Вы тут

Раім схадзіць


Дзень музейнага сэлфі, выставачны праект «Музей ёлачных цацак», выстава «Колер паху» і іншае — штотыднёвая афіша «Звязды».


Дзень музейнага сэлфі

Дзе: Літаратурны музей, г. Мінск, вул. М. Багдановіча, 13

Калі: 19 студзеня

19 студзеня 2022 года ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры і яго філіялах пройдзе міжнародная акцыя ДЗЕНЬ МУЗЕЙНАГА СЭЛФІ #MuseumSelfieDay.

Створаная па ініцыятыве Міжнароднага музейнага праекта Culture Themes у 2014 годзе, акцыя праходзіць штогод кожную трэцюю сераду студзеня. Ідэя яе простая — папулярызаваць музеі і гістарычную спадчыну сярод звычайных людзей у звыклым для іх фармаце. У год гістарычнай памяці удзел у акцыі для айчынных музеяў — добрая магчымасць нагадаць пра сябе і свае гісторыка-культурныя скабры наведвальнікам і грамадскасці.

Як прыняць удзел у акцыі? У чатыры крокі!

Першы крок. 19 студзеня ці напярэдадні завітайце у адзін з нашых музеяў (ці адразу ў некалькі):

  • #bellitmuseum Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры (вул. М.Багдановіча, 13)
  • #bagdanovichmuseum Літаратурны музей Максіма Багдановіча (вул. М.Багдановіча, 7а)
  • #museum_brovka Літаратурны музей Петруся Броўкі (вул. К.Маркса, 30)
  • #belaruskayahatka Музей «Беларуская хатка» (вул. Рабкораўская, 19)

Другі крок. Зрабіце фота ў прасторы музейных залаў: на фоне ўлюбёных прадметаў, куткоў экспазіцый, побач з выявамі пісьменнікаў і г.д. Таксама залічваюцца сэлфі на фоне будынка музея, з уваходным квітком і г.д. Вітаюцца цікавыя, арыгінальныя, яскравыя фотаздымкі, незвычайныя ракурсы, творчы падыход.

Крок трэці. Размясціце свае аўтапартрэты ў сваіх акаунтах у адной ці некалькіх сацыяльных сетках (Instagram, Facebook, ВКонтакте), пазначыўшы іх хэштэгам канкрэтнага музея (гл.вышэй) і агульнымі хэштэгамі акцыі #MuseumSelfie і #MuseumSelfieDay.

Крок чацвёрты. Пакажыце вашу публікацыю наглядчыку музея і атрымайце цудоўны сувенір за свае старанні.

Прыняць удзел у акцыі можна і без наведвання музея. Калі вы ўжо маеце сэлфі з нашых музеяў, дастаткова 19 студзеня апублікаваць іх на сваіх старонках і пазначыць згаданымі хэштэгамі. Усе публікацыя будуць намі абавязкова адсочаны, а лепшыя з іх адзначаны сувенірамі.

Лепшыя фотаздымкі таксама трапяць у стужкі музейных суполак.

Дадатковая інфармацыя — па тэл. +375 (17) 363 94 65. 

 


Інклюзіўная выстаўка адкрываецца ў галерэі «АртХаос»

 

Дзе: г. Мінск, вул. П. Мсціслаўца, 11, 1 паверх, пам. 187, ГЦ «Дана Мол»

Калі: 20-30 студзеня

Колькі: бясплатна

Хадзіць на выстаўкі вядомых мастакоў, канешне, цікава, але ўжо звыкла. А вось прыйсці на выставу карцін, якія намалявалі таленавітыя і мужныя дзеці — справа незвычайная і карысная. У мастацкай галерэі «АртХаос» 20 студзеня адкрываецца першая ў Беларусі выстаўка карцін «асаблівых» мастачак: двайнятак з дзіцячым-цэрэбральным паралічом Дашы і Ксюшы, а таксама іх мамы Крысціны Жук. Ідэйны натхняльнік і ініцыятар выстаўкі Крысціна Жук — творчая асоба, якую натхняюць яркія краскі, надаючы ёй энергію і сілу духа. Даша і Ксюша ад сваёй мамы не адстаюць. Дзяўчынкі не могуць самастойна хадзіць і сядзець, але гэта не перашкадджае ім маляваць.

