Вы тут

Дырэктар гімназіі: У нас атрымаецца сапраўды народная Канстытуцыя


За дыскусіяй у фармаце дыялогавай пляцоўкі дзякуючы анлайн-трансляцыі сачылі прадстаўнікі ўсіх устаноў агульнай сярэдняй, дашкольнай і дадатковай адукацыі Мінска.


Работнікі педагагічнай сферы аказаліся даволі цікаўнай і актыўнай аўдыторыяй. Дырэктары, настаўнікі задавалі экспертам нямала пытанняў, якія датычацца практычна ўсіх навацый, прапанаваных распрацоўшчыкамі новай рэдакцыі Асноўнага Закона нашай краіны. Узброеныя новымі ведамі, ужо яны панясуць гэтую інфармацыю ў масы — сутнасць канкрэтных палажэнняў Канстытуцыі педагагічныя супрацоўнікі будуць тлумачыць у сваіх калектывах, перад вучнямі і нават іх бацькамі. Усё дзеля таго, каб нашы суайчыннікі добра ўяўлялі, як будуць жыць у найбліжэйшыя 20, а можа, і больш гадоў.

«Рэферэндумам справа не скончыцца»

— Кожны грамадзянін нашай краіны павінен ведаць і разумець яе Асноўны Закон, — перакананы дырэктар гімназіі № 29 г. Мінска Георгій КУШНЯРОЎ. — Тыя змяненні, якія сёння ўносяцца ў Канстытуцыю, датычацца кожнага, хто жыве ў Беларусі. Калі ў людзей ёсць сваё меркаванне, яго абавязкова неабходна выказаць: тое, што мае значэнне для ўсёй краіны, будзе ўключана ў Асноўны Закон. Важна, каб члены Канстытуцыйнай камісіі ўлічвалі ўсе прапановы, якія паступаюць ад грамадзян, тады ў нас атрымаецца сапраўды народная Канстытуцыя, якая будзе накіравана на сацыяльную абарону кожнага грамадзяніна Рэспублікі Беларусь.

Адказваючы на пытанні работнікаў педагагічнай сферы, старшыня праўлення рэспубліканскага дзяржаўна-грамадскага аб'яднання «Беларускае таварыства «Веды» Вадзім ГІГІН абвергнуў два найбольш папулярныя фэйкі, якія датычацца новай рэдакцыі Асноўнага Закона. Першы звязаны з тым, што Прэзідэнт нібыта распрацоўвае Канстытуцыю пад сябе. Другі, што законапраект з'яўляецца вынікам падзей 2020-га года.

«Ні адно, ні другое — не праўда, — заўважыў вядомы палітолаг. — А дзеючая Канстытуцыя тады была пад каго?! Апаненты ўлады ўжо столькі раз абвінавачвалі гэтую Канстытуцыю ў тым, што яна суперпрэзідэнцкая, а тут раптам яшчэ нейкая іншая. Прэзідэнт упершыню загаварыў аб змяненнях у Канстытуцыі ў кастрычніку 2016 года, адкрываючы першае пасяджэнне сесіі Парламента. У 2016 годзе, здавалася, ніякіх змяненняў не павінна было быць. У 2021-м, калі мы з вамі на Усебеларускім народным сходзе ўносілі ў рэзалюцыю неабходнасць змяненняў, вызначалі тэрмін рэферэндуму, наадварот, людзі казалі, што яны за гэтага Прэзідэнта змагаліся: маўляў, яны не хочуць ніякіх змяненняў. Аднак Прэзідэнт узяў на сябе гэтую адказнасць, бо палітык, адказны перш за ўсё, ён разумее, што трэба глядзець у будучыню. Гэта Канстытуцыя будучыні, Канстытуцыя, якая закладвае пэўныя параметры абноўленай палітычнай сістэмы. І рэферэндумам справа не скончыцца. Нам яшчэ трэба будзе прыняць канстытуцыйныя законы, законы аб Усебеларускім народным сходзе, палітычных партыях, грамадскіх аб'яднаннях, грамадзянскай супольнасці, асновах маладзёжнай палітыкі і шэраг іншых. Правесці выбары ў адзіны дзень галасавання (у апошнюю нядзелю лютага), затым прэзідэнцкія — і тады гэтая трансфармацыя будзе завершана».

Небывалы грамадскі ўздым

Як расказалі эксперты, у Канстытуцыйную камісію ўжо паступіла звыш пяці тысяч зваротаў. На першым месцы стаяць пытанні па дзейнасці Усебеларускага народнага сходу. Затым людзей найбольш хвалююць сацыяльныя гарантыі, у прыватнасці, 45 артыкул, які датычыцца пытання аховы здароўя.

— Акрамя таго, нашы людзі вельмі чулліва адносяцца да абмежавання ўлады Прэзідэнта, — звярнуў увагу Вадзім Гігін. — Прычым на гэты конт такія баталіі разгортваюцца: чаму два тэрміны, чаму Прэзідэнт не будзе выдаваць дэкрэты, чаму ўказ не будзе роўны закону? А ведаеце, чаму так адбываецца? Мы з вамі ў барацьбе загартаваліся, і Прэзідэнт стаў для нас сімвалам барацьбы за нашу Беларусь. Сапраўды, як ніколі, сёння ён увасабляе суверэнітэт і незалежнасць.

