Вы тут

Навука голасу, дызайн лекаў і сакрэт шчаслівага бацькоўства


Як суперкамп'ютар і штучны інтэлект дапамогуць перамагчы вірусы? Чаму натуральнае апладненне — гэта гульня ў рулетку? Што наш мозг лепш «чуе»: словы або эмоцыі? Што такое эмацыянальны слых? Які павінен быць сапраўдны «разумны дом» і каму ён насамрэч патрэбны? Адказы на гэтыя і іншыя пытанні атрымалі ўдзельнікі форуму навукі і бізнесу «Інавацыйны шторм», арганізаванага Мінскім гарадскім тэхнапаркам пры падтрымцы Мінгарвыканкама.


Андрэй БІБІКАЎ: «Гаворка — не проста перадача інфармацыі знакамі, гэта эмоцыі, вобразы...»

«Інавацыйны шторм» — гэта бітва простых слоў са складанымі тэрмінамі: у нефармальнай абстаноўцы прадпрымальнікі і навукоўцы даступна расказваюць аб тэхналогіях і інавацыях, якія ў хуткім часе могуць карэнным чынам змяніць наша з вамі жыццё. Форма зносін з залай прадугледжвае кароткія выступленні і пытанні пасля іх. Дарэчы, слухачы даслалі спікерам больш як 80 пытанняў.

Таксама госці форуму змаглі паўдзельнічаць у інавацыйных забавах: праявіць свае мастацкія здольнасці ў віртуальнай рэальнасці, зрабіць тату пры дапамозе тату-прынтара, пазмагацца адзін з адным, выкарыстоўваючы сілу думкі, а таксама зрабіць яркія фота ў неонавым тунэлі.

«Выстрал» па малекулярнай мішэні

У лістападзе мінулага года амерыканская кампанія Pfіzer заявіла, што выраблены ёю антывірусны прэпарат для лячэння COVІD-19, які прымаецца пераральна, па выніках другой фазы клінічных выпрабаванняў паказаў зніжэнне рызыкі шпіталізацыі або смяротнага зыходу на 89 %. У Pfіzer выказалі жаданне атрымаць дазвол на экстраннае выкарыстанне свайго новага лякарства...

Увогуле, пандэмія COVІD-19 аказалася беспрэцэдэнтнай для ХХІ стагоддзя і закранула краіны з насельніцтвам у мільярды чалавек. Таму пошук лекаў ад каранавіруса стаў для многіх фармкампаній задачай нумар адзін.

Улічваючы актуальнасць тэматыкі, Нацыянальная акадэмія навук таксама аб'явіла вялікую колькасць грантаў для навукоўцаў, якія займаюцца даследаваннем каранавіруса. Пра гэта расказала вучоны сакратар Савета маладых вучоных НАН Беларусі, спецыяліст у сферы біяінфарматыкі і распрацоўкі алгарытмаў камп'ютарнага дызайну лекаў, старшы выкладчык БДУ Ганна КАРПЕНКА.

— Паводле ацэнак экспертаў, інвестыцыі на стварэнне аднаго лекавага прэпарату вагаюцца ад 1 да 2,6 млрд долараў, а стварэнне і выхад на рынак новага прэпарату займае ад 10 да 15 гадоў — усё залежыць ад актуальнасці і ступені вывучанасці таго ці іншага захворвання, — кажа Ганна. — Аднак пандэмія выразна дала зразумець, што ў чалавецтва няма такіх рэсурсаў па часе, і мы павінны знаходзіць эфектыўныя рашэнні значна хутчэй! Да таго ж усе выдаткі могуць стаць марнымі, калі створанае лякарства не пройдзе клінічныя выпрабаванні.

Трэба заўважыць, што Ганна Карпенка з'яўляецца часткай каманды, якая трапіла ў ТОП-10 па выніках работы вучоных НАН Беларусі за 2020 год — за ідэнтыфікацыю метадамі камп'ютарнага скрынінгу і малекулярнага мадэлявання патэнцыяльных інгібітараў каранавіруса SARS-CoV-2. Гэтая каманда — мультыдысцыплінарная і складаецца са спецыялістаў у такіх галінах як хімія, біялогія, фізіка і матэматыка. Ганна — магістр фізікі і матэматыкі, спецыяліст у галіне біяінфарматыкі.

Ганна Карпенка: «Пандэмія патрабуе хуткіх і эфектыўных рашэнняў...»