Дапамагае мама, якая на прыкладзе сваёй сям’і, паказвае, што мастацтва лечыць. У таленавітай сям’і ўжо ёсць свой фірменны стыль — акруглыя лініі і яркія фарбы, якія адлюстроўваюць пазітыўныя эмоцыі. Інакш немагчыма. Нягледзячы на цяжкі дыягназ, Даша і Ксюша радуюцца, смяюцца, вучацца і сваёй творчасцю, нясуць гэтаму свету прыгажосць і яркія фарбы. І, магчыма, самі таго не ўяляючы, дзяўчынкі робяць вельмі важную справу — паказваюць людзям, што ўсё магчыма, варта толькі захацець. Карціны Дашы і Ксюшы не адпавядаюць патрабаванням, якія сучасныя крытыкі прад’яўляюць для свайго аналізу. Але ці важна гэта, калі яны прасякнуты душэўнай цеплынёй і пазітывам?

«Творчасць, любоў і стварэнне — гэта аснова міру і адносін людзей памиж сабой. Гэта без межаў, без узросту і без усялякіх умоўнасцяў. І пацвярджэнне гэтай ідэі — з’ява, якую нам адкрывае дзіўная жанчына Крысціна Жук, маці дзвюх дзяўчынак блізнят, дзяцей з асаблівасцямі развіцця. У гэтай выставе, у гэтых работах кожны можа здзівіцца, парадавацца і адкрыць нейкія цудоўныя бакі сваёй асобы. Арт-тэрапія ў працы з такімі дзеткамі, адзін з самых выдатных інструментаў, які адкрывае магчымасці і рэсурсы чалавека. З дзецьмі з асаблівасцямі развіцця ўстанаўліваць камунікацыю дастаткова няпроста. І самая лепшая камунікацыя — праз творчасці і рэсурсы чалавека, якія закладзены ў ім першапачаткова. Важна бачыць у чалавеку здароўе, а не хваробу, бачыць у чалавеку святло, сілу, магчымасці, а не абмежаванні, боль і пакуты», — адзначыла псіхолаг, арт-тэрапеўт Алена Казлоўская. На адкрыцці выстаўкі яна падрабязней раскажа пра ўплыў арт-тэрапіі на развіццё асаблівых дзяцей. 

Адкрыццё выстаўкі «Super Twins» адбудзецца ў мастацкай галерэі «АртХаос» 20 студзеня ў 18.00. Усе сродкі ад рэалізацыі рэпрадукцый карцін будуць накіраваныя на рэабілітацыю Дашы і Ксюшы.

Валерыя СЦЯЦКО


Інтэрактыўна-пазнавальная праграма «Калядныя цуды»

Дзе: Літаратурны музей, г. Мінск, вул. М. Багдановіча, 13

Калі: да 21 студзеня

У перыяд зімовых свят — з 20 снежня 2021 года па 21 студзеня 2022 года — Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры запрашае хлопчыкаў і дзяўчынак да ўдзелу ў святочнай інтэрактыўна-пазнавальнай праграме «Калядныя цуды».

Праграма ладзіцца ў межах экспанавання новай аднаіменнай выставы музея і прысвечана традыцыям святкавання Калядаў на Беларусі.

Удзельнікі праграмы даведаюцца, чаму ў гадавым коле народных абрадаў і свят Каляды займалі першае месца, як варажылі, якія песні спявалі і якія стравы гатавалі на свята іх продкі, пазнаёмяцца з абрадавымі каляднымі гульнямі і забавамі.

Але тое было раней... А зараз? Ці ведаем мы хоць адзін сучасны абрад? Вось мы і прапануем юным наведвальнікам стаць стваральнікамі новага каляднага абраду. Як ён называецца? А гэта мы разам і прыдумаем...

А яшчэ падчас праграмы хлопчыкі і дзяўчынкі трапяць у «калядную майстэрню», бо якое ж сапраўднае свята абыходзіцца без хэнд-мэйду? Тут рабяты змогуць праявіць свае творчыя здольнасці і ўласнаручна зрабіць незвычайную елачную цацку-сюрпрыз. Яна стане арыгінальным падарункам для родных і сяброў або паслужыць упрыгожаннем для дамашняй навагодняй хваінкі.

