ўпарадкоўвае нашу адказнасць, а дзяржава бярэ на сябе вельмі сур'ёзныя абавязацельствы. Асноўны Закон — гэта таксама форма выхавання: дзяржава выхоўвае грамадства, а грамадства — дзяржаву.

— Навошта замацоўваць у Канстытуцыі адзіны дзень галасавання? У чым практычная і грамадская значнасць?

— Галоўная прычына — эканамічная эфектыўнасць. Мала хто з нас задумваецца, колькі каштуе правесці выбары. У гэтым працэсе задзейнічана амаль 60 тысяч чалавек, абмяркоўваюцца пытанні аплаты іх працы, аховы тэрыторый, друку бюлетэняў, рэкламы. На гэта ідуць сотні мільёнаў долараў. Да таго ж адзіны дзень матывуе чалавека ісці галасаваць, дае магчымасць больш глыбока прааналізаваць свой выбар. Адзіныя выбары забяспечваюць магчымасць зразумець канву палітыкі краіны, убачыць стратэгію яе развіцця. Выбіраючы дэпутата, мы бачым толькі яго праграму. Калі мы выбіраем, напрыклад, Прэзідэнта і дэпутата, мы можам праводзіць аналіз іх пасланняў, супастаўляць і на гэтай аснове рабіць свой выбар.

— Што б вы асабіста ўнеслі ў новую рэдакцыю Канстытуцыі?

— Я заўсёды лічыў сябе «дзяржаўнікам», таму мне імпануюць у гэтай Канстытуцыі дзяржаўны падыход, моцная вертыкаль улады і вялікая ўвага да філасофіі чалавека — выхаванне, духоўныя каштоўнасці. Ад гэтага многія краіны адыходзяць, але менавіта на такіх асновах грунтуецца грамадства. Калі яно забывае свае карані, адразу краіна перастае жыць, знікае дух грамадства. Праект Канстытуцыі пранізаны духам беларускасці. Гэты дакумент дазволіць нам «беларусамі звацца» і не заблукаць сярод цывілізацыі, суседзяў, застацца самімі сабою.

Над Асноўным Законам працавалі многія эксперты. Я бачу, што некаторыя папраўкі, пра якія я думаў, унесеныя. Тонкасцяў шмат. Я буду выкладаць іх у сваіх нататках на імя кіраўніка дзяржавы. З боку прафесіяналізму ў праекце не хапае лагічнай экспертызы. Напрыклад, нельга праз коску пісаць «грамадства», «дзяржава», бо грамадства — не зусім дзяржава. Больш карэктным будзе злучнік «і». Канстытуцыя патрабуе логіка-рытарычнага экспертнага шліфавання, каб не было магчымасці чапляцца і з боку логікі падаваць у суд на нейкія міфічныя правы. Канстытуцыя ўвабрала ў сябе філасофію права Сярэднявечча, філасофію Гегеля, некаторыя рэчы з Мантэск'ё.

Мы аднымі з першых прапісваем у Канстытуцыі механізм зараджэння і развіцця грамадскай супольнасці. Да гэтага імкнецца ўвесь свет, кожная дзяржава хваліцца сваёй грамадскай супольнасцю, але не можа сказаць, што гэта такое. Я спадзяюся, што мы дзякуючы гэтаму закону адкажам, але такі складаны працэс зойме не адзін год. Дарэчы, дадзеная Канстытуцыя змяшчае дыялектыку традыцый і навацый. УНС — гэта традыцыі «талакі», а зыходзячы з прававой сістэмы сучаснага свету — і навацыя.

— Як адаб'ецца рэформа Канстытуцыі на жыцці простага беларуса?

— Усё, што прапісана ў праекце Канстытуцыі, зойме дзесяцігоддзі для рэалізацыі. Неабходна будзе прыняць каля 500 законаў, падзаконных актаў, пастанаўленняў, інструкцый. Мы нанава фарміруем, па сутнасці, сістэму дзяржкіравання, з вытрымкай і цярпеннем павінны дачакацца наладжвання гэтага механізму. Горш не стане, але ці стане лепш, — залежыць толькі ад нас. Сапсаваць можна нават самы выдатны дакумент, але ідэальных дакументаў няма.

Неабходна разумець, што гэта Канстытуцыя не толькі для нас, але і для нашых дзяцей. Менавіта яны праз пакаленне будуць адчуваць плён гэтага дакумента. Канстытуцыя шмат у чым апярэджвае час, і нам прыйдзецца пасля яе прыняцця мадэрнізаваць сваю свядомасць.

Канстытуцыя — гэта разнапланавы, глыбокі, шматузроўневы дакумент, своеасаблівы маніфест беларускай дзяржаўнасці. Я ўпэўнены, што людзі прыйдуць на рэферэндум і прымуць яе. Ды і сам факт рэферэндуму нясе ў сабе сімволіку, бо пакажа, што людзі гатовыя змяняць Канстытуцыю. Гэта кажуць і сацапытанні. Факт рэферэндуму прывядзе да прытомнасці многіх людзей. Адна справа — крытыкаваць, крычаць у сацсетках, а іншая справа, калі ты сам бярэш бюлетэнь і галасуеш. Калі ты прыходзіш на рэферэндум, гэта ўжо сведчыць, што табе неабыякавы лёс дзяржавы і ты ўласна бярэш на сябе адказнасць за яго.

Марыя ДАДАЛКА

Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».