— Стварэнне і запуск інавацыйных лекавых прэпаратаў — абавязковая ўмова існавання любой канкурэнтаздольнай фармацэўтычнай кампаніі. Але аб'ём інвестыцый у распрацоўку лекаў расце разам з патрабаваннямі рэгулятараў да доказу эфектыўнасці і бяспечнасці прэпаратаў, — кажа малады вучоны. — Вытворцы шукаюць эфектыўныя спосабы распрацоўкі новых малекул, каб з іх дапамогай павялічыць колькасць прэпаратаў, якія маюць патэнцыйныя магчымасці стаць прарыўнымі для рынку.

Тэхналогія лекаў «спусцілася» сёння на малекулярны ўзровень і грунтуецца на такім паняцці як малекулярная мішэнь. Гэта канкрэтная малекула ў арганізме, біяхімічная функцыя якой цесна звязана з узнікненнем або развіццём пэўнай паталогіі. Уздзеянне на яе малекулай прэпарату дае тэрапеўтычны эфект. Амаль у кожнага захворвання існуе свая малекулярная мішэнь — і нават не адна. Цяпер адным з самых перспектыўных напрамкаў для вырашэння гэтых задач з'яўляецца матэматычнае мадэляванне лекавых сродкаў. Яго развіццё абумоўлена ўдасканаленнем камп'ютарных тэхналогій і магчымасцю апрацоўкі з іх дапамогай вялікіх масіваў даных.

Першы этап — выбар мішэні. Затым — падбор хімічнага злучэння. Прааналізаваўшы сотні мільёнаў хімічных злучэнняў, камп'ютар здольны знайсці тыя з іх, якія могуць знішчыць ці блакіраваць пэўную мішэнь. Камп'ютарнае мадэляванне дазваляе ажыццяўляць, па сутнасці, тыя ж працэсы, якія праходзяць у рэальным эксперыменце ў прабірцы, толькі рабіць гэта значна хутчэй і танней... Дапамагае фармкампаніям адмовіцца ад скрынінгу «бесперспектыўных» рэчываў і вывучаць толькі эфектыўныя злучэнні і тым самым сэканоміць дзясяткі мільёнаў долараў.

— Суперкамп'ютар выкарыстоўваецца для таго, каб на стадыю даклінічных і клінічных выпрабаванняў траплялі, дапусцім, не тысяча злучэнняў, а сто, паколькі гэта самыя дарагія і працяглыя па часе стадыі стварэння новых лекавых сродкаў. Такім чынам шанцы на поспех значна павялічваюцца, — тлумачыць Ганна Карпенка. — Без іх лякарства не будзе зарэгістравана. Камп'ютарная база даных утрымлівае больш за мільярд злучэнняў, і з дапамогай камп'ютара вызначаецца, наколькі яны падыходзяць да абраных мішэняў. Ёсць розныя метады праверкі таго, як абраныя злучэнні спалучаюцца паміж сабой, як яны будуць паводзіць сябе ў пэўных умовах, пры пэўных тэмпературах і гэтак далей.

Паколькі суперкамп'ютарныя тэхналогіі прыходзяць даследчыкам на дапамогу, сёння кожная фармацэўтычная кампанія мае даследчы аддзел, у якім працуюць спецыялісты па штучным інтэлекце. Але ніякае матэматычнае мадэляванне ўсё роўна не можа замяніць даклінічныя і клінічныя выпрабаванні — без іх лякарства проста не будзе зарэгістравана…

Пакуль што ковід ва ўсім свеце лечаць прэпаратамі, якія распрацоўваліся для тэрапіі іншых захворванняў. А пандэмія паказала ўсім важнасць камп'ютарнага мадэлявання лекаў, калі патрэбныя хуткія і эфектыўныя рашэнні...

Генетычна дасканалыя людзі

Прадпрымальнік з вопытам адкрыцця 27 розных бізнесаў, інвестар, стваральнік і саўладальнік групы кампаній EvaClіnіc і рэпрадуктыўнага банка Adam&Eva Андрэй ПЯКУРАЎ упэўнены, што навука і грамадства сёння рухаюцца ў бок таго, каб у кожнага чалавека быў на руках поўны разгорнуты генетычны аналіз. Тады пры планаванні цяжарнасці пары змаглі б супаставіць свае геномы, каб разумець і пазбягаць рызыкі ўзнікнення патэнцыяльных адхіленняў у геноме будучага дзіцяці. А натуральнае зачацце ён параўноўвае з гульнёй у рулетку.

