Вы тут

Карусь Каганец, сваяк Гіёма Апалінэра, хадзіў у «дэманстрацыйным кажуху»


Каганец і Будзімір — такія сімвалічныя псеўданімы выкарыстоўваў Казімір Кастравіцкі (1868–1918) для вызначэння выбранай місіі — несці народу асвету і будзіць яго ад летаргічнага сну. Пры ўсёй шматграннасці дзейнасці творчасці Каганца (а ён выступаў як паэт, празаік, драматург, мастак, фалькларыст і грамадскі дзеч) ён уяўляецца легендарным захоўнікам нацыянальнага духу ў беларускай літаратуры і культуры. Не выпадае казаць пра высокі мастацкі ўзровень яго твораў, але сам факт іх з’яўлення сведчыць пра жыццяздольнасць новай беларускай літаратуры — яе крохкі агеньчык не згас.


Традыцыі, закладзеныя творчасцю папярэднікаў Каганца — у яго творчасці. Ён захоўваў і вольналюбівы дух паўстанцаў 1863 года, перададзены яму бацькам Карлам Кастравіцкім. За ўдзел у паўстанні яго выслалі ў Табольск. Тут і нарадзіўся 29 студзеня (10 лютага) 1868 года Карусь Рафал. Вяртанне на радзіму для сям’і Кастравіцкіх быў пакручастым. З 1870–1872 гады Кастравіцкія жылі ў Цывільску Казанскай губерні, і толькі ў 1872 годзе сям’я асела ў вёсцы Засулле пад Стоўбцамі. Доўгая дарога знясілела Карла Кастравіцкага, і ён неўзабаве памёр. Сям’я засталася без кармільца, а для маленькага Каруся падышлі нярадасныя дні. Маці, Юлія з роду Свентарэцкіх, пабралася шлюбам з прымаком — селянінам. Не ясна, чаму Карусь уцёк з сямі і наняўся пастухом. Ці не прыняў «новага бацьку», ці пад уплывам народавольскіх ідэй «пайшоў у народ». Як бы там ні было, але Карусь перакрочыў мяжу, якая аддзяляла яго ад народа. Народную долю ён не назіраў збоку, а спазнаў праз сялянскую працу. Мажліва тым, на ўлонні прыроды, і прачнулася ў душы хлопчыка паэтычнае пачуццё. Увогуле, Каганец быў таленавітым чалавекам: паэзія, проза, драматургія, жывапіс, скульптура — вось грані яго творчасці. Толькі ў адрозненні ад свайго славутага сваяка французскага паэта Гіёма Апалінэра, які таксама паходзіў з роду Кастравіцкіх, Карусь не мог сурёзна і прафесійна заняцца творчасцю, каб дасягнуць мастацкіх вяршынь. Творчасць патрабуе ахвярнасці. Матэрыяльнае становішча, скажам, не вельмі дазваляла Каганцу прысвяціць сабе цалкам любімай справе, даводзілася часцей думаць не толькі пра хлеб, але і пра звычайнае выжыванне. Беднасць не дазволіла Каганцу завяршыць вучобу ў Маскоўскай мастацкай вучэльні, куды паступіў пасля заканчэння Мінскай гарадской вучэльні. І надалей Каганец, ужо жанаты, памыкаўся па свеце ў пошуках працы, каб зарабіць капейчыну на ўтрыманне сям’і з чатырох дзяцей. Ён не меў сталай дзяржаўнай службы, а працы, то ў чайнай у Мінску, то ў мастацкай майстэрні ў Рызе, то ў Мінскім Таварыстве дабрачыннасці, то на будаўніцтве чыгункі Балагое — Седляцы, то ляснічым, не прыносіла добрага заробку. Выклікае заканамернае здзіўленне і нават захапленне апантанасць творчасцю і нацыянальнай ідэяй гэтага, здаецца, несамавітага чалавека. А калі ўлічыць яго фізічнае калецтва (горб), дык ён меў моцную сілу волі. Хай яго творы і не былі літаратурнымі шэдэўрамі, але сам факт іх беларускамоўнасці надаваў ім не толькі народны характар, але і сведчыў пра праяўленне нацыянальнага духу. Роля Каганца ў нацыянальным адраджэнні выключная, ён перадаў традыцыі новаму пакаленню адраджэнцаў. Сярод іх браты Антон і Іван Луцкевічы, Вацлаў Ластоўскі, Змітрок Бядуля, Язэп Дыла, Аляксандр Уласаў. Апошні ўспамінаў: «Я помню, якое свяшчэннае ўражанне на нас маладых хлопцаў, 15–17 гадоў таму назад аказаў першы беларускі верш, прачытаны нам К.Кастравіцкім... Ад барадатай прысадзістай фігуры аўтара, насіўшага дэманстрацыйны кажух, боты і падпаясанага „чорна-рускім“ поясам, веяла такой моцнай, несакрушымай, як скала, верай, што „Беларусь трэба падымаць“... Гэта Кастравіцкі і стары археолаг Татур... былі два магікане, дзьве крыніцы, якія перахавалі зародыш беларускай ідэі і не далі ёй загаснуць». А вось прызнанне Змітрака Бядулі: «К. Каганец меў вялікі ўплыў на ўсіх маладых беларускіх пісьменнікаў сваім бязмежным каханнем да роднага краю, роднай мовы. Ён лічыцца духоўным бацькам усіх прадстаўнікоў беларускага руху». 

