Вы тут

Лукашэнка: Пагрозы, з якімі сутыкнуўся Казахстан, агульныя для постсавецкай прасторы


Пагрозы, з якімі сутыкнуўся Казахстан, з’яўляюцца агульнымі для большасці дзяржаў на постсавецкай прасторы. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў сёння на сустрэчы са міратворчым кантынгентам, які завяршыў місію ў Казахстане, перадае БелТА.


Кіраўнік дзяржавы вітаў ваеннаслужачых на роднай зямлі, адзначыўшы паспяховае завяршэнне міратворчай аперацыі АДКБ у Казахстане па ўрэгуляванні крызіснай сітуацыі.

«Мы разумеем, што падзеі ў брацкай нам рэспубліцы — чарговая спроба знешняга ўмяшання ва ўнутраныя справы незалежных дзяржаў, а пагрозы, з якімі сутыкнуўся Казахстан, з’яўляюцца агульнымі для большасці дзяржаў на постсавецкай прасторы», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт звярнуў увагу, што арганізатары мецяжу мелі намер падарваць сітуацыю ў гэтай цэнтральнаазіяцкай рэспубліцы і ў цэлым дэстабілізаваць абстаноўку па перыметры Расіі, каб аслабіць галоўнага саюзніка Беларусі. «Прынятыя па лініі АДКБ меры, увод міратворчых сіл дазволілі зберагчы Казахстан ад развіцця сітуацыі па самым негатыўным сцэнары, не далі разгарэцца чарговай каляровай рэвалюцыі. Усё, што адбылося ў Алматы, было б па ўсім Казахстане», — падкрэсліў ён.

Аперацыя АДКБ — сігнал усім, хто точыць меч па перыметры нашых меж

Паводле слоў Прэзідэнта, Казахстан падвергнуўся ўзброенай агрэсіі добра скаардынаваных тэрарыстычных груп. Яны прайшлі спецыяльную падрыхтоўку і маюць баявы досвед, атрыманы ў розных гарачых кропках.

«Мне складана вас у гэтым пераконваць, таму што вы толькі што з поля бою, а я там не быў. Але смею вас пераканаць у тым, што вы бачылі абмежаваную прастору, за якую неслі адказнасць. Мы аналізавалі і бачылі абстаноўку ў цэлым. І толькі дзякуючы той моцы, якая была „выкінута“ у Казахстане, не ўдалася тая страшная задума па знішчэнні казахстанскай дзяржавы», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Ён упэўнены, што пройдзе крыху часу і казахстанскі народ ацэніць намаганні краін АДКБ. «Я, як былы ваенны і афіцэр, разумею, што з поля бою ўсё бачыцца не так, як у цэлым. Але, паверце, сваімі дзеяннямі, няхай без стральбы, без правядзення спецыяльных аперацый, вы толькі сваёй прысутнасцю ў гэтай краіне забяспечылі мір і парадак. Гэта быў сігнал усім, хто сёння точыць меч па перыметры беларуска-расійскіх граніц, — заявіў Прэзідэнт. — Вы паказалі ўсім, што з намі ваяваць небяспечна. Больш за тое, немагчыма. Нас перамагчы немагчыма. Гэта галоўны вынік вашай аперацыі».

Лукашэнка заявіў аб з’яўленні эфектыўнага механізму барацьбы з каляровымі рэвалюцыямі

«Перакідка кантынгенту войскаў краін-саюзніц у самыя кароткія тэрміны ліквідавала пагрозу разбурэння дзяржавы, забяспечыла стабілізацыю сітуацыі і аднаўленне канстытуцыйнага парадку ў краіне, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Нашы агульныя намаганні не толькі астудзілі запал тэрарыстаў і экстрэмістаў, якія кіруюцца звонку, але і паказалі ўсім цесныя саюзніцкія сувязі, дзеяздольнасць і патэнцыял Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы».

Кіраўнік дзяржавы заўважыў, што аперацыя ў Казахстане стала першым выпадкам, калі міратворчыя сілы АДКБ былі рэальна задзейнічаны для забеспячэння бяспекі, стабільнасці і цэласнасці адной з дзяржаў-членаў. «Поспех вашай місіі можна расцэньваць як з’яўленне эфектыўнага механізма барацьбы з так званымі каляровымі рэвалюцыямі», — заявіў Прэзідэнт.

— Вядома, ваяваць супраць нас дорага, вельмі затратна, загінуць мільёны людзей. А вось знутры перавярнуць і дабіцца тых жа мэт — яны прафесіяналы. Але першы аблом у іх здарыўся ў Беларусі. Яны мадэрнізаваліся, удасканалілі гэтую аперацыю, так званую каляровую рэвалюцыю, пачынаючы з мяцяжу, і вырашылі прымяніць у Казахстане. І там не атрымалася. Значыць, проціяддзе знойдзена«.

