Адны імёны забываюцца, а іншыя праслаўляюцца, як складуцца гістарычныя падзеі, як будзе патрэбным дадзенае імя ў тых ці іншых абставінах. Колькі было імёнаў, якіх ганілі і выкідвалі з гісторыі. Аляксандр Ельскі (1834–1916) якраз у гэтай кагорце зганьбаваных і забытых. Між тым гісторык беларускай літаратуры Рамуальд Зямкевіч лічыў Аляксандра Ельскага прадаўжальнікам працы Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча. «Праз 55 гадоў літаратурнай і публіцыстычнай працы Ельскі пакінуў выдатны след у гісторыі і культуры. Яго публікацыі ў энцыклапедыях, паадзінокія кніжкі па гісторыі, прамысловасці, культуры і прасвеце краю маюць велізарнае значэнне і для нас, беларусаў, хаця і напісаны на польскай мове».
Ён адкрываў Беларусь для польскага чытача, а перадусім любую яму Міншчыну. «Гэта ва ўсіх адносінах калыска нашай нацыянальнай славы! Выкрасліць Міншчыну, дык што ж застанецца?» — пісаў Ельскі свайму сябру таксама апантанаму Беларушчынай Яну Карловічу. Гісторык, этнограф, фалькларыст, публіцыст, літаратуразнаўца, паэт, перакладчык, калекцыянер, музейшчык, энцыклапедыст. Падобных людзей эпохі Адраджэння рускі філосаф Аляксей Лосеў вызначаў за тытанаў духу! Вось у беларускім нацыянальным адраджэнні Аляксандра Ельскага можна назваць тытанам духу.
Сам факт таго, што багаты пан, які лічыў сябе палякам, прысвяціў сябе справе «духоўнага развіцця нашых пабрацімаў», паказвае, што беларускае нацыянальнае адраджэнне ўздымалася і дасягнула вышэйшага грамадства.
Аляксандр Ельскі паходзіў са знакамітага роду Міншчыны, які даў скульптара Казіміра Ельскага, скрыпача Караля Ельскага, кампазітара Міхала Ксавера Ельскага, заолага і географа Канстанціна Ельскага. Аляксандр Ельскі нарадзіўся ў Дудзічах Ігуменскага павета Мінскай губерні 4 (16) чэрвеня 1834 года ў сям’і доктара медыцыны Караля Ельскага і Людовікі Штайнберг, былой немкі — гувернанткі. Дзеці — старэйшы Міхаіл Ксаверый, Аляксандр Вінцэнт, дачка Станіслава, Юзаф Зыгмунд — раслі ў атмасферы любові і суладдзя, у доме панаваў культ кнігі і музыкі. А любоў, кніга і музыка абуджаюць светлыя высакародныя пачуцці. Лагічна, што старэйшы Міхал Ксаверый стаў вядомым скрыпачом і кампазітарам, а сам Аляксандр прысвяціў сябе асвеце і гісторыі. Як не дзіўна, Аляксандр скончыў толькі нямецкую школу ў Лаздэне (Прусія) і Мінскую гімназію (1852 г.). Ці ён палічыў дастатковай сваю адукацыю, ці нешта іншае паўплывала на яго рашэнне паступіць на службу ў гусарскі полк? Удзел у Крымскай вайне, думаецца, не садзейнічаў жаданню працягваць службу, і Ельскі падае ў адстаўку ў чыне паручніка.
Аляксандр заняўся ўладкаваннем маёнтка Замосце, які дастаўся яму ў спадчыну. Родавыя Дудзічы дасталіся старэйшаму брату Міхаілу Ксаверыю. Неўзабаве Аляксандр пабудаваў драўляную аднапавярховую сядзібу. Як бачым, ён не траціўся на пышныя мураваныя палацы, абмяжоўваўся неабходным і вельмі ашчадна ставіўся да грошай. На сябе траціў усяго 100 рублёў у год. Гэта, канечне, не скупасць ці сквапнасць. Грошы ішлі на развіццё гаспадаркі і збор мастацкіх ды рукапісных калекцый, кніг, гістарычных рэліквій. І ў гаспадарцы, якая за кароткі час паднялася, і ў сваёй творчай і даследчыцкай працы праявілася, пэўна, перададзеная ад маці, мэтанакіраванасці, здаровы прагматызм і працаздольнасць. Ніякіх забаў, гулянак, баляванняў, марнацтва ён сабе не дазваляў. Кожную свабодную мінуту выкарыстоўваў для працы. Той выпадак, калі чалавек без занятку нудзіцца. Пляменнік Аляксандра Уладзіслаў Ельскі, які выхоўваўся ў яго доме, узгадваў, што «дзядзька працаваў за пісьмовым сталом часта па дваццаць гадзін у суткі з кароткімі перапынкамі на сілкаванне і ў сваёй працы дасягнуў выключнай дасканаласці».
