Вы тут

Сям'я нараджаецца ў палацы...


Адзіны ў краіне палац, у якім можна ажаніцца, знаходзіцца ў сталіцы. У мінулым цяперашні Палац грамадзянскіх абрадаў ведалі як Дом шлюбу, і гэта было адзінае месца, дзе можна было ажаніцца з іншаземцам. Магчыма, таму дагэтуль у кожнай чацвёртай створанай тут сям'і адзін з сужэнцаў — жыхар замежжа, а 100 % рэгістрацый летась былі ўрачыстыя. За дзень у сезон мужамі і жонкамі ў палацы становяцца да 20 пар. Што змянілася пасля перайменавання яго ў 2020-м і што тут рыхтуюць для нявест і жаніхоў у 2022-м, расказала кіраўнік установы.


Выязная рэгістрацыя і заказны квартэт

Асноўная функцыя будынка з моманту яго з'яўлення ў 1965 годзе не змянілася — рэгістрацыя шлюбаў, стварэнне ўрачыстай атмасферы, развіццё сямейных каштоўнасцяў. Падтрымкай беларускіх традыцый і папулярызацыяй сям'і тут займаюцца і цяпер, аднак стараюцца шукаць і новыя формы, каб гэты дзень для маладых стаў незабыўным, гаворыць дырэктар Палаца грамадзянскіх абрадаў галоўнага ўпраўлення юстыцыі Мінгарвыканкама Юлія КОЧЫНА:

— У кожнай краіне свая заканадаўчая база, пералік пэўных дакументаў, свае ўмовы прыняцця шлюбу, таму наша работа нестандартная, а кожны шлюб з удзелам іншаземца — унікальная з'ява. Усе дакументы разглядаюцца індывідуальна, бо няма нейкага адзінага правіла, каб паўсюдна пэўная афіцыйная папера называлася аднолькава. Наша задача — даць прававую ацэнку дакументам, таму ў ЗАГСах усе спецыялісты маюць юрыдычную адукацыю. Аднак у нас «стасункі» з дакументамі цікавыя, мы нават жартуем, што ў ЗАГСах найлепшая юрыдычная праца для жанчын.

Акрамя таго, што сам палац вельмі прыгожы і ў ім хапае месца, каб запрасіць мноства гасцей, тут яшчэ прапануюць і цікавае ўрачыстае суправаджэнне цырымоніі. У зале рэгістрацыі іграе жывая фартэпіянная музыка, а пры жаданні можна заказаць цэлы квартэт. Дарэчы, паслуга выезду рэгістратара да месца правядзення ўрачыстасці карыстаецца такім вялікім попытам, што палац проста не можа задаволіць патрэбы ўсіх ахвотных. Летам выязную рэгістрацыю просіць кожная пятая пара, удакладняе дырэктар:

— Мы можам правесці цырымонію ў межах Мінска з выездам у любы рэстаран ці аграсядзібу, а таксама на месца знаходжання гісторыка-культурнага помніка. Аднак для рэгістрацыі ў апошнім маладыя павінны атрымаць дазвол у Мінгарвыканкаме. Паўсюдна, куды нас запрашаюць на выязную рэгістрацыю, месца прыгожа аформлена: ці гэта ў якім-небудзь парку ці каля Музея ВАВ.

Паспець за тры дні

Запісацца на рэгістрацыю шлюбу ў палацы можна праз інтэрнэт на сайце Мінгарвыканкама, прычым дзень і час цырымоніі магчыма браніраваць максімум за год наперад.

— Згодна з законам, заява прымаецца не раней чым за тры месяцы і не пазней чым за тры дні да рэгістрацыі. Тым жа, хто заказвае час у нас на сайце, дату падачы заявы за тры месяцы да ўрачыстага дня прызначае камп'ютар, — удакладніла Юлія Кочына. — Гэта вельмі зручна, бо няма чэргаў, людзі самі выбіраюць час. Усе даты настолькі шчыльна распісаны, што знайсці нейкі пазаўрочны час у абыход тых, хто афіцыйна запісаўся, проста немагчыма. Адзінае — мы часам не зачыняемся на абед, каб зарэгістраваць людзей, у якіх ёсць уважлівыя абставіны для заўчаснага роспісу.

Рэгіструюць шлюбы ў палацы з чацвярга да суботы. Выхадныя — нядзеля і панядзелак. Хаця бывае, што на нядзелю, калі тут выхадны, прыпадае прыгожая дата, і супрацоўнікі выходзяць на работу. Ужо вядома, што выключэнне зробяць і 22 лютага (22.02.2022). Гэта дата-паліндром (чытаецца аднолькава з абодвух бакоў), у якую, хоць гэта і аўторак, пары будуць таксама распісваць. Запатрабаваныя сёлета даты 22.01.2022 і 22.07.2022. Ну а самы гарачы вясельны час — з чэрвеня да кастрычніка.

