Вы тут

Прышчапляць ці не? Урач — пра вакцынацыю падлеткаў супраць COVІD-19


З канца снежня мінулага года ў Беларусі ад каранавіруснай інфекцыі пачалі прышчапляць падлеткаў ад 12 да 17 гадоў. Вакцынавацца можна ў дзіцячых паліклініках па месцы жыхарства, з'явіцца такая магчымасць і ва ўстановах адукацыі. Прышчапляюць падлеткаў кітайскай вакцынай Vero Cell. Дарэчы, у Кітаі яна прымяняецца для дзяцей ад трох гадоў. Пра асаблівасці вакцынацыі дзяцей мы паразмаўлялі з галоўным урачом 13-й гарадской дзіцячай клінічнай паліклінікі Наталляй Гаганавай.


Толькі са згоды бацькоў

— Наталля Васілеўна, як паліклініка рыхтавалася да вакцынацыі дзяцей?

— Калі з'явіліся адпаведныя загады Міністэрства аховы здароўя і Камітэта па ахове здароўя Мінгарвыканкама па вакцынацыі дзіцячага насельніцтва супраць інфекцыі COVІD-19, мы зрабілі пэўныя арганізацыйныя захады. Тут маецца свая спецыфіка — новая вакцына, з якой раней нашы медыкі не працавалі. Добра, што вакцына Vero Cell у адрозненне ад таго ж «Спадарожніка» не замарожаная, але асаблівасць у тым, што яна двухдозная (адзін флакон утрымлівае дзве дозы, а значыць, прышчапіць варта двух чалавек. — «Зв».) і разліў не дапускаецца.

Мы падлічылі колькасць дзяцей з 12 да 18 гадоў, якія падлягаюць вакцынацыі. На тэрыторыі, замацаванай за нашай паліклінікай, іх жыве каля чатырох тысяч.

Калі ж улічыць установы адукацыі, у тым ліку і сярэднія спецыяльныя на нашай тэрыторыі, дзе мы таксама мусім правесці вакцынацыю, атрымліваецца каля пяці тысяч дзяцей такога ўзросту. Зразумела, што не ўсе тыя падлеткі пойдуць на прышчэпкі. У адпаведнасці з загадам Міністэрства аховы здароўя яна магчымая толькі са згоды законнага прадстаўніка. Таму мы падрыхтавалі інфармацыю на нашы інфармацыйныя стэнды, на сайты паліклінікі і ўстаноў адукацыі, дзе расказалі, навошта праводзіцца вакцынацыя, якой вакцынай прышчапляюць, і парадак правядзення.

— Ці адрозніваецца, дарэчы, парадак вакцынацыі дзяцей і дарослых?

— Прышчэпка робіцца толькі пасля агляду ўрача, які размаўляе з падлеткам, пытаецца пра скаргі на стан здароўя, змярае тэмпературу, глядзіць яго анамнез і прымае рашэнне, даваць дазвол ці не. Пасля ўвядзення вакцыны на працягу 30 хвілін варта знаходзіцца пад назіраннем.

Мы распрацавалі форму інфармаванай згоды, бо яна крыху адрозніваецца ад «дарослай». Там зразумелая для бацькоў інфармацыя: для чаго праводзіцца вакцынацыя, магчымыя рэакцыі. Бланкі інфармаванай згоды ўжо паступаюць да нас з тыпаграфіі. Мы іх раздаём дзецям ці бацькам, у тым ліку ў школах і сярэдніх спецыяльных навучальных установах, іх з подпісам законнага прадстаўніка неабходна прынесці на вакцынацыю. Пасля прышчэпкі выдаецца яшчэ адзін бланк, дзе пазначана, што ўведзена першая доза вакцыны і калі трэба з'явіцца на другую прышчэпку.

— І колькі мусіць быць перапынак паміж прышчэпкамі?

— Інтэрвал складае 21+7 дзён. Гэта значыць, што стандартна ён 21 дзень, але магчымы перапынак да 28 дзён.

Пабочныя рэакцыі магчымыя, але ў падлеткаў іх пакуль не назіралі

— Якія рэакцыі могуць узнікнуць пасля прышчэпкі?

— Магчымы пад'ём тэмпературы, але гэта лічыцца нармальнай рэакцыяй пры выпрацоўцы імунітэту, а не негатыўным ўздзеяннем вакцыны. Таксама можа быць мясцовая рэакцыя ў выглядзе болю ў месцы ўколу, лёгкія мышачныя болі, нязначнае недамаганне.

— Па вопыце першых вакцынаваных падлеткаў раскажыце, якія рэакцыі найчасцей сустракаюцца?

