Вы тут

Як на Лоеўшчыне захоўваюць гісторыю


На якія пытанні адказвае Год гістарычнай памяці і як у глыбінцы падыходзяць да захавання спадчыны продкаў? Пра гэта і не толькі — наша гутарка з кіраўніком аднаго з самых маляўнічых рэгіёнаў поўдня Беларусі — старшынёй Лоеўскага райвыканкама Веранікай Байковай.


— Лоеўшчына — прыклад самабытнага краю, якому ўдаецца чэрпаць сілы для свайго развіцця, у тым ліку ў плане гістарычнай памяці. Як адчуваюць тое ў самім раёне?

— У снежні мінулага года Лоеўскі раён адзначыў 95-годдзе. Сёння тут жыве звыш 11 з паловай тысячы чалавек, а ў часы Вялікай Айчыннай вайны за яго аддало жыцці амаль 12 тысяч воінаў розных нацыянальнасцяў. За баі па пераадоленні магутнага абарончага рубяжа фашыстаў на гэтым беразе Дняпра 365 савецкіх войнаў атрымалі званне Героя Савецкага Саюза. Сэрца замірае, калі суадносіш гэтыя лічбы. І сучаснасць, і будучыня нашага раёна немагчымыя без гістарычнай памяці, якая з году ў год працягвае аб'ядноўваць ўсіх лаяўчан. Усіх, хто лічыць Лоеў сваёй радзімай, хто прыехаў сюды аднойчы, каб застацца тут назаўжды, хто пакінуў Лоеў, але верны гораду душой і сэрцам, хто шануе памяць продкаў, паважае працу тых, хто кожны дзень робіць родны край лепшым.

— Больш як тры дзясяткі гадоў таму імкненне да захавання ваеннай памяці на доўгія гады вызначыла далейшае развіццё Лоеўшчыны — культурнай, патрыятычнай...

— Так, 9 мая 1985 года па рашэнні кіраўніцтва Беларусі да юбілейнага Дня Перамогі ў Лоеве быў заснаваны маштабны мемарыяльны комплекс: экспазіцыя музея, адкрытая пляцоўка баявой тэхнікі і сродкаў пераправы ваеннага часу, бліндаж каманднага пункта арміі. Узведзены памятны абеліск, уладкавана Алея Герояў, добраўпарадкавана брацкае пахаванне звыш пяцісот воінаў, якія загінулі пры фарсіраванні Дняпра. Праект мемарыяльнага комплексу распрацоўваўся навуковымі супрацоўнікамі будучага Лоеўскага музея сумесна з рэстаўратарамі і мастакамі сталічнага музея гісторыі вайны. У райцэнтры вяліся маштабныя будаўнічыя работы, адбыліся кардынальныя змены ў гістарычным цэнтры населенага пункта. Так ў Лоеве быў адкрыты філіял Белдзяржмузея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны — Музей бітвы за Дняпро. Можна смела сцвярджаць, што з'яўленне мемарыяльнага комплексу вызначыла не толькі культурны вектар развіцця ўсяго раёна, але таксама вызначыла і развіццё гарадскога асяроддзя. Менавіта музей і пляцоўка баявой тэхнікі сфарміравалі сучаснае ўяўленне аб гарадскім цэнтры Лоева, яны сталі візітнай карткай раёна.

— Музей бітвы за Дняпро — адзіная прафесійная музейная ўстанова ў раёне. Пры гэтым менавіта Лоеўшчына вылучаецца асаблівым падыходам да вядзення музейнай справы на самым высокім узроўні...

