Вы тут

Апавяданне Ларысы Цімошык «Жменька сняжынак»


— Глядзі, якая вялікая белая птушка, — абудзіў засяроджаных пасажыраў тралейбуса хлопчык, які ціхенька сядзеў ля акна, заняты аглядам дамоў пры дарозе.


Фота: pixabay.com

— Не выдумляй, усе вялікія птушкі на зіму паляцелі ў вырай, — мама паспрабавала вярнуць сына ў маўкліва-прыстойный стан. А ён быў настойлівы:

— Ну паглядзі, паглядзі... Яна гуляе з сонейкам нібыта з мячыкам. — Мама азірнулася па баках з сарамліва-прабачлівай усмешкай за нечаканае парушэнне спакою, вярнуць у які малога аказалася няпроста. Відаць, на такі выпадак яна трымала ў кішэні цукеркі. Але хлопчык цягнуў за рукаў матулю, каб павярнулася да акна.

— Не, надта доўгі хвост, — нечакана адгукнуўся мужчына, на выгляд дзядуля якога-нубудзь хлопчыка. — Больш падобна на лятак...

Тррр!.. Тралейбус здрыгануўся і стаў як укапаны. «Зараз кіроўца наладзіць вусікі і паедзем далей», — сказала мама з надзеяй пераключыць увагу хлопчыка. А ў яго было роўна адваротнае спадзяванне. І яна паглядзела ў акно.

Гэта была ўсяго толькі аблачынка. Дзіўнае спалучэнне пухнатых часцінак пара, што прынялі загадкавую форму, падпарадкаваўшыся рэзкаму парыву ветра. У сонечны зімовы дзень ці не адзіная аблачынка на чыстым блакітным небе. Таму сапраўды было падобна на тое, што жывая істота плыве ў небе, перабіраючы крыламі. Адно з іх вось-вось зачэпіць дах найбліжэйшай высоткі, а другім яна імкнецца дацягнуцца да сонейка. Птушку адразу не заўважылі, як ужо даўно ўсе дарослыя перасталі ўглядацца ў неба і больш не задаюцца пытаннямі: куды час ад часу хаваецца сонца і што за сіла яго выцягвае з цемры?..

Ды без розніцы, што там уяўленне можа нафантазіраваць. Ці не ўсё роўна, што хаваецца ў вялікіх шэрых пухнатых хмарах? Жыццё ж куды больш шматаблічнае і цікавае: дзетак гадаваць, на работу хадзіць. І — што вы да мяне прычапіліся са сваёй фантазіяй? — займацца сваімі справамі. Прыкладна такая самая трывалая філасофія жыцця — на ўсе часы. І людзі гатовыя таптаць зямлю ў любым месцы, у любых умовах, у любых нават бывалых ботах. Рэалісты.

У мажнага дзецюка ў шэрых цёплых нагавіцах зазвінела ў кішэні. На твары павісла раздражненне: задоўга стаім. Зімой на дарозе бывае складана, планы пад пагрозай. Што там хтосьці кажа: абы не сарваліся гады. А гэты сённяшні дзень — такі рэальны і так хутка можа сканаць, кожная хвіліна на ўліку.

— Ну праўда ж? — Шукала падтрымкі сваім думкам цётачка з раздутым пакетам прадуктаў на каленях. Тым не менш не здолела ўтрымаць цікаўнасць. Падалося, сама была здзіўлена: у яе з'явіліся эмоцыі. Але яна б не паверыла сабе, каб не знайшла падтрымкі ў іншых.

— Чалавек! З доўгімі нагамі, — выдала дзяўчына, якая ўсю дарогу тулілася да хлопца. А цяпер, калі тралейбус стаў, яны разам разглядалі неба над дарогай. — А рукі шырока раскінуў — сонца абняць хоча.

Бабулька на сядзенні каля кіроўцы задуменна паглядзела скрозь пасажыраў:

— Дык анёл жа гэта...

Белая пухнатая істота, што ахінала горад, павярнулася другім бокам і паказала паружавелы ў промнях вечаровага сонца твар — быццам напоўнены жыццём. Адно з крылкаў распушылася, і з неба высыпалася жменька дробных сняжынак, вецер адносіў іх далей ад разагрэтага нашым дыханнем шкла, скіроўваў наперад, і яны нібыта ўцягнулі наш тралейбус у мяккі і павольны паветраны рух.

Мужчына з тэлефонам выскачыў на сваім прыпынку. Цётачцы дапамагла спусціць пакеты маладая пара. Пасля развітаўся з малым чыйсьці дзядуля.

— А дзе цукерка? — здзівілася мама, што сын прыхаваў смакату.

— Тату перадам, у лякарню.

— Ад птушкі? — пацікавілася бабуля.

— Не, ад анёлка.

Быў звычайны зімовы дзень. Людзі, як тыя сняжынкі, высыпаліся з дзвярэй на вуліцу, іх падхопліваў натоўп і раскідваў па дарозе, каб заўтра зноў закружыць у віры жыцця: сабраць у жменькі і скіраваць па справах. Нічога незвычайнага. Але чамусьці здаецца, што вечаровы змрок — гэта ўсяго толькі цень белай пухнатай істоты, якая жыве над горадам. Ці не таму снежнай зімой нават уночы бывае святло?

Ларыса ЦІМОШЫК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».