Родная мова і рэгістратар у народным строі

Раней, згодна са статыстыкай, кожная чацвёртая-пятая пара ў палацы выказвала жаданне, каб яе рэгістравалі на беларускай мове. Маладыя прыходзілі ў народных строях, родныя праводзілі абрад з ручніком і іншымі атрыбутамі даўнейшага вяселля, адзначае дырэктар установы. Такі падыход падштурхнуў да нацыянальнага крэатыву і супрацоўнікаў.

— З канца мінулага года мы крыху перабудавалі наш падыход да работы. Амаль кожную рэгістрацыю (калі гэта грамадзяне Беларусі), мы праводзім на абедзвюх дзяржаўных мовах краіны. Асноўны тэкст (калі не заказаны беларускі варыянт) цырымоніі адбываецца на рускай мове, а пажаданні ў канцы абавязкова гучаць па-беларуску. Да беларускай мовы абавязкова падбіраецца і айчынная музыка.

З часам дадатковым атрыбутам запатрабаванай вясельнай цырымоніі можа стаць і апрануты ў народны строй рэгістратар. Касцюмы спецыялісты, дарэчы, ствараюць самі, як кажуць, на голым энтузіязме.

Да свята роднай мовы (21 лютага), прынамсі, спецыялісты плануюць выбраць пэўны дзень, каб выйсці на работу ў нацыянальных касцюмах і праводзіць рэгістрацыю выключна на беларускай мове.

Шлюбная геаграфія

Шлюбы ў Беларусі працягваюць сталець. 18-19-гадовыя нявесты і жаніхі, у якіх нават цяжка на вока вызначыць, ці паўналетнія яны, — адзінкавыя выпадкі. Першы раз сям'ю ствараюць цяпер бліжэй да 30, калі ўжо прыходзіць дарослае ўсведамленне рэчаіснасці, заўважыла Юлія Кочына. Аднак гэта не ратуе ад разводаў, якіх у краіне таксама шмат. Летась ледзьве ці не кожная другая пара разышлася, што, магчыма, звязана з пандэміяй.

Разам з тым іншаземцы, якія найчасцей на адзін-два дзясяткі гадоў старэйшыя за нявесту, працягваюць прыязджаць па беларусак. Кожная чацвёртая пара ўжо на працягу гадоў дзесяці ствараецца з замежнікам, і летась у палацы заключылі больш за 200 такіх саюзаў.

— Геаграфія сужэнцаў вельмі шырокая. Класіка — гэта Расія і Украіна. Мноства жаніхоў прыязджае з Турцыі, шмат было прадстаўнікоў Туркменістана, Амерыкі, Італіі, Германіі. У спісе таксама Ізраіль, Вялікабрытанія, Літва, Латвія, Польшча, Францыя, Ліван, Ірак. Сустракаецца і такая экзотыка, як Гамбія, В'етнам, Эквадор, Чылі, — падзялілася дырэктар палаца. — Хаця ў асноўным замежнікі-мужчыны прыязджаюць па беларусак, але было і некалькі нявест з Расіі і Украіны, парачка з Амерыкі і па адной — з Ізраіля і Самалі. У большасці выпадкаў усе пары з замежнікамі потым выязджаюць з Беларусі, але здараецца, што некаторыя праз гады вяртаюцца, каб жаніх атрымаў від на жыхарства. Мы заўжды папярэджваем усіх, што ў некаторых краінах наш шлюб не прызнаецца, напрыклад, у той жа Сірыі (там прызнаюцца рэлігійныя шлюбы). І раім браць з сабой дакументы, бо, калі жанчына туды прыедзе, то акажацца бяспраўнай.

Вельмі запатрабаваныя і ўрачыстыя цырымоніі, на якіх адзначаюцца сярэбраныя (25 гадоў), залатыя (50) і брыльянтавыя (60) юбілеі.

— Асабліва трапяткія мерапрыемствы — брыльянтавыя вяселлі. Яшчэ ніводнае не абышлося без слёз. Нашы супрацоўнікі да такіх рэгістрацый рыхтуюць асаблівую прамову, дзе ва ўрачыстыя словы ўплецены падзеі з жыцця маладых. Іх кароткую біяграфію давяраюць нам сваякі, — падзялілася Юлія Кочына.

Межаў для шлюбнага ўзросту (за выключэннем непаўналетніх) няма. Прыходзяць жаніцца і ў 50, і ў 60, і нават 80-гадовы жаніх летась у палацы быў. Хтосьці ўсё жыццё разам пражыў і прыйшоў, нарэшце, аформіць шлюб, каб прасцей потым было вырашаць пытанні спадчыны, а хтосьці сустрэў сваю палавінку толькі на пенсіі. Супрацоўнікі перакананы, што жаніцца сюды прыходзяць у большасці тыя людзі, якія хочуць атрымаць урачыстае свята. А тут і палац прыгожы, і прырода вакол маляўнічая, і само месца, кажуць, намоленае.

Ірына СІДАРОК

Прэв’ю: pixabay.com

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.