— Думаю, што зусім хутка ўвесь цывілізаваны свет пяройдзе да ўсвядомленага зачацця дзіцяці па-за целам чалавека з ужываннем прэімплантацыйнага генетычнага тэсціравання (ПГТ) эмбрыёна. Гэта будзе гэтак жа натуральна, як і нараджэнне дзіцяці ў радзільным доме, а не «ў полі», — разважае ён. — Дыягностыка храмасомных анамалій — найважнейшы складнік інавацыйных рэпрадуктыўных тэхналогій. Без ПГТ не абыходзіцца ніводнае планаванне цяжарнасці ў рамках пратакола экстракарпаральнага апладнення, што дазваляе істотна павысіць эфектыўнасць самой працэдуры.

Статыстыка сцвярджае, што чым старэйшая будучая маці, тым вышэйшая рызыка: калі ў 30 гадоў шанцы ў жанчыны нарадзіць здаровае немаўля складаюць 92—96 працэнтаў, то бліжэй да 40 гадоў і ў больш познім узросце яны зніжаюцца да 5 працэнтаў.

У норме ўвесь генетычны матэрыял чалавека размеркаваны ў 46 храмасомах (23 парах). Парушэнні колькасці храмасом узнікаюць дастаткова часта, і будучы эмбрыён можа атрымаць лішнюю храмасому або можа адбыцца страта якой-небудзь з іх. Найбольш часта пры правядзенні ПГТ аналізуюць 5 храмасом (13, 18, 21, X і Y), парушэнні ў якіх выклікаюць развіццё найбольш небяспечных спадчынных захворванняў.

У 1997 годзе на экраны выйшаў амерыканскі фантастычны фільм «Гатака». У ім распавядалася пра генетычна дасканалых людзей, якія займаюць у грамадскай іерархіі самыя высокія пазіцыі. Іх фізічная і інтэлектуальная дасканаласць фарміравалася яшчэ ў прабірках, прычым бацькі маглі заказаць і пол дзіцяці, і колер яго вачэй. А вось людзі, якія нарадзіліся звычайным шляхам (іх называлі «дзецьмі кахання»), сталі ў грамадстве людзьмі другога сорту. Праз чвэрць стагоддзя фантастыка пачынае ажыццяўляцца. Узровень развіцця сучаснай генетыкі ўжо сёння дазваляе бацькам выбраць пол дзіцяці і колер яго вачэй. У апошнія гады нават разгарэлася дыскусія аб этычнасці з'яўлення «дызайнерскіх немаўлят».

Андрэй ПЯКУРАЎ: «Натуральнае зачацце — гульня ў рулетку. Ці гатовы вы рызыкаваць?»

Раней адзіным даступным метадам адбору эмбрыёнаў для пераносу ў поласць маткі была ацэнка марфалогіі (вонкавага выгляду). Але, на жаль, няма выразнай сувязі паміж вонкавым выглядам эмбрыёна і яго генетычнай «нармальнасцю». А прэімплантацыйнае генетычнае тэсціраванне дазваляе вызначыць генетычныя парушэнні ў эмбрыёна яшчэ да яго імплантацыі.

Для выяўлення прыроджанных ці генетычных парокаў развіцця плода будучыя маці праходзяць ультрагукавы скрынінг тройчы — на першым, другім і трэцім трыместры цяжарнасці. Але гэты від даследавання, на жаль, не дае адказы на ўсе пытанні. І калі парокі ўсё ж такі выяўляюцца, то жанчыне прапануюць спыніць цяжарнасць. Асабліва балюча страціць дзіця на позніх тэрмінах цяжарнасці...

— А пры зачацці ў прабірцы такія рызыкі зведзены да мінімуму, — сцвярджае Андрэй Пякураў. — Больш за тое, сёння практыкуюцца такія праграмы, як «Адкладзенае бацькоўства» і «Адкладзенае мацярынства». У рамках першай можна замарозіць сперматазоіды на будучыню і выкарыстаць іх, калі мужчына будзе гатовы да нараджэння дзіцяці. Шанцы на паспяховае зачацце з узростам змяншаюцца не толькі ў жанчын, але і ў мужчын. Якасць сперматазоідаў зніжаецца і ў сітуацыі, калі мужчына працуе, напрыклад, на шкоднай вытворчасці ці пасля перанесенай хіміятэрапіі... Таму такая праграма — выдатная «страхоўка», якая засцерагае ад падобных рызык. Жанчыны таксама могуць замарозіць уласныя яйцаклеткі, калі мацярынства пакуль не ўваходзіць у іх планы. Да таго ж з узростам рызыкі генетычных анамалій у дзіцяці растуць. Клеткі захоўваюцца ў вадкім азоце пры пастаяннай тэмпературы мінус 196 градусаў. Усе біялагічныя працэсы ў іх прыпыняюцца.

