Вы тут

Бажэна Ярэміч: Працаваць «24/7» нескладана, калі работа цікавая


З кіраўніком найстарэйшай у Беларусі і найбольш вядомай мадэльнай школы з уласным мадэльным агенцтвам размаўляем аб тым, ці лёгка быць дырэктарам у 22 гады, аб блізкім юбілеі Нацыянальнай школы прыгажосці, новых праектах і складніках поспеху.


«Мая рухальная сіла — цікавасць»

— Бажэна Віктараўна, калі вам прапанавалі ўзначаліць такую сур'ёзную структуру, як Нацыянальная школа прыгажосці, ці быў момант няўпэўненасці, сумневаў?

— Так, хвалявалася, што магу не справіцца. Бо дырэктар у адказе за свой калектыў — а ў Нацыянальнай школе прыгажосці гэта амаль 50 чалавек. Плюс педагогі, якія выкладаюць па дагаворах падраду. Усё гэта творчыя людзі, рознага ўзросту і з рознымі характарамі. І як кіраўнік я за кожнага з іх адказваю — за ўзровень іх дабрабыту, за камфортную псіхалагічную атмасферу, у якой яны павінны працаваць. Ад рашэнняў кіраўніка залежаць і лёс школы, і лёсы людзей — гэты момант хваляваў мяне больш за ўсё. Акрамя таго, Нацыянальная школа прыгажосці выбудоўвае партнёрскія адносіны з многімі сур'ёзнымі структурамі, прадпрыемствамі і арганізацыямі — а значыць, дырэктар павінен валодаць высокім узроўнем эканамічных і юрыдычных ведаў. Я разумела: важна, каб ні майго маладога для кіраўніка ўзросту, ні майго пакуль недастатковага вопыту ніхто не адчуў. І яшчэ я не была ўпэўнена, што калектыў мяне прыме — зноў жа, з-за майго ўзросту. Не ведала, як на маё прызначэнне адрэагуюць людзі. Але калектыў прыняў вельмі добра, мы хутка наладзілі працоўны працэс і нават, можна сказаць, пасябравалі.

— На ваш погляд, што дапамагае дасягненню поспеху ў прафесіі і кар'еры? Што павінна быць перш за ўсё: мэтанакіраванасць, вера ў сябе, уменне не баяцца адказнасці і працаваць 24 гадзіны ў суткі?

— Мой асабісты сакрэт поспеху ў любой справе, які адкрыла для сябе яшчэ ў дзяцінстве, — гэта ўменне вучыцца. Я заўсёды шмат вучылася, шмат працавала і імкнулася развівацца. Мне важна, каб кожная хвіліна жыцця была праведзена з карысцю. Яшчэ са старшых класаў, не кажучы ўжо пра студэнцкія гады, паралельна вывучала замежныя мовы, наведвала мноства розных курсаў, не звязаных, дарэчы, з б'юці-сферай. Праўда, я ўдзельнічала ў конкурсах прыгажосці, але з мадэльным бізнесам да нядаўняга часу не сутыкалася. Так што тут мне яшчэ шмат чаму даводзіцца вучыцца. Але гэта добра: я люблю пазнаваць новае і заўсёды хацела прыносіць карысць сваёй краіне, грамадству, людзям. Безумоўна, для поспеху вельмі важная мэтанакіраванасць — калі чалавек ведае, чаго хоча, і ў яго ёсць план на перспектыву, на найбліжэйшыя 5-10 гадоў. Тады вашы планы абавязкова рэалізуюцца. Можа, не зусім так, як вы бачылі гэта першапачаткова. Але жыццё, або Бог (я веруючы чалавек), заўсёды дапамагае тым, хто сам імкнецца да сваіх мэт. Зразумела, канкрэтнай мэты стаць дырэктарам Нацыянальнай школы прыгажосці я перад сабой не ставіла, хоць мне заўсёды была цікавая б'юці-сфера. Гэтак жа, як навуковы і практычны аспекты юрыспрудэнцыі (па адукацыі я юрыст, скончыла Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт і зараз займаюся ў тым ліку навукай). Мне вельмі многае цікава, мая рухальная сіла па жыцці — цікавасць. І ў Нацыянальнай школе прыгажосці я змагла злучыць усе свае інтарэсы ў адзінае цэлае. Лічыцца, што для прафесійных дасягненняў і кар'ернага росту трэба ўмець працаваць «24/7», і гэта так. І не так складана, калі вам цікава.