За рэвалюцыйную агітацыю сялян на Койданаўшчыне Каганец быў арыштаваны і кінуты на паўгады ў мінскую турму. Пасля вызвалення ў маі 1906 года ён жыў выпадковымі заробкамі. Кляймо дзяржаўнага злачынцы закрыла Каганцу шлях у друк. Тым не менш ён супрацоўнічае з «Нашай нівай», пецярбургскім выдавецтвам «Загляне сонца і ў наша ваконца», дзе выдае свой славуты «Беларускі лемантар» (1906 г.). Не станем падрабязна засяроджвацца на творчасці Каганца. Трапна яе ахарактарызаваў Максім Гарэцкі ў сваёй «Гісторыі беларускай літаратуры»: «Каганец, як некалі Чачот, спрабуе сваю песнярскую здольнасць у лірычных песнях, галоўным чынам, гістарычных па зместу, а па ўкладу, па размеры і па духу зусім падобных да чыста народных твораў. Так што першае слова яго кніжнай творчасці было астатнім словам народнай творчасці». Аднак адзначым глыбокую пачуццёвасць рэлігійных вершаў Каганца, у якіх сапраўднай узвышанай мелодыяй гучаць малітвы да Бога. Невыпадкова кампазітар Рагойскі паклаў на музыку верш Каганца «О Божа, спасе наш...», што гучыць як урачысты гімн. А яго празаічны абразок «Гэта табе, Божа!» варты пяра Борхеса. Тэма простая: кожны моліцца да Бога па-свойму, як умее, і галоўнае не правільныя словы, а шчырыя... 