— Ніводнай мы пакуль не бачылі, усе дзеці перанеслі прышчэпку без пабочных рэакцый. Пакуль мы, вядома, прышчапілі не так шмат дзяцей, бо пачатак прышчэпачнай кампаніі прыпаў на пачатак канікулаў. Таму арганізаваныя дзіцячыя калектывы толькі падключаюцца. А сярэднія спецыяльныя навучальныя ўстановы распачнуць вучобу толькі праз два тыдні.

— У паліклініках маюцца прышчэпачны кабінет і ўсе ўмовы для правільнага захоўвання вакцыны. А як арганізаваць вакцынацыю ў школах?

— Адразу скажу, што для нашага медыцынскага персаналу не трэба было праводзіць вялікай падрыхтоўчай работы, бо мы працавалі з дарослым насельніцтвам. Калі пачалася вакцынацыя дарослых, усе дзіцячыя паліклінікі горада актыўна падключыліся — мы працавалі ў складзе выязных прышчэпачных пунктаў у гандлёвых цэнтрах. Акрамя таго, на базе нашай паліклінікі праведзена больш за 500 прышчэпак для дарослых і ў нас маецца маразільнае абсталяванне на выпадак, калі для дзяцей з'явяцца вакцыны ў замарожаным выглядзе. Маюцца і кантэйнеры для транспарціроўкі вакцыны — у школы мы маем магчымасць перавозіць яе з захаваннем халадовага рэжыму. Так што нашы супрацоўнікі навучаныя, медыцынскія работнікі школ таксама прайшлі інструктаж. Як наш прышчэпачны кабінет, так і кабінеты ва ўстановах адукацыі цалкам абсталяваныя ўсім неабходным для правядзення вакцынацыі.

Паколькі прышчэпка робіцца толькі пасля агляду ўрача, то ў склад вакцынавальнай брыгады, акрамя медыцынскага работніка ўстановы адукацыі, уваходзіць і ўрач паліклінікі, ён будзе прыходзіць па запрашэнні ў вызначаны час.

Вакцынаваць будуць у школах і іншых навучальных установах

— На гэтым тыдні дзеці прыйшлі з канікулаў і вярнуліся да навучання. У Мінску, напрыклад, бацькі атрымалі анкеты з пытаннямі, ці жадаюць яны прышчапіць дзяцей, дзе хацелі б оеа зрабіць: у школе, паліклініцы, прышчэпачным пункце...

— Гэта ініцыятыва Гарадскога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя. Мы таксама размясцілі такую анкету на сваім сайце і раздаём у паліклініцы. Гэта інфармацыя для бацькоў і яшчэ адна нагода падумаць, ці жадаюць яны прышчапіць дзіця. Ну і для нас важная зваротная сувязь, мы хочам ведаць меркаванне бацькоў, каб падрыхтавацца арганізацыйна. Аднак маё глыбокае перакананне — магчымасць прышчапіцца мусіць быць і ў паліклініках, і ва ўстановах адукацыі, для гэтага там маюцца ўсе неабходныя ўмовы, і наяўнасць медыка гарантаваная.

— А як будзе арганізавана вакцынацыя ў каледжах і ліцэях?

— За нашай паліклінікай замацаваны чатыры сярэднія спецыяльныя навучальныя ўстановы — каледжы электронікі, мастацтваў, лёгкай прамысловасці і ліцэй № 5. Іх навучэнцы будуць вакцынавацца на месцах з выхадам нашага ўрача. А вось размешчаныя на нашай тэрыторыі абслугоўвання медыцынскі каледж і ўніверсітэт «МІТСО» замацаваны за дарослай паліклінікай, але і там маюцца 17-гадовыя падлеткі, таму мы вызначыліся, што будзем прышчапляць і гэтых дзяцей. Мы правялі нараду з медработнікамі згаданых устаноў, яны ўжо раздалі навучэнцам формы інфармаванай згоды. Калі ахвотных зрабіць прышчэпкі будзе няшмат, мы запросім іх у паліклініку, у адваротным выпадку арганізуем вакцыныцыю на базе медыцынскіх кабінетаў гэтых устаноў адукацыі з прыходам нашага ўрача.

Супрацьпаказанняў амаль няма

— Якія супрацьпаказанні да прышчэпак супраць COVІD-19 у падлеткаў?