Акрамя таго ўдзельнікаў праграмы чакаюць салодкія пачастункі ад партнёра праграмы — кандытарскай фабрыкі «Красный пищевик».

Да ўдзелу ў калядная праграме запрашаюцца групавыя і сямейныя наведвальнікі малодшага і сярэдняга школьных узростаў.

Працягласць — каля 60 хвілін.

Папярэдні запіс ужо распачаты! Тэл. +375 17 363-56-21.


Выставачны праект «Музей ёлачных цацак»

Дзе: Нацыянальны гістарычны музей РБ, г. Мінск, вул. Маркса, 12

Калі: да 23 студзеня

Колькі: дарослым — 10 BYN; пенсіянеры, школьнікі, дзеці з 5 гадоў — 8 BYN; дзеці да 5 гадоў — бясплатна

У прадчуванні навагодніх святаў і зімовага чараўніцтва з 29 кастрычніка ў Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь пачынае працу навагодні выставачны праект «Музей ёлачных цацак».

Выстава — частка найбуйнейшай сусветнай калекцыі ёлачных цацак. Кожны год «Музей» абнаўляе свае фонды, што дазваляе наведваць выставу як у першы раз. Увазе наведвальнікаў будуць прадстаўлены навагоднія дэкарацыі з Еўропы, Азіі, Аўстраліі, Амерыкі і Афрыкі, аналагаў якім няма ні ў адным еўрапейскім музеі.

Наведвальнікі музея змогуць даведацца ўсе сакрэты вытворчасці ёлачных цацак на адзінай у Беларусі спецыялізаванай фабрыцы, а таксама пад кіраўніцтвам мастакоў прадпрыемства прайсці адукацыйныя майстар-класы па вырабе навагодніх упрыгожванняў (кошт — 10 руб.), і не толькі.

Самыя маленькія госці выставы змогуць убачыць інтэрактыўны мініяцюрны калядны гарадок. У рамках праекта будзе працаваць фірменны магазін фабрыкі «ГРАЙ», дзе ўсе жадаючыя змогуць набыць святочную прадукцыю па фабрычных цэнах.

Музей працуе штодня з 11: 00 да 19: 00.


Выстава «Колер паху»

Дзе: Мастацкая галерэя Міхаіла Савіцкага, г. Мінск, пл. Свабоды, 15

Калі: да 23 студзеня 

Колькі: 4 BYN — дарослым; 3 BYN — студэнтам; 2,5 BYN — школьнікам 

9 снежня 2021 года ў 18.00 у Мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага адбудзецца адкрыццё арт-праекта «Колер паху» мастака Святланы Верабей і парфумера Ксеніі Філіпавай.

«Ці можна адлюстраваць пах?» — такім пытаннем задаліся аўтары выставачнага праекта.

Арт-праект уяўляе серыю жывапісных работ мастака, дызайнера, фатографа, спецыяліста па боды-арце Святланы Верабей. Серыя стваралася ў тандэме з парфумерам і ароматэрапеўтам Ксеніяй Філіпавай.

Наведвальнікі выставы змогуць не толькі разгледзець абстрактныя жывапісныя кампазіцыі, але і адчуць тыя пахі і водары, якія выклікалі ў мастака арыгінальныя каляровыя асацыяцыі. Сваё ўвасабленне ў фарбах знайшлі пахі грэйпфруту, лаванды, герані, елі, язміну, імбіра, мірту, чабору, ружы, шалфею, чорнага перцу і многія іншыя.

На выставе таксама прадстаўлены жывапісныя працы з гукавым суправаджэннем, якое дапамагае больш поўна адчуць аўтарскую задуму жывапісных твораў.


Праграма «Каляда» 

Дзе: Музей «Лошыцкая сядзіба», праезд Чыжэўскіх, д. 8-2

Калі: да 23 студзеня 

Колькі: 5 BYN 

Да 23 студзеня 2022 года музей «Лошыцкая сядзіба», філіал ДУ «Музей гісторыі горада Мінска», запрашае на інтэрактыўную экскурсійную праграму «Каляда» па выставе сучаснага народнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва «Скарбонка памяці».