Па словах кіраўніка таварыства «Веды», важна тое, што не ідзе абмеркаванне, патрэбная нам Канстытуцыя ці не. «Гэты неверагодны грамадскі ўздым, які мы перажываем, калі людзі звяртаюць увагу на асобныя артыкулы, нават асобныя пункты, патрабуюць, перадаюць свае прапановы, суперажываюць гэтаму працэсу, сведчыць аб тым, што наша грамадства сапраўды сталае, — падкрэсліў Вадзім Гігін. — Сфарміравалася грамадзянская супольнасць, у нас цяпер высокая ступень грамадзянскай мабілізацыі. Мы разняволілі нашу грамадскую ініцыятыву, патрыятычныя сілы і дасягнулі гэтага ў тым ліку дзякуючы жніўню 2020 года. Мы цяпер мацнейшыя, чым былі 8 жніўня. У ходзе абмеркавання і прыняцця Канстытуцыі рэферэндумам мы гэты пад'ём не павінны страціць. Мы павінны яшчэ больш узмацніцца — і падчас абмеркавання мы гэта бачым».

«Гісторыя — аснова нацыянальнай ідэі»

Як вядома, гэты год аб'яўлены Годам гістарычнай памяці. У 15 артыкул Канстытуцыі ўнесены дапаўненні аб тым, што «дзяржава забяспечвае захаванне гістарычнай праўды і памяці аб гераічным подзвігу беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны». Педагогаў цікавіла, чаму сёння ўзнікла неабходнасць заканадаўчага замацавання перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне ў Асноўным Законе краіны?

— Гэта адбываецца не толькі з-за таго, што ад нас сыходзяць ветэраны, а і, на жаль, з той прычыны, што нашы суседзі праводзяць агрэсіўную палітыку ў адносінах менавіта да гэтай падзеі, — адказваючы на пытанне, удакладніў Вадзім Гігін. — Мы вымушаныя сутыкацца з гэтымі выклікамі. Гэты грамадскі ўздым, пачынаючы са жніўня 2020 года, як ніколі раней, суправаджаўся і зваротам да гісторыі. Мы сталі разумець, што гісторыя — гэта вельмі важны складнік, аснова нацыянальнай ідэі. Мы часам спрабавалі балансаваць, лавіраваць, ісці на кампраміс. Цяпер жа трэба даваць адпор нашым праціўнікам. Мы не будзем ствараць гістарычную паліцыю, як робяць некаторыя краіны, аднак мы абвяшчаем у Канстытуцыі, што памяць аб Вялікай Айчыннай вайне непарушная.

Адказваючы на пытанне, як павінна быць выбудавана работа па патрыятычным выхаванні ў сучасных умовах, старшыня Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта Уладзімір Кухараў адзначыў, што не трэба падыходзіць да гэтага з карэннымі пераломамі. «У нас багаты вопыт з савецкіх часоў, і не трэба ад гэтага адмаўляцца, — лічыць старшыня Мінгарвыканкама. — Калі мы не будзем расказваць дзецям і ўнукам, што яны — грамадзяне краіны, якая многае перанесла, то за нас гэта ніхто не зробіць. Моладзь упусціць нельга. Гэта наша будучыня».

Усебеларускі народны сход: тэндэнцыі і кампетэнцыі

Адно з ключавых новаўвядзенняў у Асноўным Законе — узмацненне народаўладдзя ў выглядзе Усебеларускага народнага сходу. На думку Уладзіміра Кухарава, у найскладанейшыя моманты, якія былі ў нашай краіне, менавіта Усебеларускі народны сход выконваў важную, стабілізуючую ролю. «З улікам вопыту нашай дзяржаўнасці, мы бачым, што Усебеларускі народны сход — стабілізуючы орган, які дасканала разбярэцца ў любых праблемах, — заявіў старшыня Мінгарвыканкама. — Тыя прапановы па гэтым пытанні, унесеныя ў праект Канстытуцыі, накіраваныя на тое, каб у нас у краіне быў народны орган. Уносіцца прапанова надзяліць яго шырокімі паўнамоцтвамі, і мы павінны дасканала абмеркаваць гэтыя паўнамоцтвы. Канкрэтных прапаноў будзе шмат. Яны будуць абавязкова прааналізаваныя, каб мы стварылі ў краіне канстытуцыйны орган, які ў вырашальныя моманты скажа сваё важкае слова для таго, каб краіна заставалася стабільнай, суверэннай і незалежнай».

— Усебеларускі народны сход стане і органам кантролю за ўладай, — удакладніў Вадзім Гігін. — Пакуль тэндэнцыя такая, што Усебеларускі народны сход сістэму нашу ўзмоцніць: за кошт больш шырокага народнага прадстаўніцтва, больш гучнага голасу рэгіёнаў, дэпутацкага корпуса. Будзе зроблена ўсё для таго, каб сход працаваў ва ўмовах магчымых надзвычайных сітуацый. Мы бачым, якая абстаноўка ў свеце. Свет стаіць на мяжы вайны.

«На такіх дыялогавых пляцоўках мы бачым непадробленую цікавасць да новай версіі Канстытуцыі, і вельмі радуе, што вялікая колькасць людзей фактычна акунулася ў гэтае абмеркаванне, — рэзюмаваў старшыня Мінгарвыканкама Уладзімір Кухараў. — Гэта сведчыць аб тым, што іх цікавіць лёс краіны. Усе разумеюць, што Канстытуцыя — гэта Асноўны Закон нашай дзяржавы, і ён ствараецца не на кароткі перыяд. Гэта доўгатэрміновы дакумент, які ахоплівае ўсе сферы дзейнасці. Жыццё мяняецца, яго тэмп вельмі высокі. Мы бачым, што сёння ўзнікла неабходнасць па-новаму зірнуць і сувымераць тыя падыходы, якія былі закладзены ў дзеючую Канстытуцыю, і пераламіць іх, зыходзячы з той рэчаіснасці, якая сёння гэты працэс ахоплівае. Працэс адкрыты, усе прапановы аналізуюцца. Для таго і праводзіцца абмеркаванне, каб новы законапраект задавальняў усе пласты грамадства».

Вераніка КАНЮТА

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.