І яшчэ адна, як мне здаецца, ключавая якасць для дасягнення поспеху ў жыцці — уменне ніколі не здавацца. Так мяне выхоўвалі бацькі. Я стараюся ставіць высокую планку і рабіць усё магчымае, каб дасягнуць пастаўленых мэт. Каб потым я магла шчыра сказаць самой сабе: зрабіла ўсё магчымае. Калі сказаць гэтага аб'ектыўна ты не можаш — значыць, не дапрацавала. І ніякія нешанцаванне або збег абставінаў тут ні пры чым.

— Вы былі самым маладым удзельнікам дзяржаўнай камісіі, якая працавала над падрыхтоўкай праекта новай рэдакцыі Канстытуцыі. Раскажыце, калі ласка, аб вашай рабоце ў Канстытуцыйнай камісіі — наколькі складаным для вас быў гэты жыццёвы этап?

— Гэта велізарная адказнасць, і, зразумела, я гэта ўсведамляла. Спачатку, даведаўшыся аб тым, што ўвайшла ў склад Канстытуцыйнай камісіі, я (можа быць, з прычыны ўзросту) адчула гонар. Але потым гэта «Вау!» змянілася разуменнем: усё, што камісія, і я ў тым ліку, унясе ў гэты дакумент, паўплывае на жыццё грамадства і на будучыню краіны. Бо Канстытуцыя — Асноўны Закон дзяржавы, ён прымаецца не на год і не на два, а на вельмі доўгачасовую перспектыву. Ён вызначае і лёс краіны, і лёс людзей. Адчуваць такую адказнасць, прызнаюся, няпроста. Але без гэтага ўсведамлення працаваць над такім дакументам нельга. Калі праходзілі пасяджэнні, кожны член Канстытуцыйнай камісіі выказваў сваё меркаванне па кожным артыкуле, папраўцы, слову. Не было такога, каб хтосьці сядзеў, маўчаў, ківаў галавой. Ты павінен выказацца і пацвердзіць сваё меркаванне юрыдычна выверанай аргументацыяй — гэта значыць, удзел у кожным пасяджэнні патрабаваў высокага ўзроўню падрыхтоўкі. Акрамя таго, кожны павінен быў данесці да камісіі меркаванне тых людзей, якія за ім стаяць. За мной стаяла пэўнае маладзёжнае асяроддзе — моладзь БРСМ, іншыя маладыя людзі, якія выказваліся на дыялогавых пляцоўках. І я абавязана была данесці іх меркаванне да членаў камісіі, зрабіць так, каб выказаныя імі прапановы былі прыняты да ўвагі.

«Амаль заўсёды хаджу на абцасах»

— Гэты год для Нацыянальнай школы прыгажосці юбілейны — установе спаўняецца 25 гадоў. Раскажыце аб новых праектах, якія будуць рэалізаваны, і ў цэлым аб тых напрамках, у якіх будзе развівацца школа прыгажосці.

— Самая першая ідэя, якую я пачала рэалізоўваць адразу, прыйшоўшы на гэтую пасаду, — стварыць прадстаўніцтвы Нацыянальнай школы прыгажосці ў рэгіёнах. Справа ў тым, што да нас паступае вельмі шмат званкоў: людзі кажуць, што хочуць вучыцца мадэлінгу і асновам стылю, удзельнічаць у фэшн-мерапрыемствах і быць датычнымі да ўсяго, што робіць школа прыгажосці. Але пакуль гэтая работа вядзецца толькі ў Мінску. Таму мы вырашылі пашырацца. І ўжо ў красавіку будзе адкрыта першае аддзяленне Нацыянальнай школы прыгажосці ў г. п. Воранава маёй роднай Гродзенскай вобласці. Гэты першы крок пакажа, наколькі праект будзе працаваць з эканамічнага пункту гледжання, ці будзе дастатковая цікавасць у людзей і наколькі актыўна мы здольны развіваць такія аддзяленні ў далейшым. Нацыянальная школа прыгажосці — гэта, зразумела, пэўны ўзровень і статус, таму мы дэталёва прадумалі ўсе пытанні, звязаныя з падборам выкладчыкаў у рэгіёнах, іх стажыроўкай у Нацыянальнай школе прыгажосці ў Мінску і нашым куратарствам рэгіянальных аддзяленняў.