Узорны гаспадарнік, даследчык і «пісака», які да таго ж усяляк паляпшаў сялянскую долю, быў «бяльмесам на воку» мясцовай арыстакратыі. На іх нападкі Ельскі адказваў вострымі сатырычнымі вершамі, якія хадзілі ў рукапісах з рук у рукі. Сатыра, як вядома, страшэнная зброя! Вершы так дасталі адных з «гнабіцеляў сялян» Грабоўскіх, што яны адкрыта пагражалі Ельскаму расправай.
Пане паэта
Ігуменскага павета!
А бачыш гэта!
(На пасланні быў намалёваны бізун, як сімвал пакарання.)
Глядзі — адаб’ем катлета!
Але ж аўтарытэт Аляксандра Ельскага быў настолькі высокі, што пакрыўджаныя арыстакраты не адважыліся адкрыта выступіць супраць яго. Больш таго, Ельскага ў 1861 годзе абралі міравым суддзёй Ігуменскага павета.
Невядома, які быў уплыў на Аляксандра Ельскага Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча. Творчасць Дуніна-Марцінкевіча для Ельскага стала адкрыццём і ўзорам. У гонар паэта ён напісаў беларускі верш, прапагандаваў яго творчасць і быў яго першым біёграфам. Ён таксама спрабуе сябе ў беларускай літаратуры, піша народныя гутаркі з маралізатарскім зместам, перакладае «Пана Тадэвуша» Адама Міцкевіча (вядомы пераклад першай быліцы паэмы) і «Сем вечароў» польскага эканаміста Супінскага. Гэта толькі малая частка.
Ельскі трапіў у тое ж становішча, як і іншыя яго сабраты па пяры — забарону друкаваць беларускую літаратуру. Вось і пісаў у куфар. Праўда, Ельскі знайшоў выйсце: уручную адліваў шрыфты і друкаваў свае гутаркі і сатыру. Ён рызыкаваў трапіць пад арышт, роўна як і тады, калі ладзіў патаемныя ўніяцкія набажэнствы. Навошта было багатаму пану так рызыкаваць? Мы знаходзім адказ у лісце да Яна Карловіча: «Аднак у такую крытычную хвіліну нельга нам апускаць рукі і трэба ратаваць гаворку братоў-беларусаў шляхам збірання як этнаграфічнага, так і літаратурнага матэрыялу для больш шчаслівай будучыні. Няхай жа гэта будзе доказам, як шчыра хацелі мы духоўнага развіцця нашых пабрацімаў, якія сёння несвядома ідуць ў пастку на знішчэнне».
У гэтым ён бачыў сваю місію. І калі Ельскі чытаў простаму люду свой пераклад «Пана Тадэвуша», то людзі плакалі. «Маючы пастаянныя зносіны з гэтым народам, ведаючы наскрозь яго дух, я бачу з радасцю, як пры кожным свабодным выпадку наш селянін амаль інстынктыўна выказвае любоў да сваёй гаворкі», — піша ён Карловічу і выказвае прарочае перакананне. — Не, шаноўны пане, нельга сумнявацца, што яшчэ і Беларусь будзе жыць сваім духоўным жыццём і выпрацуе сваю «гаворку» да ступені «мовы».
Адной з умоваў Ельскі лічыў, «каб народная гаворка мела сваю літаратуру і несла праз яе сваёй нацыі духоўную карысць, якая выходзіць за мяжу яе матэрыяльных хатніх патрэб». Ельскі быў па-сапраўднаму ўлюбёны ў беларускую мову, якую ён называе «народнай гаворкай», абараняе яе, піша пра яе ёмісты грунтоўны артыкул, як зацяты, усхваляе, праўда, саслаўшыся на выказванне рускага этнографа Бяссонава, «які адкрыта прызнае, што гэтая гаворка і песні маюць у сабе рысы больш глыбокай старажытнасці, чым іншыя блізкія, не толькі велікаруская і маларуская, але і паўднёвых славян. Знаходзіць ён у беларускай гаворцы самыя чыстыя першародныя помнікі першабытнай агульнаславянскай мовы, старажытнасць якіх можна параўнаць з грэка-лацінскімі песнямі».
Для Ельскага мова — гэта духоўны скарб народа, «а ўсялякі замах на гэтую святую спадчыну славяншчыны можа прынесці толькі маральную шкоду народу і літаратуры, асабліва рускай, паколькі ў старажытнай песні беларусаў хаваюцца самабытныя скарбы паэзіі і мінскі ж падыялект, паводле згаданага аўтара (Бяссонава. — В.Ч.), самы чысты і ўзорны ў беларускай гаворцы».