Праграма «Каляда» распрацавана па матэрыялах беларускага народнага каляндара і прысвечана пачатку святкаванняў у гонар зімовага сонцастаяння. Гэтае свята — старадаўняя традыцыя, прымеркаваная спачатку да зімовага сонцазвароту, а пасля і да Раства Хрыстова.

Калядаванне прайшло праз стагоддзі і захавалася да нашых дзён амаль на ўсёй тэрыторыі Беларусі. У цёмныя вечары нашы продкі збіраліся разам, перапраналіся ў звяроў, міфалагічных персанажаў і хадзілі па хатах са спевамі, жартамі і тэатралізаванымі сцэнкамі. Экскурсійная праграма дапаможа ўзгадаць, а некаторым і даведацца аб традыцыях падрыхтоўкі да свята і правядзення галоўнага зімовага карнавала беларусаў.

Інтэрактыўная экскурсія дапаможа вам здзейсніць сапраўднае падарожжа ў свет беларускіх Калядаў. Галоўны персанаж свята — Калядная Баба — пазнаёміць вас з традыцыямі святкавання, пасля чаго вы станеце сапраўднымі калядоўшчыкамі — згуляеце «У арэхі» і «Шкута», будзеце ведаць прызначэнне калядных масак і зорак, а таксама даведаецеся, якім персанажам Каляды вы маглі быць.

Дапаможцамі ў калядным падарожжы стануць саламяныя музыкі, абрадавыя маскі казы і лася, лялькі мядзведзя, дзеда і бабы, прадстаўленыя на выставе «Скарбонка памяці». Падымуць святочны настрой песні, прыпеўкі, загадкі і жарты, што выконваліся на калядных ігрышчах і вячорках. Вам трэба будзе ўзгадаць, якія прыказкі і павер’і суправаджалі святкі ў розных рэгіёнах Беларусі.

Запіс на інтэрактыўную экскурсію для груп (да 15 удзельнікаў) па телефоне: (017) 396 18 86, праз электронную пошту loshytsa@gmail.com, або сацыяльные сеткі музея ВКонтакте, Facebook і Instagram (/loshytsamuseum).


Выстава «Зіма ў горадзе»

Дзе: Мастацкая галерэя Міхаіла Савіцкага, пл. Свабоды, 15

Калі: да 23 студзеня 

Колькі: 5 BYN — дарослым; 4 BYN — студэнтам, 2,5 — школьнікам 

У Мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага пачынае працу выстава «Зіма ў горадзе», арганізаваная сумесна з Беларускім саюзам мастакоў.

Зімовы пейзаж — папулярная тэма ў беларускіх мастакоў, якія бачаць прыгажосць і зачараванне ў любым сезоне і ў любым надвор’і. У кожнага аўтара зіма набывае свой настрой: у адных яна суровая і змрочная, у іншых — ціхамірная і мяккая, у трэціх — іскрыстая і жыццярадасная.

У экспазіцыі прадстаўлена больш за 50 твораў жывапісу і графікі з 1960-х гг. да нашых дзён. Гэта пераважна гарадскія пейзажы Мінска і наваколля.

Зіма ў горадзе часцей паўстае ў выглядзе традыцыйных для гэтай пары года забаў, чым самой прыроды. Яркі таму прыклад-працы В. Сумарава «Вясёлая зіма ў Лошыцы» (1970).

На выставе прадстаўлены таксама працы сучасных аўтараў. Адной з любімых тэм у В. Барабанцава з’яўляюцца зімовыя святы-традыцыйныя Каляды. Ён адлюстроўвае вясёлыя кампаніі калядоўшчыкаў, якія са смехам і танцамі рухаюцца ад дома да дома па вуліцах старога Заслаўя.

Амаль казачны горад Мінск праз заслону снегападу паўстае ў працах Г. Атчыка.

Асаблівую ўвагу Мінску і гарадскому пейзажу надае ў сваіх творах У. Пяшкун. На яго палотнах усе адценні і настроі зімы, ад яркага іскрыстага марознага раніцы да вячэрняй адлігі ў ціхіх дворыках старога горада.

