Вы тут

Старажытная калядная вечарына «Жаніцьба Цярэшкі» у Лепельскім раёне. Фотарэпартаж


Толькі на Лепельшчыне можна паназіраць, а яшчэ лепш — паўдзельнічаць у вясёлай вечарынцы пад назвай «Жаніцьба Цярэшкі». Гэта асаблівая гульня, яна праводзілася падчас Каляд, спрадвеку бытавала на нашых паўночных землях. Дайшла і да нашага часу. У Лепельскім краі, на шчасце, не згубілі традыцыю, захавалі яе і з году ў год ажыўляюць. Больш за тое, «Цярэшкава вяселле» сёння стала тутэйшым культурным брэндам. Моладзь, якае цягнецца да каранёў і шануе спадчыну продкаў, імкнецца прыехаць у адзін з калядных дзён у паселішча паблізу Бярэзінскага запаведніка — вёску Велеўшчыну, каб адчуць радасць ад народнай музыкі, танцаў, жартаў і досціпаў. Наогул «Цярэшка» каго хочаш завіруе-замілуе, дасць уцеху сумным, падзеліцца вясёлым настроем, застанецца доўгім прыемным успамінам. А яшчэ ён нярэдка злучае сэрцы дагэтуль незнаёмых людзей і спрыяе ў стварэнні сям'і. Можа, і сёлета хлопцы і дзяўчаты прыйшлі ў вясковы клуб на спатканне са сваёй доляй? А чаму б і не?


Сёлета ў Велеўшчыне «Жаніцьба Цярэшкі» праводзілася дваццаць шосты раз. Калі быць дакладнымі, дык менавіта 1995 год стаў пунктам адліку вяртання народнага каляднага ігрышча ў вясковае асяроддзе, туды, дзе яно існавала спрадвеку. Толькі мінулы год стаў выключэннем, а прычына ўсім вядомая — каранавірус. Але гэтым разам клуб-бібліятэка чакаў нямала гасцей. І найпершай госцяй сярод запрошаных была Валянціна Крыцкая з суседняй вёскі Аношкі: жанчына доўгі час была завадатаркай ігрышча, з яе, так бы мовіць, лёгкай рукі і пачаўся новы этап існавання «Цярэшкі». Мне некалькі разоў даводзілася здымаць вечарынкі, на якіх Валянціна Іванаўна была ў ролі «маці», яна «перакручвала», гэта значыць сватала пары. Да таго ж яна ўмее спяваць прыпеўкі-цярэшкі і ведае іх процьму — каго хочаш за пояс заткне. Ахвотніца патанцаваць і напрыдумляць «прышпільных» конкурсаў.

Але гэтым разам на клубнай падлозе гаспадарылі настаўніца-філолаг з вёскі Слабада Наталля Мірановіч і вядомы на Лепельшчыне дудар і гаспадар аграсядзібы з вёскі Вялікі Поўсвіж Васіль Шкіндзер. У клуб «патусіць» сабралася не толькі тутэйшая моладзь — і з суседніх вёсак зазірнулі рабяты, да таго ж прыехалі ахвотныя з Барысава, Оршы, нават са сталіцы. Капэла музыкантаў гурта «Варган» прыбыла са старажытнага Полацка. Жывы гук! Полькі, кракавяк, падыспань, танец «бабыль» і рытуальны танец «Цярэшкі» — «Лявоніха» не давалі спакою нагам. А яшчэ хуткія і пацешныя гульні «Вішанька», «Пацалункі», «Ручаёк» дадалі жартаў і смеху. Але смех смехам, ды «Жаніцьба Цярэшкі» — гульня ўсё-ткі сур'ёзная. Дзесяць гадоў таму ў Велеўшчыне на «Цярэшку» з'явілася маладая пара, якая пазней стала сапраўднай сям'ёй. Сярод прысутных гэтым разам былі і яны — сям'я Матэльскіх.

Анатоль КЛЯШЧУК

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».