У скарбніцу беларускага апавядання па праву можна занесці яго «Скрыпач і ваўкі». Сюжэт фантастычны. У воўчую яму трапілі воўк і скрыпач Ахрэм, які ўсю ноч ад страху іграў на скрыпцы, ажно лопнулі тры струны. Словам, сапраўдны экзістэнцыялізм!
Лепшым творам Каганца лічыцца вадэвіль «Модны шляхцюк» (1910 г.) — жывая карцінка жыцця беднай засцянковай шляхты, якая корміцца са сваёй працы. Ёй супрацьстаўлены фанабэрысты шляхцюк «выкшталцоны ястэсь». Гэткі мыльны пухір, уявіўшы сябе значнай асобай. Каганец закрануў балючую тэму нацыянальных манкрутаў, якія адракліся ад свайго роднага. Гэтую тэму працягне Купала, ствараўшы парадыйны вобраз Адольфа Быкоўскага. «Модны шляхцюк» карыстаўся вялікім поспехам. Тэатральная трупа Ігната Буйніцкага паказвала гэты спектакль у розных беларускіх гарадах. Глядач убачыў сваё, пазнавальнае, і цёпла сустракаў спектакль. А ў гэты час, вясной 1910 года, Віленская судовая палата прыгаварыла Каганца да зняволення на год за былыя «рэвалюцыйныя грахі». Для Каганца гэты год даўся цяжка, вельмі сумаваў па сям’і — жонцы, «любай Ганулечцы», і дзецям. Нягледзячы на душэўную скруху і фізічныя нягоды, ён падтрымліваў сям’ю: «...Няма ліха без дабра, і вось пабачым, што будзем жыць, і, можа, лепей, як жылі дагэтуль». Гэтая вера ў лепшую будучыню сагравала душу няшчаснага вязня. Здараліся і хвіліны адчаю, што, напрыклад, праявілася ў апавяданні «Ваўчок». Маладое, дурное ваўчане імкнулася да светлага ідэалу, нікому не рабіць шкоды і зла, а сустрэла цкаванне людзей і кулю паляўнічага. Свет жорсткі — вось алюзія аўтара! Вядома ж, гэта была хвілінная слабасць. 

У турме Каганец сышоўся з Якубам Коласам, які таксама адбываў тэрмін за свае «рэвалюцыйныя грахі». Духоўна блізкія людзі падтрымлівалі адзін аднаго. З Коласам Каганец быў знаёмы завочна, калі афармляў раней вокладку яго кнігі «Другое чытанне для дзяцей беларусаў», выдадзенай Пецярбургскім выдавецтвам у 1909 годзе. Для твораў Коласа Каганец стварыў 12 малюнкаў, адначасова пісаў карціны, рэзаў з дрэва скульптурныя фігуры. Так і мінуў год. Пасля вызвалення з турмы Каганец доўга не мог знайсці працы. Ніхто не хацеў звязвацца з «дзяржаўным злачынцам». Нарэшце ў 1912 годзе знайшлося месца аканома ў фальварку Жортай на Барысаўшчыне ў нейкага пана Копаця. Тут Каганец і пражыў амаль да самой смерці ў 1918 годзе.

Нешта падламілася ў яго душы, згас яго вольналюбівы дух, змоўкла паэтычная ліра. Невыпадкова Максім Багдановіч напісаў у вершы, прысвечаным Каганцу: «Змоўк песняр, затаіў свае песні, // Ён іх болей ужо не пяе». Апошні яго верш «Песня зіме» датаваны 1914 годам.

Здавалася, Каганец адышоў і ад актыўнай творчасці, і ад адраджэнцкай справы, і замкнуўся ў коле сямейных клопатаў. Лютаўская рэвалюцыя абудзіла Каганца, ён пешкі прыходзіць у Мінск, каб уліцца ў жывы ток жыцця. «Вось цяпер надышоў час і нам, беларусам, працаваць», — радасна казаў Каганец. Як паважанага ветэрана нацыянальнага руху, Каганца выбралі старшынёй з’езда беларускага таварыства, што адбываўся ў Мінску 25–27 сакавіка 1917 года. Толькі падарванае здароўе ўжо не дазваляла прыняць чынны ўдзел у нацыянальным будаўніцтве. 

20 мая 1918 года Карусь Каганец памёр ад туберкулёза лёгкіх у доме свайго брата ў Прамагілле і быў пахаваны на могілках вёскі Навасёлкі каля Койданава. «Карусь Каганец меў вялікі ўплыў на ўсіх маладых беларускіх пісьменнікаў сваім бязмежным каханнем да роднага краю, роднай мовы. Ён лічыцца духоўным бацькам усіх прадстаўнікоў беларускага руху», — пісалася ў некралогу ў газеце «Беларускі шлях». 

Вітаўт ЧАРОПКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».