Запрашаем адчуць такія розныя зімовыя настроі на выставе «Зіма ў горадзе», якая працуе да 23 студзеня 2022 года.

Уваходны квіток дае права наведвання выставы «Мода. Музыка. Маладосць».


Выставачны праект «Час цыклонаў. Жывапіс і графіка Галіны Нячаевай»

Дзе: Нацыянальны мастацкі музей РБ, г. Мінск, вул. Леніна, 20 

Калі: да 29 студзеня 

Колькі: 6 BYN — дарослым; 3 BYN — студэнтам/ школьнікам 

У Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі адкрыўся выставачны праект «Час цыклонаў. Жывапіс і графіка Галіны Нячаевай», прымеркаваны да юбілею аўтара.

На выставе прадстаўлены творы жывапісу, графікі, паэтычныя зборнікі, мастацтвазнаўчыя манаграфіі, дзённікі і замалёўкі, а таксама веткаўскія абразы — неад’емная частка дзейнасці галіны Нячаевай па зборы музейных скарбаў.

Галіна Нячаева (г. н. 1951) — прызнаны і аўтарытэтны даследчык стараверства, традыцыйнай культуры (семіётыкі беларускага арнаменту), заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь. Яна стаяла ля вытокаў стварэння Веткаўскага музея стараверства і беларускіх традыцый імя Ф. Р. Шклярава, доўгія гады была яго дырэктарам і сёння застаецца натхняльнікам калектыву аднадумцаў, адданых музейнай справы.

Акрамя таго, Галіна Нячаева вядомая як паэт і мастак, чыё глыбока філасофская творчасць спалучае ў сабе даследчую дакладнасць і яркі сімвалізм. Выстава працягнецца да 29 студзеня.


Літаратурна-дакументальнай экспазіцыі «Залатая раніца беларускага Адраджэння»

Дзе: «Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры», г. Мінск, вул. М. Багдановіча, 13

Калі: да 31 студзеня

23 лістапада 2021 года ў 17.00 у Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры адбылася ўрачыстае адкрыццё часовай літаратурна-дакументальнай экспазіцыі «Залатая раніца беларускага Адраджэння», прымеркаванай да 110-годдзя Юлія Таўбіна, 115-годдзяў Андрэя Александровіча і Алеся Салагуба, 120-годдзяў Міхася Зарэцкага і Віталя Вольскага, 125-годдзяў Кандрата Крапівы, Майсея Кульбака, Міхася Чарота, 135-годдзя Змітрака Бядулі.

Дзесяцігоддзе 20-30-х гадоў ХХ ст. — адна з самых яскравых старонак у гісторыі Беларусі. На хвалі часу шырокага рэвалюцыйнага ўздыму ў беларускую літаратуру ўліваецца цэлая плеяда маладых пісьменнікаў, паэтаў, крытыкаў. Гэты час быў вельмі спрыяльны для развіцця нацыянальнай культуры і навукі, яго называюць «залатой раніцай» беларускага адраджэння.

У 1920 годзе быў адкрыты Беларускі педтэхнікум — «сад-гадавальнік» беларускіх пісьменнікаў. У 1921 годзе адчыніліся дзверы Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

У гэты час былі арганізаваны вядучыя тэатры — беларускія, польскі і яўрэйскі. У 1926 годзе па аповесці Міхася Чарота «Свінапас» здымаецца першая беларуская кінастужка «Лясная быль».

Развіццё перыядычнага друку ў Беларусі аказала значны ўплыў на станаўленне літаратуры і мастацтва. У газетах «Савецкая Беларусь», «Чырвоная змена», «Звязда», «Літаратара і мастацтва» «Беларуская вёска» і іншых друкаваліся творы выдатных беларускіх пісьменнікаў. Сярод супрацоўнікаў рэдакцый было нямала паэтаў і празаікаў. Папулярныя часопісы тых гадоў: «Маладняк», «Узвышша», «Полымя», «Іскры Ільіча», «Штэрн» і інш.