Найлепшыя словы — інтанацыі

А цяпер уявім сабе наступную сітуацыю. У пакоі раздаецца тэлефонны званок. Мы паднімаем трубку, размаўляем, і хоць ніколі не бачылі суразмоўніка, наш мозг пачынае маляваць у галаве «партрэт» незнаёмца. А калі нам прапаноўваюць, напрыклад, здзейсніць якую-небудзь куплю, то з двух прадаўцоў з абсалютна аднолькавымі таварам ці паслугай мы робім свой выбар на карысць аднаго. Як гэта адбываецца?

Прафесійны спікер, спецыяліст у моўным іміджы, акцёр і тэатральны педагог Андрэй БІБІКАЎ расказаў удзельнікам «Інавацыйнага шторму» пра навуку голасу і чаму навык публічных выступленняў важны абсалютна ва ўсіх сферах.

Андрэй БІБІКАЎ: «Аўдыторыя слухае тэкст і „счытвае“ інтанацыі і сэнсы, якія ўкладваюцца ў словы...»

У прыватнасці, ён паведаміў, што ў даследаваннях рускага фізіёлага і псіхолага Уладзіміра Марозава аб эмацыянальным слыху ёсць важная выснова наконт таго, што аўдыторыя стварае псіхалагічны партрэт спікера па тым, што чуе. Дык вось, доктар біялагічных навук прыйшоў да высновы, што ў нашым мозгу ёсць канкрэтныя зоны, якія адказваюць за тое, каб счытваць эмоцыі іншага чалавека праз голас. І за сотыя долі секунды ён здольны стварыць вельмі дакладны псіхалагічны партрэт чалавека.

Эмацыянальная экспрэсіўнасць гаворкі — найважнейшы сродак зносін і ўзаемаразумення людзей. Гаворка — не проста перадача інфармацыі знакамі, гэта эмоцыі, вобразы, гэта нашмат большае. Аўдыторыя слухае тэкст, але разумее яна менавіта матыў прамовы — інтанацыі і сэнсы, якія ўкладваюцца ў словы. Фраза «добры дзень» , прамоўленая з рознай інтанацыяй, можа істотна адрознівацца па сэнсе.

Калі чалавек выходзіць і нешта расказвае публіцы, важна не толькі тое, ШТО ён расказвае, а яшчэ і ЯК ён гэта робіць. Экспрэсіўная гаворка заразлівая па сваёй прыродзе, яна дапамагае слухачу лепш разумець апавядальніка. Пераканаўчая гаворка — гэта не толькі інтэлектуальнае, але і эмацыянальнае ўздзеянне на суразмоўніка. Дарэчы, нейрабіёлагі з Прынстанскага ўніверсітэта даказалі, што чым больш ясна мы даносім думку, тым лягчэй з ёй згаджаецца суразмоўнік і тым больш актыўна ён уключаецца ў размову.

— Майце на ўвазе: негатыўныя эмоцыі наш мозг счытвае нашмат лепш. Словы адыходзяць на другі план. Паэтэса Марына Цвятаева казала, што «нашы найлепшыя словы — інтанацыі». А вось тэкст на паперы пазбаўлены эмоцый. Калі ў перапісцы ты не паставіў смайлік, то ўжо і не ведаеш — збіраць чамадан ці не, — жартуе Андрэй Бібікаў. — Многія людзі, якія маюць добры інтэлект і па сваёй сутнасці цікавыя асобы, тым не менш, не ўмеюць выказваць словамі свае думкі, пачуцці і эмоцыі. Але добра пастаўленая гаворка не з'яўляецца прыродным дарам, яе можна і трэба трэніраваць. Нават калі вы не збіраецеся стаць прафесійным аратарам, вам гэтыя навыкі не перашкодзяць і ў штодзённым жыцці.

Як данесці думку, каб яна рэзаніравала ў галаве чалавека, які вас слухае? Як дзяліць фразы на маўленчыя такты? Як расстаўляць лагічныя націскі? У чым сіла паўзаў і як правільна выбіраць інтанацыі? Усё гэта навука, якую можна пры жаданні засвоіць.

Надзея НІКАЛАЕВА

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.