Ельскі быў апантаным патрыётам свайго краю Літвы — Беларусі. Невыпадкова ён падпісваўся красамоўным псеўданімам «Ліцвін-грамадзянін». Натуральна, гэты патрыятызм вырас з любові да малой Радзімы і шырэй да Міншчыны. Яшчэ адзін яго псеўданім, «Бусел з-пад Пцічы», сведчыў пра яго мясцовы патрыятызм. У лістах да Яна Карловіча Ельскі, відавочна, указвае, што яго шматлікія зацемкі пра Міншчыну для «Вялікай агульнай ілюстраванай энцыклапедыі» выкліканы не толькі навуковымі запатрабаваннямі і жаданнем адкрыць свету сваю Радзіму. «Няхай бы і ў энцыклапедыі мая любая Міншчына мела ў маёй асобу свайго прадстаўніка. Звыш трыццаці год я працаваў шчыра над тым, каб грунтоўна пазнаць асабліва гэту частку краіны. Гэта ж ва ўсіх адносінах калыска нашай нацыянальнай славы!». Ганарары за свае шматлікія артыкулы (звыш 10 тысяч) Ельскі траціў на папаўненне сваіх збораў мастацтва, рукапісаў, архіваў, «прызначаных на карысць краю». Дзяліўся гаспадарчым вопытам і ведамі ў даследаваннях пра мясцовую гаспадарку, пісаў пра славутую Слуцкую мануфактуру паясоў і Урэчскую мануфактуру шкла. Для культурнага ўзбагачэння выдаў зборнік «100 прыказак, загадак, прыдумак і гавэндаў для пажытку беларускага (крывіцкага) народа» (1908 г.), напісаў нарысы «Пра беларускую гаворку» (1885 г.), «Беларуская літаратура і бібліяграфія» (1892 г.). Яго краязнаўчыя нарысы пра Мінск, Наваградак, Нясвіж, Мір, Пінск, Слуцк і іншыя гарады і мястэчкі цікавыя і цяпер, як жывыя карцінкі мінулага, пісаў біяграфічныя нарысы пра адметных людзей краю (Яна Ваньковіча, графа Эмерыка Чапскага, Дамініка Манюшку, Дамініка Ходзьку і іншых). Словам, зрабіў ён шмат! У меру магчымасцяў падтрымліваў нацыянальны рух, хадатайнічаў за пачынаючага гісторыка Мітрафана Доўнар-Запольскага, нават выдаткаваў грошы для яго ганарару, непакоіўся аб бядотным лёсе сям’і Станіслава Манюшкі. Паводле Ельскага, «такім чынам ствараецца маральная еднасць у грамадстве, самая святая яго сіла!»
Асобная гаворка пра зборы Аляксандра Ельскага. Чаго там толькі не было: карціны, гравюры, вазы, рэдкія кнігі (амаль 10 тысяч нават з бібліятэкі Напалеона), аўтографы (Джорджа Вашынгтона, Адама Міцкевіча, Тадэвуша Касцюшкі, Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, усяго каля 20 тысяч), археалагічныя артэфакты, слуцкія паясы, асабістыя рэчы выдатных асоб. Усе гэтае багацце Ельскі не хаваў, а паказваў у сваім прыватным музеі. Частку сваіх збораў ён падараваў Ягелонскаму ўніверсітэту і Нацыянальнаму музею ў Кракаве, Таварыству сяброў навукі ў Вільні. А рэчы, звязаныя з гісторыяй і культурай Беларусі, хацеў перадаць у беларускі музей. Аднак не атрымалася.
Зборы Ельскага вывезлі палякі падчас польска-савецкай вайны ў 1920 годзе. Далейшы лёс іх невядомы. І ўсё ж сляды іх знаходзяцца. Гэтак «Партрэт сям’і Прозараў» Францішка Смуглевіча цяпер знаходзіцца з Нацыянальным музеі ў Варшаве, а палатно Юзафа Пешкі «Тэафілія Радзівіл у вобразе Гебы» ў Нацыянальным музеі ў Кракаве. Тым не менш, дзякуючы Ельскаму мы цяпер маем славутую «Тарас на Парнасе», паэмы Дуніна-Марцінкевіча «Залёты» і «Пінская шляхта», рукапісы якіх ён збярог і перадаў у друк.
Выключнае значэнне Аляксандра Ельскага падкрэсліў на зары станаўлення новай Беларусі Рамуальд Зямкевіч. «Будучы гісторык краю, калі будзе студыяваць заняпад беларускага народа ў часе чорнай цемры рэакцыі ад 1861 да 1905 года, не можа абмінуць ніводнага друкаванага радка Ельскага. Гэта быў у поўным значэнні абывацель грамадзянін, светлая памяць якога асабліва мусіць быць шанавана праз беларусаў».
Вітаўт ЧАРОПКА
Сёння жанчыны ўжо радзей глядзяць у свой пашпарт.
Дзяцінства — найлепшая краіна.