Ён нагадаў, што фундамент эфектыўнага прымянення міратворчай групоўкі АДКБ быў закладзены загадзя. Згуртаваць саюзніцкія міратворчыя кантынгенты, давесці іх зладжанасць і ўзаемадзеянне да высокага ўзроўню дазволілі вучэнні «Непарушнае брацтва», якія штогод праводзяцца па чарзе на палігонах краін АДКБ, адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

«Сёння мы з упэўненасцю можам канстатаваць, што міратворчы кантынгент арганізацыі можа хутка і эфектыўна выканаць любыя пастаўленыя перад ім задачы», — сказаў беларускі лідар.

Паводле яго слоў, сумесны ўдзел у міратворчай аперацыі таксама наглядна пацвярджае высокую гатоўнасць армій дзяржаў АДКБ да сумесных дзеянняў па забеспячэнні суверэнітэту і незалежнасці краін як галоўнай умовы нацыянальнай бяспекі.

«Мы не маглі кінуць казахстанскіх сяброў у бядзе. Успомніце, як 80 гадоў таму ў Брэсцкай крэпасці савецкія людзі рука аб руку абаранялі агульную Радзіму. Так і сёння плячом да пляча з брацкімі народамі мы супрацьстаім агрэсару. Як гаворыцца, не ўсё яшчэ страчана ў нашай памяці. Мы памятаем нашу сумесную барацьбу і будзем памятаць заўсёды для таго, каб выжыць у гэтым вар’яцкім свеце. І няхай ніхто нават не сумняваецца, што нашы дзяржавы гатовы зрабіць усё для захавання бяспекі і мірнага неба над галавой», — сказаў Прэзідэнт.

Лукашэнка прыадкрыў падрабязнасці падрыхтоўкі аперацыі АДКБ у Казахстане

«Я скажу больш, без хвальба. Уся гэтая аперацыя, аж да дэталяў, была распрацавана двума прэзідэнтамі — Расіі і Беларусі — на працягу адной гадзіны. Была намечана задума, міністэрствы абароны пад кіраўніцтвам Шайгу і Хрэніна дэталізавалі ў генеральных штабах задуму двух прэзідэнтаў, і ўжо праз некалькі гадзін вылецелі першыя самалёты ў Казахстан. Усё было зроблена хутка і рашуча, без ваганняў», — расказаў Аляксандр Лукашэнка.

Беларускія міратворцы ўнеслі значны ўклад у стабілізацыю абстаноўкі ў Казахстане

«Вы з гонарам выканалі задачы па забеспячэнню бяспекі важнейшых дзяржаўных і ваенных аб’ектаў Казахстана, унеслі свой значны ўклад у стабілізацыю абстаноўкі ў краіне. Сёння на вас раўняюцца ваеннаслужачыя Беларусі і Расіі. Вамі ганарацца сем’і і ўвесь беларускі народ», — звярнуўся да ваеннаслужачых Аляксандр Лукашэнка.

Словы асаблівай падзякі Прэзідэнт выказаў Міністэрству абароны Расіі і расійскім ваенным лётчыкам, якія арганізавалі і аператыўна забяспечылі дастаўку беларускага воінскага кантынгенту ў Казахстан і назад.

«Я дзякую вам усім за службу і ўзорнае выкананне пастаўленых задач. Вы праявілі найвышэйшы прафесіяналізм, самаадданасць і адвагу. Вы ступілі ў нязведанае і выдатна там справіліся з выкананнем сваёй задачы. Вы не ведалі, што там можа быць. Многія з вас заахвочаны, астатнія таксама будуць адзначаны і ўзнагароджаны. Гэта даручэнне міністру абароны», — звярнуў увагу галоўнакамандуючы.

Кіраўнік дзяржавы прызнаўся, што яго да гэтага часу не пакідае пачуццё, з якім ён прымаў рашэнне аб адпраўцы беларускіх міратворцаў у Казахстан. «Я маліў Бога, каб вы ўсе да адзінага вярнуліся адтуль не проста жывымі, але здаровымі. І я шчаслівы, што гэтая аперацыя завяршылася менавіта так. Сёння вы будзеце бачыць сваіх родных, свае сем’і, многія з вас абдымуць сваіх дзетак. Гэта самае вялікае. шчасце для мяне як для галоўнакамандуючага Узброенымі Сіламі, калі ты пасылаеш сваіх дзяцей у нязведанае і яны вяртаюцца жывымі і здаровымі», — заявіў ён.

