Вы тут

Дзе ўзяць 11 мільярдаў на «малады» водаправод для краіны?


Чыстая і якасная пітная вада павінна быць у доме кожнага беларуса — гучыць як аксіёма. Для гэтага ў краіне будуюць станцыі абезжалезвання, робяць водазаборныя свідравіны, падключаюць гарады і пасёлкі да цэнтралізаваных сістэм водазабеспячэння... І вось якраз гэтыя самыя сістэмы і хаваюць адну з галоўных водных праблем. У Беларусі эксплуатуецца больш за 40 тысяч кіламетраў водаправодных сетак і амаль 18 тысяч — каналізацыйных. Пры гэтым больш як траціна з іх мае звышнарматыўны тэрмін выкарыстання. А каб замяніць усе зношаныя сеткі, спатрэбіцца больш як 11 млрд рублёў, перакананы спецыялісты галіны.


«Водныя фонды»

Уключэнне ў дзяржпраграму «Камфортнае жыллё і спрыяльнае асяроддзе» паказчыка па перакладцы сетак са скончаным тэрмінам эксплуатацыі дазволіла павысіць тэмпы па іх абнаўленні, аднак гэтага недастаткова, каб вярнуць працэс старэння сетак назад, упэўнены Алег Конан, генеральны дырэктар «Белводаканала»:

— Абнаўленне сетак водазабеспячэння складае менш за адзін працэнт, а каналізацыйных — 0,6 %. Адна з ключавых праблем па замене сетак — нездавальняльны тэхнічны стан магістральных сетак каналізацыйных калектараў вялікіх дыяметраў, якія размешчаны ў шчыльнай забудове. Выкананне работ па перакладцы такіх сетак патрабуе вялізных фінансавых сродкаў, якіх у водаканала проста няма. Сёння ў асноўным прадпрыемства за кошт уласных грошай мяняе размеркавальныя сеткі малых дыяметраў. Але гэта не вырашае задачу па павышэнні надзейнасці сістэм і бесперабойнасці аказання паслуг насельніцтву. На замену зношаных сетак спатрэбіцца больш як 11 млрд рублёў. Гадавая ж сума, налічаная на амартызацыю ў цэлым па паслузе водазабеспячэння і водаадвядзення, — крыху больш як 119 мільёнаў.

Дзеля дадатковага фінансавання праграмы па замене сетак гендырэктар прапаноўвае стварыць фонды замены сетак водазабеспячэння і водаадвядзення пры абласных і Мінскім гарадскім выканкамах. Асноўнай крыніцай фінансавага папаўнення такіх фондаў павінен стаць спецыяльны складнік у тарыфах на паслугі водазабеспячэння і водаадвядзення для насельніцтва і юрыдычных асоб. А паўнамоцтвы па вызначэнні памеру адлічэнняў у фонд мяркуецца замацаваць за камітэтамі.

— Адлічэнні ў фонд замены сетак на адзінку паслуг водазабеспячэння прапаноўваецца вызначаць у рублях на адзін метр кубічны, зыходзячы з гадавой патрэбы на замену сетак і ўсіх наяўных крыніц фінансавання, аднак не больш за 10 % ад планавых затрат на адзінку паслуг. Пры гэтым адлічэнні ў фонд замены сетак у сярэднім па краіне на адзінку паслугі водазабеспячэння складзе 9,6 капейкі, а водаадвядзення — 7,9 капейкі.

Для насельніцтва рост тарыфаў на паслугі водазабеспячэння і каналізацыі (ВІК) праз адлічэнні ў фонды не стане істотным. Для двухпакаёвай кватэры з трыма жыхарамі плата ў жыроўцы павялічыцца на 40 капеек за водазабеспячэнне і 31 капейку — за водаадвядзенне. Затое гэта дазволіць сакумуляваць і накіраваць на замену сетак водазабеспячэння і каналізацыі больш за 77 мільёнаў рублёў у год.

Замест «прасцей-танней-хутчэй» — тэхнічны аўдыт

Існуючыя крытэрыі замены сетак водазабеспячэння і каналізацыі адносна завяршэння тэрміну іх карыснага выкарыстання адлюстроўвае толькі адзін з фактараў ацэнкі стану трубаправоду — знос па бухгалтарскім уліку. Пры гэтым не ўлічваецца эксплуатацыйны стан сетак, і часта яны мяняюцца па прынцыпе «прасцей- танней-хутчэй», а не зыходзячы з рэальнай неабходнасці. І гэта, вядома, не вырашае пытанне замены праблемных аварыйных участкаў, падкрэсліў дырэктар «Белводаканала».

