Вы тут

Лукашэнка: Асобныя гарачыя галовы ўжо адкрыта заклікаюць да вайны. Мы чуем гэтыя заявы


Адмысловы план і шэраг пытанняў па забеспячэнні бяспекі Саюзнай дзяржавы абмеркавалі на сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам кіраўнікі ваеннага ведамства. Правесці сумесныя пазапланавыя мерапрыемствы па ацэнцы гатоўнасці ўзброеных сіл Саюзнай дзяржавы кіраўнікі дзвюх краін дамовіліся яшчэ ў снежні. Вызначаны мэты, задачы, склад удзельнікаў і месцы практычных дзеянняў войскаў. Кіраўніком вучэнняў з беларускага боку назначаны начальнік Генеральнага штаба Узброеных сіл Віктар Гулевіч.


Па звестках Прэзідэнта, гэтым часам на граніцы з Беларуссю ў Прыбалтыйскіх краінах і Польшчы засяроджана больш 30 тысяч вайскоўцаў з тэхнікай і ўзбраеннем. У гэтым кантэксце ён узгадаў перамовы Расіі з НАТА. «Расія мае рацыю, што тыя (прадстаўнікі НАТА. — „Зв.“) хочуць завалакіціць, замяць усе гэтыя перамовы і падаць так, быццам бы нічога не адбываецца. Мы бачым, што адбываецца.

Варшава звярнулася ў НАТА з просьбай разгарнуць у дадзеным рэгіёне шмат эшаланіраваную сістэму тылавога і тэхнічнага забеспячэння. Як людзі ваенныя, мы адразу задаём пытанне: навошта?» — пытаецца кіраўнік краіны.

Па словах Прэзідэнта, калі цяжкім узбраеннем і вайсковым кантынгентам меркавалі змагацца з наплывам мігрантаў, то зараз магчыма было б адсунуць ад межаў.

«Памятаеце, так і мы калісьці перад, пасля выбараў рэагавалі. Мы ім паказвалі, хлопцы, падсуньцеся — будзе дрэнна. Мы свае войскі потым вывелі ў месцы сталай дыслакацыі. А яны больш за тое, вылучыўшы сюды войскі і ўзбраенне, ствараюць шмат эшаланіраваную абарону, вылучаюць эшалоны, тылавое забеспячэнне. То бок рыхтуюцца да нечага сур’ёзнага. Прынамсі, працяглага», — заўважае Аляксандр Лукашэнка.

Ён дадае, што таксама на тэрыторыі Польшчы і краін Балтыі на ратацыйнай аснове знаходзяцца ад 8 да 10 тысяч вайскоўцаў Злучаных Штатаў Амерыкі.

«Амерыканцам жа што тут рабіць? Чаго нас, Расію папракаць, што мы тут нейкія манеўры, вучэнні праводзім, калі вы за трыдзяведзь зямель сюды перліся, што вы тут рабіць будзеце? Асобныя гарачыя галовы ўжо адкрыта заклікаюць да вайны. Мы чуем гэтыя заявы», — канстатуе Прэзідэнт.

 

Ён адзначае, што, на вялікі жаль, насцярожвае абстаноўка і на паўднёвых рубяжах — то-бок з Украінай. Па словах Аляксандра Лукашэнкі, Украіна працягвае нарошчваць сілы, засяроджваючы падраздзяленні нацыянальнай гвардыі з «нацыяналістаў-радыкалаў».

«Гэта ўсё ў непасрэднай блізкасці да дзяржаўнай граніцы нашай краіны. Зноў жа, пад выглядам таго, што будуць змагацца з мігрантамі.

Да мігранты туды ў жахлівым сне не трапяць нават. Яны не збіраюцца ва Украіну ісці. Там свае людзі бягуць з Украіны. А яны будуць абараняцца ад мігрантаў з Беларусі...» — разважае Прэзідэнт.

У спецаперацыі ўкраінскіх ваенных «Палессе» задзейнічана на мяжы амаль 10 тысяч вайскоўцаў, а раней было толькі шэсць тысяч, дакладвае Прэзідэнту разведка.

«То-бок дынаміка такая, што ідзе нарошчванне ваеннага кантынгенту на паўднёвых граніцах нашай краіны», — сказаў Прэзідэнт.

Ён нагадаў пра планы з расійскім калегам правесці сумесныя пазапланавыя мерапрыемствы на заходніх, паўднёвых межах Саюзнай дзяржавы.

«Сёння мы бачым, што нам неабходна ў гэтых заходніх, паўднёвых рэгіёнах Беларусі, „беларускім балконе“ правесці салідныя вучэнні. І гэтыя вучэнні не павінны быць чыста беларускімі. Гэта павінны быць нармальныя вучэнні па адпрацоўцы пэўнай задумы ў супрацьстаянні з гэтымі сіламі — захаду (Прыбалтыка, Польшча) і поўдня (Украіна)», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Міністрам абароны Беларусі і Расіі была пастаўлена задача прапрацаваць задуму вучэння, вызначыць колькасць войскаў і ўзбраення, якія мабілізуюць у Беларусі, і якія часці будуць падключаны з Расіі.

