Вы тут

Як знайсці жанчыну для сур'ёзных адносін


Пра сябе: разведзены, жыву адзін, жыхар абласнога цэнтра, каля пяцідзесяці... Маю дзяцей-падлеткаў, якія жывуць з былой жонкай. З ёй адносіны, скажам так, афіцыйна-дзелавыя і, як правіла, праз месенджары. Бачымся толькі тады, калі сустрэча неабходная, каб вырашыць пытанне, якое датычыцца дзяцей. Як у фільме «Пакроўскія вароты»: высокія, высокія адносіны!


Малюнак Дар'і Кішкіной

Для некаторых — пустая цікаўнасць

Шукаць жанчыну, як прынята ў стагоддзе інтэрнэту, пачаў з адпаведных сайтаў. І хутка зразумеў, што многія з дам там проста бавяць час. Некаторыя самі прызналіся, што не вераць у сур'ёзныя адносіны праз «ціндары». Дзве жанчыны падчас спаткання адразу абазначылі: замуж не хочуць. Знаёмяцца, каб схадзіць у кавярню на каву і кан'як з чарговым прэтэндэнтам на блізкія стасункі. Былі і прызнанні пра пошукі не мужа, але партнёра ў сексе. Дарэчы, вопыт інтэрнэт-знаёмстваў адкрыў для мяне, што не толькі мужчыны бываюць заклапочаны гэтым аспектам жыцця. (Аднойчы пазнаёміўся з бландзінкай, настрой якой непасрэдна залежаў ад таго, ці ёсць ёй з кім сёння правесці ноч).

З іншагароднімі і тым больш іншаземкамі я адразу спрабаваў канкрэтызаваць: ці згодныя яны развіваць стасункі. Проста перапіска асабіста мне не патрэбна, нават з «гарачымі» фантазіямі. Справа ў тым, што на сайтах знаёмстваў рэгіструюцца ў тым ліку жанчыны, якім падабаецца бачнасць рамана, але болей ім не трэба.

Што і з кім не так?

Пра некалькі знаёмстваў хочацца распавесці асобна. Мінчанка-равесніца спачатку праявіла, як мне падалося, шчыры інтарэс да магчымасці развіцця адносін. Удава, па адукацыі стаматолаг, але працуе ў масажным салоне. Дзён праз дзесяць прызналася, што... проста праводзіць сацыяльны эксперымент. Маўляў, раней на сайце не была і вырашыла паспрабаваць. Забава такая.

Яшчэ адна стаматолаг, гадоў на 15 маладзейшая, таксама з Мінска, усё спасылалася на тое, што няма часу пагаварыць па тэлефоне. Верыў. У тое, што вельмі стамляецца, што пакуль не гатова пачаць размову, бо хоча лепш зразумець, ці трэба наогул працягваць стасункі. Скончылася тым, што паведаміла пра свой магчымы ад'езд за мяжу. Маўляў, якая розніца: адкуль мы адно аднаму пісаць будзем... Адчуванні, ведаеце, не самыя прыемныя пасля такога «развіцця».

Абаяльная настаўніца англійскай мовы настолькі мне спадабалася, што ўчыніў глупства. Карыстаючыся камандзіроўкай у Мінск, вырашыў сустрэцца. Але не ўзгадніў дату спаткання. У адзін цудоўны дзень прыехаў у сталіцу — яна паведаміла, што толькі вечарам скончыць працу, падмяніць яе няма каму. Але і пасля працы, напэўна, не змагла знайсці час. Або не пажадала, бо нават не патэлефанавала ў той дзень. Было крыўдна, але ўсё роўна спрабаваў рабіць крокі насустрач... А хутка настаўніца знайшла сабе мінчаніна.

Сваха лепш?

У маім горадзе ёсць жанчына, якая займаецца гэтым бізнесам легальна, калі не памыляюся, гадоў з дзесяць. «Інфармацыйныя паслугі» (так абазначана ў бланку на аплату) каштуюць рублёў 25—30. За кожны нумар тэлефона дамы, фота якой мне спадабалася, заплаціў па два рублі. Фота, дарэчы, не на экране манітора, а надрукаваны на паперы. «Кансультант» растлумачыла, што такім чынам яна блакіруе магчымасць скрасці файлы. Я толькі паціснуў плячыма.

Запісаў каля дзесяці нумароў. Тэлефанаваць не рашыўся. Пачаў пісаць па месенджарах: маўляў, хачу пазнаёміцца. Сваха папярэдзіла: абавязкова трэба абазначыць мэту. Палова кантактаў не адказалі. Адна адказала, што не разумее, пра што рэч. У іншай каля года таму дачка нарадзілася, і яна вельмі здзівілася, што ёй наогул нехта напісаў. Яшчэ адзін нумар тэлефона супаў з кантактам, які ў мяне ўжо быў: аказалася, мы пазнаёміліся раней на адпаведным сайце.

Адбылося некалькі спатканняў. Адно зайшло далей за каву ў кавярні, але рамана ні з адной не атрымалася.

Толькі час траціць?

Напэўна, я проста няўдачлівы. Мой сябар гадоў колькі таму праз сайт пазнаёміўся з будучай жонкай, і яны жывуць у каханні. Нядаўна быў у іх у гасцях. Яна прыйшла з вуліцы, а мы сядзелі за сталом на кухні. Абняла яго, пацалавала, хаця не было яе дома пару гадзін.

Дарэчы, я ж яму сам падказаў — жартам — што можна на сайтах знаёміцца. Ён паверыў, і атрымаўся, як кажуць, звычайны цуд.

Калі падсумаваць, то, напэўна, самае першае, што трэба зрабіць, калі рашаешся на знаёмства праз памочнікаў (жывых альбо лічбавых), гэта адказаць шчыра на пытанне: навошта? якая мэта? што ты насамрэч хочаш? на што гатовы? Другая выснова — расчараванні спараджаюць боязь.

Зараз падумваю пра «хуткія спатканні», але не ўпэўнены, што рашуся. Бо ўсё ж веру ў каханне з вялікай літары...

Андрэй ПЯТРОЎ

Загаловак у газеце: І заплаціў за тое, што меў

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».