Вы тут

Скульптуры, абразы іканастасаў, царкоўнае адзенне


У Музеі старажытнабеларускай культуры ствараецца ўнікальная экспазіцыя, прысвечаная духоўнай спадчыне нашага народа. Скульптуры, абразы іканастасаў і алтароў, царкоўнае адзенне, літургічныя прадметы знаёмяць з культурнай спадчынай праваслаўнай, каталіцкай і ўніяцкай канфесій.


Дырэктар Музея старажытнабеларускай культуры Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры  НАН Беларусі Барыс Лазука.

У экспазіцыі можна ўбачыць старажытныя абразы, якія за стагоддзі існавання пацвердзілі сваю выключную сілу. Часам дырэктар Музея старажытнабеларускай культуры Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі Барыс Лазука, прапануе маладым наведвальнікам проста спыніцца перад абразамі. Пастаяць, памаўчаць, падумаць... Пра добрае. Для сябе, сваіх родных, сяброў, для нашай зямлі...

А можа, варта задумацца і пра тое, якую ролю гэтыя сакральныя рэчы адыгралі ў гісторыі?.. Пра ўсе з прадстаўленых тут абразоў кажуць, што яны намоленыя. Нават цяжка ўявіць, колькі тысяч людзей стаяла перад выявамі святых, дзякавала, прасіла, спадзявалася, малілася. Як пасля прыходу ў храм мяняліся іх думкі, паводзіны. Барыс Андрэевіч упэўнены, што захаванне сакральнага мастацтва — гэта не проста выратаванне канкрэтных прадметаў, але і душы, светапогляду чалавека. І кожны вернуты, адноўлены абраз дазваляе пакрысе рабіць добрую справу. Без веры цяжка ўявіць сталенне нашага народа, яго гісторыю. І сёння ад яе многае залежыць. Калі трымаць у сваім сэрцы, кіравацца ёй ў штодзённым жыцці, прасіць добрага лёсу дзецям і моладзі, не забывацца пра старых і тых, каму патрэбная дапамога, грамадства будзе здаровым.

Вяртанне

Айчынная сакральная спадчына перажыла цяжкія выпрабаванні. У часы, калі афіцыйная ідэалогія пазіцыянавала атэізм як прыярытэт, ён набываў разбуральныя, агрэсіўныя формы. Гэта нашмат больш страшна, чым калі было б прынята проста не заўважаць і не звяртаць увагу на рэлігію, на творы невядомых мастакоў, што знаходзіліся ў храмах. У савецкі час, калі разбіваліся званы, паліліся і разбураліся бульдозерамі цэрквы ды касцёлы, вернікі не баяліся забіраць абразы дамоў, часам хавалі іх у гаспадарчых памяшканнях. Дзякуючы намаганням вучоных у 70-80-х гадах мінулага стагоддзя падчас шматлікіх экспедыцый было ўратавана багата твораў сакральнага мастацтва. Даследчыкі забіралі ўнікальныя творы з напаўразбураных храмаў, знаходзілі іх на гарышчах цэркваў, ператвораных у сельскагаспадарычыя склады. Літаральна машынамі вывозілі абразы, каб захаваць, закансерваваць, аднавіць.

Сёння ў Музеі старажытнабеларускай культуры захоўваецца найбуйнейшая ў краіне калекцыя абразоў (каля тысячы прадметаў). У першую чаргу тут збіраюцца творы сакральнага мастацтва, якія маюць адносіны да беларускіх земляў, да працэсаў, звязаных з гісторыяй каталіцкай, праваслаўнай і ўніяцкай канфесій.

