Вы тут

Лёс Беларусі павінен вырашацца ў кабінах для галасавання, а не на вуліцах


Работнікі сістэмы сацыяльнай абароны Міншчыны прынялі ўдзел у дыялогавай пляцоўцы па абмеркаванні праекта змяненняў і дапаўненняў у Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь. Мерапрыемства арганізаваў камітэт па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мінаблвыканкама.


Аднадумцы не тыя, хто думае аднолькава

Сваімі меркаваннямі аб праекце Асноўнага Закона краіны падзяліўся з прысутнымі старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі па адукацыі, культуры і навуцы Ігар Марзалюк:

— Мая любімая фраза з Канфуцыя: аднадумцы — гэта не тыя, хто думае аднолькава, а тыя, хто думае аб адным. Важнасць дыялогу заключаецца ў тым, што гэта — прамыя зносіны розных сацыяльных груп насельніцтва, магчымасць прыйсці да кансэнсусу. Важна слухаць і чуць людзей. І самае галоўнае, што рэферэндум — гэта прамое дзеянне, самая дэмакратычная форма камунікацыі розных слаёў насельніцтва. Упэўнены, што рэферэндум — найважнейшая кампанія, якая вызначыць стратэгію будучыні краіны. І яна важная для кожнага чалавека незалежна ад сацыяльнага становішча, статусу, — лічыць Ігар Аляксандравіч.

У любога грамадства ёсць толькі два шляхі развіцця — эвалюцыйны або катастрафічны рэвалюцыйны. Дзяржава прапануе праз папраўкі ў Канстытуцыю менавіта эвалюцыйны метад, падкрэсліў Ігар Марзалюк. «Лёс Беларусі павінен вырашацца ў кабінах для галасавання, а не на вуліцах. Слова, прагаворанае тысячу раз, адшліфаванае ў праекце, лепшае, больш важнае і эфектыўнае, чым нападкі, зневажанні, прыніжэнні. Усе, хто за салідарнасць, нармальнае развіццё дзяржавы, павінны падтрымаць праект», — упэўнены ён.

Сацыяльная абарона гарантавана

Што датычыцца сацыяльных гарантый шматдзетным, пенсіянерам, інвалідам, маламаёмасным і іншым неабароненым катэгорыям грамадзян, яны прапісаны ў праекце. Раней падобнага артыкула не было ў Асноўным Законе ні БССР, ні Рэспублікі Беларусь.

Сацыяльная сістэма Беларусі адна з самых эфектыўных і якасных. Ёсць краіны, дзе пенсій не плацяць наогул, хоць іх унутраны валавы прадукт большы, чым у Беларусі. Напрыклад, Кітай толькі пачынае разгортваць сваю сацыяльную сістэму. Там мінімальны працэнт насельніцтва мае пенсію, як правіла, дзяржаўныя служачыя. У нашай краіне гарантавана бясплатнае медыцынскае абслугоўванне, але многія нават не ўяўляюць, колькі гэта каштуе для краіны, не ведаюць, што мільёны людзей на зямлі гэтага пазбаўлены. Беларуская дзяржава разумее, што толькі тая краіна дастойная павагі, калі ў ёй належным чынам ставяцца да дзвюх самых неабароненых катэгорый — дзецей і састарэлых. «Наша сацыяльная сістэма павінна развівацца, мы можам запазычыць нейкія элементы ў кагосьці. Але іншыя павінны вучыцца ў нас, а не мы. Мы павінны пазбаўляцца комплексаў непаўнавартасці. Мы больш паспяхова рэалізоўваем сацыяльныя гарантыі. І чалавек ведае, што ў цяжкай сітуацыі ён не будзе пакінуты сам-насам, не будзе выкінуты за межы соцыуму», — удакладняе Ігар Марзалюк.

«Тыя сацыяльныя гарантыі, якія ёсць у заканадаўстве, людзі просяць захаваць. Вельмі добра ўспрымаецца артыкул, звязаны з правамі інвалідаў. Магчыма, нехта хацеў бы большай канкрэтызацыі, больш дэталёвага раскладу наконт дадатковых праў і льгот. Але нагадаю, што Канстытуцыя — гэта стратэгія. Стратэгія закладзена, а пасля таго, як мы прымем Канстытуцыю, будзем працаваць над асобнымі законамі, дэталізацыяй прысутных дэкларацый, якія ёсць у дзеючым Асноўным Законе», — падкрэсліў парламентарый.

Наступны элемент сацыяльнай эвалюцыі

Ігар Марзалюк таксама абгрунтаваў неабходнасць абноўленай Канстытуцыі.

