Вы тут

Размова сэрцаў


Выхоўваць у дзецях міласэрнасць, спачуванне, сумленнасць і прыстойнасць насамрэч няпроста. Можна гаварыць пра гэтыя важныя рэчы шмат, але сказаць так, каб тое ўразіла малое — задача не з лёгкіх. Час ад часу жыццё падкідвае сітуацыі, калі дзіцячае сэрца раптам адкрываецца, і тады я імкнуся ператварыць тлумачэнне таго, што адбываецца, у размову сэрцаў. Вось і нядаўна, выходзячы з пад'езда, я затрымалася каля паштовай скрыні, а дзве сястры выбеглі на вуліцу.


Шасцігадовая Мялаша пільна глядзела на жанчыну, якая з цяжкасцю спускала па лесвіцы суседняга пад'езда каляску з хлопчыкам. Дзесяцігадовая Уля штурхнула яе ў бок:

— Ну чаго ты ўтаропілася, нельга так, цётцы Наташы, напэўна, непрыемна...

Я дагнала дзяўчынак. Мы павіталіся з суседкай, якая ўжо спусціла каляску і праходзіла міма. Мялаша не вытрымлівала і час ад часу абарочвалася, каб яшчэ раз паглядзець на хлопчыка ў калясцы.

— Мам, а чаму такі вялікі хлопчык ездзіць у калясцы?

— Ён інвалід, — паспяшалася адказаць Ульяна. — Інваліды не могуць хадзіць, не могуць самі есці, у іх абмежаваныя магчымасці. Ім трэба дапамагаць.

Ульяна знаёмая з суседкай Наталляй і яе сынам Кірылам, таму і ведае больш.

— Інваліднасць бывае розная, — паправіла я дачку. — Ды і абмежаванні ёсць розныя, нават у здаровых людзей. — Ніхто не дасканалы, але калі ты не можаш быць паспяховым у адной сферы, не значыць, што ты ні на што не здольны ў іншай. Чалавек можа быць геніяльным фізікам, але пры гэтым для таго, каб перасоўвацца, яму патрэбная каляска. Або наадварот, можна дасягнуць поспехаў у спорце, але не атрымаецца дамагчыся падобнага ў навуках... Ёсць спявачка, у якой вельмі прыгожы голас, але пры гэтым яна невідушчая... Мы ўсе розныя, з рознымі магчымасцямі і талентамі, і жывём на адной планеце. Трэба паспрабаваць жыць у згодзе з усімі і паводзіць сябе так, каб людзі з інваліднасцю не адчувалі сябе абдзеленымі ў параўнанні з фізічна здаровымі людзьмі, каб у іх таксама была магчымасць вучыцца, развівацца, працаваць і жыць паўнацэнным жыццём. Так будзе справядліва.

Дзяўчынкі нейкі час ішлі моўчкі. Мялаша парушыла цішыню:

— А адкуль бяруцца інваліды?

— Нехта нараджаецца з інваліднасцю, як Кірыл, а нехта становіцца інвалідам. Напрыклад, трапляюць у аварыю або ў выніку іншага няшчаснага выпадку або цяжкага захворвання. Інваліднасць можна атрымаць у любым узросце і ў розныя перыяды свайго жыцця. Таму так важна клапаціцца пра тое, каб ва ўсіх людзей — і з інваліднасцю, і без — былі дастойныя ўмовы жыцця і даступнае ды зручнае асяроддзе. Мы розныя, але роўныя. Галоўнае — не даць сваёй душы стаць «інвалідам».

— Як гэта? — здзіўлена спытала Уля.

І тут я расказала пра Тоньку-кулямётчыцу . Дзяўчынкі з заміраннем сэрца слухалі страшную гісторыю маладой дзяўчыны па імені Антаніна (Гінзбург). Падчас Вялікай айчыннай вайны яна трапіла спачатку ў Чырвоную Армію, працавала буфетчыцай, карміла салдат, якія абаранялі Радзіму. А потым пры наступленні нямецкіх войскаў аказалася ў палоне. Яе змясцілі ў спецыяльны лагер, але ёй удалося збегчы і... Дзяўчына пайшла ў іншы горад і нанялася на «работу» да фашыстаў: пагадзілася расстрэльваць сваіх суайчыннікаў, забівала людзей сотнямі, ні да каго не праяўляла літасці.

— Мам, няўжо ёй не было шкада гэтых людзей? — жахнулася Уля.

— Магчыма, і было шкада, але ёй так хацелася спаць у цёплым ложку, есці смачную ежу, купляць на свой заробак адзенне і духі... Тоня не хацела ваяваць, яна разумела, што гэта няправільна — служыць зладзеям. Але лічыла сябе невінаватай у тым, што фашысты асуджаюць людзей на смерць: яна проста добра і адказна выконвала сваю работу. Ёй удалося дамовіцца з сабой і жыць далей. Людзі, якія гатовыя свядома рабіць зло іншым, маюць сэрца з абмежаванымі магчымасцямі. Яны могуць адчуваць міласэрнасць, любоў, спагаду толькі тады, калі гэта не закранае іх асабістага дабрабыту. І ўжо не важна, здаровы чалавек ці не вельмі: іх душа па сутнасці — інвалід. Вось гэтага асцерагайцеся, бо такім чалавек становіцца не з-за вонкавых абставін, а толькі па сваёй волі.

Дзяўчынкі моцна прытуліліся да мяне. Мы яшчэ доўга ішлі моўчкі, было відаць, што малыя ўражаныя пачутым. А я радавалася, што мне давялося дастукацца да маленькіх сэрцаў і пагаварыць з імі.

Наталля ТАЛІВІНСКАЯ

Прэв’ю: pixabay.com

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Бачаць вочы, што купляюць? Як спажыўцу абараніць свае правы, набываючы тавары на сайтах

Бачаць вочы, што купляюць? Як спажыўцу абараніць свае правы, набываючы тавары на сайтах

Продаж тавараў праз інтэрнэт у Беларусі актыўна развіваецца. 

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

АВЕН. На гэтым тыдні фартуна ўсміхаецца вам у многіх справах.