Музей не ператвараецца выключна ў сховішча сакральнага мастацтва. Напрыклад, абраз Маці Божай Бялыніцкай летась трапіў на выставу ў Друі, прысвечаную 635-годдзю першай згадкі горада ў летапісе; пасля пабываў у Бялынічах на святкаванні ўгодкаў, звязаных з ушанаваннем гэтага цудадзейнага абраза Каронамі Папы Рымскага. А потым па просьбе магілёўскага мітрапаліта апынуўся ў Магілёве ў Кафедральным саборы. Гэты абраз знайшлі ў могілкавай капліцы ў вёсцы Сноў схаваным за печчу і закрытым дровамі. Рэстаўратар Аляксей Пуцінцаў працаваў больш за год, каб уратаваць шэдэўр. Гэта адзін з самых старажытных вядомых спісаў, выкананы з найбольш старадаўняга абраза, на жаль, страчанага (з лёсам як у крыжа Ефрасінні Полацкай: ён знік пасля Вялікай Айчыннай вайны). За сваю доўгую гісторыю Бялыніцкі абраз займеў вялікую колькасць сведчанняў сваёй выключнай сілы. Адзін з прыкладаў таму — так званая Руска-Польская вайна ў 50-я гады ХVІІ стагоддзя. Каб забяспечыць ахову ад чужога войска, у Ляхавічы быў прывезены цудадзейны абраз. Замак тады не быў узяты, што звязалі з заступніцтвам Маці Божай Бялыніцкай. Таму ў Ляхавічах (магчыма, у той час) зрабілі некалькі спісаў з цудадзейнага абраза. Хутчэй за ўсё, узор, які сёння захоўваецца ў Музеі старажытнабеларускай культуры, якраз быў напісаны ў ХVІІ стагоддзі.

Часта сакральная спадчына трапляла да сваіх ратавальнікаў у гаротным стане. Вельмі многія рэчы даводзілася несці асцярожна, толькі гарызантальна, на руках, як цяжкага хворага. Каб вярнуць жыццё творам сакральнага мастацтва, праводзяцца ўнікальныя «аперацыі». Некалькі гадоў таму падчас экспедыцыі ў вёсцы Вавулічы Драгічынскага раёна была знойдзена плашчаніца. Нават цяжка было разабраць кавалкі таго, што склалі ў поліэтыленавы пакет, прывезены навуковымі супрацоўнікамі з Брэстчыны: усё выглядала быццам скрутак брудных ануч. Рэстаўратар Анжаліка Міцкевіч зрабіла неверагоднае — сабрала выяву плашчаніцы і захавала не толькі аксамітную аснову, але і жывапіс, выдатную вышыўку залатымі і срэбнымі ніткамі, махры. Адзіны элемент, які быў страчаны і адноўлены на гэтым кананічным прадмеце з праваслаўнага храма, — карона, што знаходзіцца над галавой Хрыста. Наноў народжаная плашчаніца заняла сваё месца ў «музейным храме» — экспазіцыя ствараецца так, каб перадаць тыповы царкоўны інтэр'ер.

Кожны абраз, які ратуецца, праходзіць кансервацыю. Спецыяльны рэстаўрацыйны савет ставіць пэўныя задачы. Увесь час спецыялістам даводзіцца вырашаць складаныя праблемы. Некаторыя абразы дапаўняліся, перапісваліся. І трэба разбірацца, напрыклад, ці варта здымаць верхні слой ХІХ стагоддзя, каб адкрыць выяву, зробленую раней, асабліва калі невядома, у якім яна захавалася стане. На кожны прадмет фарміруецца рэстаўрацыйны пашпарт — гэта як картка хворага, дзе фіксуюцца першапачатковы стан і вынікі абследаванняў. На некаторых абразах у працэсе рэстаўрацыі былі расчышчаны асобныя кавалкі, зроблены зандажы, дзякуючы чаму можна чытаць гісторыю таго або іншага сакральнага помніка.

Нанава народжаная плашчаніца, якую ў знявечаным стане прывезлі з вёскі Вавулічы Драгічынскага раёна, заняла сваё месца ў «музейным храме».