Аляксандр Лукашэнка расказаў, што тэрарыстам у Казахстане абяцалі тысячы долараў за галовы беларускіх і расійскіх ваенных. Ды і беглая апазіцыя марыла ўбачыць пацярпелых сярод міратворцаў. «Не атрымалася. І за гэта я ўдзячны вам і вашым камандзірам. Кожны дзень раніцай і вечарам я проста дапытваў міністра абароны аб стане здароўя нашых ваеннаслужачых. Вы цудоўна зрабілі сваю работу, так, як і трэба нам, сапраўдным мужыкам, — падкрэсліў Прэзідэнт. — Вы абралі такую ​​прафесію, а час абраў нас, і ад гэтага нікуды не падзецца».

Кіраўнік дзяржавы павіншаваў ваеннаслужачых з завяршэннем міратворчай місіі і пажадаў ім моцнага здароўя, шчасця, дабрабыту і новых поспехаў у прафесійнай дзейнасці на карысць краіны і народа.


«Гэта рэальна было складана момантамі, але ўсё атрымалася». Камандзір міратворчай роты аб аперацыі ў Казахстане

У ходзе рэалізацыі міратворчай аперацыі ў Казахстане быў атрыманы бясцэнны вопыт. Аб гэтым расказаў журналістам камандзір міратворчай роты 103-й асобнай гвардзейскай паветрана-дэсантнай брыгады Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь Ігар Гіль, перадае БелТА.

«Самае галоўнае, што атрымалі бясцэнны баявы вопыт. Асабісты склад падраздзялення быў гатовы да выканання задач, і выканаў з найвышэйшай якасцю», — сказаў камандзір міратворчай роты.

Ён зазначыў, што дзеянні міратворцаў раней адпрацоўваліся на адпаведных вучэннях, у тым ліку ў фармаце АДКБ, і цяпер напрацаваныя навыкі спатрэбіліся на практыцы. «Так, гэта рэальна было складана момантамі, але ўсё атрымалася. Усё было вельмі падобна да вучэнняў», — адзначыў Ігар Гіль.

Ваеннаслужачы таксама расказаў, што жыхары ў Казахстане сустрэлі іх з пазітывам і дзякавалі перад адпраўкай дадому.

Намеснік камандуючага Сіламі спецыяльных аперацый Рэспублікі Беларусь Дзмітрый Собаль расказаў, што міратворчая аперацыя была праведзена вельмі аператыўна і зладжана. Ужо праз суткі пасля атрымання задачы беларускія вайскоўцы прызямліліся на аэрадроме ў Казахстане і прыступілі да выканання задач. Аснову падраздзяленняў міратворцаў краін АДКБ складаюць дэсантныя падраздзяленні, якія гатовы выканаць любыя пастаўленыя задачы.

Адказваючы на ​​пытанне, якую ацэнку Дзмітрый Собаль паставіў бы міратворцам па выніках праведзенай аперацыі, ён сказаў: «Толькі выдатна». «Гэта практыка сур’ёзная, вялікі вопыт», — дадаў ён.


Даведка

У Казахстане беларускія міратворцы ў складзе сіл АДКБ бралі ўдзел у аперацыі па ўрэгуляванні крызіснай сітуацыі.

Як паведамлялася, 14 студзеня завяршылася вывад беларускага воінскага кантынгенту міратворчых сіл АДКБ з Казахстана. Дастаўка міратворцаў ажыццяўлялася Паветрана-касмічнымі сіламі Расіі. Дзесяць самалётаў з беларускімі вайскоўцамі на борце прызямліліся на ваенным аэрадроме Мачулішчы.

«Місія беларускіх ваеннаслужачых з Рэспублікі Казахстан завершана. Ваеннаслужачыя 103-й Віцебскай асобнай паветрана-дэсантнай брыгады атрымалі ўнікальны вопыт удзелу ў міратворчай місіі. Пастаўленыя задачы паспяхова выкананы», — адзначылі ў Міністэрстве абароны.

Фота: БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Персанальныя даныя: ведаць нельга распаўсюджваць

Персанальныя даныя: ведаць нельга распаўсюджваць

Каму, калі, што, дзе і як можа давяраць пра сябе сучасны чалавек.

Грамадства

Пуд солі. Ружовая, чорная або марская — чым яны адрозніваюцца?

Пуд солі. Ружовая, чорная або марская — чым яны адрозніваюцца?

Раней было прасцей: скончылася ў доме соль — ідзеш у краму і купляеш, і ўсё зразумела.

Эканоміка

Змены ў падатковы кодэкс. Хто заплаціць падатак на кватэру, а хто не?

Змены ў падатковы кодэкс. Хто заплаціць падатак на кватэру, а хто не?

З пачатку года ўступілі ў сілу змены ў Падатковы кодэкс.