— Як і ва ўсіх прышчэпак супраць інфекцыйных хвароб — наяўнасць інфекцыйнага захворвання ці якіх-небудзь іншых у вострай стадыі. Лічыцца, што пры хранічных паталогіях супрацьпаказанняў амаль няма. З асцярожнасцю варта падыходзіць у адносінах анкалагічных і гематалагічных захворванняў, у востры перыяд прышчэпка выключаецца, вакцынаваца можна толькі ў час рэмісіі. Назапашаны з пачатку пандэміі вопыт сведчыць, што ход COVІD-19 у такіх пацыентаў якраз больш цяжкі, таму такіх дзяцей хоць і з асцярожнасцю, але таксама пажадана вакцынаваць.

— Ці абавязковая інфармаваная згода бацькоў?

— Так. Нават калі падлетак самастойна звяртаецца ў паліклініку, яму варта прынесці згоду. У адносінах ковід-інфекцыі ў загадзе Міністэрства аховы здароўя дакладна вызначана, што да 17 гадоў уключна (а 17-гадовым падлетак лічыцца да 17 гадоў 11 месяцаў і 29 дзён — фактычна да 18-годдзя) вакцынацыя робіцца толькі са згоды законнага прадстаўніка.

— Ці варта загадзя запісвацца на прышчэпку?

— У нас на сайце пазначаны нумар тэлефона, і бацькі, якія не жадаюць прышчапляцца ва ўстанове адукацыі, могуць патэлефанаваць і запісацца на прышчэпку ў паліклініцы. Для яе правядзення мы вылучылі асобны час — з 14 да 15 гадзін. У прышчэпачным кабінеце ў нас працуе ўрач, які зробіць агляд. Можна прыйсці і без запісу, але лепш запісацца, бо вакцына двухдозная, і пажадана, каб колькасць ахвотных прышчапіцца была цотнай. Можна прайсці папярэдні агляд і ў свайго ўчастковага педыятра і прышчапіцца ў любы час — прышчэпачны кабінет працуе з 8 да 20 гадзін.

— Калі падлетак нядаўна перахварэў, праз які час варта прышчапляцца?

— Калі дзіця хварэла на COVІD-19, то вакцынацыю пажадана правесці не раней, чым праз шэсць месяцаў. Калі дзіця хварэла на іншую вірусную інфекцыю ці іншае захворванне, то тут патрэбны інтэрвал у месяц з моманту выздараўлення. Падыход такі ж, як і пры вакцынацыі ад іншых хвароб.

— Ці трэба рабіць тэст на антыцелы перад прышчэпкай?

— Не.

— Як вы адчуваеце настрой бацькоў? Ці ёсць у іх жаданне прышчапляць дзяцей? І, на ваш погляд, ці варта вакцынаваць дзяцей?

— Маё меркаванне як урача — вакцынавацца трэба. Бо ўсе мы бачым на прыкладзе нашых пацыентаў, блізкіх і знаёмых, як цяжка можа праходзіць хвароба. Чацвёртая хваля была больш цяжкая і для дзяцей — іх у інфекцыйны працэс было ўцягнута нашмат больш, чым пры папярэдніх хвалях.

Асабіста я вакцынаваная ўжо бустарнай дозай, прышчэпленыя і ўсе члены маёй сям'і. У нашай паліклініцы вакцынаваныя 96 % супрацоўнікаў.

Што датычыцца бацькоў падлеткаў, то пакуль некаторыя ставяцца з асцярожнасцю. Але з пачатку прышчэпачнай кампаніі дзяцей прайшло не так шмат часу. Пры гэтым яшчэ да пачатку вакцынацыі былі бацькі, якія тэлефанавалі і цікавіліся, калі пачнецца вакцынацыя дзяцей. Так што запыт і настрой на вакцынацыю ў грамадстве ёсць. Трэба разумець, што ўплыў прышчэпкі на арганізм істотна меншы, чым ад самой хваробы і яе наступстваў. Вядома, ніхто не гарантуе на 100 працэнтаў, што вакцынаваны чалавек не захварэе, і мы бачым, што хварэюць і вакцынаваныя, але ў больш лёгкай форме, і ў асноўным яны абыходзяцца без стацыянарнага лячэння. А тыя, хто не вакцынаваўся, на жаль, хварэюць куды больш цяжка. Таму лепш вакцынавацца і засцерагчы сябе.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Жыццё Юліі Пярцовай: Шчыры аповед пра сям’ю, работу і пераадоленні нягод

Жыццё Юліі Пярцовай: Шчыры аповед пра сям’ю, работу і пераадоленні нягод

У прамым эфіры тэлеканала «Беларусь-1» Юлія расказвае аб падзеях у Беларусі.

Калейдаскоп

Як добра вы памятаеце ўсе Канстытуцыі Беларусі? Тэст

Як добра вы памятаеце ўсе Канстытуцыі Беларусі? Тэст

За адно стагоддзе Беларусь жыла па пяці розных Асноўных Законах.