Высветліць, што знаходзіцца пад верхняй выявай, дапамагае рэнтген. Рэнтгенаўскія здымкі аднаго з абразоў уразілі даследчыкаў. На верхнім слоі ХVІІІ стагоддзя паказана ўзнясенне Хрыста, а пад ім — выява Божай Маці. Было вырашана зрабіць, здавалася б, немагчымае, — танюсенькую плёнку алейнага жывапісу верхняй выявы зняць і перанесці на новую аснову. Смелую і рызыкоўную ідэю па расслаенні абразоў удалося ажыццявіць дзякуючы спонсарскай падтрымцы аднаго з банкаў. Гэта быў першы такі вопыт у айчыннай рэстаўрацыйнай практыцы.

Чараўнікі? Прафесіяналы? Творцы?

У музеі знаёмімся з мастаком-рэстаўратарам Юліяй Дранец, якая займаецца рэканструкцыяй царскіх дзвярэй ХVІІІ стагоддзя — шэдэўра жывапісу, мастацкай разьбы і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Яны зоймуць годнае месца ў новай экспазіцыі, дзе будуць уключаны ў праваслаўны іканастас.

Юля раскрывае асобныя сакрэты сваёй прафесіі: «Калі працуеш з абразамі, кожны раз сутыкаешся з унікальнай рэччу. У Расіі абразы часта падпісныя, у нас гэта рэдкасць, што значна ўскладняе работу».

«Рэстаўратар павінен цудоўна разбірацца ў гісторыі сусветнага і беларускага мастацтваў, ведаць этапы, шляхі, якія прайшоў іканапіс Беларусі, як ён нараджаўся, фарміраваўся, развіваўся. Калі чалавек не мае гэтых ведаў, ён не можа адбыцца як прафесіянал, — заўважае Барыс Лазука. — Але мала проста ведаць, у якім стане павінна быць аснова, які грунт, ляўкас, фарбы, якія рэчывы выкарыстоўваць і як падпраўляць. Павінна быць душа мастака, густ, творчы талент. Гэта тая сфера, у якой майстры рухаюцца навобмацак. Часам у рабоце з абразамі перад рэстаўратарам адкрываецца быццам подых пэўнай эпохі, гістарычнай інфармацыі. Нягледзячы на тое, што мы сцвярджаем, што хрысціянскае мастацтва кананічнае, усё роўна гэтае мастацтва стваралі жывыя людзі і яны прыўносілі адчуванне індывідуальнасці, непаўторнасці ўласнага ўяўлення аб тым, як павінна выглядаць прыгажосць Багародзіцы, Немаўляці, якога яна трымае. Без ведаў, адчування, таленту рэстаўратар ператвараецца ў рамесніка».

Рэстаўрацыйны цэнтр

Мы завіталі і ў невялікую рэстаўрацыйную майстэрню, якая сёння дзейнічае пры Нацыянальнай акадэміі навук. Менавіта тут сёння робяцца архіважныя справы. Часам на выратаванне аднаго абраза можа ісці год і больш. Але ў Музеі старажытнабеларускай культуры захоўваюцца артэфакты з розных матэрыялаў і да кожнага прадмета (гэта могуць быць скульптуры, тканіны, фаянс, фарфор, старадрукі, вырабы з каляровых металаў і сплаваў і г. д.) патрэбны свой падыход. Сёння неабходна зрабіць усё магчымае, каб аб'яднаць разнапрофільных спецыялістаў. Рэстаўрацыйная галіна ў Беларусі толькі пачынае развівацца. Ужо наладжана падрыхтоўка спецыялістаў, іх выпускаюць Акадэмія мастацтваў і Універсітэт культуры. Але праблема ў тым, каб захаваць гэтыя кадры ў Беларусі. Рэстаўрацыйныя работы — дарагое задавальненне, не ўсе музеі сёння могуць трымаць у сябе ў штаце рэстаўратара, і часта элітныя і вельмі патрэбныя ў нашай краіне кадры «губляюцца» на прасторах СНД.