Каб павысіць надзейнасць сістэм водазабеспячэння, ён прапаноўвае вызначыць базы для фарміравання пераліку сетак водазабеспячэння і каналізацыі, якія павінны быць заменены першапачаткова. Асновай для вызначэння чарговасці мусіць стаць менавіта інфармацыя пра фактычны стан сетак, якая павінна атрымлівацца па выніках комплекснай ацэнкі тэхнічнага аўдыту сістэм водазабеспячэння і каналізацыі кожнага населенага пункта.

— Прапаноўваю вылучыць тэхнічны аўдыт сістэм ВІК у асобную працэдуру і зрабіць яе абавязковай для ўсіх прадпрыемстваў, якія маюць сістэмы цэнтралізаванага водазабеспячэння і каналізацыі. Акрамя таго, неабходна ўстанавіць адзіныя патрабаванні да правядзення аўдыту і падвядзення яго вынікаў. Асноўныя задачы правядзення тэхнічнага аўдыту — вызначэнне фактычных значэнняў паказчыкаў надзейнасці і якасці эксплуатацыйных сістэм цэнтралізаваных сістэм водазабеспячэння і водаадвядзення, атрыманне і падрыхтоўка даных для распрацоўкі перспектыўных схем развіцця сістэм водазабеспячэння адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак, а таксама для фарміравання доўга- і кароткатэрміновых праграм па мадэрнізацыі і рэканструкцыі сістэм водаправодна-каналізацыйнай гаспадаркі.

У сувязі з выкладзеным Алег Конан лічыць мэтазгодным замяніць існуючы тэрмін «перакладка сетак са скончаным тэрмінам эксплуатацыі» на «замена сетак водазабеспячэння і каналізацыі, якія знаходзяцца ў нездавальняльным тэхнічным стане».

Ачышчальныя збудаванні і экалагічны падатак

Павышэнне надзейнасці сістэм водазабеспячэння і водаадвядзення звязана таксама і з рэканструкцыяй ачышчальных збудаванняў і каналізацыі. Арганізацыямі водаправодна-каналізацыйнай гаспадаркі (ВКГ) цяпер эксплуатуецца 261 каналізацыйная ачышчальная забудова, больш за палову якіх мае патрэбу ў рэканструкцыі. Адна з галоўных прычын іх неэфектыўнай работы — фізічны знос (амаль усе ачышчальныя збудаванні былі створаны ў краіне ў канцы 70-х — пачатку 80-х гадоў мінулага стагоддзя).

У межах падпраграмы «Чыстая вада» дзяржпраграмы «Камфортнае жыллё і спрыяльнае асяроддзе» плануецца рэканструяваць 70 ачышчальных збудаванняў поўнай біялагічнай ачысткі, на што накіраваць 1 млрд 383 млн рублёў. На 26 аб'ектаў, прынамсі, мяркуюць прыцягнуць замежныя банкаўскія сродкі.

Для рэалізацыі прыродаахоўных мерапрыемстваў — рэканструкцыі ачышчальных збудаванняў — трэба разглядаць і іншыя крыніцы фінансавання, лічыць Алег Конан:

— Арганізацыі ВКГ плацяць экалагічны падатак, які летась склаў больш за 28 млн рублёў. Штогод жа ў краіне налічваецца і выплачваецца прадпрыемствамі больш за 200 мільёнаў гэтага падатку. Лічу неабходным стварыць цэнтралізаваны фонд, які будзе фарміравацца са сродкаў выплачванага прадпрыемствамі экападатку і накіроўваць сакумуляваныя ў фондзе сродкі выключна на рэканструкцыю і будаўніцтва камунальных ачышчальных збудаванняў.

Ірына СІДАРОК

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

4 простыя спосабы зрабіць добрае ўражанне на мужчыну. Адказвае псіхолаг

4 простыя спосабы зрабіць добрае ўражанне на мужчыну. Адказвае псіхолаг

Дзе б вы ні працавалі і чым бы ні займаліся, уменне мець зносіны і зрабіць добрае ўражанне – адзін з самых галоўных навыкаў.

Культура

Аб гумары і сатыры ў жыцці Купалы і Коласа распавядае сумесны музейны праект

Аб гумары і сатыры ў жыцці Купалы і Коласа распавядае сумесны музейны праект

Сёлета адзначаецца 140-годдзе з дня нараджэння класікаў.

Грамадства

Гаджэт для фельчара. Як працуюць ФАП і амбулаторыя ў самым аддаленым сельсавеце Пружанскага раёна

Гаджэт для фельчара. Як працуюць ФАП і амбулаторыя ў самым аддаленым сельсавеце Пружанскага раёна

Паведаміла Людміла Аляксееўна, якая загадвае фельчарска-акушэрскім пунктам і з'яўляецца фельчарам, акушэркай, медсястрой у адной асобе.