Вы тут

Что новага чакае турыстаў у адноўленным замку Тызенгаўза?


Сталае пакаленне гродзенцаў ведала гэты будынак як гарадскі архіў. А два з паловай стагоддзі таму знакаміты італьянскі архітэктар спраектаваў яго для старасты горада Антонія Тызенгаўза. Пасля маштабнай рэканструкцыі тут будуць сустракаць турыстаў, а таксама прымаць замежныя дэлегацыі і праводзіць прэзентацыі для інвестараў і бізнесменаў. А пакуль мы разам з гідам пройдземся па ім і даведаемся аб яго мінулым: як-ніяк, будаваўся ён у эпоху каралёў і магнатаў. Тады ў Гродне з'явілася нямала знакавых архітэктурных збудаванняў, якія дайшлі да нашых часоў.


З аўтэнтыкай, але па-новаму

Наш гід — намеснік старшыні Гродзенскага абласнога аддзялення Рэспубліканскага турысцка-спартыўнага саюза Сяргей Каляда. Грамадскае аб'яднанне сумесна з гарадскім аддзелам спорту і турызму стала партнёрам міжнароднага праекта, у рамках якога праходзіла рэканструкцыя будынка.

Вось яго кароткая гісторыя. Двухпавярховы асабняк будаваўся як дом віцэ-адміністратара Гродна Антонія Тызенгаўза. У розныя часы тут знаходзіліся падатковае ведамства, паштовая кантора, а з 1921 года — цэнтральны дзяржаўны гістарычны архіў.

Новы імідж гістарычны аб'ект пачаў набываць два гады таму. І вось нарэшце з аварыйнага ператварыўся ў раскошны, варты самых высокіх гасцей. Праўда, перад тым як надаць яму новы выгляд, давялося вельмі карпатліва папрацаваць.

— Было складана, — успамінае Сяргей Каляда. — Падвал «плаваў», вада даходзіла да другога паверха. Скарысталіся сучаснай нямецкай тэхналогіяй, якая дазволіла замацаваць спецыяльным растворам канструкцыі. У падвале знайшлі вокны, аказалася, што будынак амаль на метр прасеў. Магчыма, сваю ролю ў гэтым адыграла цяжкая вапнавая плітка на другім паверсе. Усё гэта знімалі і аднаўлялі.

Сучасныя тэхналогіі якраз і дазволілі захаваць аўтэнтычнасць будынка. Звяртаюць на сябе ўвагу нішы для скульптур. «Яны тут былі раней, — заўважае мой гід. — Мабыць, рабіліся пад нейкія скульптуры. Нішы мы пакінулі, а вось скульптур пакуль няма. Магчыма, з'явяцца з цягам часу».

Архітэктурная галерэя

У двухпавярховым будынку некалькі залаў для прыёмаў. Адзін з іх — сенатарскі, з масіўнымі калонамі да самога даху. З-за таго, што пакой займае адразу два паверхі, ён выглядае асабліва велічным. Мяркуецца, што тут будуць праходзіць сустрэчы, канферэнцыі, весціся перагаворы. Вядома, сюды запросяць і турыстычныя групы.

У ходзе гутаркі з маім гідам высвятляем і сітуацыю з гарадской ратушай. Сапраўды, некалі на цэнтральнай плошчы быў магістрат. Але ў ХVІІ стагоддзі яго будынак быў разбураны, застаўся толькі вежавы гадзіннік, які дайшоў да нашых часоў і цяпер знаходзіцца на Фарным касцёле. Дарэчы, ён лічыцца адным з самых старых вежавых гадзіннікаў Еўропы, спраўна ходзіць у нашы дні — і нават з боем.

Па прыгожай мармуравай лесвіцы падымаемся на другі паверх. Увагу прыцягвае карцінная галерэя. Яна стваралася беларускімі мастакамі падчас пленэру. Перад імі стаяла задача — паказаць на палотнах тыя старажытныя будынкі, якія датычаць эпохі Тызенгаўза. Аказалася, што такіх аб'ектаў дайшло да нашых часоў нямала. Таму і карцін атрымалася каля двух дзясяткаў.

На іх можна ўбачыць былую каралеўскую рэзідэнцыю, першую ў Беларусі медыцынскую акадэмію (пакуль на стадыі продажу), будынак пад назвай «крывая афіцына», дом Валовічаў (сёння праваслаўная епархія), сучасны тэатр лялек, будынкі на плошчы Тызенгаўза, у тым ліку былы лямус (цяпер тут месціцца рэстаран), дом рамеснікаў (цяпер музей гісторыі Гарадніцы), былы Дом масонаў (будынак належыць ГрДУ). Усе аб'екты адлюстроўваюць архітэктуру другой паловы XVІІІ стагоддзя.