Наведвальнікі пазнаёмяцца з беларускім друкам таго часу, мастацкімі творамі юбіляраў, даведаюцца пра тое, як «віравала» тэатральнае жыццё.

На экспазіцыі прадстаўлены матэрыялы з фондаў музея, Прэзідэнцкай бібліятэкі Рэспублікі Беларусь, а таксама выкарыстаны электронныя копіі часопісаў з фондаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.

Кантактныя тэлефоны: +375 17 363-56-21, +375 17 395-44-47.


«Навагодняя выстава»

Дзе: Нацыянальны цэнтр сучасных мастацтваў, г. Мінск, вул. Някрасава, 3

Калі: да 13 лютага

Колькі: 8 BYN — дарослым; 6 BYN — студэнтам; 4 BYN — ільготны 

У Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь пачала сваю працу «Навагодняя выстава», на якой вы апыняцеся ў чароўнай святочнай атмасферы і адчуеце прыемныя эмоцыі.

У экспазіцыі прадстаўлены скульптурныя кампазіцыі з натуральных прыродных матэрыялаў, створаныя дызайнерам Генадзем Катлінскім. Наведвальнікі змогуць убачыць фігуркі Дзядоў Марозаў і Снягурак пачатку-сярэдзіны ХХ стагоддзя, Беларускі народны лялечны тэатр (батлейка), казачныя домікі і герояў дзіцячых казак.

Акрамя таго, гасцям будзе прадстаўлены ўнікальны экспазіцыйны комплекс «Друкаваны двор XVI стагоддзя», дзе Беласнежка і сем гномаў працуюць у мініяцюрнай старадаўняй друкарні, каб нават самыя маленькія наведвальнікі змаглі ўявіць, як адбываецца складаны тэхналагічны працэс вырабу паперы і кнігадрукавання.

«Навагодняя выстава» дазволіць апынуцца ўнутры каляднай паштоўкі, акунуцца ў атмасферу цуду і радасці ды парадуе магчымасцю зрабіць яркія маляўнічыя фатаграфіі.

Час працы: штодня з 11:00 да 19:00


Выставачны праект «Тату ў мастацтве. Мастацтва ў тату»

Дзе: Нацыянальны цэнтр сучасных мастацтваў, г. Мінск, вул. Някрасава, 3

Калі: да 13 лютага

Колькі: 12 BYN — дарослым; 10 BYN — студэнтам; 8 BYN — ільготны 

9 снежня ў 18:00 у Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў пачне сваю працу выставачны праект «Тату ў мастацтве. Мастацтва ў тату», дзе будуць прадстаўлены карціны, графіка, фатаграфія, скульптура, арт-аб’екты, звязаныя са светам татуіроўкі, а таксама абсталяванне тату-індустрыі.

У праекце прымаюць удзел вядучыя салоны і майстры тату — больш за 50 аўтараў з усёй Беларусі.

Час працы: серада-нядзеля, 12:00–20:00; выхадны: панядзелак, аўторак.


Выстава «Займальная фотатэхніка»

 

Дзе: Мастацкая галерэя Міхаіла Савіцкага, г. Мінск, пл. Свабоды, 15

Калі: да 17 лютага

Колькі: 3,5 BYN — дарослым; 3 BYN — студэнтам; 2,5 BYN — школьнікам 

У Мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага пачала працу выстава «Займальная фотатэхніка», прысвечаная паходжанню і ўладкаванню фотаапарата, гісторыі фатаграфіі і фатаграфічнай тэхнікі.

Фотаапарат, з’явіўшыся каля двухсот гадоў таму, трывала ўвайшоў у побыт чалавека, назаўжды змяніўшы яго ўзаемаадносіны з навакольным светам, і падаў магчымасць зафіксаваць рэальнасць у самых драбнюткіх падрабязнасцях. Сёння, калі фотакамера ёсць з сабой у кожнага, немагчыма сабе ўявіць паўсядзённае жыццё чалавека без фатаграфіі. За сваю двухсотгадовую гісторыю фотаапарат прайшоў шлях ад грувасткай камеры-обскуры да ўбудаваных у смартфоны фотакамер, якія змяшчаюцца на кончыку пальца. Выстава дэманструе ключавыя этапы гэтага шляху, дазваляе пагрузіцца ў разнастайнасць працэсаў стварэння фатаграфіі і зразумець прынцыпы працы фотаапаратаў самых розных канструкцый.