Яшчэ адзін найважнейшы кірунак работы школы на найбліжэйшую перспектыву — дабрачынныя праекты. Гэты напрамак асабліва важны асабіста для мяне. Я займалася валанцёрствам яшчэ ва ўніверсітэце і пераканана: мы павінны рабіць усё, што можам, для людзей, якім па нейкіх прычынах зараз больш складана, чым нам. Напрыклад, сумесна з БРСМ мы прыступаем да рэалізацыі інклюзіўнага праекта для дзяцей з асаблівасцямі развіцця. Выхаванцы карэкцыйных цэнтраў Гродзеншчыны і Мінска прымуць удзел у нашым модным паказе. Спецыяльна для іх цяпер дызайнеры ствараюць калекцыі. Гэта малыя і падлеткі з захворваннямі апорна-рухальнага апарату, парушэннямі слыху і зроку, захворваннямі аўтычнага спектра. Наша мэта — паказаць, што такія дзеці нічым не адрозніваюцца ад сваіх аднагодкаў, у іх тыя ж мары і жаданні, яны таксама адчуваюць атмасферу свята і маюць патрэбу ў радасці і станоўчых эмоцыях.

Трэці найважнейшы для Нацыянальнай школы прыгажосці напрамак — міжнароднае супрацоўніцтва. Зараз мы рэалізоўваем праект з італьянскімі дызайнерамі, пашыраем узаемадзеянне з расійскімі партнёрамі, вядуцца перамовы з латвійскім мадэльным агенцтвам. Нам ёсць з чым выходзіць на міжнародную арэну, Беларусь можа ганарыцца і сваімі дызайнерамі, і прыгажосцю дзяўчат-мадэляў.

— Тады асабістае пытанне: творчасць якіх беларускіх дызайнераў блізкая непасрэдна вам?

— Калі казаць аб аксесуарах, я прыхільніца беларускага брэнда Makey. У мяне практычна ўсё, што датычыцца сумак і галантарэі, ад гэтага брэнда. Люблю брэнд адзення «Ежевика», падабаецца тое, што робіць брэнд Garsonnіer. Мне па душы і Elema, і калекцыі Цэнтра моды. Але часам я апранаюся і ў масмаркеце. Дызайнерскія сукенкі абіраю толькі на вельмі статусныя мерапрыемствы. Напрыклад, цяпер з нашым мастаком-стылістам, дызайнерам Надзеяй Лунёвай буду шыць сабе сукенку для ўрачыстых мерапрыемстваў, прысвечаных 25-годдзю школы прыгажосці. А ў паўсядзённым жыцці, пераканана, стыльна выглядаць — гэта не заўсёды пра цану адзення. Хутчэй пра ўласны стыль. Ён павінен быць сугучны вашаму ўнутранаму «Я», ісці ад душы. Напрыклад, мяне цяжка пераапрануць у спартыўнае. Я аддаю перавагу дзелавому стылю. І амаль заўсёды хаджу на абцасах. Не трэба падладжвацца пад трэнды — яны далёка не ўсім да твару.

«Прыгажосць — гэта не пра ўзрост»

— Школа прыгажосці працуе з зусім юнымі будучымі мадэлямі. Што яна можа даць дзіцяці? Многія бацькі з асцярогай ставяцца да дзіцячага мадэлінгу, лічачы, што настолькі канкурэнтнае асяроддзе можа пашкодзіць дзіцячай псіхіцы...