Дойлід у бронзе

Многія дамы будаваліся па праектах вядомых архітэктараў. Напрыклад, праект адноўленай ратушы выканаў знакаміты італьянскі архітэктар Джузэпэ Сака. Яго вобраз у бронзе прадстаўлены якраз побач з будынкам. Па словах Сяргея Каляды, старажытны дойлід абмяркоўвае план гарадской забудовы з самім каралём. Абедзве фігуры зроблены ў рост чалавека.

Беларускі скульптар Вадзім Мацкевіч неяк расказаў, што для скульптурнай кампазіцыі бронза адлівалася ў самай лепшай сталічнай ліцейні. Уся работа заняла паўгода. Праўда, былі і пэўныя складанасці. Напрыклад, не адразу ўдалося зрабіць фігуру патрэбных памераў — на вуліцы пасля майстэрні выявіліся некаторыя агрэхі, якія прыходзілася карэкціраваць. Між тым, кампазіцыя за кароткі час займела папулярнасць у якасці фотазоны. Спрыяе гэтаму і лаўка, на якую можна прысесці побач са шляхетнымі асобамі.

Сцены пад гродзенскія паясы

Адзін з пакояў новага аб'екта прысвечаны гродзенскім мануфактурам. І тое таксама невыпадкова. У свой час віцэ-адміністратар, ці, проста кажучы, стараста Антоній Тызенгаўз надаваў вялікае значэнне развіццю прамысловасці. Ён заснаваў у Гродне 15 мануфактур. Адна з іх спецыялізавалася на ткацтве шаўковых вырабаў, у тым ліку гродзенскіх паясоў.

Гэта былі высокамастацкія творы, якія не саступалі знакамітым слуцкім паясам. Ткалі іх залатымі і срэбнымі ніткамі толькі мужчыны, прычым майстроў прывозілі ажно з французскага Ліона. Паясы былі дарагія, таму заказаць іх маглі толькі вяльможныя асобы, у тым ліку і каралеўскія.

— Гэтае майстэрства, як і самі паясы, незаслужана забытае, — заўважыў падчас экскурсіі Сяргей Каляда. — Таму мы вырашылі нагадаць пра яго і аформіць сцены адной залы менавіта ўзорамі знакамітых гродзенскіх паясоў. Вядомы мастак Аляксандр Сільвановіч падарыў ім, можна сказаць, другое жыццё, праўда, праз сваю мастацкую тэхніку. І фарбы падабраныя адпаведныя тым ніткам, якія браліся для вырабу пояса — яны не яркія, а спакойных, пастэльных тонаў.

Што датычыць інтэр'ера, ён таксама адпавядае агульнаму стылю аб'екта. Праўда, ніякіх эскізаў, якія б пралілі святло на былое ўбранне, не знайшлося. Таму арыентаваліся на аналагі каралеўскіх залаў. Тое самае і з дызайнам саміх пакояў. Барэльефы, балконы, калоны, лесвіцы, столь, сцены — усё гэта сабрана з розных эдементаў шляхетных асабнякоў. Будынак будзе прыдатны як для афіцыйных сустрэч, так і для культурных падзей. У прыватнасці, будзе працаваць музычны салон. Дарэчы, сваё майстэрства падчас адкрыцця аб'екта прадэманстраваў ансамбль скрыпачоў дзіцячай музычнай школы.

Пляцоўка для міжсезоння

Аб'ект пасля рэканструкцыі будзе перададзены гарадскому аддзелу спорту і турызму. Менавіта гарадскія ўлады будуць займацца арганізацыяй турыстычнага руху і ўсіх мерапрыемстваў. Праграма распрацоўваецца ў Гродзенскім гарвыканкаме. Вядома, усё падпарадкавана ідэі захаваць элементы гарадской ратушы і турыстычнага аб'екта. Дарэчы, з цягам часу ёсць намер адкрыць у падвальных памяшканнях рэстаран.

Між тым, навіны на гэты конт ёсць і ў Сяргея Каляды. Ён паведаміў, што рыхтуецца працяг праекта адносна згаданай гістарычнай эпохі. Яго назва — «Мелодыі Тызенгаўза». Мяркуецца, што праект дасць пачатак сістэматычным штотыднёвым вечарынам, якія калісьці ладзіліся з удзелам вядомых музыкантаў, артыстаў, архітэктараў, мастакоў.

— Галоўная мэта нашых праектаў — развіццё турызму. Ідэю мы перанялі ў Чэхіі. У міжсезонне там працуе даволі папулярны праект «Турызм пад дахам». Калі чэхі ўбачылі, што паток турыстаў у «мёртвы» сезон падае, яны актыўна заняліся рэканструкцыяй аб'ектаў для прыёму гасцей. Групу сустракаюць, вязуць у былы асабняк ці палац, праводзяць экскурсію, частуюць, ладзяць музычнае прадстаўленне. Мы таксама можам так зрабіць, — лічыць Сяргей Каляда.

Пакуль гэта новы кірунак у турыстычнай дзейнасці Гродна. Але, здаецца, даволі перспектыўны. Як бачым, і адзін асобна ўзяты будынак можа даць нямала ўражанняў нават самым патрабавальным турыстам.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.