Барыс Андрэевіч падзяліўся, што ўжо пачалася работа па стварэнні акадэмічнага рэстаўрацыйнага цэнтра пры Акадэміі навук. Выдзелена памяшканне, вядзецца яго рэканструкцыя, вызначаецца, якія майстэрні там павінны быць, ужо збіраюцца кадры, здольныя вырашаць разнастайныя сур'ёзныя рэстаўрацыйныя пытанні. Не трэба забывацца, што ў структуры Нацыянальнай акадэміі багата цэнтраў і навукова-практычных інстытутаў самага рознага профілю, працуюць высокакваліфікаваныя тэарэтыкі і практыкі, у тым ліку фізікі, хімікі, гісторыкі, мастацтвазнаўцы. Такое акумуляванне ведаў дазволіць брацца за вельмі складаныя праекты дзяржаўнага маштабу.

Шляхі да веры

Вяртанне да сваіх вытокаў, гісторыі, веры таксама можа пачынацца ў музеі, дзе людзі з розных куткоў Беларусі і госці з замежжа судакранаюцца з сакральным мастацтвам. Але сёння патрабуюцца сур'ёзныя падыходы да захавання гэтай унікальнай спадчыны і сумесная работа вучоных, рэстаўратараў, прадстаўнікоў улад і царквы.

З закінутага касцёла ў вёсцы Шылавічы Ваўкавыскага раёна ў 1990-х гадах да вучоных трапіў абраз XVІІ стагоддзя «Беззаганнае Зачацце» ў вельмі дрэнным стане. Ён быў прабіты ўсярэдзіне, цэнтральная дошка аказалася літаральна выламанай. Абраз быў закансерваваны. Вернікі з Шылавіч неаднаразова звярталіся ў розныя інстанцыі, у тым ліку і ў Нацыянальную акадэмію навук, і ў музей, з просьбай аб вяртанні святыні. Але падобная перадача немагчымая, бо арыгінал быў моцна пашкоджаны. Адзін са студэнтаў Акадэміі мастацтваў выканаў найдакладнейшую копію абраза, якую перадалі вернікам. Спачатку яе паказалі ў райвыканкаме Ваўкавыска, а пасля прывезлі ў Шылавічы. Абраз быў асвячоны. Для мясцовых жыхароў гэта стала вельмі значнай падзеяй. Вернікі некалькі кіламетраў рухаліся да абраза на каленях.

Такім можа быць адзін са шляхоў вяртання. Наладжаныя зносіны паміж вучонымі, свецкімі і царкоўнымі ўладамі прыносяць свой плён. У Акадэміі навук заўсёды рады бачыць прадстаўнікоў розных канфесій, вернікаў на навуковых канферэнцыях, у свой час і самі вучоныя далучаюцца да мерапрыемстваў, арганізаваных царквой. «Навука, навука аб мастацтве і аб захаванні твораў мастацтва, і вера павінны рухацца на карысць людзей, зямлі, будучыні. Гэта залог і аснова годнасці, еднасці, талерантнасці», — упэўнены Барыс Андрэевіч. Ён заўважыў, як мяняецца стаўленне ў людзей да спадчыны наогул. Гады малой радзімы пакінулі след у свядомасці. Адчуваецца, наколькі беражлівымі сталі адносіны ў моладзі да сваёй вёскі, царквы, родных мясцін. Год народнага адзінства стаў лагічным працягам гэтага. Год гістарычнай памяці — зноў жа, зварот да нацыянальных каштоўнасцяў, бо еднасць, адзінства, памяць звязаныя з іншымі, не менш значнымі катэгорыямі, без якіх цяжка ўявіць цывілізаванага чалавека, — такімі як вера і годнасць.

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Рызыкі лічбавай прасторы. Як не трапіць на вуду інтэрнэт-махляроў

Рызыкі лічбавай прасторы. Як не трапіць на вуду інтэрнэт-махляроў

Цалкам вырашыць праблему кібернебяспекі немагчыма.