— Самым малодшым нашым вучням тры гады. Але вучоба ў нас не абмяжоўваецца толькі навучаннем прыгожа хадзіць па подыуме. У школе прыгажосці выкладаюцца многія дысцыпліны (зразумела, для малых — у лайт-варыянце). Акрамя дэфіле, гэта і асновы макіяжу, і асновы стылю, і культура харчавання, і этыкет. Хваляванні бацькоў зразумелыя, але ў нас няма ніякага ціску: мы не ствараем канкурэнцыі паміж дзецьмі. Наадварот, стараемся з'яднаць дзіцячыя групы ў адзіны калектыў, развіць у дзяўчынках якасці сапраўднай лэдзі, а ў хлопчыках — мужнасць. Ужо ў далейшым, калі нашы вучні, пасталеўшы, становяцца прафесійнымі мадэлямі, яны, безумоўна, сутыкаюцца з канкурэнцыяй. Мадэлінг, сапраўды, — вельмі канкурэнтнае асяроддзе. Але канкурэнцыя ёсць усюды. У любой сферы дзейнасці трэба быць гатовым, што хтосьці будзе лепшы за цябе, трэба развівацца і працаваць над сабой. Мне здаецца, разуменне гэтай ісціны выхоўвае характар і робіць чалавека больш адаптаваным да жыцця.

— Ёсць у Нацыянальнай школе прыгажосці і групы для жанчын і мужчын старшай узроставай катэгорыі. Чаму галоўнаму вы як кіраўнік школы хацелі б навучыць беларускіх жанчын больш сталага ўзросту?

— Шчыра кажучы, я не адчуваю, што маю права некага вучыць: мне самой яшчэ шмат чаму трэба вучыцца. Ну, а калі казаць пра тое, што мне хацелася б данесці да нашых цудоўных жанчын старэйшага ўзросту... Перш за ўсё, ідэя стварэння «дарослых» груп з'явілася, калі мамы і бабулі нашых вучняў сталі звяртацца па параду да выкладчыкаў. Аказалася, далёка не ўсе жанчыны ўмеюць наносіць макіяж, рабіць прычоскі, не кажучы ўжо пра ўласны стыль. І многія хочуць навучыцца. А мы маем магчымасць даць ім гэтыя веды. Плюс удзел нашых вучняў старэйшага ўзросту ў модных паказах — гэта вельмі важная, на мой погляд, праца (у тым ліку і калі ўзяць псіхалагічны аспект). Беларускам сталага ўзросту часам не хапае разняволенасці, усведамлення, якія яны прыгажуні. Затое ёсць стэрэатып, што мама павінна-павінна-павінна сваёй сям'і і сваім дзецям. Але дзеці вырастаюць, з выхадам на пенсію прафесійныя задачы застаюцца ў мінулым — і... жанчыне здаецца, што жыццё скончана. Між тым на самай справе менавіта гэты перыяд трэба прысвяціць сабе любімай. У мяне перад вачыма ёсць цудоўны прыклад — вучаніца Нацыянальнай школы прыгажосці, адна з самых старэйшых мадэляў Беларусі. Ёй за 70, але яна выглядае неперадавальна: стыльная і яркая, на яе хочацца арыентавацца. Не трэба баяцца «апранацца не па ўзросце», не трэба забываць пра сябе, таму што «гады бяруць сваё». Кожная з нас можа і павінна быць прыгожай у любым узросце. Гэта я і хачу данесці да нашых жанчын.

Аляксандра АНЦЭЛЕВІЧ

фота Аліны МАЗАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Блізнятам – нямала спраў і праектаў, авену – усё будзе спорыцца ў руках.

Грамадства

Гаджэт для фельчара. Як працуюць ФАП і амбулаторыя ў самым аддаленым сельсавеце Пружанскага раёна

Гаджэт для фельчара. Як працуюць ФАП і амбулаторыя ў самым аддаленым сельсавеце Пружанскага раёна

Паведаміла Людміла Аляксееўна, якая загадвае фельчарска-акушэрскім пунктам і з'яўляецца фельчарам, акушэркай, медсястрой у адной асобе.