Па словах Прэзідэнта, вучэнні запланаваны на люты. «Вызначайце дакладную дату, паведамляйце, каб нас не папракалі, што мы тут з бухты-барахты нейкія войскі сцягнулі ды ледзь ваяваць не збіраемся», — падкрэсліў кіраўнік краіны.


Каменатрый у тэму

Падрабязней пра вучэнні і згуртаванне войскаў на межах краін-суседак расказалі журналістам генералы

Намеснік начальніка Генеральнага штаба Узброеных Сіл — начальнік галоўнага аператыўнага ўпраўлення Павел Муравейка расказаў, што ў рамках двух ваенных аперацый НАТА «Атлантычная рашучасць» і «Узмоцненая перадавая прысутнасць» у Еўропе разгорнута больш за 12 тысяч амерыканскіх салдат са зброяй, танкамі, артылерыяй, самалётамі і верталётамі. Ахоўваюць паветраную прастору краін Балтыі больш за 300 вайскоўцаў, 6-8 самалётаў Ф-16 і Ф-35.

«Гэта не можа нас не насцярожваць, бо гэтай групоўкай сёння магчыма развязаць і справакаваць любы міжнародны канфлікт. Акрамя таго, сёння працягваецца рэзанансная правакацыя, выкліканая так званым міграцыйным крызісам. Толькі ў рамках дадзенай дзейнасці на тэрыторыі сумежных з намі дзяржаў разгорнута больш за 20 тысяч вайскоўцаў. З іх 15 тысяч — прадстаўнікі сухапутных войскаў. У Прыбалтыцы больш 12 тысяч ваенных. Гэта прадстаўнікі арміі, паліцыі, прыгранічнай службы», — паведамляе генерал-маёр.
Згодна аперацыі «Палессе», у межах Украіны з Беларуссю размешчана больш за 10 тысяч ваенных і нарошчванне дадзенай групоўкі працягваецца, адзначае спікер. 

«Гэта выклікае занепакоенасць і патрабуе ад нас аб’ектыўнай рэакцыі ў адказ. Гэта рэакцыя будзе адэкватная і празрыстая. Мы сумесна з расійскімі калегамі правядзём нечаканую праверку сіл і сродкаў рэагавання Саюзнай дзяржавы, — адзначыў Павел Муравейка. — Разам з тым на завяршальным этапе дадзенага мерапрыемства пройдзе вучэнне, задуму якога сёння зацвердзіў Прэзідэнт. Назва вядома — „Саюзная рашучасць — 2022“. Склад войскаў вучэння, а таксама тэрміны яго правядзення будуць удакладненыя па меры рэалізацыя мерапрыемстваў праверкі».

Нарошчванне войска на межах з-за міграцыйнага крызісу ён назваў «рэзананснай правакацыяй» Польшчы невыпадкова, бо пагрозы з-за бежанцаў не маюць нічога агульнага з працэсамі, што адбываюцца ў краіне-суседцы.

 

«Жадаючы прадэманстраваць Еўропе сваю запатрабаванасць, узровень сваёй адказнасці перад еўрапейскімі краінамі, свае фінансавыя ўкладанні ў забеспячэнне бяспекі Еўропы, Польшча вылучае як мага больш ваенных, дэманструючы свой патэнцыял. Колькасць мігрантаў ні ў якім разе не ўплывае на колькасць ваенных, што там знаходзяцца, — дадае Павел Муравейка. — Тут маецца нейкі больш глыбінны падыход — дэманстрацыя сваёй гатоўнасці выконваць нейкія задачы. Якія задачы могуць выконваць польскія ваенныя каля нашых граніц? Толькі правакацыйныя».

Начальнік Генеральнага штаба Узброеных Сіл Віктар Гулевіч адной з рызыкаў ваеннай бяспекі Беларусі назваў прысутнасць войскаў НАТА на тэрыторыі краін, што мяжуюць з нашай. Таму кіраўнікамі Саюзнай дзяржавы, па яго словах, прынята рашэнне аб правядзенні праверкі сіл рэагавання.

«У рамках мерапрыемства прадугледжана выкананне шэрагу задач. Праверцы падлягаюць органы кіравання, аб’яднанні, злучэнні воінскіх часцей Беларусі і Расіі. Будзе праводзіцца перагрупоўка на тэрыторыю Беларусі вялікага кантынгенту, з якім будзе адпрацоўвацца шэраг задач па абароне Саюзнай дзяржавы: на паўднёвым кірунку ў паветранай прасторы і на сушы, выкананне задач барацьбы з дыверсійна-разведвальнымі групамі, незаконнымі ўзброенымі фарміраваннямі. Будзе праведзена праверка ваенна-лагістычнай сістэмы па забеспячэнні перагрупоўкі на вялікія адлегласці», — расказаў начальнік Генштаба. Праверка сіл рэагавання будзе праводзіцца ў два этапы.

Марыя ДАДАЛКА

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».