— Мы шмат зрабілі за 25 гадоў, пабудавалі інстытуты ўлады. Канстытуцыя, па якой жывём, была антыкрызіснай, мы выйшлі з таго маргінальнага стану 1990-х, калі былі зарплаты па 10 долараў, калі чалавека маглі пазбавіць жыцця за патрыманую іншамарку, калі не было законаў. Мы гэтыя рэчы прыбралі з жыцця. У нас цяпер ёсць сярэдні клас, абсалютна легальныя доларавыя мільянеры. Наступны элемент сацыяльнай эвалюцыі — далейшае развіццё і ўдасканаленне палітычнай сістэмы. Стварэнне сацыяльных магчымасцяў для тых, хто хоча прымаць удзел у жыцці грамадства праз выбары. Новы праект Канстытуцыі гэта дазваляе. Мы гатовы да дыялогу з усімі зацікаўленымі групамі, у тым ліку і з апанентамі ўлады. Не лічацца апанентамі тыя, хто марыць аб грамадзянскай вайне, пры дапамозе напалма, дыверсійных і тэрарыстычных актаў хоча разбурыць дзяржаву. Гэта ворагі, з якімі можна размаўляць на мове Адміністрацыйнага, Крымінальнага кодэксаў. Усе астатнія маюць права прымаць удзел у дыялогу, будаваць сваю краіну і рабіць яе лепш, — кажа Ігар Марзалюк.

Ён зазначае, што наступны этап пасля рэферэндуму — прыняцце законаў. Першы закон — аб Усебеларускім народным сходзе у двух чытаннях на працягу года, папраўкі ў выбарчы кодэкс, удасканаленне закона аб палітычных партыях. Новы праект Канстытуцыі выбудаваны так, што ў выпадку неабходнасці, жадання можна пераходзіць і на іншыя схемы галасавання — на змешаную і прапарцыянальную сістэмы.

— Самае галоўнае, што мы павінны разумець адну рэч — праект Канстытуцыі мы робім для сябе. Не для дзядзькі, каб яму спадабацца. Гэта наша краіна, за якую мы нясём адказнасць. Другога шанцу пабудаваць і ўмацаваць нацыянальную незалежную дзяржаву ў нас не будзе. Таму кожны павінен асэнсоўваць меру сваёй адказнасці і помніць, што праў без абавязкаў не бывае, — сцвярджае Ігар Марзалюк.

Новае на карысць людзей

«Сёння пытанні па змяненнях у Канстытуцыю абмяркоўваюць усе. Размова не ідзе пра тое, што дзеючая Канстытуцыя дрэнная. А менавіта пра тое, што з улікам часу неабходна ўносіць у яе нешта новае на карысць людзей. Асабіста мне імпануе, што захаваныя сацыяльныя гарантыі, што Усебеларускі народны сход атрымлівае прававы статус — не толькі правы, але і абавязкі. Мяне цікавіць, у прыватнасці, артыкул 80. Лічу, што трэба яго дапоўніць у сувязі з тым, што сёння ў нас ёсць людзі, якія не маюць афіцыйных даходаў, не ўдзельнічаюць у эканоміцы, фарміраванні бюджэту краіны. Яны не павінны прэтэндаваць на пост кіраўніка дзяржавы, бо не ведаюць, як грошы зарабляюцца і як расходуюцца», — выказала сваё меркаванне намеснік начальніка ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Жодзінскага гарвыканкама Любоў Радашкевіч.

Дырэктар Краснаслабадскога псіханеўралагічнага інтэрната для састарэлых і інвалідаў Наталля Кравец дадала:

— Асабіста ад сябе і ўсяго калектыву скажу, што ў такі няпросты час гэтыя папраўкі неабходныя. Асноўны іх сэнс — сцвярджэнне базавых прынцыпаў сацыяльнай абароны нашай краіны і народа. Калектыўнае абмеркаванне дапаўненняў і змяненняў у Асноўны Закон на дыялогавых пляцоўках паказвае ўсяму свету, што менавіта народ Беларусі выступае за гэтыя папраўкі.

Па словах Наталлі Кравец, да нядаўняга часу ў грамадстве складвалася тэндэнцыя, што інваліды — сацыяльна абдзеленыя людзі. Сацыяльныя работнікі практычна жывуць на рабоце, сярод гэтых грамадзян. І ёй падабаецца, што ў праекце Канстытуцыі не забыліся пра людзей з абмежаванымі магчымасцямі, іх інтэграцыю ў грамадства.

— Гэта людзі, якія душой намнога цяплейшыя за нас, яны нас саграваюць і робяць дабрэйшымі, — сказала ў заключэнне дырэктар інтэрната.

Таццяна ГЕОРГІЕВА

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.