— Сёння Музей бітвы за Дняпро — навукова-даследчая і асветніцкая ўстанова, лакальны цэнтр музейнай справы, метадычнай і культурна-адукацыйнай дзейнасці. Маючы гістарычны профіль і даволі вузкую тэму экспазіцыі — фарсіраванне Дняпра і вызваленне Лоеўскага раёна, — супрацоўнікі музея імкнуцца ахапіць і іншыя гістарычныя падзеі, факты і культурныя з'явы, звязаныя з нашым рэгіёнам. Акрамя пастаяннай экспазіцыі, супрацоўнікі рыхтуюць для наведвальнікаў у сярэднім да двух дзясяткаў выставачных праектаў за год. У музеі з 2019 года функцыянуе Цэнтр дакументацыі культурнай спадчыны. Тут размешчаны інтэрактыўныя карты лакацый, дзе сродкамі музейнай інтэрпрэтацыі перададзены матэрыяльныя аб'екты і нематэрыяльныя элементы культурнай спадчыны раёна. Лоеўскія музейшчыкі развіваюць інавацыйную дзейнасць, акумулююць і публікуюць цікавыя навуковыя даследаванні, прыцягваюць да ўключэння ў даследчыцкую справу жыхароў раёна, моладзь, школьнікаў.

— Ведаю, што захаванне ваеннай гісторыі на Лоеўшчыны прыцягвае і міжнародны інтарэс.

— Так, шмат гераічных падзей, звязаных з Вялікай Айчыннай вайной, адбылося на лоеўскай зямлі. На шчасце, яшчэ жывыя іх удзельнікі і відавочцы, якія дзеляцца з намі ўспамінамі. За брацкімі пахаваннямі сваіх продкаў даглядаюць унукі і праўнукі загінулых герояў. Аддаць даніну памяці і пакланіцца магілам землякоў, якія загінулі ў гады вайны на тэрыторыі Беларусі, прыязджаюць і госці з іншых краін. З году у год Лоеўскі раён наведваюць дэлегацыі з Рэспублік Саха (Якуція) і Башкартастан Расійскай Федэрацыі і Узбекістана. Прыязджаюць прадстаўнікі ветэранскіх арганізацый, педагогі і школьнікі, прадстаўнікі сродкаў масавай інфармацыі. Для гасцей праводзім экскурсіі па мемарыяльным комплексе «Бітва за Дняпро» з наведваннем музея. Ваеннаслужачыя пагранічнай камендатуры «Лоеў» праводзяць парад плаўсродкаў, бяруць удзел у кранальнай цырымоніі ўскладання вянка на ваду ў памяць аб загінулых героях. Падчас наведвання госці прызнаюцца: для іх добрая сімвалічная традыцыя — пераадолець тысячы кіламетраў, каб аддаць даніну памяці героям Вялікай Айчыннай вайны. Так, дэлегацыі якутаў з году ў год прыязджаюць на Лоеўшчыну, каб пакланіцца магіле свайго земляка — Героя Савецкага Саюза Фёдара Кузьміча Папова ў вёсцы Дзеражычы. Каля воінскіх пахаванняў у вёсках Дзеражычы і Хамінка традыцыйна праходзяць мітынгі памяці Герояў Савецкага Саюза Абдусаліма Дэхканбаева і Джурахана Усманава. Гвардыі лейтэнант Джурахан Усманаў навечна залічаны ў спісы вайсковай часці. Пахаваны герой у родным кішлаку Сават Хавацкага раёна Сырдар'інскай вобласці (Узбекістан), а далёкая лоеўская вёска Хамінка з падзякай шануе ў назве вуліцы памяць воіна, які вызваляў наш раён, праявіўшы пры гэтым вялікі гераізм. І ўсе госці міжнацыянальных дэлегацый не перастаюць шчыра дзякаваць за тое, як беларусы могуць беражліва і ўважліва ставяцца да тых, хто абараніў мір і свабоду. Увогуле, такія міжкультурныя, міжнацыянальныя сувязі асабліва ў пытаннях захавання ваеннай гістарычнай памяці, вельмі важныя для нашага раёна. Безумоўна, мы імкнёмся іх развіваць, абуджаць інтарэс да традыцый ушанавання герояў у нашага маладога пакалення.

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Загаловак у газеце: Радзіма на лоеўскіх берагах

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».