На выставе прадстаўлены шырокі спектр мадэляў фотаапаратаў, сярод якіх тэхніка, вырабленая ў Германіі, Японіі, СССР, Польшчы, Чэхаславакіі, ЗША, Францыі, Кітаі, Вялікабрытаніі. Найбольш раннія з прадстаўленых фотаапаратаў датуюцца першым дзесяцігоддзем ХХ ст. (стэрэафотаапарат Le Glyphoscope, 1905 г.), найбольш пазнейшыя — канцом ХХ ст. Сярод прадметаў ёсць рэдкія і ўнікальныя ўзоры: праекціровачныя мадэлі фотаапаратаў «Зеніт» 1980-х гг., стэрэафотаапараты для здымкі трохмерных малюнкаў, фотаапараты рэдкай канструкцыі: мікрафотаапараты, фотаапарат у форме гадзін ды іншыя. Большая частка прадметаў ілюструе этап развіцця фотатэхнікі перыяду 1930-1980-х гг. і ўяўляе шырокі спектр канструктыўных асаблівасцяў фотаапаратаў гэтага перыяду.

Фотатэматыку развіваюць фатаграфіі Мінска 1980-х гадоў Вадзіма Качана, арыгінальныя фотакарткі з відамі горада 1900-1920-х гг., узоры прыстасаванняў для праяўкі фатаграфій, стэрэапары ды іншыя прадметы з калекцыі Музея гісторыі горада Мінска, якія ахопліваюць перыяд развіцця фотатэхнікі канца ХІХ-ХХ стст.

Наведвальнікам прапануецца магчымасць паглядзець на аб’ёмныя фотавыявы праз стэрэаскоп і сфатаграфавацца ў фотаатэлье на фоне Мінска пачатку ХХ ст.

Выстава працуе да 17 лютага 2022 года.


Мастацка-дакументальная выстава «Пад знакам Страціма»

Дзе: Літаратурны музей Максіма Багдановіча, г. Мінск, вул. М. Багдановіча, д. 7а

Калі: да 30 сакавіка 

Для Літаратурнага музея Максіма Багдановіча 2021 год насычаны на юбілейныя даты: 130-годдзе з дня нараджэнне паэта, 105-годдзе вяртання Максіма Багдановіча на радзіму, а таксама 105-годдзе напісання твора «Страцім-лебедзь».

Аднаму з апошніх твораў Максіма Багдановіча «Страцім-лебедзь» літаратуразнаўцы не могуць вызначыць форму: паэма, балада, верш. А самога аўтара называюць Страцімам-лебедзем беларускай літаратуры.

У вершы раскрываецца біблейская тэма сусветнага патопу: міфічная птушка Страцім-лебедзь загінула з-за свайго ганарлівага нораву, і ад яе не засталося нашчадкаў. Прамых нашчадкаў ад шлюбу Адама і Марыі Багдановічаў не засталося. Велізарны патэнцыял быў закладзены прыродай у слаўны род Багдановічаў. Шмат у чым ён быў рэалізаваны ў асобе нашага выдатнага паэта. Максім Багдановіч у справе нараджэння беларускай паэзіі мае статус гераічнага Страцім-лебедзя, ад твораў якога пачаў адлічвацца час класічнай літаратуры Беларусі.

На выставе «Пад знакам Страціма» можна ўбачыць упершыню ў Літаратурным музеі Максіма Багдановіча мемарыяльныя рэчы сям’і Багдановічаў. Тыя прадметы, якія захоўваліся ў іншых установах Беларусі.

Шкатулка маці Максіма з Гродзенскага дзяржаўнага гісторыка-археалагічнага музея, мемарыяльныя рэчы бацькі паэта з Нацыянальнага гістарычнага музея РБ, сямейны фотальбом з Беларускага дзяржаўнага архіва літаратуры і мастацтва. А дамінантай выставы з’яўляецца асабістая рэч Максіма Багдановіча — ножык для разразання паперы (з фонду НГМРБ).

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».